МАГІЛЁЎСКІ МУЗЫ́ЧНА-ДРАМАТЫ́ЧНЫ ГУРТО́К АМА́ТАРАЎ (Існаваў у Магілёве ў 1897—98) (статут зацверджаны 7.1.1897). Меў на мэце прапагандаваць сярод жыхароў горада муз. і тэатр. мастацтва, садзейнічаць развіццю маст. здольнасцей сваіх членаў, дапамагаць дабрачынным установам. Складаўся з ганаровых і правадз. членаў, членаў-наведвальнікаў і членаў-выканаўцаў (96 чал.). Уключаў вакальны (распарадчык У.Нячаеў),
інструментальны (С.Віслоцкі) і драм. (П.Сухоцін) аддзелы. Члены гуртка наладжвалі літ.-муз. вечары (у т. л. 2.2.1898 прысвечаны М.Глінку), ставілі спектаклі. Выконваліся арыі з опер муз. класікаў, хары, рамансы, рус.нар. песні; выступалі з меладэкламацыяй, чыталі вершы. Паказаны спектаклі: «Шчаслівы дзень» М.Салаўёва і А.Астроўскага, «Шашкі» М.Крыніцкага, «Прапанова» А.Чэхава, «Пасткі» А.Пальма, «Не ў свае сані не садзіся» Астроўскага, камедыя «Сямейныя тайны» Дз.Азнабішына, вадэвіль «Варона ў паўлінавых пёрах» Кулікова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЖА́ЕЎ (Барыс Андрэевіч) (1.6.1923, г.п. Піцеліна Разанскай вобл., Расія — 2.3.1996),
расійскі пісьменнік. Скончыў Вышэйшае інж.-тэхн. вучылішча ВМС у Ленінградзе (1948). Друкаваўся з 1953. Аповесці «Наледзь» (1956), «Саня», «Танкамер» (абедзве 1959) з жыцця далёкаўсходнікаў. Пісаў пра вясковае жыццё: аповесць «З жыцця Фёдара Кузькіна» (1966, наст.выд. «Жывы»), раман «Мужыкі і бабы» (кн. 1—2, 1976—87; Дзярж. прэмія СССР 1989), у якіх паказаны моцныя нар. характары, вострая канфліктнасць спалучаецца з гумарам. Аўтар рамана «Ізгой» (ч. 1, 1993), кніг нарысаў «Самастойнасць» (1972), публіцыстыкі «Пах мяты і хлеб надзённы» (1982), п’ес, кінааповесці «Дзень без канца і без краю» (1973), сцэнарыяў і інш. Склаў і апрацаваў «Удэгейскія казкі» (1955).
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—4 М., 1989—90;
Русские детективные истории, не похожие ни на что. Пушкино, 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЙСЕ́ЕНКА (Яўсей Яўсеевіч) (28.8.1916, г.п. Уваравічы Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл. — 29.11.1988),
расійскі жывапісец. Нар. мастак СССР (1970). Правадз.чл.АМСССР (1973). Вучыўся ў АМ у Ленінградзе (1936—47). З 1958 выкладаў у Ленінградскім ін-це жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна (з 1963 праф.). Працаваў пераважна ў батальным, пейзажным, партрэтным жанрах. Найб. значныя работы прысвечаны грамадз. і Вял.Айч. войнам: «Чырвоныя прыйшлі» (1961), «Таварышы» (1964), «Чарэшня», «Камісар» (абедзве 1969), «Перамога» (1972). Жывапіс адметны шырокай, экспрэсіўнай манерай пісьма, дынамікай кампазіцыйных рытмаў. Беларусі прысвяціў карціны «З дзяцінства» (1977), «У вайну», «Жанчына ў чорным» (абедзве 1978). Дзярж. прэмія Расіі імя Рэпіна 1966. Ленінская прэмія 1974. Дзярж. прэмія СССР 1983.
Літ.:
Кривенко И.А. Е.Е.Моисеенко. Л., 1960;
Кекушева Г.В. Евсей Моисеенко: Живопись: [Альбом]. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКСА́КАВА (Марыя Пятроўна) (8.4.1902, г. Астрахань, Расія — 11.8.1974),
расійская спявачка (мецца-сапрана). Нар.арт.СССР (1971). Вучылася ў Астраханскім муз. вучылішчы, з 1921 у вак. педагога М.Максакава. У 1923—53 (з перапынкам) у Вял. т-ры ў Маскве. Валодала высокім, гнуткім голасам цёплага лірычнага тэмбру, яскравым тэмпераментам, майстэрствам фразіроўкі. Сярод партый: Марына Мнішак, Марфа («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.Мусаргскага), Любаша, Ганна, Лель («Царская нявеста», «Майская ноч», «Снягурачка» М.Рымскага-Корсакава), Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ), Амнерыс, Азучэна («Аіда», «Трубадур» Дж.Вердзі), Даліла («Самсон і Даліла» К.Сен-Санса), Артруда («Лаэнгрын» Р.Вагнера), Кларычэ («Любоў да трох апельсінаў» С.Пракоф’ева), Алмаст («Алмаст» А.Спендыярава). Выступала таксама ў пастаноўках Дзярж. ансамбля оперы пад кіраўніцтвам І.Казлоўскага. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1949, 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЬКО́ (Мікалай Андрэевіч) (4.5.1883, г.п. Браілаў Вінніцкай вобл., Украіна — 23.6.1961),
расійскі дырыжор, педагог. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1909) па класах кампазіцыі (у М.Рымскага-Корсакава), дырыжыравання і фп. З 1909 дырыжор Марыінскага т-ра. У 1918—21 узначальваў Віцебскую нар. кансерваторыю і сімф. аркестр. З 1925 гал. дырыжор філармоніі і праф. кансерваторыі ў Ленінградзе. З 1928 за мяжою, выступаў як прапагандыст рус. і сав. музыкі, працаваў дырыжорам Радыё ў Капенгагене (1928—32). З 1938 у ЗША, заснаваў дырыжорскія курсы ў Чыкага. З 1957 узначальваў створаны ім сімф. аркестр у Сіднеі (носіць яго імя). Аўтар кн. «Асновы тэхнікі дырыжыравання» (1950). Сярод яго вучняў: Л.Гінзбург, А.Мелік-Пашаеў, Я.Мравінскі, І.Мусін, Б.Хайкін. З 1963 у Капенгагене праводзіцца Міжнар. конкурс дырыжораў імя М.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРО́ЗІК (Мікалай Фёдаравіч) (каля 1852, в. Лаўрышава Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — пасля 1913),
бел.нар. прапаведнік-мараліст, паэт-самавук. Аўтар дыдактычнага, бытапісальнага верша «Сцяпан і Тацяна» (1889). У паперах А.Ельскага (Варшава, Гал. архіў стараж. актаў) захаваўся сшытак 1890 з вял. творам М. (каля 400 радкоў) «Сачыненне пад рыфму на п’янства і гультайства». У Цэнтр. б-цы АН Літвы (Вільнюс) зберагаюцца рукапісы М. «Чыгунка», «П’янлівага развага...», «Заключэнне для павучання», «Вясковыя дзяды, або Памінальныя дні» і інш. Творы М. напісаны мяшанай бел.-рус. моваю, пераважна невысокага маст. ўзроўню, кансерватыўнага зместу. Пісаў часта пад псеўд. Аляксандр Шункевіч.
Тв.:
Сцяпан і Тацяна / Публ. У.Казберука // Шляхам гадоў. Мн., 1994. [Вып. 4].
Літ.:
Н.Я.Н. [Нікіфароўскі М.Я.]. Глашатаи добрых начал в сельской среде // Живая старина. 1902. Вып. 3—4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАР’Я́НЕНКА (сапр.Петлішэнка) Іван Аляксандравіч
(9.6.1878, хутар Сачэванаў Кіраваградскай вобл., Украіна — 4.11.1962),
украінскі акцёр, педагог. Нар.арт.СССР (1944). З 1946 праф. Харкаўскага ін-та тэатр. мастацтва. З 1 895 у прафес. трупе М.Крапіўніцкага, з 1899 у розных трупах, у Другім Кіеўскім гар.рус.драм. т-ры, з 1917 дырэктар, рэжысёр і акцёр Нац. ўзорнага т-ра, акцёр Дзярж.драм.т-ра (абодва ў Кіеве). У 1923—58 у Харкаўскім драм. т-ры імя Т.Шаўчэнкі. Акцёр шырокага творчага дыяпазону, выконваў гераічныя, характарныя і камедыйныя ролі: Гонта («Гайдамакі» паводле Шаўчэнкі), Прохар («Васа Жалязнова» М.Горкага), Багдан Хмяльніцкі (аднайм. п’еса А.Карнейчука), князь Яраслаў («Яраслаў Мудры» І.Качаргі), Макбет (аднайм. п’еса У.Шэкспіра) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1947.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСА́ЛЬСКІ (Павел Уладзіміравіч) (4.9. 1904, Масква — 15.12.1979),
расійскі акцёр. Нар.арт.СССР (1963). У 1922—24 у Студыі пад кіраўніцгвам Ю.Завадскага. З 1925 у МХАТ. З 1947 выкладаў у Школе-студыі імя У.І.Неміровіча-Данчанкі (з 1961 праф.). Выканальніцкае майстэрства было адметнае пластычнасцю, завершанасцю, выверанасцю сцэн. малюнка, у камед. ролях — непасрэднасць, лёгкасць. Сярод роляў: князь Дзмітрый Шуйскі («Цар Фёдар Іаанавіч» А.Талстога), Вронскі («Ганна Карэніна» паводле Л.Талстога), Малчалін («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Джынгль («Піквікскі клуб» паводле Ч.Дзікенса), Чарльз Сэрфес («Школа зласлоўя» Р.Шэрыдана), лорд Горынг («Ідэальны муж» О.Уайльда) і інш. З 1927 здымаўся ў кіно: «Цырк» (1936), «Іван Грозны» (2-я серыя, 1958) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1952.
Літ.:
Павел Массальский: Документы. Статьи. Воспоминания. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНУЭ́Т (франц. menuet ад menu маленькі, дробны),
старадаўні французскі нар. танец. Узнік як карагодны ў правінцыі Пуату. У 17—19 ст. пашыраны ў Еўропе як прыдворны бальны танец. Муз. памер 3-дольны (пераважна 3/4). Выконваўся паводле пэўных схем у выглядзе літар S і Z, надзвычай цырымонны, урачысты, з мноствам паклонаў і рэверансаў. Паступова М. змяняўся, тэмп станавіўся больш хуткім, рухі ўскладняліся. Значна паўплываў на бальную і сцэн. харэаграфію. Класічныя ўзоры самастойнай інстр. формы М. стварылі Ж.Б.Люлі, Ж.Ф.Рамо, Ф.Куперэн. М. як частка інстр. сюіты, партыты, дывертысменту, серэнады, 3-я частка класічнай сімфоніі, 4-часткавай санаты трапляецца ў творах І.С.Баха, Г.Ф.Гендэля, кампазітараў мангеймскай і венскай класічнай школ. З канца 19 ст. як інстр. форма выкарыстоўваецца рэдка.