Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЕ́ЙСКІ,
біялагічны заказнік на Беларусі, у Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці. Засн. ў 1977 як паляўнічы заказнік для зберажэння месцаў масавага гнездавання вадаплаўных птушак і стварэння ўмоў для іх размнажэння. Уключае Асвейскае возера, частку Асвейскага балота і тэрыторыю на Пд ад мяжы з Латвіяй і Пскоўскай вобласці Пл. 22,6 тыс.га (1995).
У заказніку наладжана ахова мясц. і пралётных вадаплаўных (лебедзь, гусь, качка) і інш. птушак. Вял колькасць звычайнай чайкі, гогаля, паганак, лысухі, трапляюцца шыраканоска, шылахвостка, даўгадзюбы крахаль і інш. Жывуць шэры журавель, белая курапатка, вял. кулон, вял. вераценнік, чорны бусел, арлан-белахвост, сапсан, дзербнік. Гняздуюцца рэдкія чырвонагаловы нырэц, малая чайка, чубатая чэрнець, белакрылая крачка. Ёсць каштоўныя млекакормячыя — андатра, бабёр. Лясы багатыя баравой дзічынай. Водзяцца лось, дзік, казуля, заяц, ліс, воўк, у вадаёмах — акунь, шчупак, сазан, лешч, язь, мянтуз, плотка і інш. Праводзяць кальцаванні птушак, арніталагічныя даследаванні, заказнік — база для вывучэння біял. асноў вядзення паляўнічай гаспадаркі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РАД-ГЕРО́Й,
ганаровае званне, якое надавалася гарадам СССР за гераічную абарону і выдатныя заслугі перад Радзімай у Вял.Айч. вайну. Указамі Прэзідыума Вярх. Савета СССР ганаровае званне «Горад-герой» з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка» прысвоена гарадам: Адэса, Валгаград, Керч, Кіеў, Ленінград, Масква, Мінск, Мурманск, Новарасійск, Севастопаль, Смаленск, Тула. Мінску званне «Горад-герой» прысвоена 26.6.1974 за выдатныя заслугі перад Радзімай, мужнасць і гераізм, праяўленыя працоўнымі горада ў барацьбе супраць гітлераўскіх акупантаў, у разгортванні ўсенароднага партыз. руху на Беларусі ў Вял.Айч. вайну і ў азнаменаванне 30-годдзя вызвалення БССР ад ням.-фаш. захопнікаў. Ганаровае званне «Крэпасць-герой» прысвоена Брэсцкай крэпасці 8.5.1965 за выключныя заслугі яе абаронцаў перад Радзімай і ў азнаменаванне 20-годдзя Перамогі сав. народа ў Вял.Айч. вайне.
Да арт.Горад-герой. Генеральны сакратар ЦККПСС, Старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Л.І.Брэжнеў прымацоўвае ордэн Леніна і медаль «Залатая Зорка» да сцяга горада-героя Мінска. 25.6.1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́НЦЛЕР (ням. Kanzler),
1) начальнік канцылярыі вял. князя ВКЛ, хавальнік вял.дзярж. пячаткі, член паноў-рады. Пасада ўведзена ў 15 ст. Назначаўся пажыццёва з феад. знаці. Дакладваў вял. князю і радзе пра дзярж. справы, рэдагаваў статуты і рашэнні рады, змацоўваў афіц. дакументы пячаткай і падпісваў іх, вёў перагаворы з замежнымі дзяржавамі, захоўваў копіі дзярж. дакументаў. Пасля Люблінскай уніі 1569 К. ВКЛ — член сената Рэчы Паспалітай, займаўся замежнымі справамі разам з каронным (польскім) К. Лічыўся другім пасля маршалка міністрам. У якасці жалавання атрымліваў ад караля староства. Займаў інш. кіруючыя пасады (ваявода, гетман). Фактычна выконваў функцыі міністра ўнутр. і замежных спраў.
2) У царскай Расіі — найвышэйшы грамадзянскі чын, уведзены Пятром I у 1709.
3) У Швейцарыі — сакратар Савета палаты парламента.
4) У Германіі (1871—1945) рэйхсканцлер — прэм’ер-міністр.
5) У Вялікабрытаніі К. казначэйства — міністр фінансаў; лорд-К. — старшыня палаты лордаў.
6) У Аўстрыі і ў Германіі федэральны К. — кіраўнік урада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУНКА́Н ((Duncan) Айседора) (Ізадора; 27.5.1877, г. Сан-Францыска, ЗША — 14.9.1927),
амерыканская танцоўшчыца, адна з заснавальнікаў танца мадэрн. У танцы выкарыстоўвала стараж.-грэч. пластыку (элементы хады, бегу на паўпальцах, лёгкія скокі, выразныя жэсты), танцавала ў хітоне, без абутку (адсюль назвы «басаножка», «танец басаножак»). Валодала вял. талентам пантамімічнай актрысы і імправізатара. Мастацтва Д. рабіла вял. эмацыянальнае ўздзеянне на гледачоў. У рэпертуары «Марсельеза», «Інтэрнацыянал», танцы на муз. Л.Бетховена, Ф.Шапэна, П.Чайкоўскага. Выступала супраць школы класічнага танца, вылучала прынцып агульнадаступнасці танц. мастацтва, прапагандавала развіццё масавых школ. Заснавала школы ў Германіі (1904), Францыі (1912), ЗША (1915). У 1921—24 жыла ў Расіі, арганізавала ўласную студыю ў Маскве. Была жонкай С.Ясеніна. Яе творчасць зрабіла вял. ўплыў на мастацтва сучасных харэографаў, у т. л. М.Фокіна, А.Горскага, К.Галяйзоўскага.
Літ. тв.: The dance. New York, 1909; Рус.пер. — Танец будущего. М., 1930; Моя исповедь. Мн., 1994.
Літ.:
Seroff V. The real Isadora: A biography. New York, 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКЕ́НЗІ (Mackenzie),
рака на ПнЗ Канады. Даўж. ўласна М. каля 1770 км, разам з р.Піс (ад вытокаў р. Фінлі) 4250 км. Пл. басейна (уключае сістэму рэк Нявольніцкая, Піс і Атабаска, якія належаць бас.Вял. Нявольніцкага воз.) 1804 тыс.км². Пачынаецца з Вял. Нявольніцкага воз., цячэ па нізіне Макензі, упадае ў м. Бофарта Паўн. Ледавітага ак., утварае дэльту (пл. каля 12 тыс.км²). Даліна М. складзена з тоўшчаў алювіяльных і водна-ледавіковых адкладаў, моцна забалочаная, укрытая яловымі лясамі. Гал. прытокі: Ліярд, Арктык-Рэд-Рывер, Піл (злева), Вял. Мядзведжая (справа). Жыўленне снегава-дажджавое. Вясенне-летняя паводка. Ледастаў з кастр. да мая. Сярэдні расход вады 11 тыс. м3/с.Даўж. суднаходных шляхоў усёй сістэмы 2200 км (ад Уотэруэйса на р. Атабаска да порта Такгаяктук на ўзбярэжжы Паўн. Ледавітага ак.). Найб. населеныя пункты: Аклавік, Інувік, Норман-Уэлс, Форт-Норман, Форт-Провідэнс. Адкрыта і ўпершыню пройдзена ад вытокаў да вусця А.Макензі ў 1789, названа ў яго гонар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНГО́ЛЬСКАЯ ІМПЕ́РЫЯ,
дзяржава, якая склалася ў 1-й пал. 13 ст. ў выніку мангольскіх заваяванняў. Створана Чынгісханам і яго пераемнікамі. Перад смерцю Чынгісхан падзяліў дзяржаву паміж сынамі Джучы, Джагатаем, Угедэем і Тулуем. У 1229 вял. курултай — з’езд манг. знаці абраў вял. ханам Угедэя [1229—41], які заснаваў сталіцу М.і. — г. Каракарум на р. Архон. Пасля яго М.і. правілі сын Гуюк [1246—48] і сын Талуя Мункэ [1251—59]. Пры Мункэ М.і. ўключала Манголію, Паўд. Кітай, Карэю, Цэнтр. Азію, Закаўказзе, Іран, Афганістан і падпарадкоўвала сабе б.ч. зямель б. Кіеўскай Русі (гл.Мангола-татарская няволя на Русі) Адсутнасць унутр. адзінства абумовіла хуткі распад імперыі. Пасля смерці Мункэ пачалася барацьба за ўладу паміж яго братамі. Адзін з іх — Хубілай — абвясціў у 1260 сябе вял. ханам, пасля чаго ад М.і. пачалі адпадаць зах. улусы — Джучы (гл.Залатая Арда), Хулагу-хана (гл.Хулагуідаў дзяржава) і інш. Пасля заваявання Кітая Хубілай у 1280 заснаваў дынастыю Юань. Пасля выгнання ў 1368 манголаў з Кітая М.і. спыніла сваё існаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГАДНЕ́ННЕ 1408 Заключана 14 вер. паміж вял.кн.ВКЛ Вітаўтам і вял.кн. маскоўскім Васілём I, завяршыла вайну 1406—08. Ваенныя дзеянні былі выкліканы бояззю Масквы далейшага ўзмацнення ВКЛ пасля канчатковага падпарадкавання Вітаўтам у 1404 Смаленскага княства. У лют. 1406 Вітаўт напаў на Пскоў, што выклікала беспаспяховы паход Васіля I на Вязьму і Сярпейск. У адказ Вітаўт зрабіў рэйд углыб маскоўскай тэрыторыі, захапіў Варатынск і Казельск. У вер. 1406 бакі заключылі перамір’е да 15.5.1407. У 1407 Вітаўт спаліў Адоеў, ваяваў на тэр. Навасільскага княства і ў маскоўскіх землях. Васіль I спаліў г. Дзмітравец, пасля чаго заключана перамір’е да 29.6.1408. Увосень 1408 праціўнікі сышліся ў вусці р. Угра і пасля некалькіх дзён стаяння «взяша мир вечный». Была захавана старая мяжа паміж Маскоўскім вял. княствам і смаленскімі землямі ВКЛ (у т. л. па Угры), аднак у час вайны Вітаўт здолеў замацавацца на землях Верхняй Акі, падпарадкаваць сабе Мцэнск, Любуцк, Карачаў, Бялёў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗАРДЗЮЗЮ́,
вяршыня Галоўнага, або Водападзельнага, хрыбта Вял. Каўказа, на мяжы Азербайджана і Дагестана. Выш. 4466 м. Складзена з гліністых сланцаў і парфірытаў. Укрыта вечным снегам і невял. ледавікамі.