ПЛЕ́ЦІ ў раслін,
травяністыя парасткі, што сцелюцца па зямлі, часам укараняюцца (напр., у агурка, гарбуза, кавуна). Адрозніваюцца ад сталонаў больш кароткімі міжвузеллямі.
т. 12, с. 424
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫГО́ННАЯ ЗАЛЕ́ЖНАСЦЬ,
асабістая залежнасць прыгоннага селяніна ад феад. землеўладальніка; гл. ў арт. Прыгоннае права, Прыгонная інтэлігенцыя, Прыгонны тэатр, Прыгонныя аркестры і капэлы.
т. 13, с. 62
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭМ’Е́РА (ад франц. première першая),
першы публічны паказ новага спектакля, фільма, эстраднай або цыркавой праграмы. Пад П. часта разумеюць рэпертуарную навінку тэатра.
т. 13, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЕ..., радыя... (ад лац. radiare выпрамяняць), першая частка складаных слоў, якая паказвае на адносіны іх да радыеактыўнасці, радыяцыі (напр., радыебіялогія, радыетэрапія, радыяхімія).
т. 13, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЦЫЯ (польск. racja ад лац. ratio розум),
разумная падстава, слушнасць, перакананне ў чыіх-небудзь грунтоўных развагах і прынятых рашэннях (напр., «маеце рацыю»).
т. 13, с. 382
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́РТАСНЫЯ ЛІ́ЧБЫ ў матэматыцы,
усе лічбы набліжанага ліку ад першай злева, адметнай ад нуля, да апошняй, за сапраўднасць якіх можна ручацца. Напр., калі ўзважванне праведзена з дакладнасцю да 1 г, то ў запісе вынікаў 0,320 вартасныя лічбы будуць 3, 2 і 0. Вартасная лічба наз. праўдзівай, калі абсалютная хібнасць набліжанага ліку не перавышае палавіны адзінкі разраду гэтай лічбы. Напр., у запісе скорасці святла с = (299 796 ± 4) км/с праўдзівыя вартасныя лічбы 2, 9, 9, 7 і 9. Гл. таксама Набліжанае вылічэнне.
т. 4, с. 13
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІ́ЧНЫ ЎЗРО́СТ,
паказчык, які характарызуе пэўны этап развіцця арганізма з уласцівай яму сукупнасцю абменных, марфал., функцыян. і рэгулятарных асаблівасцяў і адаптыўных магчымасцяў, якія мяняюцца з цягам часу. Вызначаецца станам скуры і яе вытворных, зубоў, ступенню акасцянення шкілета, вастрынёй зроку, дыяпазонам акамадацыі хрусталіка і інш. Біялагічны ўзрост можа не адпавядаць храналагічнаму — апярэджваць ці адставаць ад яго. Тэмп біял. узроставых змен залежыць ад спадчыннасці і ўмоў навакольнага асяроддзя (для чалавека — умовы быту, харчаванне, прафес. шкоднасці, хранічныя інтаксікацыі алкаголем, наркотыкамі, нікацінам і інш.).
т. 3, с. 172
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАНЯПО́ЕЗД,
браніраваны чыг. састаў, прызначаны для агнявой падтрымкі войск і вядзення самаст. баявых дзеянняў у паласе чыгункі. Апрача паравоза (цеплавоза) меў 2 і болей вагонаў або бронепляцовак, 2—4 платформы (у пачатку і канцы браняпоезда для засцярогі яго ад падрыву), на ўзбраенні 1—2 гарматы, 8 кулямётаў. Бронепаязды выкарыстоўваліся ў час 1-й сусв., грамадз. і 2-й сусв. войнаў. У Вял. Айч. вайне былі бронепаязды ППА, узброеныя зенітнымі гарматамі і кулямётамі, для прыкрыцця ад удараў з паветра буйных чыг. вузлоў і станцый.
т. 3, с. 246
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́РМСКІ ЭДЫ́КТ 1521,
заканадаўчы акт, накіраваны супраць пратэстанцкага вучэння ідэолага ням. Рэфармацыі М.Лютэра. Прыняты па патрабаванні імператара «Свяшчэннай Рым. імперыі» Карла V на рэйхстагу ў г. Вормс (Германія) у крас. 1521 пасля таго, як прысутны на рэйхстагу Лютэр адмовіўся адрачыся ад сваіх рэліг. поглядаў. Эдыкт абвяшчаў Лютэра ерэтыком і ставіў па-за законам, яго вучэнне забаранялася падтрымліваць, а творы — чытаць і распаўсюджваць. У час вяртання з Вормса Лютэра схаваў ад праследаванняў у замку Вартбург (каля г. Айзенах) саксонскі курфюрст Фрыдрых Мудры.
т. 4, с. 274
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТЫ́ЎНАЯ ЛЕ́КСІКА,
частка слоўнікавага складу сучаснай мовы, якая свабодна ўжываецца ў штодзённых зносінах ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Проціпастаўляецца пасіўнай лексіцы. Актыўная лексіка ўключае агульнаўжывальныя словы і тэрміны, прафесіяналізмы, эмацыянальна-экспрэсіўную лексіку і інш. Па-за межамі яе знаходзяцца архаізмы і неалагізмы. У працэсе развіцця грамадства і мовы словы могуць пераходзіць з актыўнай лексікі ў пасіўную і наадварот. Ад актыўнай лексікі мовы неабходна адрозніваць актыўную лексіку асобнага носьбіта мовы, якая залежыць ад яго прафесіі, адукацыі і інш.
П.П.Шуба.
т. 1, с. 214
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)