НО́ЙТРА, Нёйтра (Neutra) Рыхард Іозеф (8.4.1892, Вена — 16.4.1970), амерыканскі архітэктар і тэарэтык архітэктуры. Скончыў Вышэйшыя тэхн. школы ў Вене (1917), вучыўся ў Цюрыху (1918—23). У 1921—22 супрацоўнічаў з Э.Мендэльзонам у Берліне. З 1923 жыў у ЗША, працаваў з Ф.Л.Райтам. Асэнсоўваючы вопыт еўрап. функцыяналізму і амер. арганічнай архітэктуры, вял. значэнне надаваў сувязі збудаванняў з наваколлем, будаваў свабодныя паводле аб’ёмнай кампазіцыі дамы з выкарыстаннем жалезабетону, шкла і стальнога каркаса. Асн. работы: Жардынет-апартментс (1927), Лоўэл-хаўс (1927—29) у Лос-Анджэлесе, дом Каўфлана, т.зв. асабняк у пустыні (1946—47) у Палм-Спрынгсе; школы павільённага тыпу, пасёлкі з ізаляванымі трансп. патокамі.

т. 11, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯЯ́СЫЦЬ БАРАДА́ТАЯ, няясыць каменная,

няясыць лапландская (Strix nebulosa),

птушка сям. савіных атр. совападобных. Пашырана ў зоне хваёвых лясоў (старых яловых і ялова-альховых) Паўн. паўшар’я. На Беларусі рэдкі аселы від, занесена ў Чырв. кнігу.

Даўж. да 84 см, маса самцоў да 800, самак да 1200 г. Апярэнне мяккае, шаравата-бурае або дымчата-шэрае, з густым малюнкам. Тваравы дыск шараваты з вузкімі цёмнымі палосамі і чорнымі плямамі пад вачыма. Пад дзюбай вял. чорная пляма — «барада» (адсюль назва). Вочы і дзюба жоўтыя. Корміцца пераважна мышападобнымі грызунамі, а таксама птушкамі, вавёркамі і інш. Нясе 2—5, зрэдку Да 7 яец.

А.​М.​Петрыкаў.

Няясыць барадатая.

т. 11, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́БАЛЬСКАГА КАМСАМО́ЛЬСКАГА ПАДПО́ЛЛЯ МУЗЕ́Й.

Адкрыты ў 1965 у г.п. Обаль Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. як музей камсам. славы; да 1989 філіял Бел. дзярж. музея гісторыі Вял. Айч. вайны, з 1985 сучасная назва. Пл. экспазіцыі 150 м², 1019 адзінак асн. фонду, 4 залы (2000). Сярод экспанатаў асабістыя рэчы, дакументы, фотаздымкі з даваен. жыцця членаў Обальскага камсамольскага падполля, матэрыялы пра яго стварэнне і дзейнасць, карта-схема развіцця партыз. руху, схема дыверсій, інтэр’ер кватэры кіраўніка падполля Е.С.Зяньковай, карціна А.​Каржанеўскага «Обальскія падпольшчыкі», літаграфіі Ю.​Пучынскага «Мініраванне шашы», «Узрыў вадакачкі», матэрыялы пра ўвекавечанне памяці обальскіх падпольшчыкаў, бюсты Герояў Сав. Саюза Зяньковай і З.М.Партновай.

Н.​А.​Азаліна.

т. 11, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«О́КНА ТАСС»,

агітацыйныя паліт. плакаты, якія выпускаліся Тэлеграфным агенцтвам Сав. Саюза (ТАСС) у гады Вял. Айч. вайны. Вырабляліся на ўзор «Окон РОСТА» у трафарэтнай тэхніцы, якая пастаянна ўдасканальвалася і ўскладнялася (да 10 і болей колераў). Ствараліся (больш за 1200 выпускаў) у Маскве і інш. неакупіраваных гарадах СССР. У выпусках удзельнічалі мастакі (Кукрыніксы, У.​Лебедзеў, Г.​Савіцкі, П.​Сакалоў-Скаля, М.​Чарамных і інш.) і паэты (Дз.​Бедны, В.​Лебедзеў-Кумач, С.​Маршак і інш.). Малюнкі і тэксты заклікалі да перамогі над ворагам, услаўлялі подзвігі сав. людзей, напаміналі пра гераічнае мінулае народаў СССР.

Да арт. «Окна ТАСС». У.​Лебедзеў. Наша азбука. «Ц.» 1943.

т. 11, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛОРДКІПАНІ́ДЗЕ (Ніко) (Мікалай Мерабавіч; 29.9.1880, с. Чунешы, Грузія — 25.5.1944),

грузінскі пісьменнік. Скончыў Горную акадэмію ў Леобене (Аўстрыя; 1907). У творчасці імкнуўся асэнсаваць праблемы гісторыі і сучаснасці. Яго апавяданні і аповесці вылучаюцца майстэрствам стварэння вобразаў, перадачай духу эпохі: «Рыцары», «Грозны валадар» (абедзве 1912), «Ліхалецце» (1914—19) і інш. Гісторыка-рэв. аповесць «З сцежак на рэйкі» (1928) пра барацьбу груз. народа ў 1905—07. Аповесці «Непакорныя» (1943) і «Вяртанне былога палоннага» (1944) пра Вял. Айч. вайну. Аўтар цыкла навел «Разбураныя гнёзды» (1916), аповесці «Скульптар» (1936) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — С тропинок на рельсы: Повести и рассказы. М., 1981.

Літ.:

Жгенти В. Н.​Лордкипанидзе. Тбилиси, 1958.

т. 9, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯВО́НАЎ (Віктар Мікалаевіч) (21.11. 1916, г. Зарайск Маскоўскай вобл., Расія),

двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1945). Скончыў Каспійскае вышэйшае ваен.-марское вучылішча імя Кірава (1950). У ВМФ з 1937. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Паўн. флоце, са снеж. 1942 нам. камандзіра разведатрада па палітчасці, з мая 1944 камандзір разведатрада. Вызначыўся пры выкананні баявых задач у тыле ворага ў Запаляр’і, у жн. 1945 на чале асобнага разведатрада асобага прызначэння Ціхаакіянскага флоту пры высадцы дэсантаў на ўсх. ўзбярэжжа Паўн. Карэі. Пасля вайны да 1956 у цэнтр. апараце ВМФ СССР. Аўтар кніг «Твар у твар» (1957), «Урокі мужнасці» (1975) і інш.

т. 9, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ АЎТАМАБІ́ЛЬНЫ ЗАВО́Д імя С.​М.​Кірава (МаАЗ). Пабудаваны ў 1932—35 у Магілёве як аўтарамонтны з-д. У 1940—41 пераабсталяваны ў авіяматорны. У Вял. Айч. вайну абсталяванне эвакуіравана ў г. Самара. У 1944 на базе б. аўтарамонтнага з-да ўтвораны з-д № 795 Мін-ва авіяцыйнай прам-сці СССР, які ў 1946 пераўтвораны ў лакамабільны з-д. З 1956 з-д пад’ёмна-трансп. абсталявання па выпуску эл.-маставых кранаў. З 1966 МаАЗ у вытв. аб’яднанні «БелаўтаМАЗ». З 1976 працуе сталеліцейны цэх. Асн. прадукцыя (1999): скрэперы самаходныя, аўтапаязды, аўтасамазвалы, аўтапагрузчыкі, аўтабетоназмяшальнікі, смеццявозы, бульдозеры.

Магілёўскі аўтамабільны завод. Зборка самазвальнага аўтапоезда.

т. 9, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ ЗАВО́Д ШТУ́ЧНАГА ВАЛАКНА́ імя В.​У.​Куйбышава.

Пабудаваны ў 1929—30 у Магілёве як шаўковая ф-ка. У Вял. Айч. вайну разбураны. Адноўлены ў 1948 пад сучаснай назвай. У 1955 пушчана 2-я чарга вытв-сці віскознага шоўку. У 1959 здадзена ў эксплуатацыю вытв-сць цэлафану, у 1960 — штапельнага валакна, у 1970 — глыбокага друку на поліэтыленцэлафанавай плёнцы, у 1972 — цэх сінт. валакна, у 1974 — цэх газаачысткі на штапельнай вытв-сці, у 1976 — вытв-сць віскознай абалонкі для сасісак. З 1975 у Магілёўскім вытворчым аб’яднанні «Хімвалакно». Асн. прадукцыя (1999): віскозная тэкст. нітка, абалонка цэлюлозная для сасісак, поліпрапіленавая плёнка, поліэтыленавая плёнка, тканіна з поліпрапіленавай плёначнай ніткі.

т. 9, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́СІПАВА (Марыя Барысаўна) (9.1.1909, в. Серкавіца Талачынскага р-на Віцебскай вобл. — 5.2.1999),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыла Вышэйшую камуніст. с.-г. школу Беларусі (1935), Мінскі юрыд. ін-т (1940). З 1926 на сав. і парт. рабоце. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 арганізавала ў Мінску падп. групу, удзельніца Мінскага патрыятычнага падполля, была сувязной партыз. атрадаў М.​Нікіціна, «Дзіма», «Мясцовыя», брыгады «Дзядзькі Колі». Арганізоўвала ратаванне, забеспячэнне дакументамі і адпраўку ў партыз. атрады сав. ваеннапалонных, вязняў гета, дастаўку партызанам зброі і боепрыпасаў. Адна з арганізатараў знішчэння ген. камісара Беларусі В.Кубэ. Пасля вайны на сав. рабоце. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1947—63. Ганаровая грамадзянка Мінска.

М.Б.Осіпава.

т. 11, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́СІПАЎ (Кірыла Нічыпаравіч) (15.2.1907, в. Збароў Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 16.8.1975),

Герой Сав. Саюза (1941). Скончыў артыл. вучылішча (1935), Вышэйшую афіцэрскую артыл. школу (1947). У Чырв. Арміі з 1929. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941: сакратар партбюро артыл. палка, ст. палітрук. У ліп. 1941 у складзе «лясной дывізіі» на чале з ген.-лейт. І.​В.​Болдзіным прабіваўся з Навагрудскага «катла» на У. У 1942—43 у штабе партыз. руху пры Ваен. савеце Зах. фронту. Ўдзельнік вызвалення Беларусі, баёў ва Усх. Прусіі, вайны з Японіяй. Да 1965 у Сав. Арміі, да 1974 на грамадскай рабоце.

К.Н.Осіпаў.

т. 11, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)