ПАНДЭМІ́Я (ад грэч. pandēmia увесь народ),
катэгорыя інтэнсіўнасці эпідэмічнага працэсу, калі інфекц. хвароба пашырана сярод насельніцтва краіны, некалькіх краін ці кантынентаў. Ступень пашыранасці інфекц. хвароб абумоўлена ўспрымальнасцю чалавека да інфекцый, частатой зменлівасці ўзбуджальніка (напр., вірус грыпу), шляхамі перадачы інфекцыі (часцей узнікаюць П. інфекц. хвароб, што перадаюцца паветрана-кропельным шляхам), войнамі, эміграцыяй і інш. Апісаны П. чумы, халеры, грыпу, малярыі і інш. З сярэдзіны 20 ст. П. адсутнічаюць (за выключэннем грыпу). Гл. таксама Эпідэмія.
М.З.Ягоўдзік.
т. 12, с. 45
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЬГУ́,
у старажытнакітайскай міфалогіі першапродак, першы чалавек на зямлі. Паводле касмаганічных міфаў, П. нарадзіўся, калі сусвет нагадваў змесціва курынага яйка. П. вырастаў 18 тыс. гадоў, і за гэты час светлы пачатак (ян) утварыў неба, а мутны (інь) — зямлю (гл. Інь і ян). Паводле інш. міфаў, смерць П. і часткі яго цела далі пачатак канкрэтным касм. з’явам і элементам рэльефу — ветру, аблокам, грому, сонцу, зоркам, глебе, гарам, рэкам і інш., а з паразітаў, што жылі ў яго тулаве, нарадзіліся людзі.
т. 12, с. 57
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЛА́ННІК,
дыпламатычны прадстаўнік, які часам узначальвае дыпламат. місію. Яго афіц. найменне часта залежыць ад акрэдытуючай дзяржавы (надзвычайны П., паўнамоцны міністр і інш.). Калі П. узначальвае місію, ён акрэдытуецца пры кіраўніку дзяржавы знаходжання, яму даецца даверчая грамата, падпісаная кіраўніком акрэдытуючай дзяржавы. Паводле Венскага рэгламенту аб класіфікацыі дыпламат. агентаў 1815 П. аднесены да 2-га класа дыпламат. прадстаўнікоў, больш нізкага па міжнар.-прававым статусе, чым пасол. Карыстаецца тымі ж правамі і прывілеямі, што і кіраўнікі дыпламат. прадстаўніцтваў інш. класаў.
т. 12, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎВО́СЬ,
вал вядучага моста самаходнай колавай машыны, які перадае вярчэнне ад дыферэнцыяла на вядучае кола. Бываюць паўразгружаныя і поўнасцю разгружаныя. Паўразгружаная П. нясе на сваім канцы вядучае кола. Выкарыстоўваецца ў легкавых аўтамабілях, дзе нагрузкі на колы адносна невялікія. Поўнасцю разгружаная П. свабодна праходзіць праз адтуліны вядучага моста і злучаецца са ступіцай вядучага кола, падшыпнікі якога ўстаноўлены на бэльцы вядучага моста, якая ўспрымае папярочныя і падоўжныя сілы, што ўзнікаюць на вядучым коле. Выкарыстоўваюцца на грузавых аўтамабілях, аўтобусах, цяжкіх колавых трактарах.
т. 12, с. 188
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАХО́ДНЫ СТАН, актываваны комплекс, гіпатэтычны прамежкавы стан хім. сістэмы пры яе пераходзе з пачатковага (рэагенты) у канчатковы (прадукты) стан; канфігурацыя з атамаў ці малекул рэагентаў, што ўдзельнічае ў элементарным акце рэакцыі хімічнай. Характарызуецца больш высокім значэннем патэнцыяльнай энергіі ў параўнанні з пачатковым і канчатковым станамі (гл. Энергія актывацыі) і малым часам жыцця (~10−13 с). Тэорыя П.с. (актываванага комплексу, ці абс. скарасцей рэакцый; гл. Кінетыка хімічная) ляжыць у аснове ўяўленняў аб рэакцыйнай здольнасці і механізме хім. рэакцый.
т. 12, с. 291
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІПІ́Н КАРО́ТКІ (Pippinus Brevis; 714 ці 715—24.9.768),
франкскі кароль [751—768], першы з дынастыі Каралінгаў. У 741—751 маярдом (правіцель) Франкскай дзяржавы. Скінуў апошняга караля з дынастыі Меравінгаў, атрымаўшы санкцыю рым. папы, дамогся выбрання на каралеўскі прастол. Услед за сваім бацькам Карлам Мартэлам, раздаваў бенефіцыі за ваен. службу. Падпарадкаваў Аквітанію, у паходах супраць арабаў заваяваў Септыманію. У 754 і 756 здзейсніў паходы ў Італію, адабраную ў лангабардаў частку зямель перадаў рым. папе, што стала пачаткам Папскай вобласці.
т. 12, с. 377
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛО́СКАСЦЬ,
найпрасцейшая паверхня, адно з асноўных геам. паняццяў. У геаметрыі бярэцца як зыходнае і не вызначаецца.
Уласцівасці П. апісваюцца аксіёмамі, напр.: П. — паверхня, якая змяшчае кожную прамую, што злучае 2 яе пункты; П. — геам. месца пунктаў, роўнаадлеглых ад двух дадзеных (паводле М.І.Лабачэўскага). Становішча П. ў прасторы вызначаецца 3 пунктамі, якія не належаць адной прамой. П., суадносіны паміж пунктамі і прамымі якой задавальняюць сістэму аксіём эўклідавай геаметрыі, наз. эўклідавай. Уласцівасці фігур на эўклідавай П. вывучае планіметрыя.
т. 12, с. 432
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІАКРЫЛАНІТРЫ́Л,
сінтэтычны палімер, прадукт полімерызацыі акрыланітрылу. Агульная ф-ла [—CH2—CH(CN)—]n, мал. м. (30—100) 103. Цвёрдае рэчыва белага колеру, шчыльн. 1140—1170 кг/м³, т-ра шклавання 85—90 °C. Раствараецца ў палярных растваральніках (напр., дыметылфармамідзе, дыметылсульфаксідзе) і к-тах. У прам-сці вырабляюць у асн. мадыфікаваны П. — двайныя ці трайныя супалімеры, што маюць больш як 85% (па масе) акрыланітрылу (супалімерызацыя дазваляе павысіць растваральнасць і знізіць вязкасць раствораў П.). Выкарыстоўваюць пераважна ў вытв-сці валокнаў (гл. Поліакрыланітрыльныя валокны).
т. 12, с. 472
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВААДНО́СІНЫ,
урэгуляваныя нормамі права грамадскія адносіны, удзельнікі якіх з’яўляюцца носьбітамі суб’ектыўных правоў і абавязкаў. П. — індывідуалізаваныя адносіны, г.зн. адносіны паміж пэўнымі асобамі (грамадзянамі; арг-цыямі, дзярж. органамі і грамадзянамі і г.д.), якія звязаны правамі і абавязкамі, што вызначаюць забяспечаную законам меру магчымых і належных паводзін. Мера паводзін азначае ўстанаўленне яго межаў (рамак), а яго магчымасць і належнасць рэалізуецца ў пэўных дзеяннях і рэальных паводзінах. П. ўзнікаюць пры наступленні прадугледжаных законам юрыд. фактаў (дагавору, адм. акта, правапарушэння, падзеі і Г.Д.).
т. 12, с. 525
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСТО́РАВАЯ ІНВЕ́РСІЯ,
змена знакаў прасторавых каардынат часціц на процілеглыя: x→−x, y→−y, z→−z. Фіз. сэнс пераўтварэння П.і. звязаны з тым, што працэсы прыроды, абумоўленыя моцнымі і эл.-магн. ўзаемадзеяннямі, не змяняюцца пры П.і. — для ўсякага такога працэсу ў прыродзе ажыццяўляецца і працякае з той жа імавернасцю «люстрана адбіты» працэс і квантавамех. апісанне яго вядзе да існавання прасторавай цотнасці, якая захоўваецца пры моцных і эл.-магн. узаемадзеяннях. У слабых узаемадзеяннях такая сіметрыя адсутнічае (прасторавая цотнасць не захоўваецца).
т. 13, с. 21
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)