ВЫКАНА́ЎЧАЯ ЎЛА́ДА,

у адпаведнасці з тэорыяй падзелу ўлад адна з самаст. галін дзярж. улады. Ажыццяўляе функцыі кіравання (кіраўнік дзяржавы, урад) паводле дзеючых законаў і інш. нарматыўных актаў. Прымае ўласныя пастановы і рашэнні для выканання актаў заканадаўчай улады. У Рэспубліцы Беларусь выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад — Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь.

т. 4, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАШО́ВЫЯ ЗНА́КІ,

знакі вартасці, заканадаўча прызнаныя ў якасці афіц. разліковага і плацежнага сродку, якія выпускаюцца ў абарачэнне цэнтр. банкам або казначэйствам дзяржавы. У выглядзе грашовых знакаў выступаюць банкаўскія і казначэйскія білеты, разменныя манеты. Намінальная вартасць грашовых знакаў выяўляецца ў нац. грашовай адзінцы і значна перавышае выдаткі іх эмісіі.

т. 5, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ-ФА́КТА (лац. de facto літар. на справе),

у міжнародным праве адна з форм прызнання дзяржавы або ўрада, якая азначае афіцыйнае, але не канчатковае прызнанне. Звычайна прызнанне дэ-факта мае на ўвазе наступленне пэўных прававых вынікаў, але яно мае часовы характар і з’яўляецца пераходным этапам да прызнання дэ-юрэ.

т. 6, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАТУРА́ЛЬНЫ ПАДА́ТАК,

абавязковы падатак на карысць дзяржавы, феадала або царквы, які сяляне плацілі натураю (збожжам, сенам, мёдам, воскам, футрам, птушкаю, яйкамі, рыбай, пражай і інш). На Беларусі да 16 ст. быў асн. формаю павіннасцей (гл. Аброк, Даніна, Дзякла, Дзесяціна, Стацыя). З развіццём таварнай вытв-сці Н.п. заменьваўся грашовым.

т. 11, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТАШЭ́С I, Артаксій (? — 160 да н.э.),

цар Арменіі Вялікай [189—160 да н.э.]. У 190 узначаліў паўстанне армян супраць Селеўкідаў, абвясціў незалежнасць дзяржавы і стаў заснавальнікам дынастыі Арташэсідаў. Умацаваў і пашырыў свае ўладанні, сталіцу з Армавіра перанёс ў пабудаваны ім г. Арташат. Правёў рэформу, якая ўмацавала прыватную ўласнасць на зямлю.

т. 1, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТЭНТЫ́ЧНЫ ТЭКСТ (ад грэч. authentikos сапраўдны),

дакладны, заснаваны на першакрыніцы тэкст якога-небудзь дакумента, твора (складзены, як правіла, на інш. мове). У міжнар. праве — тэкст міжнар. дагавора, які дзяржавы — удзельніцы дагавору разглядаюць як асноўны, дакладны тэкст арыгінала. Калі дагавор складаецца на некалькіх мовах, то ўсе тэксты на гэтых мовах абвяшчаюцца аўтэнтычнымі.

т. 2, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АШО́КА,

старажытнаіндыйскі цар, правіцель Магадхі [268—232 да нашай эры]. З дынастыі Маур’я. Праводзіў палітыку ўмацавання аб’яднанай інд. дзяржавы, якая ахоплівала амаль усю Індыю, вобласці Афганістана і Пакістана. Захаваліся яго ўказы, высечаныя на скалах, калонах, у пячорах. Садзейнічаў пашырэнню будызму ў Індыі і за яе межамі. Эпоха кіравання Ашокі адзначана развіццём інд. культуры, архітэктуры, пісьменства.

т. 2, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СЦЫ,

назва рознаэтнічнага насельніцтва Белай Русі (жыхароў Полацкага, Віцебскага, Мсціслаўскага і часткова Мінскага ваяв. Рэчы Паспалітай, а таксама зах. Смаленшчыны, паўн. Чарнігаўшчыны, паўд. Пскоўшчыны), якая ўжывалася ў афіц. дакументах Рус. дзяржавы ў 17—18 ст. У 19 ст. беларусцамі называлі ўжо толькі беларусаў, а сама назва трансфармавалася ў этнонім «беларусы».

т. 2, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБДАЛА́Х ІБН АЛЬ-САІ́Д МУХА́МЕД (Халіфа) (1846 — ліст. 1899),

правіцель незалежнай суданскай дзяржавы [1885—вер. 1898] пасля смерці Махдзі. Ліквідаваў сепаратызм правадыроў плямёнаў, умацаваў дзяржаву махдзістаў, стварыў моцную армію. Узначаліў супраціўленне суданцаў англ. каланізатарам у 1896—98. Пасля перамогі англічан пры Амдурмане (вер. 1898) кіраўнік партыз. барацьбы. Забіты ў баі.

т. 1, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКАЎКА́ЗСКАЯ ФЕДЭРА́ЦЫЯ,

дзяржаўнае аб’яднанне сав. рэспублік Азербайджана, Арменіі і Грузіі ў 1922—36. З 12.3.1922 Федэратыўны Саюз Сацыяліст. Сав. Рэспублік Закаўказзя (ФСССРЗ). З 13.12.1922 Закаўказская Сацыяліст. Федэратыўная Сав. Рэспубліка (ЗСФСР). З 30.12.1922 у складзе СССР. З 1936 закаўказскія рэспублікі ў складзе СССР як самаст. сав. рэспублікі. З 1991 суверэнныя дзяржавы.

т. 6, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)