сап несапраўдны, хвароба Стэнтана, вострая інфекцыйная хвароба жывёл і чалавека з утварэннем абсцэсаў у тканках і органах. У чалавека бывае рэдка. Узбуджальнік — грамадмоўная палачка псеўдамонас, носьбіты ўзбуджальніка — грызуны (пацукі, мышы), таксама свойскія жывёлы. Заражэнне адбываецца аліментарна, аэрагенна, праз скуру. Часцей хварэюць пацукі, мышы, радзей каты, сабакі, трусы, авечкі, коні, свінні. Пры ўзнікненні М. хворых жывёл ізалююць і прымаюць меры, каб не адбылося заражэння людзей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАНТЭ́РА» («Panther») № 32, кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан і мясц. насельніцтва ў Расонскім р-не Віцебскай вобл. ў жн. 1942 у Вял.Айч. вайну. Праводзілася сіламі 2 батальёнаў 201-й ахоўнай дывізіі з мэтай знішчыць расонскую групу партыз. атрадаў. Не дасягнуўшы мэты, карнікі расстралялі каля 100 мясц. жыхароў, захапілі 475 галоў свойскай жывёлы. За лета 1942 аперацыя «П.» была шостай праваленай спробай «уціхамірыць» насельніцтва раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТЭІНАТЭРАПІ́Я (ад пратэіны + тэрапія),
метад лячэння захворванняў бялковымі рэчывамі, якія ўводзяць у арганізм чалавека або жывёлы, мінаючы страўнікава-кішачны тракт. Для П. звычайна выкарыстоўваюць уласную кроў хворага (аўтагематэрапія), донарскую (ізагематэрапія), сывараткі (сератэрапія) і вакцыны (вакцынатэрапія), малако ў выглядзе 5% раствору казеіну (лактатэрапія). П. стымулюе імунную сістэму, паскарае загойванне язваў і ран, якія доўга рубцуюцца. Ужываецца пры некат. формах хранічных захворванняў суставаў, гідрадэніту і інш. Пры хранічных інфекцыях спалучаюць П. з антыбіётыкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТО́З (ад грэч. ptōsis падзенне),
блефараптоз, апушчэнне верхняга павека ў чалавека. Адрозніваюць П. прыроджаны і набыты; паралітычны, сімпатычны, старэчы. Прыроджаны П. абумоўлены недаразвіццём мышцы, якая паднімае верхняе павека, аплазіяй ядраў вокарухальнага нерва. Бывае адна- і двухбаковы. Вылучаюць таксама поўны і частковы П. (у залежнасці ад закрыцця вочнай шчыліны). Набыты П. узнікае ў выніку траўмы цэнтраў вокарухальнага нерва, пры пухлінах, кровазліццях і інш., пераважна аднабаковы. Лячэнне хірургічнае. На П. хварэюць таксама жывёлы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЕПРАТЭ́КТАРЫ (ад радые... +лац. protector абаронца),
рэчывы, увядзенне якіх перад апрамяненнем у асяроддзе з біял. аб’ектамі, у арганізм жывёлы, чалавека зніжае шкоднае дзеянне іанізавальнага выпрамянення. Пераважна сінт. паходжання. Прызначаны для індывід. аховы арганізма ад знешняга апрамянення пры аварыях, у ваен. умовах, для аховы нармальных тканак пры прамянёвай тэрапіі злаякасных пухлін. Дзеянне Р. відаспецыфічнае, напр., некат. Р. ахоўваюць мікраарганізмы і клеткі ў культуры і не абараняюць млекакормячых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМЕ́НСКАЯ ПАРО́ДАгусей.
Выведзена на Украіне каля г. Рамны Сумскай вобл. адборам мясц. гусей. Выкарыстоўвалі пры вывядзенні буйных шэрых гусей.
Жывёлы моцнай канстытуцыі, тулава і грудзі шырокія. Галава сярэдніх памераў, шыя кароткая. тоўстая. Ногі кароткія. Апярэнне часцей шэрае, бывае белае, рабое. Дзюба і ногі аранжава-чырвоныя. Маса гусакоў 6—6,5, гусак 4,5—5 кг. Яйцаноскасць 20—30 яец за год, маса яйца да 150 г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАПЛА́ЗМЫ (Anaplasma),
род паразітычных мікраарганізмаў сям. анаплазмавых. Блізкія да рыкетсій. Аблігатныя ўнутрыклетачныя паразіты эрытрацытаў крыві жывёл. Выклікаюць анаплазмоз. У эрытрацытах буйн. раг. жывёлы паразітуе A. marginale, A. centrale, у авечак і коз — A. ovis.
Форма цела круглаватая, радзей вуглаватая або выцягнутая, велічыня 0,1—1,25 мкм. Сапраўднага ядра і арганел у анаплазмаў няма. Размнажаюцца простым дзяленнем. У эрытрацытах трапляюцца па 1—2, радзей 3—4 паразіты, зрэдку больш; пашкоджваецца да 50—80% эрытрацытаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ЦЫЯ (ад лац. generatio нараджэнне, размнажэнне),
пакаленне ў біялогіі, 1) нараджэнне, узнаўленне; разавае патомства адной групы або папуляцыі асобін. Некаторыя арганізмы даюць мноства (прасцейшыя), некалькі (насякомыя, мышы, трусы), адну (многія капытныя, драпежныя) генерацыі за год або нават адну генерацыю за некалькі гадоў (кіты, сланы).
2) Усё непасрэднае патомства асобін папярэдняга пакалення.
3) Перыяд жыцця чалавека, жывёлы (або расліны) ад пачатку яго развіцця да палаваспелага стану. Напр., у чалавека — бацькі, дзеці і ўнукі — 3 паслядоўныя пакаленні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖА́РКІН (Уладзімір Васілевіч) (н. 1.1.1931, в. Любавічы Смаленскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне заатэхніі. Д-рбіял.н. (1988). Скончыў Віцебскі вет.ін-т (1953). У 1960—90 у Бел.НДІ жывёлагадоўлі (з 1981 заг. лабараторыі). Навук. працы па арганізацыі і тэхналогіі ўзнаўлення буйн. раг. жывёлы, імуналагічных праблемах узнаўлення ў жывёлагадоўлі, штучным асемяненні.
Тв.:
Воспроизводство // Справочник по скотоводству. Мн., 1984;
Организация воспроизводства сельскохозяйственных животных. Мн., 1985 (разам з В.С.Антанюком, Л.Г.Бязлюднікавым).