СТРО́ФІКА,

1) раздзел паэтыкі, які вывучае спосабы спалучэння радкоў вершаваных у страфу, яе ўзнікненне, развіццё і мастацка-выяўл. магчымасці.

2) Сукупнасць страфічных форм асобнага твора, паэта і інш., пэўным чынам упарадкаваная сістэма радкоў і строф.

Зараджэнне бел. паэзіі звязана з двухрадкоўямі (упершыню ў Ф.​Скарыны ў прадмове да кн. «Зыход», 1519) і чатырохрадкоўямі — катрэнамі (упершыню ў Скарыны ў прадмове да кн. «Іоў», 1517; у Афанасія Філіповіча «Дыярыушы», 1647). Багатая С. дэкламацый Сімяона Полацкага. У 19 ст. С. бел. паэзіі ўзбагацілася творамі, напісанымі пяцірадкоўямі («Дзеванька» Я.​Баршчэўскага), шасцірадкоўямі (ананімны «Я клічу Вас...»), васьмірадкоўямі (ананімны «Ой, у полі вецер вые...») і інш. Найб. інтэнсіўна ў бел. паэзіі С. развіваецца з пач. 20 ст. Больш разнастайнай стала структура строф, паглыбіліся яе рытміка-выяўл. магчымасці. Страфічны падзел тэксту падкрэсліваецца рэфрэнам («Мужык» Я.​Купалы), выкарыстоўваецца кальцавая кампазіцыя («Як я полем іду...» Я.​Купалы) Пашырыліся цвёрдыя формы верша (тэрцыны, секстына, сіцыліяна), засвоіліся айрэны, газелі, рубаі і інш., складаныя віды строф набылі значэнне самаст. відаў верша (санет, трыялет, рандо, актава), распаўсюдзіліся нізкі строф — вянок санетаў, стансы. Паявіліся віды строф, якія не маюць вял. пашырэння ў паэзіі: сямірадкоўе («Малебен» Я.​Коласа), дзевяцірадкоўе («Полымя» Я.​Коласа) і інш. Своеасаблівай страфой напісана паэма Я.​Коласа «Рыбакова хата» (складаецца з 12 радкоў з рыфмоўкай абабвгвгдеед). Асобныя віды строф сталі адметнымі для творчасці некат. паэтаў (шаснаццацірадкоўі А.​Куляшова). У паэзіі пераважаюць вершы, напісаныя аднолькавымі строфамі — раўнастрофныя вершы («Беларусі» П.​Броўкі). Сустракаюцца аднастрофныя вершы («Знаць хочаш, як я цябе знайшоў?» М.​Танка), разнастрофныя вершы («Гапон» В.​Дуніна-Марцінкевіча, «Мёртвая вясна» Броўкі), астрафічныя вершы і строфы, якія ўзніклі на матэрыяле пэўнага жанру, тэматыкі. стылю (баладная страфа, элегічны двуверш) і ў пэўнай ступені захоўваюць сувязь з імі. Аднак строфы звычайна не рэгламентуюцца памерам ці літ. жанрам, іх сэнсавыяўленчая роля вызначаецца зместам канкрэтнага твора.

Літ.:

Лазарук М.А., Ленсу А.Я. Пытанні тэорыі літаратуры. Мн., 1964;

Ралько І.Д. Беларускі верш. Мн., 1969;

Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973.

А.​А.​Майсейчык.

т. 15, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УІ́ЛЬЯМС (Williams) Тэнесі [сапр. Ланір

(Lanier) Томас; 26.3.1914, г. Калумбус, штат Місісіпі, ЗША — 25.2.1983], амерыканскі пісьменнік, драматург. Вучыўся ва ун-тах Місуры, Сент-Луіса, Аявы (1929—38). У раманах «Рымская вясна місіс Стоўн» (1950),

«Мойсі і свет розуму» (1976), сац.-псіхал. п’есах «Шкляны звярынец» (1945), «Трамвай «Жаданне» (1947, экранізавана ў 1951), «Татуіраваная ружа» (1951), «Кошка на распаленым даху» (1955), «Арфей спускаецца ў пекла» (паст. 1957), «Ноч ігуаны» (1961), «Папярэджанні малым караблям» (1973), «Стары квартал» (1977), «Цудоўная нядзеля для пікніка» (1980) і інш. праблемы існавання асобы ў жорсткім свеце, адзіноты сярод людзей, сутыкнення дабра і прыгажосці з прагматызмам і чэрствасцю. Аўтар зб-каў навел «Аднарукі і іншыя апавяданні» (1948), «Карамель» (1954), «Вандроўкі рыцара» (1967), «Восем прыстойных жанчын у стане апантанасці» (1974), зб-каў вершаў «У зіме гарадоў» (1956), «Андраген, любоў мая» (1977), кн. «Мемуары» (1975), шэрагу аповесцей. Распрацаваў канцэпцыю «пластычнага тэатра», паводле якой на сцэне важнае значэнне надаецца маст. і муз. афармленню, сцэнаграфіі, эфектам святла. Паэтыка яго твораў складаная, насычана сімваламі і алегорыямі, ант. і біблейскімі алюзіямі, сумяшчае ў сабе тэндэнцыі экзістэнцыялізму, экспрэсіянізму, натуралізму, імпрэсіянізму з элементамі антыдрамы і «тэатра жорсткасці». На Беларусі яго п’есы ставілі Дзярж. рус. драм. т-р («Салодкагалосая птушка юнацтва», 1976; «Царства зямное», 1985), Бел. т-р імя Я.​Купалы («Шкляны звярынец» пад назвай «Блакітная ружа», 1991; «Крэў Кёр», 1999), абл. драм. т-ры: Гродзенскі («Арфей спускаецца ў пекла», 1977; «Шкляны звярынец», 1982; «Татуіраваная ружа», 2000); Магілёўскі («Арфей спускаецца ў пекла, 1977; «Шкляны звярынец», 1993); Гомельскі («Трамвай «Жаданне», 1988; «Арфей спускаецца ў пекла» пад назвай «Пасцеллю вецер, а побач — зоркі», 1998).

Тв.:

Рус. пер. — «Стеклянный зверинец» и еще девять пьес. М., 1967;

Римская весна миссис Стоун: Рассказы, эссе. М., 1978.

Літ.:

Арсеева А.В. Поэзия Т.​Уильямса: Кризис романтич. веры // К проблемам романтизма и реализма в зарубежной литературе конца XIX—XX вв. М., 1975;

Пинаев С.М. Драматургия Т.​Уильямса и вопросы пластического театра // Из истории русской и зарубежной литературы. Саранск, 1976;

Стулаў Ю. Амерыканская драматургія на беларускай сцэне (1960—1980) // Беларусіка=Albaruthenica. Мн., 1995. Кн. 5.

Е.​А.​Лявонава.

т. 16, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧАМЯЛЁЎ Леанід Дзмітрыевіч (н. 5.2.1923, г. Віцебск),

бел. жывапісец. Нар. маст. Беларусі (1983). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1959). З 1959 выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы, у 1968—74 у Рэсп. школе-інтэрнаце па музыцы і выяўл. мастацтве. Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу. Тэма гераізму народа ў Вял. Айч. вайне ўвасоблена ў палотнах «Цяжкія гады» (1965), «Маё нараджэнне» (1967), «Палявы трыбунал» (1974—75), «Генерал Даватар» (1975), «3 ліпеня» (1977), «Першы дзень міру» (1981), «Люты 1942», «Светлая памяць» (абодва 1984), «Ідзе вайна народная» (1985). Шматграннасць і маштабнасць асобы выяўлены ў карцінах «1918 год. Ленін і Дзяржынскі» (1969), «Кастусь Каліноўскі» (1975), «Вяртанне. Мікола Гусоўскі», «Рэпін у Здраўнёве» (абедзве 1980), «Народны паэт Беларусі Я.​Купала» (1981), «Леся Украінка» (1983). Лірыка-эпічнае гучанне вылучае цыклы палотнаў «Край мой Міншчына», «Ільны івянецкія» (абодва 1977), «Навала 22 чэрвеня 1941 года», «Ліставей», «Лета» (усе 1978). Псіхал. глыбіня, шчырасць характарыстык уласцівы творам пра сучаснікаў: «Настаўніца» (1969), партрэты мастакоў М.​Чэпіка (1970), Г.​Вашчанкі (1980), В.​Цвіркі (1982), «Каця малюе» (1985), «Алена Малочка» (1990), «Партрэт у інтэр’еры» (1995), «Святар» (2002) і інш. Выразныя і маляўніча-пластычныя краявіды: «Асенні кліч» (1975), «Вязынка» (1976), «Сосны», «Студзень у Мінску» (абодва 1977), «Крыніца», «У канцы студзеня», «Напрадвесні», «Лошыца» (усе 1978), «Вясна на Дзвіне» (1979), «Радзіма» (1981), «Зіма ў Ракаве» (1982); серыі «Новае поле» (1979—82), «Лета ў Астрашыцкім» (1994), «Як быццам у сне», «Караван», «Цёплае лета» (усе 1995), «Снежань», «Сакавік», «Майскі вечар», «Зіма ў Пінску» (усе 1996), «Беларусы ў Вене» (1998). Аўтар нацюрмортаў «Цюльпаны» (1973), «Мёд» (1974), «Пасля канцэрта» (1975), «Крэсла бацькі», «Кветкі зямлі» (абодва 1978), «Вязынка. У хаце паэта» (1982), «Учора і сёння» (1986), «Памяці 1794» (1993), «Восень» (1995), «Мой свет» (1996). Яго творы вылучаюцца свабоднай пластычнай манерай выканання з выкарыстаннем гучнага колеру і святлоценявых дынамічных эфектаў, адсутнасцю дэталізацыі, экспрэсіўнасцю. Іл. гл. таксама да арт. Жывапіс.

Літ.:

Л.​Д.​Щемелев: Цвета времени. М., 1978, Крэпак Б.А. Леанід Шчамялёў. Мн., 1981;

Л.​Дз.​Шчамялёў: [Альбом]. Мн., 1997;

Леанід Шчамялёў: Нар. мастак Рэспублікі Беларусь: (Альбом). Мн., 1998.

Л.​Ф.​Салавей.

Л.​Дз.Шчамялёў.
Л.Шчамялёў. Беларусы ў Вене. 1998.

т. 17, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУРЫНО́ВІЧ Адам Гіляры Калікставіч [25.1.1869, б. фальварак Кавалі (Кавалькі), Мядзельскі р-н Мінскай вобл. — 4.2 (паводле інш. звестак 26 ці 29.1.1894), бел. паэт-дэмакрат, фалькларыст. Вучыўся ў Пецярбургскім тэхнал. ін-це (1887—93). Член, кіраўнік створанага ў 1889 нелегальнага «Гуртка моладзі польска-літоўскай, беларускай і маларускай», які аб’ядноўваў студэнтаў шэрагу пецярбургскіх ВНУ і быў звязаны з Г.​В.​Пляханавым. У 1893 арыштаваны і зняволены, відаць, у Петрапаўлаўскую крэпасць. З-за хваробы адпраўлены пад нагляд паліцыі ў бацькоўскі фальварак Крыстынопаль (Смаргонскі р-н), дзе і памёр ад чорнай воспы. На фарміраванне светапогляду Гурыновіча аказалі ўплыў распаўсюджанне марксізму ў Расіі, ідэі шляхецкіх рэвалюцыянераў і рэв. народніцтва 1880-х г., у т. л. бел. групы «Гоман». Пісаў на бел., рус. і польск. мовах. У паэзіі быў паслядоўнікам Ф.​Багушэвіча (праграмны верш «Дзякуй табе, браце, Бурачок Мацею...»), выступаў з пазіцый рэалізму і народнасці, супраць сац., нац. і рэліг. ўціску, заклікаў да сац. барацьбы, да духоўнага абнаўлення (вершы «Перш душылі паны...», «Што ты спіш, мужычок...»). Пісаў у жанры пейзажнай («Бор», «Вясна») і элегічнай («Сцямнела на дворы і ціха кругом») лірыкі. Адзін з пачынальнікаў бел. дзіцячай паэзіі («Каток», «Рыбак»). На бел. мову пераклаў асобныя творы А.​Пушкіна, І.​Крылова, М.​Някрасава, А.​К.​Талстога, А.​Міцкевіча, Э.​Ажэшкі, Я.​Каспровіча, І.​Франко. У Свянцянскім пав. зрабіў шмат запісаў бел. фальклору («Зборнік беларускіх твораў...», 1893). Упершыню яго творы апубл. (з уступным артыкулам Б.​Тарашкевіча) у газ. «Беларускі звон» (1921). Частка рукапісаў спадчыны Гурыновіча зберагаецца ў БДАМ ЛІМ і Цэнтр. б-цы АН Літвы.

Тв.:

У кн.: Беларускія пісьменнікі другой паловы XIX ст., Мн., 1956;

Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988.

Літ.:

Гульман Р.І. Новыя архіўныя матэрыялы пра Адама Гурыновіча // Беларуская літаратура: Даслед. і публ. Мн., 1958. [Вып.] 1;

Шутовіч І. Адам Гурыновіч // Полымя. 1966. № 11;

Саламевіч Я. Адам Гурыновіч — фалькларыст // Тамсама. 1969. № 1;

Семашкевіч Р.М. Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе (канец XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1971;

Пачынальнікі: З гіст.-літ. матэрыялаў XIX ст., Мн., 1977;

Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд. Мн., 1989;

Мальдзіс А. Невядомыя здымкі Адама Гурыновіча // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1983. № 4.

Р.​М.​Семашкевіч.

Адам Гурыновіч.

т. 5, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАБО́КАЎ Уладзімір Уладзіміравіч (24.4.1899, С.-Пецярбург — 2.7.1977),

рускі і амерыканскі пісьменнік, перакладчык, літ.-знавец. З 1919 у эміграцыі: у Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі, ЗША (з 1940, з 1945 грамадзянін ЗША), Швейцарыі (з 1960). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1922). Да 1940 пісаў пад псеўд. Сірын. З 1940 пісаў і на англ. мове, з 1960-х г. толькі на англ. мове. Першы зб. — «Вершы» (1916). Расія, рускія — пастаянны фон і тэма ўсёй яго творчасці. Светаадчуванне рус. эмігранта ў раманах «Машачка» (1926), «Подзвіг» (1931—32), аўтабіягр. кн. «Іншыя берагі» (1951) і інш. Раманы «Абарона Лужына» (1929—30), «Запрашэнне на пакаранне смерцю» (1935—36; антыутопія), «Дар» (1937), «Пнін» (1957) пра трагічную калізію духоўна адоранага адзіночкі з прымітыўнай мяшчанскай цывілізацыяй, светам пошласці. У рамане «Лаліта» (1955, экранізаваны ў 1962, 1998) — спалучэнне эротыкі і сац.-крытычнага апісання нораваў Амерыкі. На аўтабіягр. аснове стварыў паэмы «Дзяцінства» (нап. 1918), «Крым» (1921), «Пецярбург» (1923), «Універсітэцкая паэма» (1927). Аўтар раманаў «Камера абскура» (1932—33), «Адчай» (1934), «Паглядзі на арлекінаў!» (1974), зб. апавяданняў «Вясна ў Фіяльтэ» і іншыя апавяданні» (1956), паэт. драм «Смерць», «Дзядуля», «Полюс» (усе нап. 1922), зб-каў вершаў «Гронка» (1923), «Вершы 1929—1951 гг.» (1952), лекцый і эсэ пра рус. л-ру, у т. л. «Мікалай Гогаль» (1944), шахматных задач і інш. Стылістычна вытанчаным яго творам уласцівы і рэалістычныя, і мадэрнісцкія элементы (лінгвастылістычная гульня, парадзіраванне, містыфікацыя і інш.). Выдаў мемуары «Памяць, гавары» (1966). Зрабіў празаічны пераклад на англ. мову «Яўгена Анегіна» А.​Пушкіна (т. 1—3, 1964), пераклаў «Слова аб палку Ігаравым» і інш. П’еса «Лаліта» Э.​Олбі паводле Н. пастаўлена Гродзенскім абл. драм. т-рам (1990) і Брэсцкім т-рам драмы і музыкі (1991). На бел. мову асобныя яго творы пераклала Г.​Багданава.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1990;

Собр. соч. американского периода: В 5 т. Т. 1—4. СПб., 1997;

Тяжелый дым: Избр. проза. М., 1996;

Лекции по русской литературе: Чехов, Достоевский, Гоголь, Горький, Толстой, Тургенев. М., 1996;

Лекции по зарубежной литературе. М., 1998.

Літ.:

Шаховская З. В поисках Набокова;

Отражения. М., 1991;

Гурболикова О.А. Тайна Владимира Набокова. Процесс осмысления: Библиогр. очерки. М., 1995;

Носик Б.М. Мир и дар Набокова: Первая рус. биогр. писателя. М.; СПб., 1995;

Мулярчик А.С. Русская проза Владимира Набокова. М., 1997.

А.​В.​Спрынчан.

У.У.Набокаў.

т. 11, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕСНАВЫ́Я ПЕ́СНІ,

жанрава шматскладовы цыкл каляндарна-земляробчага фальклору. Пашыраны ва ўсіх земляробчых народаў, асабліва ў славян і прыбалтаў. Прымяркоўваюцца да веснавога перыяду, найб. працяглага ў каляндарна-песенным крузе (у розных этнічных традыцыях амаль ад зімовага да летняга сонцавароту). Звязаны з абуджэннем прыроды, абнаўленнем зямлі і ўсяго жывога на ёй.

З усіх песень каляндарна-земляробчага круга ў веснавых песнях найб. яскрава выступае функцыя інспірацыйная (функцыя ўнушэння), якая ў старажытнасці мела магічнае, а пазней набыла асацыятыўна-сімвалічнае значэнне. Гэта асн. функцыя неаддзельная ад эстэтычнай, што вызначае прыўзняты эмац. лад песень і маляўнічыя фарбы вобразнай сістэмы. Таму пры ўсёй жанрава-тэматычнай разнастайнасці і багацці муз. адценняў веснавых песень розных народаў агульнае ў іх — усеабдымнасць гучання чалавечага голасу (які нібы пераклікаецца з галасамі прыроды), няўпыннасць рознага роду шэсцяў і карагодаў, а таксама культ расліннасці, які можа набываць розныя структурна-жанравыя характарыстыкі і стылявую афарбоўку.

У Беларусі веснавы цыкл з’яўляецца найважнейшым кампанентам разгорнутай каляндарна-песеннай сістэмы. Ядро цыкла ўтвараюць песні з устойлівымі рытуальнымі тыпалагічна акрэсленымі абагульненымі палітэкставымі напевамі: масленічныя песні, уласна «вясна» або гуканне вясны, валачобныя песні, веснавыя карагоды (гл. ў арт. Карагод), юраўскія песні, траецкія песні, куставыя, русальныя. Другую групу складаюць песні з больш індывідуалізаванымі напевамі (паставыя, што спяваліся ў вял. пост, веснавая талака, мікольскія, «як абходзяць зялёнае жыта») і многія лірычныя, умоўна прыстасаваныя да вясны («лугавыя», «лесавыя») і інш. Спяваюць іх з пач. сакавіка («як на снезе паявяцца праталіны», «як на вясну пацягне») і да чэрвеня («дакуль зязюля кукуе»). Асн. лейтматыў вобразнай сістэмы веснавых песень — збліжэнне чалавека з прыродай, якое праходзіць як бы тры этапы: спачатку вясну клічуць (гушкальныя «на калысках» на масленіцу, абрадавыя гуканні на ўзгорках на Благавешчанне), потым выходзяць ёй насустрач (валачобныя абходы двароў, абрадавы выган жывёлы «на расу» на Юр’я, шэсці і карагоды), нарэшце як бы непасрэдна збліжаюцца з ёю («водзяць куст», «завіваюць вянкі» на Сёмуху) і праводзяць яе («пахаванне стралы», «провады русалкі» ў русальны тыдзень, які завяршае Сёмуху). Асаблівую ўстойлівасць у веснавых песнях адпаведна набываюць сюжэтна-тэматычныя комплексы: гуканне вясны (з тыповымі зачынамі «Благаславі, маці, / Вясну загукаці!», «Жавароначкі, прыляціце!», «Ой, чырачка, пташэчка»); «адмыканне лета» («Зіма з летам страчалася»), масленічныя гушкалкі («А на гарэ сонца / Калышуцца дзеўкі»), абуджэнне ўсяго жывога («Вол бушуе — вясну чуе, / Баран блее — ў поле хоча»), няўпыннае веснавое шэсце («Памажы нам, божа, / На вулачку выйсці»), дары вясны, якія пералічваюцца ў форме пытання-адказу («Ой, вясна-красна, / Што нам прынесла?»); зварот да адушаўлёнай вясны-вясняначкі (русалачкі, купалачкі) з далейшым развіццём матываў кахання. Існуюць таксама сюжэты, спецыфічныя для асобных жанраў песень веснавога цыкла (валачобных, юраўскіх, куставых, карагодных), але ва ўсіх іх аграрна-магічныя матывы і культ расліннасці пераплятаюцца з матывамі кахання і шлюбу, як і рэальных гасп. клопатаў земляроба. Паводле характару мелодыкі веснавыя песні ўключаюць (у залежнасці ад жанру і мясц. традыцыі) гранічна сціслыя напевы-формулы і больш распетыя (у межах сярэдняга меладычнага дыяпазону). Яны вызначаюцца вобразна-эмац. разнастайнасцю (у іх чутны інтанацыі закліку, заклінання, святочна прыўзнятыя, лірычныя), багаццем тэмбравых фарбаў. Выкананне тыповае для песень, якія спяваюць на вольным паветры (менавіта з імі звязана свайго роду нар. школа галаснога спеву). Для рытуальных веснавых песень характэрна антыфоннае спяванне з зычнай пераклічкай галасоў, заклікавае заключэнне на тэрцавым ці квартавым верхнім гуку, доўгія воклічы («Гу!» ці «У-у-у!») з глісандуючымі ўзлётамі ў канцы, а часам і ў сярэдзіне меластрафы («каб адгалоскі ішлі»). Веснавыя песні вядомы на ўсёй Беларусі, але размеркаванне іх у розных этнагр. зонах неаднолькавае. Гуканне вясны і карагоды канцэнтруюцца пераважна на Палессі, ва ўсходнім і цэнтр. рэгіёнах, юраўскія ў заходнім рэгіёне, гушкальныя масленічныя — на Паазер’і, валачобныя — на Паазер’і, у зах. і цэнтр. рэгіёнах, траецкія — ва ўсходнім рэгіёне і на Палессі, веснавая талака — у паўн.-ўсх., русальныя — у паўд.-ўсх. раёнах, «пахаванне стралы» — на ўсходнім, «куст» — на зах. Палессі. У сучасным побыце бел. вёскі апрача прымеркаваных да вясны лірычных найб. захаваліся абходныя песні, перш за ўсё нацыянальна вызначальныя валачобныя. Даволі жывучымі аказаліся веснавыя гуканні і карагодныя песні, але цяпер іх носьбіты — старэйшыя жанчыны, што вядзе да адпаведных змен у характары іх бытавання (іх проста спяваюць без адпаведных дзеянняў, якімі яны суправаджаліся раней). Наогул, выяўляецца тэндэнцыя адмацавання веснавых песень ад абраду пры строгай, аднак, замацаванасці ў свядомасці вяскоўцаў іх сімвалічнай значнасці і пэўнага часу выканання.

Публ.:

Шейн П.В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края. Т. 1, ч. 1. СПб., 1887;

Беларускія народныя песні / Запіс Р.​Шырмы. Т. 3. Мн., 1962;

Анталогія беларускай народнай песні. 2 выд. Мн., 1975;

Веснавыя песні. Мн., 1979 (Бел. нар. творчасць);

Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Яе ж. Песни белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983.

Літ.:

Аничков Е.В. Весенняя обрядовая песня на западе и у славян. Ч. 1—2. СПб., 1903—05;

Земцовский И.И. Мелодика календарных песен. Л., 1975. С. 77—128;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Конец XIX — начало XX в.: Весенние праздники. М., 1977;

Соколова В.К. Весенне-летние календарные обряды русских, украинцев и белорусов, XIX — начало XX в. М., 1979;

Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985;

Мухарынская Л.С., Якіменка Т.С. Беларуская народная музычная творчасць. Мн., 1993.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 4, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАТКЕ́ВІЧ Уладзімір Сямёнавіч (26.11.1930, г. Орша Віцебскай вобл. — 25.7.1984),

бел. пісьменнік. Скончыў Кіеўскі ун-т (1954), Вышэйшыя літ. (1960) і сцэнарныя (1962) курсы ў Маскве. Настаўнічаў у в. Лесавічы Тарашчанскага р-на Кіеўскай вобл. (1954—56), у Оршы (1956—58). Дэбютаваў вершамі ў 1951. Найбольшую прыхільнасць выяўляў да гіст. тэматыкі, плённа развіваў адраджэнскія ідэі. Істотна ўзбагаціў бел. л-ру ў тэматычных і жанрава-стылявых адносінах, напоўніў яе інтэлектуальным і філас. зместам. Як паэт раскрыўся арыгінальна і непаўторна зб-камі «Матчына душа» (1958), «Вячэрнія ветразі» (1960), «Мая Іліяда» (1969), «Быў. Ёсць. Буду» (1986). Паэзіі ўласцівы пранікнёны лірызм, эпічнасць, рытміка-інтанацыйная разнастайнасць, філасафічнасць, драматызм і жыццесцвярджальнае гучанне («Машэка», «Паўлюк Багрым», «Трызненне мужыцкага Брэйгеля», «Беларуская песня», «Быў. Ёсць. Буду» і інш.). У прозе ўзняў шырокія пласты нац. гісторыі, стварыў адметныя характары, раскрыў багаты духоўны свет герояў і звязаў іх асабісты лёс з лёсам Бацькаўшчыны. Лірыка-рамант. талент К.-празаіка раскрыўся ўжо ў першым зборніку апавяданняў «Блакіт і золата дня» (1961). Для пісьменніка характэрна рамантычнае, фальклорна-легендарнае асэнсаванне мінуўшчыны, яе ўплыў на духоўнае жыццё народа і грамадскую свядомасць. Паэтызуючы гісторыю, уздымаў пытанні, актуальныя і для сённяшняга дня. У гіст.-дэтэктыўнай аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха» (1964, аднайм. кінафільм 1979) праўдзіва адлюстроўваў тагачаснае грамадства з яго нац., культ. і гіст. адметнасцямі, сцвярджаў патрыят. ідэі, асуджаў рэнегацтва і зло. У сатыр.-гумарыстычнай аповесці «Цыганскі кароль» (1961) на прыкладзе цыганскага «каралеўства» 18 ст. закранаў важныя сац.-паліт. і нац. праблемы. У рамант. аповесці «Сівая легенда» (1961) праз карціны сял. паўстання на Магілёўшчыне асэнсоўваў лёс Бацькаўшчыны. У «Легендзе аб бедным д’ябле і аб адвакатах Сатаны» (нап. 1961, апубл. 1994) на грунце бел. рэчаіснасці 16 ст. ў гратэскавай форме паказаў барацьбу дабра са злом. З задуманай ім трылогіі пра паўстанне 1863—64 ажыццёўлены толькі раман «Каласы пад сярпом тваім» (1965) — шырокая панарама нар. жыцця бел. народа ў 19 ст. Па сутнасці гэты твор паклаў пачатак бел. гіст. раманістыцы. Адгалінаваннем рамана стала аповесць «Зброя» (нап. 1964, апубл. 1981) — сатыра на самадзяржаўна-прыгонніцкую Расію 1860-х г. У героіка-рамант. драме «Кастусь Каліноўскі» (нап. 1963, паст. 1978) паказаны складанасць і супярэчлівасць паўстання, створаны паўнакроўны вобраз Каліноўскага як непрымірымага ворага самадзяржаўя і патрыёта роднага краю. Раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1966, аднайм. кінафільм 1967) — філас. роздум аб прызначэнні чалавека. Гіст. аспект прысутнічае і ў творах пра сучаснасць: аповесцях «У снягах драмае вясна» (нап. 1957, апубл. 1989), «Чазенія» (1967), «Лісце каштанаў» (1973), рамане «Леаніды не вернуцца да Зямлі» («Нельга забыць», 1962; Літ. прэмія імя І.​Мележа 1983), п’есах «Млын на Сініх Вірах» (паст. 1959), «Трошкі далей ад Месяца» (нап. 1959—60). У сац.-псіхал. і філас. рамане «Чорны замак Альшанскі» (1979—80; Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1984; аднайм. кінафільм 1984) роздум пра непарыўную повязь часоў, а прыёмы дэтэктыўнага жанру выкарыстаны з мэтай глыбей зразумець сэнс людскога існавання. Думкай пра няскоранасць і неўміручасць народа прасякнуты п’еса «Званы Віцебска» (паст. 1974). Сац.-гіст. драма «Калыска чатырох чараўніц» (паст. 1982) пра дзіцячыя і юнацкія гады Я.​Купалы. Рамантычная панарамная трагедыя «Маці ўрагану» (паст. 1988, аднайм. кінафільм 1990) прысвечана Крычаўскаму паўстанню 1743. Пачуццём любові да Беларусі, гіст. мысленнем напоўнены яго нарысы «Зямля пад белымі крыламі» (1977), нарысы, эсэ і артыкулы, напісаныя да 1000-годдзя Віцебска і Турава («Тысячу стагоддзяў табе», 1974; «Сцюдзёная вясна, або 1000 год і 7 дзён», 1980), прысвечаныя Бел. Палессю, Вільні, Кіеву, Ф.​Скарыне, Я.​Купалу, М.​Багдановічу і інш. Пісаў творы для дзяцей («Казкі», 1975). Пераклаў на бел. мову паасобныя творы Катула, Дж.​Байрана, А.​Міцкевіча, І.​Франка, М.​Карыма, Р.​Гамзатава, Махтумкулі і інш. (зб. «Галасы маіх сяброў», 1993). У творчай спадчыне К. захаваліся шматлікія малюнкі, ілюстрацыі да ўласных твораў. Ён аўтар сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Сведкі вечнасці» (1964), «Памяць» (1966), «Чырвоны агат» (1973) і інш. Па яго творах паст. маст. фільмы, тэле- і радыёспектаклі, оперы «Сівая легенда» (1978, кампазітар Дз.​Смольскі) і «Дзікае паляванне караля Стаха (1989, кампазітар У.​Солтан). Творы К. перакладзены на многія мовы свету. Ён выступаў у абарону бел. мовы, культуры, помнікаў архітэктуры і прыроды. У Оршы і Віцебску К. пастаўлены помнікі, яго імем названы вуліцы, школа ў Оршы (у ёй літ. музей К.). У Мінску на доме, дзе жыў апошнія гады, і ў Оршы на бацькоўскім доме — мемар. дошкі. У Оршы заснаваны музей К.

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—8. Мн., 1987—91;

У дарозе і дома: З зап. кніжак // Полымя. 1989. № 1—3;

З вякоў мінулых. Мн., 1990;

Творы. Мн., 1996.

Літ.:

Андраюк С. Пісьменнікі. Кнігі. Мн., 1997;

Быкаў В. Зб. тв. Мн., 1994. Т. 6. С. 408—412;

Верабей А. Абуджаная памяць. Мн., 1997;

Калеснік У. Усё чалавечае. Мн., 1993;

Локун В. Маральна-філасофскія пошукі беларускай ваеннай і гістарычнай прозы, 1950—1960-я гг. Мн., 1995;

Мальдзіс А. Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча. Мн., 1990;

Прашковіч Л. Услаўляючы гераічнае мінулае // Бел. літаратура. Мн., 1977. Вып. 5;

Русецкі А. Уладзімір Караткевіч: праз гісторыю ў сучаснасць. Мн., 1991;

Сямёнава А. Гарачы след таленту. Мн., 1979;

Чабан Т. Крылы рамантыкі. Мн., 1982;

Шынкарэнка В. Пад ветразем дабра і прыгажосці. Мн., 1995.

А.​Л.​Верабей.

У.С.Караткевіч.

т. 8, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕ́БАЎ Яўген Аляксандравіч (н. 10.9.1929, г. Рослаў Смаленскай вобл., Расія),

бел. кампазітар і педагог. Нар. арт. Беларусі (1973). Нар. арт. СССР (1984). Скончыў Бел. кансерваторыю (1956, клас А.Багатырова). Выкладаў у Мінскім муз. вучылішчы (1953—63). З 1971 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (праф. з 1983). Працуе пераважна ў буйных жанрах, увасабляючы значныя тэмы сучаснасці і гіст. мінулага. Музыцы Глебава ўласціва вял. сіла эмацыянальнага ўздзеяння, абумоўленая яскравасцю і інтанацыйным багаццем тэматызму, яго змястоўным напружаным развіццём, дасканаласцю муз. формы. Кампазітар самабытна пераўтварае бел. народнапесенны матэрыял. Знаўца аркестра, ён часта карыстаецца своеасаблівымі, нетрадыцыйнымі тэмбравымі спалучэннямі. Яго сімф. музыка насычана вострахарактарнымі вобразамі шырокага эмацыянальнага дыяпазону. Сімфоніі («Партызанская», 1958, 1963, 1964, 1968, «Да міру», 1983, 1993), «Альпійская сімфонія-балада» (1967), «Паэма-легенда» (1955) — творы складаных маст. канцэпцый, якія нясуць на сабе адбітак паглыбленага, шматбаковага светаўспрымання мастака. У балетах «Мара» (паст. 1961), «Альпійская балада» (1967), «Выбранніца» (1969), «Тыль Уленшпігель» (1-я рэд. 1974; 2-я — 1977), «Маленькі прынц» і «Курган» (1982), оперы «Майстар і Маргарыта» (1991), аперэце «Мільянерка» (1986) паказаў сябе сталым драматургам, які валодае адметным адчуваннем т-ра, майстэрствам дасканалых муз. характарыстык, прынцыпамі сімфанізму як метаду муз. мыслення. Літ. першакрыніцы муз.-сцэн. твораў — узоры сусв. л-ры (В.​Быкава, Я.​Купалы, Ш. дэ Кастэра, А.​Сент-Экзюперы, М.​Булгакава, Б.​Шоу). Патрыятычна-грамадзянская тэматыка аб’ядноўвае вак.-сімф. творы Глебава — араторыі «Званы» (1967), «Свяці, зара» (1970), «Мы славім Радзіму сваю» (1974), кантаты «За праўду ўстанем» (1956), «Ад вышыні да вышыні» (1976) і інш. Сярод інш. твораў: оперы «Твая вясна» (1963), аперэта «Рэпартаж з пекла» (1971), муз. камедыя «Калізей» (1995, лібрэта М.​Матукоўскага), канцэрты «Покліч» для аркестра (1988), для віяланчэлі (1993) і скрыпкі (1995) з аркестрам, 3 балады для голасу з арк., араторыя «Запрашэнне ў краіну маленства» (1974), «Палеская сюіта» (1964), Харэаграфічныя навелы (1963, 1966), сюіты з балетнай музыкі, сімф. паэмы «Успаміны пра Тыля» (1977) і «Казка» (1979), Святочная уверцюра для аркестра бел. нар. інструментаў (1958), саната (1956) і «Фантастычныя танцы» (1957) для фп., п’есы для эстраднага аркестра (у т. л. найб. папулярныя «Залатая восень», «Начны дыліжанс»); музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1970.

Літ.:

Мухаринская Л.С. Евгений Глебов. М., 1959;

Ракава А.Я. Яўгеній Глебаў: (Старонкі творчасці). Мн., 1971;

Ауэрбах Л.Д. Белорусские композиторы: Е.​Глебов, С.​Кортес, Д.​Смольский, Н.​Лученок. М., 1978.

Т.​А.​Дубкова.

Я.А.Глебаў.

т. 5, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ЛЬСКІ Максім Тадзеевіч (19.3.1895, Кіеў — 24.7.1964),

украінскі паэт, вучоны. Акад. АН Украіны (1943), акад. АН СССР (1958). Вучыўся ў Кіеўскім ун-це (1915—18). У 1919—29 працаваў настаўнікам. З 1944 дырэктар Ін-та мастацтвазнаўства, фальклору і этнаграфіі АН Украіны. Друкаваўся з 1907. Зб-кам вершаў «На белых астравах» (1910), «Пад асеннімі зорамі» (1918), «Сіняя далячынь» (1922), «Праз буру і снег» (1925), «Трынаццатая вясна» (1926), «Дзе сыходзяцца дарогі» (1929) уласцівы зварот да класікі, да лепшых узораў зах.-еўрап. паэзіі. У зб-ках «Знак шаляў» (1932), «Кіеў» (1935), «Лета» (1936), «Украіна» (1938), «Збор вінаграду» (1940) лірызм, філасафічнасць, асацыятыўнасць замяняюцца дэкларатыўнасцю, апавядальнасцю. Мужнасць, грамадзянскасць, патрыятызм характэрны для творчасці Р. перыяду Вял. Айч. вайны (зб-кі «Слова пра маці-радзіму», «Світальная зара», «Светлая зброя», усе 1942; Дзярж. прэмія СССР 1943). Гуманіст. ідэал чалавека і грамадства, духоўнасць, эстэтычнасць уласцівы кн. паэзіі «Ружы і вінаград» (1957), «Далёкія небасхілы» (1959, Ленінская прэмія 1960), «Зімовыя запісы» (1964). Аўтар даследаванняў па літ.-знаўстве, фалькларыстыцы, мастацтвазнаўстве, тэорыі перакладу. Перакладаў з інш. моў. За пераклад паэмы «Пан Тадэвуш» А.​Міцкевіча Дзярж. прэмія СССР 1950. Беларусі прысвяціў цыклы вершаў «Шчодрасць» (1955), «На братняй зямлі» (1958), артыкулы пра Я.​Купалу («Янка Купала», 1947, «Пра паэта-рыцара», 1957), Я.​Коласа («Пра паэта і сябра», 1957), П.​Панчанку («Салдат паэзіі», 1961). На ўкр. мову пераклаў творы Ф.​Багушэвіча, Броўкі, В.​Віткі, А.​Вялюгіна, П.​Глебкі, А.​Зарыцкага, М.​Калачынскага, К.​Кірэенкі, Я.​Коласа, А.​Куляшова, Я.​Купалы, В.​Таўлая. Яму свае вершы прысвяцілі Броўка, Калачынскі, Я.​Колас, артыкулы Я.​Брыль, Н.​Гілевіч, Т.​Кабржыцкая, Р.​Няхай. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі А.​Астрэйка, М.​Аўрамчык, Р.​Барадулін, А.​Бачыла, Броўка, Ю.​Гаўрук, Вітка, Гілевіч, С.​Грахоўскі, Х.​Жычка, В.​Зуёнак, Калачынскі, Кірэенка, М.​Лужанін, П.​Прыходзька, В.​Рагойша, А.​Русак, Н.​Тарас і інш. Дзярж. прэмія Украіны 1971.

Тв.:

Твори. Т. 1—10. Київ, 1960—62;

Вибране. Київ, 1967;

Сонети. Київ, 1974;

Бел. пер. — Выбр. творы. Мн., 1952;

Світальная зара: Вершы і паэма. Мн., 1985;

На братняй зямлі // Полымя. 1958. № 12.

Літ.:

Крижанівський С. Максим Рильський. Київ, 1960;

Новиченко Л. Поетичний світ Максима Рильського. Київ, 1980;

Ахрыменка П. Максім Рыльскі і Беларусь // Ахрыменка П. Летапіс братэрства. Мн., 1973;

Мартынава Э.М. Беларуска-ўкраінскі паэтычны ўзаемапераклад. Мн., 1973;

Воспоминания о Максиме Рыльском. М., 1984;

Вервес Г. Максим Рыльский в кругу славянских поэтов: Пер. с укр. М., 1981.

К.​Р.​Хромчанка.

М.Т.Рыльскі.

т. 13, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЙЗА́Ж (франц. paysage ад pays мясцовасць, краіна),

від, адлюстраванне якой-небудзь мясцовасці; адзін з асн. жанраў (і асобны твор) выяўл. мастацтва. Адлюстроўвае рэальную або ўяўную мясцовасць, эмац. адносіны чалавека да прыроды, светапогляд мастака. Часта з’яўляецца фонам у творах інш. жанраў (партрэт, нацюрморт, бытавы, батальны і інш.). У працэсе развіцця П. вылучыліся яго асобныя віды: ландшафтны, гарадскі, вясковы, марына, арх., індустрыяльны, гіст. і інш.

Адлюстраванне прыроды вядома з эпохі неаліту. Матывы П. вядомы ў насценных размалёўках і рэльефах Стараж. Усходу (Егіпет, Вавілонія), мастацтве Стараж. Грэцыі і Рыма, краін Д. Усходу. У 7—8 ст. самаст. значэнне набыў у мастацтве Кітая, у 12—13 ст. стаў адным з вядучых жанраў. У еўрап. мастацтве сярэднявечча элементы П. пераважна пазначалі месца дзеяння, выконвалі сімвалічную ці дэкар. ролю ў адлюстраванні рэліг.-міфалагічнай прасторы. У эпоху Адраджэння цэнтр. вобразам у П. стала адлюстраванне зямнога свету як адухоўленай з’явы, у якой касмічнае пераважае над тапаграфічна-канкрэтным. Мастакі вывучалі натуру, распрацоўвалі прынцыпы перспектыўнай пабудовы прасторы (Джарджоне, Джота ды Бандоне, Леанарда да Вінчы, Рафаэль, Тыцыян у Італіі, М.​Груневальд, А.​Дзюрэр, Л.​Кранах у Германіі, А.​Альтдорфер, П.​Брэйгель, Х. ван дэр Гус у Нідэрландах, Эль Грэка ў Іспаніі і інш.). У канцы 16 — пач. 17 ст. пад уплывам маньерызму ўзмацніліся эмацыянальнасць і падкрэсленая ідэалізацыя прыроды (А.​Карачы ў Італіі); у мастацтве барока пераважала адлюстраванне стыхійнага буяння прыроды, падкрэсленая надуманасцю і наяўнасцю фантаст. элементаў (П.​П.​Рубенс у Фландрыі, А.​Маньяска ў Італіі). Як самаст. жанр П. вылучыўся ў 2-й пал. 17 ст. ў творчасці Я. ван Гоена, Я. ван Ройсдала, С. ван Ройсдала, Рэмбранта ў Нідэрландах, К.​Ларэна, Н.​Пусэна ў Францыі і інш. і стаў носьбітам высокага этычнага зместу. У 18 ст. пашырыўся тонкалірычны (Ф.​Гвардзі) і відавы гарадскі (Каналета, Б.​Белота) П. У П. 1-й пал. 19 ст. пераважалі тэндэнцыі рамантызму (К.​Д.​Фрыдрых, Л.​Рыхтэр у Германіі, У.​І.​Кох у Аўстрыі, У.​Цёрнер у Вялікабрытаніі). Зацвердзілася розніца паміж накідам, эцюдам і завершаным П.-карцінай, з’явіліся элементы пленэру, сістэма валёраў і інш. Станаўленне і росквіт рэаліст. П. адбыўся ў 19—20 ст. ў творчасці К.​Каро, Г.​Курбэ, Ж.​Ф.​Міле (Францыя), Дж.​Констэбла (Вялікабрытанія), А.​Менцэля (Германія), І.​Айвазоўскага, А.​Бенуа, Л.​Бродскай, І.​Грабара, А.​Дайнекі, А.​Куінджы, І.​Левітана, Г.​Ніскага, В.​Паленава, М.​Рэрыха, А.​Саўрасава, В.​Сярова, І.​Шышкіна (Расія), М.​Сар’яна (Арменія), А.​Жмуйдзінавічуса (Літва) і інш. Плённа развіваўся ў творчасці мастакоў інш. стыляў і кірункаў. непасрэднасць пленэрных П. імпрэсіяністаў (П.​Банар, К.​Манэ, Э.​Манэ, К.​Пісаро, А.​Сіслей у Францыі), драматычна выразныя, эмацыянальна завостраныя П. экспрэсіяністаў (О.​Какошка ў Аўстрыі), эмац., дэкар.-плоскасныя П. постімпрэсіяністаў (П.​Гаген, П.​Сезан у Францыі, В. ван Гог у Нідэрландах) і інш.

У бел. мастацтве элементы П. вядомы з 15 ст. (мініяцюры Радзівілаўскага летапісу). Значнае месца адведзена П. ў гравюрах выданняў Ф.​Скарыны («Навухаданосар цар вавілонскі здабывае Іерусалім», 1518; «Руф, прабаба цара Давідава падбірае каласы за жняцы», 1519), жывапісным творы «Бітва пад Оршай» (каля 1515). У графіцы 2-й пал. 16—17 ст. П. набыў самаст. гучанне: гравюры з адлюстраваннем гар. панарам Гродна, Полацка, Вільні, Бабруйска, Брэста, Рэчыцы, Нясвіжа, Трокаў, Коўна, Клецка (у т. л. Т.​Макоўскага), замкаў і палацаў (гравюры М.​Цюнта), акварэль «Аблога Полацка 29.8.1579» С.​Пахалавіцкага і інш. У жанры П. шмат працаваў А.​Тарасевіч (12 аркушаў «Поры года», 1672). У 17—18 ст. элементы П. трапляюцца ў іканапісе («Праабражэнне», 1648; «Пакроў», 1649; «Успенне, 1650; клеймы абраза «Параскева з жыціем», 1659; «Пакланенне вешчуноў» басценавіцкага майстра, 1723—28; «Мікола», 1751), манум. жывапісе (размалёўкі Аршанскага Куцеінскага Богаяўленскага манастыра, 17 ст.; фрэскі касцёлаў кармелітаў у Бельчыцах, Мсціславе і Магілёве, 18 ст.) і дэкар.-прыкладным мастацтве (у шпалерах Нясвіжскай, Карэліцкай і Слонімскай мануфактур). Як самаст. жанр П. пачаў складвацца ў канцы 18 — пач. 19 ст. і да сярэдзіны 19 ст. эвалюцыяніраваў ад класіцызму праз рамантызм да праяў рэалізму. У 19 — пач. 20 ст. да П. звярталіся К.​Альхімовіч, В.​Бялыніцкі-Біруля, А. і І. Гараўскія. С.​Жукоўскі, В.​Ваньковіч, Я.​Дамель, Н.​Орда, Ю.​Пэн, К.​Русецкі, Ф.​Рушчыц, Я.​Сухадольскі, І.​Трутнеў і інш. У 20 ст. ў П. развіваўся пераважна рэаліст. кірунак. Сярод найб. значных прадстаўнікоў І.​Ахрэмчык, Бялыніцкі-Біруля, В.​Волкаў, І.​Гембіцкі, Я.​Драздовіч, Я.​Зайцаў, У.​Кудрэвіч, Л.​Лейтман, С.​Лі, М.​Сеўрук, М.​Станюта, А.​Тычына (1920—50-я г.), А.​Бархаткоў, У.​Басалыга, Я.​Батальёнак, Г.​Вашчанка, В.​І.​Вярсоцкі, В.​Грамыка, М.​Данцыг, М.​Ісаёнак, К.​Качан, А.​Кроль, У.​Лагун, З.​Літвінава, А.​Малішэўскі, А.​Марачкін, Л.​Марчанка, У.​Маскоўскіх, П.​Масленікаў, Г.​Паплаўскі. У.​Пасюкевіч, М.​Селяшчук, Г.​Скрыпнічэнка, В.​Сумараў, І.​Рэй, В.​Цвірка, Л.​Шчамялёў (1950—90-я г.) і інш.

Літ.:

Федоров-Давыдов А. Русский пейзаж XVIII — начала XIX в. М., 1953;

Яго ж. Советский пейзаж. М., 1958;

Яго ж. Русский пейзаж конца XIX — начала XX в. М., 1974;

Мальцева Ф. Мастера русского реалистического пейзажа. Вып. 1—2. М., 1953—59;

Виноградова Н.А. Китайская пейзажная живопись. М., 1972;

Калитина Н. Французская пейзажная живопись, 1870—1970. Л., 1972;

Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;

Яго ж. Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979;

Беларускі пейзажны жывапіс: [Альбом]. Мн., 1982;

Никулина О.Р. Природа глазами художника. М., 1982.

М.​Л.​Цыбульскі.

Да арт. Пейзаж. С. ван Ройсдал. Рачны пейзаж. 1646.
Да арт. Пейзаж. І.​Левітан. Вясна — вялікая вада. 1897.
Да арт. Пейзаж. В.​Цвірка. Прыпяць. Вясна. 1966.
Да арт. Пейзаж. В.​Грамыка. Раніца туманная. 1974.
Да арт. Пейзаж. В.​Вярсоцкі. Ліпеньскія навальніцы. 1975.

т. 12, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)