ГІЯ́ДЫ (грэч. Hyades),

рассеянае зорнае скопішча ў сузор’і Цялец; сфераідальная група з прыкладна 100 фізічна звязаных паміж сабой зорак. Знаходзіцца каля яркай зоркі Альдэбаран (α Цяльца). Дыяметр каля 10 пк. Адлегласць ад Сонца 41 пк. Відаць простым вокам.

т. 5, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМІЦЭЛЮЛО́ЗЫ (ад гемі... + цэлюлоза),

група поліцукрыдаў вышэйшых раслін, якія ўваходзяць разам з цэлюлозай у састаў клетачнай сценкі. Найб. пашыраны глюкуранаксіланы, глюкамананы, галактаглюкамананы. Агульная колькасць геміцэлюлозы ў раслінах можа дасягаць 40%. Разам з лігнінам выконваюць функцыю аморфнага цэментуючага рэчыва.

т. 5, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕЙШМАНІЁЗЫ,

група інфекцыйных захворванняў скуры, якія выклікаюць жгуцікавыя прасцейшыя з роду лейшманій. Крыніца інфекцыі — грызуны і хворыя людзі; пераносчыкі — маскіты. Адрозніваюць 2 клінічныя формы — гарадскую і сельскую. Вылучаюць стадыі бугарка, язвы і рубцавання. Лячэнне тэрапеўтычнае.

Н.​З.​Ягоўдзік.

т. 9, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЦУБІ́СІ,

фінансава-прамысловая манапалістычная група Японіі. Засн. ў 1870. Ажыццяўляе банкаўскую і гандл. дзейнасць, вырабляе трансп. сродкі (караблі, самалёты, аўтамабілі), электратэхн., электроннае і тэлекамунікацыйнае абсталяванне. У яе складзе: «Міцубісі электрык карпарэйшэн», «Міцубісі мотарс карпарэйшэн», «Міцубісі хэві індастрыс», «Міцубісі банк».

т. 10, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРБАВІ́РУСЫ,

група РНК-змяшчальных вірусаў пазваночных жывёл і чалавека, якія пераносяцца членістаногімі крывасмокамі (кляшчы, камары, маскіты, макрацы). Вядома больш за 300 арбавірусаў, з якіх патагенныя для чалавека каля 80. Выклікаюць арбавірусныя хваробы. На Беларусі вядомы зах. кляшчовы энцэфаліт, ліхаманка Зах. Ніла.

т. 1, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЬЧА́К,

група з трох ці больш кольцападобна размешчаных лістоў, галін, кветак, частак кветкі і інш. органаў раслін, якія адыходзяць на адным узроўні ад восевага органа. Напр., рудыментарнае лісце хвашчу, сабранае вакол сучляненняў сцябла; лісце расянкі ў прыкаранёвай разетцы, кветкі шышняку.

т. 7, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМАРЫ́ЛЛЯ (ісп. camarilla ад camara палата, двор манарха),

група прыдворных, якая ўплывае сваімі інтрыгамі на дзярж. справы ў карыслівых мэтах. Тэрмін стаў ужывацца ў часы праўлення ісп. караля Фердынанда VII [1808, 1814—33], калі прыбліжаныя фактычна кіравалі краінай. З часам стаў устойлівым выразам.

т. 7, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРАПЛАЗМІДО́ЗЫ,

група кровапаразітных хвароб млекакормячых жывёл, птушак, земнаводных, рыб, зрэдку чалавека, якія выклікаюцца піраплазмідамі. У ліку П. — бабезіёзы, нуталіёзы, піраплазмозы, тэйлерыёзы. Сезонныя хваробы, часцей рэгіструюцца ў вяснова-летні перыяд. Смяротнасць 30—60%.

На Беларусі спарадычна адзначаецца нуталіёз, тэйлерыёз у коней, сабак.

т. 12, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́СЛАЎСКАЯ ГРУ́ПА АЗЁР,

у Беларусі, у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка. Уключае 50 вадаёмаў агульнай пл. 130 км². Найб. Дрывяты, Снуды, Струста, Воласа Паўночны, Воласа Паўднёвы і інш. Размешчаны азёры сярод краявога ледавіковага градавага і ўзгорыстага рэльефу Браслаўскай грады з разнастайнымі формамі водна-ледавіковай акумуляцыі — камамі, озамі. Большасць з іх злучана невял. рэкамі, ручаямі, канавамі і пратокамі, найб. вадаёмы дрэніруе р. Друйка. У азёрах захаваліся стараж. і рэдкія віды жывёл (лімнакалянус, понтапарэя, бакаплаў Паласа, мізіда рэліктавая) і раслін (гарлачык жоўты малы, гідрыла кальчаковая), занесеных у Чырв. кнігу Беларусі. Усе азёры маюць рыбапрамысл. значэнне, частка зарыбляецца вугром. Вакол іх зона адпачынку. Папулярнае месца турызму. Уваходзіць у нац. парк Браслаўскія азёры.

Браслаўская група азёр: возера Снуды.

т. 3, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ФРОНТ 1939.

Створаны 26 вер. на базе Бел. асобай ваен. акругі ў час польска-германскай вайны 1939. Камандуючы камандарм 2-га рангу М.​П.​Кавалёў; чл. ваен. савета: карпусны камісар І.​З.​Сусайкаў, сакратар ЦК КП(б)Б П.К.Панамарэнка; нач. штаба камдыў М.​А.​Пуркаеў. Уваходзілі арміі: 3, 4, 10, 11-я, франтавая конна-механізаваная група, 23-і асобны стралк. корпус (у яго складзе 52-я стралк. дывізія і Дняпроўская ваенная флатылія); пры кожнай арміі была авіяц. група. Фронт меў задачу прадухіліць захоп Зах. Беларусі войскамі Германіі. 17.9.1939 войскі Бел. і Укр. франтоў перайшлі сав.-польскую граніцу і за 12 дзён вызвалілі Зах. Беларусь. Упартыя баі ішлі за Скідзель, Навагрудак, Вільню, Гродна, у Аўгустоўскіх лясах. 14.11.1939 фронт скасаваны.

М.​І.​Камінскі.

т. 2, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)