БЕЛАРУ́СКІ ІНСТЫТУ́Т ПА ПРАЕКТАВА́ННІ КАПІТА́ЛЬНАГА РАМО́НТУ І РЭКАНСТРУ́КЦЫІ АБ’Е́КТАЎ ЖЫЛЛЁВА-ГРАМАДЗЯ́НСКАГА ПРЫЗНАЧЭ́ННЯ (Белжылпраект) Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1973 у Мінску. Галаўны ін-т па праектаванні капітальнага рамонту і рэканструкцыі аб’ектаў жыллёва-грамадз. прызначэння. У 1989 у абл. гарадах былі створаны ін-ты такога ж кірунку дзейнасці (Брэстжылпраект, Віцебскжылпраект, Гомельжылпраект, Гроднажылпраект, Магілёўжылпраект). Асн. кірункі работы: праектаванне рэканструкцыі кварталаў жылой забудовы і культ.-гіст. цэнтраў гарадоў; дыягностыка канструкцый збудаванняў; распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі для буд-ва буйных сістэм калектыўнага прыёму тэлебачання; інж.-геал. і тапографа-геадэзічныя вышуканні для новабудоўляў, рэканструкцыі і капітальнага рамонту будынкаў і збудаванняў; аказанне адукацыйных, кансалтынгавых, маркетынгавых і інш. паслуг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́КУН (Герман Мацвеевіч) (27.8.1922, в. Ясень Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 8.3.1978),
бел. спартыўны дзеяч, трэнер (фехтаванне на шпагах). Майстар спорту СССР (1949), засл. трэнер Беларусі (1961), засл. трэнер СССР (1965), засл. дзеяч фіз. культуры Беларусі (1971). Скончыў Бел.ін-тфіз. культуры (1949). З 1950 у Бел. і Мінскім абл. саветах фізкультурна-спарт.т-ва «Дынама», з 1957 у Бел. ін-це фіз. культуры, з 1962 трэнер па фехтаванні Цэнтр. савета саюза спарт. т-ваў і арг-цый БССР. У 1964—77 нам. старшыні К-та па фіз. культуры і спорце пры СМБССР. Сярод выхаванцаў А.Ніканчыкаў, Д.Ніканчыкава, А.Паўлоўскі, Т.Самусенка, Ю.Смалякоў, А.Чарнушэвіч і інш. З 1995 праводзіцца міжнар. турнір па фехтаванні памяці Бокуна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЁКМА,
рака ў Расійскай Федэрацыі, у Чыцінскай і Амурскай абл. і Рэспубліцы Саха (Якуція), правы прыток Лены. Даўж. 1436 км, пл.бас. 210 тыс.км². Пачынаецца на паўн. схілах Алёкмінскага Станавіка, цячэ ў вузкай даліне з крутымі схіламі (рэчышча з перакатамі), далей — у глыбокай даліне прарыву паміж хрыбтамі Удакан і Станавы, мае 13 парогаў, непраходных для суднаў. На апошніх 410 км цячэ ў шырокай даліне па Сярэднесібірскім пласкагор’і (суднаходны ўчастак). Асн. прытокі Тунгір, Нюкжа (справа), Чара (злева). Жыўленне снегавое і дажджавое. Летам бурныя паводкі. Замярзае ў канцы кастр., крыгалом у маі, у нізоўях у чэрвені. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 2000 м³/с. Сплаўная ніжэй вусця р. Тунгір.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМУ́ЛІНА (па мужу Цурбакова) Людміла Аляксандраўна
(9.10.1913, С.-Пецярбург — 2.9.1969),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1961). Творчую дзейнасць пачала ў 1931 у студыі т-ра рабочай моладзі ў г. Ніжні Ноўгарад. Працавала ў т-ры юнага гледача БССР (1937—41), абл.драм. т-рах Палескім (з 1945), Магілёўскім (з 1954), Гомельскім (з 1955). Характарная актрыса быт. плана. Стварала дакладныя, жыццёва праўдзівыя вобразы. Сярод лепшых роляў: Альжбета («Паўлінка» Я.Купалы), Ганна Чыхнюк («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка), Маці («Легенда пра песню няспетую» М.Пало і І.Папова), Шаблова, Уліта («Позняе каханне», «Лес» А.Астроўскага), Глафіра («Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага), мадам Ксідыяс («Інтэрвенцыя» Л.Славіна), гаспадыня Ніскавуоры («Каменнае гняздо» Х.Вуаліёкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНІ́ДАШ, Гнедаш Кузьма Савельевіч (30.11.1914, в. Салагубаўка Сумскай вобл., Украіна — 19.6.1944), удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Кіеўскае ваен.танк. вучылішча (1940). У Чырв. Арміі з 1936. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну камандзір аператыўна-дыверсійнага цэнтра разведаддзела штаба 1-га Бел. фронту. Групы пад яго камандаваннем у тыле ворага ў 1943—44 вялі разведку і дыверсійную работу ў раёне Слуцка, Баранавіч, Кобрына, Мінска, Асіповіч, Пінска, Лунінца, Брэста, на тэр. Кіеўскай і Чарнігаўскай абл. Каля Слоніма частка групы была акружана карным атрадам, цяжка паранены маёр Гнідаш і радыстка К.Т.Давідзюк, каб не трапіць у палон, падарвалі сябе гранатай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУХАБО́РЫ, духаборцы,
сектанцкая плынь, адзін з кірункаў духоўных хрысціян. Узнікла ў Расіі ў 2-й пал. 18 ст. Назва паходзіць ад «барацьбіты за дух і ісціну». Асновы вучэння Д. выкладзены ў псалмах «Жывотнай кнігі», дзе трактуецца галоўнае для іх паняцце: Бог — усюдыісны дух. Д. не прызнавалі таінствы, абрады (акрамя шлюбу), святароў, манаства, адмаўлялі свецкую і духоўную ўладу, выступалі супраць дзяржавы і Рус.правасл. царквы. За непадпарадкаванне ўладам і адмаўленне ад воінскай службы праследаваліся царскім урадам, неаднаразова зведвалі дэпартацыі. У канцы 19 ст. частка Д. перасялілася ў Канаду. Невял. групамі жывуць на Паўн. Каўказе, у Азербайджане, у Растоўскай, Тамбоўскай, Арэнбургскай абл. Расіі, на Д. Усходзе, Украіне і ў Сярэдняй Азіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУК (Анатоль Аляксандравіч) (н. 20.5.1949, в. Ярэмічы Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1997). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1970). Працаваў у Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі (Бабруйск). З 1975 у Т-ры юнага гледача Беларусі. Выконвае камедыйныя і вострахарактарныя ролі. Сярод іх: Важак («Бэмбі» паводле Ф.Зальтэна, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980), Каваль («Рыгорка — ясная зорка» А.Вярцінскага), Білі Бонс («Востраў скарбаў» паводле Р.Стывенсана), Заслонаў («Паядынак» М.Матукоўскага), Міканор («Подых навальніцы» паводле І.Мележа), Чалавек у чорным («Выбар» А.Дударава), Трыгорын («Чайка» А.Чэхава), Хорыя («Імем зямлі і сонца» І.Друцэ), Фабіян («Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра). Здымаецца ў тэлепастаноўках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́НСКАЯ (Антаніна Георгіеўна) (н. 5.5.1917, г. Растоў-на-Доне, Расія),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1963). Скончыла Растоўскае тэатр. вучылішча (1935). З 1936 працавала ў т-рах Растова-на-Доне, у 1958—81 у Гомельскім абл.драм. т-ры. Выканаўца роляў гераінь і характарных. Мастацтва актрысы адметнае эмацыянальнасцю, рамант. узнёсласцю, уменнем ствараць шматпланавыя сцэн. характары. Сярод лепшых работ: Лявоніха і Клаўдзія («Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка), Паўліна і Мамка («Зімовая казка» і «Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра), Марсела («Сабака на сене» Лопэ дэ Вегі), Мамаева, Вара, Глафіра («На ўсякага мудраца хапае прастаты», «Дзікарка», «Ваўкі і авечкі» А.Астроўскага), Алена («Мяшчане» М.Горкага), Ксідыяс («Інтэрвенцыя» Л.Славіна), Ганна Іванаўна («Перад вячэрай» В.Розава) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНЕ́ЕВА (Ніна Аляксееўна) (н. 23.7.1920, г. Рцішчава Саратаўскай вобл., Расія),
бел. актрыса. Нар.арт. Беларусі (1990). Скончыла тэатр. студыю Маск. камернага т-ра (1946). Працавала ў т-рах Тулы, Масквы, Алматы. З 1957 у Гомельскім абл.драм. т-ры. Выканаўца вострахарактарных, камед. роляў. Творчасць вызначаецца глыбокім раскрыццём унутр. свету гераінь, імкненнем да яркай сцэн. формы. Сярод роляў: Жыгоцкая («Вайна пад стрэхамі» паводле А.Адамовіча), княгіня Вольга [«Гора і слава» («Русь Кіеўская») А.Петрашкевіча], Мігачова («Не было ні гроша, ды раптам шастак» А.Астроўскага), Акуліна Іванаўна («Мяшчане» М.Горкага), Мар’я («Любоў Яравая» К.Транёва), Жанна («Чаму ўсміхаліся зоркі» К.Карнейчука), Заначаалава («Кафедра» В.Урублеўскай), Нуйкіна («Мы, што ніжэй падпісаліся» А.Гельмана) і інш.