АЎТАМАТЫ́ЗМ (ад грэч. automatos самадзеючы, самаадвольны),

1) у фізіялогіі — здольнасць клетак, органаў або ўсяго арганізма да рытмічнай дзейнасці без уздзеяння знешніх пабуджальных фактараў. Аснова аўтаматызму — цыклічнасць метабалічных працэсаў у клетках або дзейнасць сістэм узбудлівых клетак (нерв., мышачных). Аўтаматызм актаў паводзін чалавека і жывёл спалучаны з выпрацаваннем дынамічнага стэрэатыпу ўмоўных рэфлексаў, што з’яўляецца асновай прыстасавання арганізма да пастаянных фактараў знешняга асяроддзя. У высокаразвітых жывёл аўтаматызм праяўляецца і ў выглядзе стэрэатыпных дзеянняў (напр., рухі канечнасцяў, шыі, тулава пры хадзе), паслядоўнасць якіх вызначаецца работай адпаведных аддзелаў цэнтральнай нервовай сістэмы.

2) У псіхалогіі — міжвольныя або бессвядомныя дзеянні. Адрозніваюць аўтаматызм «першасны» (міжвольныя дзеянні, што ўзнікаюць у філагенезе, функцыянаванне прыродных, безумоўна-рэфлекторных праграм) і «другасны» (бессвядомыя дзеянні, якія фарміруюцца ў выніку навучання ці індывід. вопыту). Агульныя іх рысы — адсутнасць кантролю свядомасці за спосабам выканання дзеяння. Разузгадненне мэты і выніку дзеяння выклікае пераход кантролю свядомасці з мэты на спосаб выканання дзеяння, але магчымыя памылкі пры паўторным разгортванні свядомай арыенціроўкі звычайна парушаюць аўтаматызм і могуць прывесці да т.зв. «дэзаўтаматызацыі». У норме аўтаматызм з’яўляецца састаўной часткай свядома рэгулюемага дзеяння, самастойнае існаванне аўтаматызму сведчыць аб паталогіі. Вылучаюцца таксама аўтаматызм маторны, моўны і інтэлектуальны. Аўтаматызм, які стаў патрэбнасцю індывіда, наз. прывычкай. Сістэма такіх прывычак вызначае характар, а сістэма аўтаматызму мыслення — стыль мыслення чалавека.

Літ.:

Обшая психология. 2 изд. М., 1986;

Рубинштейн С.Л. Основы обшей психологии. Т. 1—2. М., 1989.

Т.​У.​Васілец (А. у псіхалогіі).

т. 2, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНФАНТЫЛІ́ЗМ (лац. infantilis дзіцячы ад infans які не гаворыць),

затрымка ў развіцці арганізма чалавека, захаванне ў дарослага марфал., фізіял. і псіхічных рысаў, уласцівых больш ранняму ўзросту. Выяўляецца ў нясталасці эмацыянальна-валявой сферы пры нармальным і нават паскораным фіз. і разумовым развіцці. Характэрнымі рысамі індывіда, якому ўласцівы І. (інфантыла) з’яўляюцца несамастойнасць рашэнняў і дзеянняў, адчуванне неабароненасці, капрызнасць, зніжаная крытычнасць у адносінах да сябе, розныя кампенсацыйныя рэакцыі (напр., фантазіраванне, што замяшчае рэальныя ўчынкі, эгацэнтрызм) і інш. Прычыны І.: інфекц. захворванні (туберкулёз, сіфіліс, малярыя, розныя паўторныя інфекцыі), інтаксікацыі, арган. захворванні, непаўнацэннае харчаванне, авітамінозы, дрэнныя гігіенічныя ўмовы жыцця, прыроджаныя канстытуцыянальныя асаблівасці. Адрозніваюць агульны І. (затрымка развіцця ўсяго арганізма) і частковы І. (затрымка ў развіцці асобных органаў і сістэм). Прыкметы: пры агульным І. захоўваюцца дзіцячыя прапорцыі, склад цела кволы, грудная клетка доўгая, вузкая, косці тонкія, сэрца маленькае, ціск крыві паніжаны, другасныя палавыя прыкметы выяўлены слаба, супраціўляльнасць інфекц. захворванням зніжана. Пры частковым І. вылучаюць псіхічны І. (няўстойлівасць настрою і ўвагі, лёгкая ўнушальнасць, крыўдлівасць, боязь новага, бесклапотнасць і легкадумнасць паводзін спалучаюцца з эгацэнтрызмам і дзіцячай патрабавальнасцю), палавы І. (мізэрная расліннасць пад пахамі і на лабку, у жанчын — недаразвіццё малочных залоз і маткі, месячныя нерэгулярныя, нярэдка бясплоднасць, у мужчын — недаразвіццё вонкавых і ўнутр. палавых органаў, прастаты, адсутнасць палавой цягі, парушэнне палавых функцый) і інш. Лячэнне; стварэнне спрыяльных умоў жыцця і лячэнне захворванняў, якія справакавалі І.

т. 7, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАБІХЕВІЯРЫ́ЗМ (ад неа... + біхевіярызм),

адзін з кірункаў у заходняй, пераважна амер. паводзінскай псіхалогіі. Узнік у 1930-я г. (К.​Хал, Э.​Толмен). У адрозненне ад ранняга біхевіярызму (даследаваў рэакцыі арганізма на знешнія ўздзеянні без аналізу ўнутр. рэгулюючых механізмаў паводзін) Н. дапоўніў формулу «стымул-рэакцыя» прамежкавым звяном «прамежкавыя пераменныя» — унутрыпсіхічныя кампаненты паводзін, якія праламляліся пад знешнім уздзеяннем. Да іх адносяцца веды, намеры, надзеі, звычкі, патэнцыялы ўзбуджэння і тармажэння. Гэта была спроба зблізіць біхевіярызм з гештальтпсіхалогіяй і фрэйдызмам, растлумачыць цэласнасць і мэтазгоднасць паводзін яго рэгуляваннем інфармацыяй пра навакольнае асяроддзе і залежнасцю ад патрэб арганізма. Аднак асн. біхевіярысцкая ўстаноўка на біялагізацыю чалавечай псіхікі захавалася. Не ўлічваліся сац. патрэбнасці і інтарэсы, звязаныя з імі погляды, перакананні, ідэалы і імкненні. Сац. прыроду псіхікі чалавека прымяншаў і т.зв. сацыяльны Н. (Б.​Скінер і інш.), які разглядаў грамадства і яго культуру як некаторыя наборы знешніх стымулаў і ўнутр. рэгулятараў, арыентаваных на задавальненне і выжыванне. Гал. асаблівасць усіх варыянтаў сучаснага біхевіярысцкага падыходу — прызнанне таго, што асн. ініцыятарам і рэгулятарам паводзін з’яўляецца знешняе ў адносінах да яго падмацаванне; роля ўнутр. матывацый прымяншаецца.

Літ.:

Ярошевский М.Г. Психология в XX столетии. 2 изд. М., 1974;

Толмен Э. Поведение как молярный феномен: Пер. с англ. // Хрестоматия по истории психологии. М., 1980;

Рубинштейн С.Л. Основы общей психологии. [2 изд.] СПб. и др., 1999;

Чирков В.И. Самодетерминация и внутренняя мотивация поведения человека // Вопр. психологии. 1996. № 3.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 11, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЕРА́ЛЬНЫ АБМЕ́Н,

сукупнасць працэсаў ужывання, усмоктвання, размеркавання і выдзялення неарганічных рэчываў з арганізма жывёл і чалавека. Разам з водным абменам М.а. забяспечвае пастаянства асматычнай канцэнтрацыі, іоннага складу, кіслотна-шчолачнай раўнавагі, аб’ёму вадкасцей унутр. асяроддзя арганізма (гл. Гамеастаз). Характар фіз.-хім. працэсаў у тканках вызначаюць іоны (Na​+, K​+, Ca​2+, Mg​2+, Cl​, SO42−, HCO3 і інш.) і мікраэлементы. Пазаклетачная вадкасць мае шмат Na​+, Ca​2+, Cl​, унутрыклетачная — K​+, Mg​2+, фасфаты. Іонная асіметрыя забяспечваецца дзейнасцю плазматычных мембран, звязваннем некат. іонаў хім. кампанентамі клетак, назапашваннем у органах (напр., у касцявой тканцы дэпаніруецца Ca​2+, Mg​2+, Sr​2+). У млекакормячых жывёл і чалавека солі выводзяцца праз кішэчнік і ныркі (экскрэцыя ўзмацняецца пры іх лішку і памяншаецца пры недахопе). Сутачная патрэба чалавека ў асобных хім. элементах залежыць ад узросту, полу, клімату, роду дзейнасці, рацыёну харчавання. Канцэнтрацыя асобных іонаў падтрымліваецца спец. сістэмамі рэгуляцыі (напр., Na​+ і K​+ — гармонамі кары наднырачнікаў, Ca​2+ — гармонамі шчытападобнай і каляшчытападобнай залоз) і каардынуецца ц. н. с. Парушэнне М.а. прыводзіць да паталаг. з’яў (напр., павышэнне канцэнтрацыі K​+ у плазме крыві парушае сардэчную дзейнасць, паніжэнне — выклікае мышачную слабасць, парушэнне функцый нырак і страўнікава-кішачнага тракту).

Літ.:

Гинецинский А.Г. Физиологические механизмы водно-солевого равновесия. М.; Л., 1963;

Кравчинский Б.Д. Физиология водно-солевого обмена жидкостей тела. Л., 1963.

С.​С.​Ермакова.

т. 10, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУХЛІ́НЫ, новаўтварэнні,

паталагічныя лакальныя або дыфузныя разрастанні тканак арганізма чалавека і жывёл. Узнікаюць у выніку размнажэння якасна змененых клетак, атыповыя ўласцівасці якіх у адносінах дыферэнцыроўкі, характару росту і інш. працэсаў перадаюцца пры іх дзяленні. Самая вял. частата развіцця і разнастайнасць форм П. назіраецца ў чалавека. Вывучэннем прычын і механізмаў узнікнення П., іх біял. уласцівасцей, распрацоўкай дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі займаецца анкалогія. Анкалагічныя захворванні займаюць 2-е месца сярод прычын смерці дарослых і дзяцей. П. ўзнікаюць пад уздзеяннем шматлікіх унутр. (гарманальныя і імунныя парушэнні, перадпухлінныя захворванні і інш.) і знешніх прычын (іанізавальнае і ультрафіялетавае апрамяненне, анкагенныя рэчывы, курэнне, мех. траўма і інш.). Назвы асобных відаў П. паходзяць ад назвы тканак, з якіх яны развіваюцца, з дадаткам канчатка-ома. Адрозніваюць дабра- і злаякасныя П. (вылучаюць таксама прамежкавыя паміж імі). Дабраякасныя маюць выразныя межы, растуць павольна, у выніку навакольныя тканкі адсоўваюцца і сціскаюцца; небяспекі для арганізма звычайна не выклікаюць. Злаякасныя П. праяўляюцца ў форме рака ці саркомы. Асобна вылучаюць злаякасныя П. сістэмы крыві — лейкозы і лімфомы. Яны не маюць выразных межаў, хутка растуць, разбураюць навакольныя тканкі, выклікаюць метастазы з утварэннем пухлінных вузлоў. Пасля выдалення злаякасных П. часта ўзнікаюць рэцыдывы. Большасць П. развіваецца доўгі час без сімптомаў (да 10—20 г. і больш), часта на фоне перадпухлінных хвароб (напр., эрозія шыйкі маткі). Лячэнне: хірург., прамянёвае і хіміятэрапія. П. раслін выклікаюцца грыбамі, бактэрыямі, вірусамі, насякомымі, уздзеяннем нізкіх т-р.

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯАРЫЕНТА́ЦЫЯ (ад бія... + арыентацыя),

здольнасць жывёльных арганізмаў вызначаць сваё месца ў прасторы, сярод асобін таго ж ці іншых відаў, выбіраць аптымальнае становішча ў адносінах да фактараў асяроддзя і вызначаць біялагічна мэтазгодны напрамак руху.

Біяарыентацыя — адна з умоў прыстасавання (адаптацыі) арганізмаў да асяроддзя пражывання. Ажыццяўляецца на аснове біялакацыі (успрымання вонкавых уздзеянняў паверхняй цела або органамі пачуццяў) і эхалакацыі шляхам змены стану арганізма ў адпаведнасці з умовамі асяроддзя (марфафізіял. адаптацыя), змены месцаў існавання (міграцыя жывёл), утварэння статка, чародаў або будовы прыстанішчаў. У вышэйшых жывёл біяарыентацыя набывае характар складаных інстынктаў, якія ляжаць у аснове біянавігацыі.

т. 3, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫВІТАМІ́НЫ (ад анты... + вітаміны),

рэчывы з ліку антыметабалітаў, якім уласціва біял. дзеянне, процілеглае дзеянню вітамінаў. Хім. будовай звычайна блізкія да вітамінаў або з’яўляюцца іх вытворнымі (напр., антывітамін вітаміну B1 — пірытыямін), таму канкурэнтна лёгка замяшчаюць вітаміны ў біяхім. рэакцыях і парушаюць працэсы абмену рэчываў. Да антывітамінаў належаць таксама інш. рэчывы, што ў жывых клетках звязваюць вітаміны, пераводзяць у неактыўную форму або разбураюць іх (напр., тыяміназа, авідзін, некаторыя лекавыя сродкі — антыбіётыкі, сульфаніламіды). Вынікам насычэння арганізма антывітамінамі можа быць вітамінная недастатковасць, якая развіваецца нават пры дастатковым паступленні вітамінаў з ежай або ўтварэнні іх у арганізме.

т. 1, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬБІНІ́ЗМ (ад лац. albus белы),

прыроджаная адсутнасць нармальнай для арганізма пігментнай афарбоўкі. Выяўляецца ў адсутнасці пігментацыі скуры, валасянога покрыва, радужнай абалонкі вачэй у жывёл і чалавека, у вышэйшых раслін — зялёнай афарбоўкі ўсёй расліны або яе частак. Арганізмы з прыкметамі альбінізму наз. альбіносамі. Альбінізм замацоўваецца ў спадчыну рэцэсіўным генам, які блакіруе ў гомазіготным стане сінтэз пігментаў (меланіну, хларафілу). У чалавека і жывёл частата ўзнікнення альбінізму — 1:20 000—40 000. Альбінізм трапляецца зрэдку сярод дзікіх жывёл, часцей сярод свойскіх і паддоследных (трусы, лабараторныя пацукі, мышы). Пашыраная форма альбінізму ў раслін — стракаталістасць.

Альбінізм у труса.

т. 1, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЬНЕАТЭРАПІ́Я (ад лац. balneum лазня, купанне + тэрапія),

метады лячэння, прафілактыкі і аднаўлення парушаных функцый арганізма, заснаваныя на выкарыстанні прыродных і штучна прыгатаваных мінеральных водаў. Асн. пашыраныя працэдуры бальнеатэрапіі: агульныя і мясц. ванны, купанне ў лячэбных басейнах, пітное спажыванне водаў, прамыванне-арашэнне кішэчніка, інгаляцыі. Патрэбны эфект пры бальнеатэрапіі дасягаецца праз хім., тэмпературнае, радыяцыйнае і інш. ўздзеянні на абмен рэчываў у арганізме, вегетатыўную сістэму, кроў, рэфлекторныя, тэрмарэгуляцыйныя механізмы, функцыян. стан клетак, тканак і органаў. Забяспечваецца пэўным падборам дазіровак, паслядоўнасці ўжывання і відаў мінер. водаў. Бальнеатэрапія — асн. метад прафілактыкі і лячэння шэрагу хвароб на бальнеалагічных курортах.

т. 2, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПАДЭРМАТО́ЗЫ,

хранічная інвазійная хвароба пераважна буйн. раг. жывёлы. Выклікаецца лічынкамі падскурных аваднёў з роду Hypoderma. Праяўляецца запаленчымі зменамі ў органах і тканках, дзе лакалізуюцца паразіты. Узбуджальнікі — часцей авадні Н. bovis (звычайны падскурны) і Н. lineatum (падскурны паўднёвы, або страваводнік). Палаваспелыя насякомыя на працягу года маюць адну генерацыю. Самкі аваднёў за перыяд размнажэння адкладваюць да 800 яец на прыкаранёвую ч. валасоў жывёлы. Заражэнне адбываецца летам, у перыяд лёту аваднёў. Лічынкі пранікаюць праз скуру, мігрыруюць у арганізме і лакалізуюцца ў падскурнай клятчатцы, у вобласці спіны. Яны выдзяляюць прадукты метабалізму, чым выклікаюць агульную інтаксікацыю арганізма жывёлы, зніжэнне яе прадукцыйнасці.

т. 5, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)