спецыфічная функцыя арганізаваных сістэм прыроды, грамадства, вытв.-тэхн. сферы, якая забяспечвае іх жыццядзейнасць, мэтанакіраваную дынаміку развіцця, рэалізацыю канкрэтных праграм і практычных задач. У сац. сферы К. прадугледжвае свядомую дзейнасць грамадскіх інстытутаў і асобных індывідаў, накіраваную на рэгуляванне стыхійных і ўсвядомленых, аб’ектыўных і суб’ектыўных пачаткаў, мэтазгоднае ўладкаванне грамадскіх адносін. Адрозніваюць К. стыхійнае, што выступае як вынік уздзеяння на грамадства разрозненых сіл, масы выпадковых, адзінкавых актаў (напр., рынак), і свядомае, якое ажыццяўляецца грамадскімі інстытутамі і арг-цыямі. Праблемы сац. К. прыцягвалі да сябе ўвагу на ўсіх этапах развіцця чалавецтва, ім адводзілася вядучае месца ў сістэме поглядаў Канфуцыя, Арыстоцеля, Н.Макіявелі, Г.Гегеля, К.Маркса, У.І.Леніна і інш. Сучасныя зах. тэарэтыкі (Дж.Бёрнхем, Д.Бел, Дж.Голбрэйт і інш.) бачаць у К. сілу, здольную пазбавіць грамадства ад уласцівых яму сац. заган і павысіць яго жыццяздольнасць, выступаюць за пашырэнне сферы дзярж. планавання, кантролю, прагназавання.
К дзяржаўнае — адна з форм дзярж. дзейнасці, якая забяспечвае рэалізацыю дзярж. улады праз адпаведныя кіраўнічыя органы. У ім прымаюць удзел усе дзярж. органы, якія ажыццяўляюць унутр. і знешнія функцыі дзяржавы. Сістэма гэтых органаў, размеркаванне паміж імі кіраўніцкай кампетэнцыі, устанаўленне ступеняў падначальвання вызначаюцца канстытуцыяй, законамі і інш. прававымі актамі. У штодзённай дзейнасці гэтыя органы (у межах іх кампетэнцыі) забяспечваюць рэалізацыю законаў (выканаўчая дзейнасць), выконваюць уладныя дзеянні, неабходныя для падтрымання грамадскага парадку і дзярж. дысцыпліны (распарадчая дзейнасць). Існуюць дзярж. органы, асн. прызначэнне якіх — паўсядзённае ажыццяўленне К. дзяржаўнага ў агульнадзярж. маштабе або ў пэўным рэгіёне, у эканоміцы, асвеце, ахове здароўя, ахове ўнутр. і знешняй бяспекі і інш. сферах. Дзейнасць такіх выключна кіраўніцкіх органаў па сваім змесце адрозніваецца ад дзейнасці заканадаўчай, судовай, пракурорска-нагляднай і ў цэлым таксама можа разглядацца як К. дзяржаўнае.
Цэнтр. органам К. дзяржаўнага ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца Урад — Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, які кіруе сістэмай падпарадкаваных яму органаў К. дзяржаўнага і інш. органаў выканаўчай улады. Структура Урада, паводле Канстытуцыі, вызначаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, які таксама прымае рашэнне аб адстаўцы Урада або яго членаў, утварае, ліквідуе і рэарганізуе Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і інш. органы К. дзяржаўнага, ажыццяўляе іх узаемадзеянне.
К. вытворчасцю — мэтанакіраванае ўздзеянне на калектывы людзей для арганізацыі і каардынацыі іх дзейнасці ў працэсе вытворчасці. Уключае прынцыпы, функцыі і метады, тэорыю кіраўніцкіх рашэнняў, арганізац. структуру, тэхн. сродкі і тэхналогію, аўтаматызаваныя сістэмы кіравання. Навука аб К. вытв-сцю пачала нараджацца ў перыяд простай кааперацыі працы. Навук. асновы К. як важны элемент грамадскай матэрыяльнай вытв-сці, што вынікае з падзелу і кааперацыі працы, склаліся ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Іх распрацавалі прадстаўнікі т. зв. школы навук. менеджменту А.Фаёль, Г.Эмерсан, Ф.Тэйлар, Г.Форд і інш. Інтэнсіўнае павелічэнне аб’ёмаў прамысл. вытв-сці, машынізацыя працы, канкурэнцыя, унутр. і знешняя інтэграцыя ў межах пэўнай арг-цыі (фірма, завод, фабрыка), неабходнасць эканоміі часу і рэсурсаў прадвызначылі ўзнікненне сучаснага менеджменту з уласцівым яму адзінствам навукі, мастацтва, тэхнікі і тэхналогіі. Мэтанакіраваныя ўздзеянні, што ўплываюць на падбор і расстаноўку, навучанне і ацэнку дзейнасці, рух кадраў прадпрыемства, адносяць да К. працоўнымі рэсурсамі. Яно мае важнае значэнне для ўсіх калектываў (незалежна ад формы ўласнасці) — дзярж і прыватных, прамысл. і с.-г., камерцыйных і некамерцыйных, тых, што дзейнічаюць у сферы паслуг, займаюцца здабычай прадметаў працы або іх апрацоўкай.
Асн. элементам мэтанакіраванага ўздзеяння кіруючай сістэмы на аб’ект К., у якім сфармуляваны мэты дзеяння і праграма яе рэалізацыі, з’яўляецца кіраўніцкае рашэнне. Гэта творчыя і адначасова валявыя дзеянні суб’екта К., яны ажыццяўляюцца на падставе ведаў аб’ектыўных законаў функцыянавання кіруемай сістэмы і аналізу інфармацыі пра яе становішча. Кіраўнік (менеджэр) павінен выбраць найлепшы варыянт дзеянняў з мноства магчымых у дадзеных умовах гаспадарання, каб выканаць абавязкі, абумоўленыя яго пасадай. Рашэнні складаюць аснову працэсу К. (прадпрыемствам, вытв-сцю), прымаюцца на ўсіх узроўнях і групуюцца па розных прыкметах. Спецыфіка кіраўніцкіх рашэнняў у галіне эканомікі заключаецца ў тым, што яны павінны кіраваць дзейнасцю асобных выканаўцаў і прац. калектываў, занятых у вытв-сці і К., і тым самым вызначаць сучаснае і будучае развіццё аб’екта К. (прадпрыемства, цэха і г.д.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЦЦЁ МАСТА́ЦКАЕ,
тэхніка стварэння маст. вырабаў шляхам заліўкі расплаўленага металу ў форму, а таксама маст. творы, выкананыя гэтым спосабам; від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Найб. пашыраны спосаб пераводу ў метал твораў скульптуры, а таксама вырабу метал. пасудзін, званоў і інш.
Л. м. зарадзілася ў эпоху асваення чалавекам спосабаў здабычы і апрацоўкі металу. З развіццём ліцейнай вытв-сці вылучылася ў асобную галіну. Маст. задачы вызначаюць спецыфічныя прыёмы фармоўкі мадэлі, метады ліцця, выбар металу або сплаву для пэўнага віду вырабу, дапрацоўку (часта аўтарскую) адлівак чаканкай, гравіраваннем, пацініроўкай. залачэннем і інш.Асн. тэхналогія Л. м. выпрацоўвалася пры выкарыстанні бронзы; з 4 ст. да н. э. выкарыстоўваюць волава (амулеты з копцкіх грабніц 4—7 ст.н.э.), з якога ў 16—18 ст. адлівалі плакеткі, медалі, пасудзіны і інш., што імітавалі больш каштоўнае серабро. З 15 ст. ў Германіі, пазней і ў інш. краінах Еўропы развівалася Л.м. з чыгуну (паркавая скульптура, надмагіллі, рашоткі, агароджы, садовая мэбля і інш.). Унікальныя помнікі рус. Л.м. 16—18 ст. — Цар-гармата (1586), Цар-звон (1733—35) у Маскве і інш. У 17—18 ст. адлівалася паркавая скульптура са свінцу (Версаль у Францыі, Петрадварэц у Расіі).
На тэр. Беларусі Л.м. вядома з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. З бронзы, пазней і з жалеза адлівалі ўпрыгожанні (спражкі, фібулы), наканечнікі коп’яў, стрэл. З 12 ст. пашырыўся спосаб ліцця ў каменныя ці гліняныя раздымныя формы. З медзі, бронзы, серабра, радзей з золата адлівалі ўпрыгожанні (бранзалеты, пярсцёнкі, спражкі, амулеты, падвескі ў выглядзе канькоў ці званочкаў), царк. начынне (свяцільні, крыжы і інш.), дэталі адзення, конскай збруі, зашчапкі для накладных кніжных пераплётаў; са свінцу выраблялі пячаткі і абразкі з гарэльефнымі сюжэтнымі выявамі. Літыя ювелірныя вырабы аздаблялі чаканкай, зярненнем, гравіраваннем, эмалямі. У 15 ст. пры Слуцкім Троіцкім манастыры працавалі майстры-алавяннікі. Высокага маст. ўзроўню Л. м. дасягнула ў 16—17 ст. з арганізацыяй у гарадах (Мінск, Магілёў, Нясвіж, Слуцк, Гродна) цэхаў рамеснікаў-металістаў, куды ўваходзілі і ліцейшчыкі — алавяннікі, людвісары (майстры па адліўцы гармат), канвісары (майстры па адліўцы званоў), ювеліры і інш. Акрамя вытв-сці ювелірных вырабаў, быт. рэчаў, царк. начыння пашырылася ліццё званоў у Полацку, Лагойску, Віцебску, Крычаве, Дзісне, Нясвіжы, Брэсце і інш. (гл.Дзісенскі звон, Крычаўскі звон, Моладаўскі звон). Алавяны посуд, свечачнікі адлівалі ў Магілёве, Ваўкавыску, Ружанах, Слуцку, Шклове, Друі, гарматы — у Магілёве, Брэсце, Мінску, Нясвіжы. Гарматы аздаблялі рэльефнымі паяскамі, гербамі, выявамі жывёл, анёлаў і інш., званы — расліннымі гірляндамі і арнаментальнымі надпісамі. У 18 ст. ўзніклі ліцейныя мануфактуры ў Гомелі, Вішневе (Валожынскі р-н), Кляцішчы (Стаўбцоўскі р-н, абодва Мінскай вобл.), Бакштах (Іўеўскі р-н), Рудні (Слонімскі р-н, абодва Гродзенскай вобл.) і інш., дзе выраблялі посуд, асвятляльныя і пісьмовыя прылады. Высокім маст. узроўнем вылучаліся рэчы культавага прызначэння (падсвечнікі, манстранцы і інш.). Буйным у 19 ст. быў Уладзімірскі чыгуналіцейны з-д у в. Старынка (Слаўгарадскі р-н Магілёўскай вобл.). У Горках (Магілёўская вобл.) адлівалі крыжы, у Высокім (Аршанскі р-н Віцебскай вобл.) — надмагільныя пліты, рашоткі і агароджы. З чыгуну адлівалі таксама вароты, распяцці, вадасцёкі, садовую мэблю, пячныя дзверцы, прасы і інш. Канструкцыйна-маст. элементы літых вырабаў — разнастайнае перапляценне раслінных парасткаў (рашоткі), гарэльефныя выявы жывёл, маскаронаў, ваен. атрыбутаў (хатняе начынне). Садовую мэблю і крыжы выконвалі ў выглядзе складана пераплеценых дубовых галінак, вінаграднай лазы. У вырабах 18—19 ст. прыкметны ўплыў маст. стыляў готыкі, барока, класіцызму. З 2-й пал. 19 ст. з развіццём металаапр. прам-сці Л. м. паступова заняпала. У наш час бел. мастакі ў гэтай тэхніцы ствараюць станковую скульптуру, мемар. медалі, ювелірныя вырабы, абклады да мініяцюрных сувенірных кніг і інш. Сярод майстроў С.Ларчанка, Ю.Любімаў і інш.
Літ.:
Петриченко А.М. Искусство литья. М., 1975;
Зотов Б.Н. Художественное литье. 3 изд. М., 1982.
Я.М.Сахута, А.І.Сямёнаў.
Да арт.Ліццё мастацкае. Манстранц. 1727.Да арт.Ліццё мастацкае. А.Чохаў. Цар-гармата. 1586.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́Ж (Paris),
горад, сталіца Францыі. Знаходзіцца на р. Сена, пры ўпадзенні ў яе рэк Марна і Уаза. 2152 тыс.ж. (1997). Разам з прыгарадамі (Версаль, Сен-Дэні, Іўры, Аржанцёй, Дрансі, Булонь-Біянкур, Мантрой і інш.) утварае самастойны дэпартамент Вял. П. (нас. каля 10 млн.чал.). Гал. горад гіст. вобласці Іль-дэ-Франс. Гал.трансп. вузел краіны (16 чыгунак і больш за 20 аўтадарог). Міжнар. аэрапорты: Шарль дэ Голь, Буржэ, Арлі. Сена звязвае П. з морам (аванпорт Гаўр). Гал.эканам., навук. і культ. цэнтр краіны. Галіны прам-сці — разнастайнае машынабудаванне (асабліва станка-, аўта- і авіябудаванне), вырабы дакладнай механікі і оптыкі, электронная, эл.-тэхн., ваенная, хім. (гумавая, фармацэўтычная, выраб фотаматэрыялаў, пластмас і інш.), харч., паліграф., папяровая, мэблевая прам-сць, вытв-сцьбуд. матэрыялаў і інш. П. — міжнар. заканадаўца мод, выпускаецца больш за 30% гатовага адзення ў краіне. Сусветную вядомасць мае выраб прадметаў туалету, галантарэйных і ювелірных вырабаў, сувеніраў. У П. больш за 50% банкаў краіны, гораду належыць вядучая роля ва ўнутр. і знешнім гандлі Францыі. Рэгулярна праводзяцца міжнар. кірмашы. Горад наведваюць штогод больш за 15 млн. турыстаў. Метрапалітэн. Месцазнаходжанне ЮНЕСКА і інш.міжнар. арг-цый.
Засн. на месцы паселішча гальскага племя парызіяў (адсюль назва). Пад назвай Лютэцыя згадваецца Юліем Цэзарам (53 да н.э.). У 355—363 н.э. рэзідэнцыя рым. імператара Юліяна Адступніка. З 497 пад уладай франкаў, рэзідэнцыя (з 508) караля Хлодвіга I. Пры Каралінгах цэнтр графства. У 855—886 вытрымаў аблогу нарманаў. З 987 сталіца франц. дзяржавы. У гады праўлення караля Філіпа II Аўгуста горад абнесены сценамі, забрукаваны вуліцы, будаваўся Луўр. У 1215 засн.ун-т. У 13—14 ст. буйны гандл. і рамесніцкі цэнтр, найбольшы горад у Еўропе (у пач. 14 ст. 100 тыс.чал.). У 1348 эпідэмія чумы знішчыла 1/3 яго жыхароў. Парыжане ўдзельнічалі ў парыжскім паўстанні 1357—58, паўстаннях 1382 і 1413. У Стогадовую вайну 1337—1453 горад заняты (1420—36) англ. войскамі. У 1420-я г. — сярэдзіне 16 ст. П. страціў ролю паліт. цэнтра, які перамясціўся ў луарскія замкі (рэзідэнцыя франц. каралёў). У час рэлігійных войнаў 16 ст. П. — апора каталіцызму. У 1572 тут адбылося масавае знішчэнне гугенотаў (гл.Варфаламееўская ноч). У П. разгортваліся гал. падзеі Фронды (1648—53). У 1682 каралеўская рэзідэнцыя з П. перанесена ў Версаль (да 1789). З 2-й пал. 17 ст. П. — сусветны цэнтр навукі, л-ры і мастацтва. 14.7.1789 у П. адбыўся штурм Бастыліі, падзенне якой стала пачаткам Французскай рэвалюцыі 1789—99 (у гады рэвалюцыі П. атрымаў правы муніцыпальнага самакіравання; у час праўлення Напалеона I (1804—1814] пазбаўлены гэтых правоў). У сак. 1814 і ліп. 1815 П. акупіраваны войскамі антыфранц. кааліцыі. Адыгрываў важнейшую ролю ў Франц. рэвалюцыях 1830 і 1848. У 1847 у горадзе 1 млн. жыхароў. У 1853 пракладзены праспекты і бульвары, удасканалена сістэма водазабеспячэння і асвятлення (32 тыс. газавых ліхтароў). Месца правядзення сусв. выставак (1855, 1867, 1889, 1900, 1937). У франка-прускую вайну 1870—71 вытрымаў аблогу ням. войск; у горадзе ўсталявалася Парыжская камуна 1871. У 1896 у П. 2,5 млн.чал. У 1-ю сусв. вайну горад пацярпеў ад ням. бамбардзіровак. У П. праводзіліся II (1900) і VIII (1924) Алімпійскія гульні. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны (1940) ням. войскамі, цэнтр руху Супраціўлення. Вызвалены ў выніку Парыжскага паўстання 1944. У 1949—67 у П. знаходзілася штаб-кватэра НАТО. П. — месца правядзення шматлікіх міжнар. сустрэч, падпісання шэрагу міжнар. пагадненняў і дагавораў.
Захаваліся руіны амфітэатра 1 ст. і тэрм 2—3 ст. У 6—11 ст. П. быў абкружаны кальцом кляштараў: Сен-Жэрмен-л’Аксеруа, Сен-Жэрве, Сен-Мартэн-дэ-Шан, бенедыкцінцаў на Манмартры, Сен-Віктор, Сен-Марсель, Нотр-Дам-дэ-Шан. У 12—13 ст.гар. раёны па абодвух берагах р. Сена абнесены каменнай сцяной. У забудове сучаснага П. захавалася сярэдневяковая радыяльна-кальцавая планіроўка. Радыяльныя магістралі перасякаюцца кольцамі бульвараў, пракладзеных на месцы б. крапасных сцен. Гіст. ядро П. складаюць 3 цэнтры: дзярж. і рэліг. на в-ве Сітэ, універсітэцкі на левым беразе і гандл.-рамесны на правым беразе р. Сена. У 16—17 ст. у хаатычную сярэдневяковую забудову ўнесены элементы рацыянальнай планіроўкі, склаліся гал. рэнесансавыя і класіцыстычныя ансамблі, плошчы Вагезаў (б. Каралеўская; 1606—12), Вандомская (1685—1701), Перамог (1685—86, абедзве арх. Ж.Ардуэн-Мансар). У 18 — пач. 19 ст. рэканструяваны цэнтр, створаны плошчы Людовіка XV (цяпер Згоды; 1755—63, арх. Ж.А.Габрыэль) і Карузель з трыумфальнай аркай (1806, арх. Ш.Персье, П.Фантэн), пабудавана больш за 50 застаў, т.зв. прапілеяў П. (захаваліся 4, 1784—89, арх. К.Н.Леду). У 1853—96 упарадкавана сетка гал. магістралей, створаны новыя плошчы (Рэспублікі, 1854—62), скверы і лесапаркі, у т. л. Булонскі і Венсенскі лясы, бульвары, азялененыя вуліцы з добраўпарадкаванымі рэспектабельнымі будынкамі. Берагі Сены ў раёне «Вялікага П.» злучаюць 60 мастоў. У канцы 19 — пач. 20 ст. інтэнсіўна раслі жылыя раёны ўскраін, пракладзены метрапалітэн (1-я чарга ў 1897—1904, афармленне ўваходаў у стылі мадэрн, арх. Э.Гімар). У 1920—30-я г. забудаваны прыгарады (комплексы ў Ле-Прэ-Сен-Жэрве, Пантэне, Дрансі), у 1950-я г. створаны буйныя жылыя масівы Бабіньі, Баньё, Масі-Антані, Баньёле і інш. У 1960—90-я г. забудоўваюцца жылыя раёны на перыферыі П. (Крэтэй, Нантэр), рэканструюецца цэнтр.Гал.арх. ансамблі: на в-ве Сітэ — Парыжскай Божай Маці сабор, Палац правасуддзя (1783—86, арх. П.Дэмезон, Ж.Д.Антуан) з гатычнай капліцай Сент-Шапель (1243—48); на левым беразе Сены — Дом інвалідаў (з 1671, арх. Л.Бруан і інш.) з саборам (1671—1708; паводле інш. звестак, 1680—1706; у інтэр’еры грабніца Напалеона 1, 1843—60), адкрыты на Эспланаду (плошчу) інвалідаў (1704—20) з мостам Аляксандра III (1896—1900); Марсава поле (сучасная планіроўка 1908—28, арх. К.Фарміге) з Эйфелевай вежай, Пантэон (б. касцёл Сент-Жэнеўеў, 1755—89, арх. Ж.Ж.Суфло), б-ка Сент-Жэнеўеў (1843—50, арх. А.Лабруст); на правым беразе Сены — пл. Згоды, на якой перасякаюцца гал.гар. восі, Луўр, Елісейскія палі (17 ст., арх. А.Ленотр, забудавана пераважна ў канцы 19 ст.), пл. дэ Голя з трыумфальнай аркай (1806—37, рэльефы), якія ўтвараюць анфіладу плошчаў цэнтра П. Сярод арх. помнікаў гатычныя касцёлы Сен-Жэрмен-дэ-Прэ (11—17 ст.) і Сен-П’ер-дэ-Манмартр (1147), атэлі Клюні (1498) і Карнавале (1544, арх. П.Леско, скульпт. Ж.Гужон, абодва цяпер музеі); палацы Люксембургскі (Сенат; 1615—20, арх. С. дэ Брос), Каралеўскі (Пале-Руаяль; 1629—36, арх. Ж.Лемерсье) і Бурбонскі (цяпер Палата дэпутатаў; 1722); комплексы будынкаў Сарбоны (з 1635, арх. Лемерсье і інш), кляштара Валь-дэ-Грас (1645—1710, арх. Ф.Мансар, Лемерсье, П.Лемюэ і інш.), Калеж чатырох нацый (цяпер Ін-т Францыі; 1661, арх. Л.Лево), касцёл Сен-Сюльпіс (1646—1749), базіліка Сакрэ-Кёр на ўзгорку ў раёне Манмартра (1875, арх. П.Абадзі), т-р «Гранд-апера» (1861—75, арх. Ш.Гарнье; размалёўка плафона глядзельнай залы М.Шагала, 1964), палац Шаё (1936—37, арх. Л.Азема і інш.). Найб. значны горадабудаўнічы ансамбль 20 ст. — грамадска-дзелавы цэнтр квартала Дэфанс, які ўключае Нац. цэнтр прам-сці і тэхнікі (1958, арх. Б.Зерфюс і інш.), вышынны дзелавы цэнтр Мен-Манпарнас (1964—73, арх. Э.Бадуэн і інш.), комплекс «Фронт Сены» (з 1965), Вял. арку (1982, арх. І.О. фон Шпрэкельсен), шматлікія небаскробы і інш. Сярод жылых і грамадскіх пабудоў: т-р Елісейскіх палёў (1911—13, арх. А. і Г. Перэ, рэльефы А.Бурдэля, размалёўкі М.Дэні), вілы Ла-Рош (1923), Стайн (1927), у Пуасі (1929—31, усе арх. Ле Карбюзье), будынкі ЮНЕСКА (1953—57, арх. М.Броер, Зерфюс і інш., інж. П.Л.Нерві), цэнтр «Італі» (з 1968), амёбападобныя жылыя дамы ў парку Дэфанс (1976—90, арх. Э.Аё), Нац. цэнтр мастацтва і культуры імя Ж.Пампіду (1977, арх. Р.Піяно, Р.Роджэрс і інш.), разбудова Луўра (1981—93). Каля П. ў Марне-ла-Вале пабудаваны вял. лунапарк «Еўрадыснейленд» (1992). У П. фантаны «Нявінных» (1547—49, арх. Леско, скульпт. Гужон), «4 пары года» (1739—45, скульпт. Э.Бушардон) і інш. Набярэжная Сены з помнікамі архітэктуры ўключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Найважнейшыя помнікі П.: Калона Напалеона I на Вандомскай пл. (1806—10, арх. Ж.Б.Лепер, Ж.Гандуэн), А. дэ Бальзаку (1893—97) і В.Гюго (1866—1900, абодва скульпт. А.Радэн), маршалу М.Нею (1852—53), рэльеф «Марсельеза» на трыумфальнай арцы (1833—36, абодва Ф.Руд), Сцяна камунараў на могілках Пер-Лашэз (1909, П.Маро-Вацье), магіла Невядомага салдата пад аркай Зоркі (1921), мемарыялы Пакутнікаў Супраціўлення на ўзгорку Мон-Валер’ен (1960—61) і тым, што загінулі ў фаш. канцлагерах (на в-ве Сітэ, 1961).
У П. 13 ун-таў (створаны ў 1972 у выніку рэформы Парыжскага ун-та), Калеж дэ Франс, Вышэйшая практычная школа, Нац.політэхн.ін-т, Вышэйшая нармальная школа, Каталіцкі ін-т П., 2 кансерваторыі, Нац. вышэйшая школа выяўл. мастацтваў і інш.; Ін-т Францыі ў складзе 5 акадэмій, у т. л.Франц. акадэмія (з 1635), Акадэмія л-ры (з 1664), Акадэмія навук (з 1666); шматлікія НДІ і навук. т-вы, у т. л. Пастэраўскі ін-т, Ін-т арабскага свету, Ін-т радыю. Нац.б-ка і Нац. архівы. Буйнейшыя выд-вы, у т. л. Ашэт (з 1826), Ларус (з 1865). Каля 100 музеяў, у т. л. Луўр, Нац. музей сучаснага мастацтва, Музей чалавека, музеі Бальзака, Гюго, П.Пікасо, А.Радэна; шматлікія маст. галерэі. Каля 90 тэатраў, у т. л.«Камеды Франсэз», Парыжская опера; больш за 300 кінатэатраў. Бат. сад (з 1635; адзін з найстарэйшых у Еўропе).
Беларусы ў Парыжы. З часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай тут вучыліся некат. ўраджэнцы Беларусі, у т. л. Т.Касцюшка. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у П. з’явіліся і паліт. эмігранты з бел. зямель: удзельнікі паўстанняў 1794 (у т. л. М.К.Агінскі), 1830—31 (І.Дамейка і інш.), 1863—64 (В.Урублеўскі, К.Далеўскі, Г.Корвін-Крукоўская і інш. рэвалюцыянеры, якія сталі ўдзельнікамі Парыжскай камуны 1871). Тут вучыліся мастацтву Н.Орда і інш. ўраджэнцы Беларусі, жылі мастакі В.Ваньковіч, М.Шагал і інш. Арганізаваная нац.-культ. дзейнасць беларусаў П. пачалася з узнікненнем у 1930 «Беларускага хаўрусу». У 1938 у П. створана «Бел. жаночая грамада імя А.Пашкевіч (Цёткі)», стала выдавацца бел. газета «Рэха». Пасля 2-й сусв. вайны ў П. выдавалася першая з пасляваен. беларускамоўных газет у замежжы — «Беларускія навіны» (1945—47). З 1947 выходзілі бел.рэліг.час.«Божым шляхам» і штомесячнік «Моладзь», тут дзейнічаў старшыня Рады БНР М.Абрамчык. У канцы 1940 — пач. 1950-х г. у П. знаходзілася штаб-кватэра Сусветнага аб’яднання беларускай эміграцыі. З 2-й пал. 1950-х г. у сувязі з пераездам у інш. краіны ч. беларусаў іх грамадскае і нац.-культ. жыццё ў П. паступова згортвалася. У 1970 зноў актывізаваўся «Бел. хаўрус» (з 1991 яго старшыня — мастак М.Навумовіч). У 1980—90-я г. ў П. пераехалі В.Забораў, В.Дзёмкіна, мастак М.Паўлоўскі і інш. Цяпер у П. жыве каля 1,3 тыс. беларусаў (асн. частка беларусаў Францыі). Дзейнічае бел. каталіцкая місія.
Літ.:
Париж.: Пер. с фр.М., 1976;
Favier J. Paris: Deux mille ans d’histoire. Paris, 1997;
Rouleau B. Paris: histoire d’un espace. Paris, 1997;
Лялькоў І. Gallia Albaruthensie, або Пяць стагодзьдзяў беларускае прысутнасьці ў Францыі // Спадчына. 1999. № 2.
Дз.М.Чаркасаў (гісторыя), Т.А.Папоўская (беларусы ў Парыжы).
Набярэжная Сены ў Парыжы.Да арт.Парыж. Від на востраў Сітэ. Фрагмент мініяцюры з «Раскошнага часаслова герцага Берыйскага». Браты Лімбург. 1409—16.Парыж. Калона Напалеона I на Вандомскай плошчы.Парыж. Трыумфальная арка на плошчы дэ Голя.Парыж. Вялікая арка ў квартале Дэфанс. 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУМЫ́НІЯ (România),
дзяржава на ПдУ Еўропы. Мяжуе на Пд з Балгарыяй, на З з Югаславіяй і Венгрыяй, на Пн і У з Малдовай і Украінай. На У абмываецца Чорным м.Пл. 237,5 тыс.км². Нас. 22 411,1 тыс.чал. (2000). Дзярж. мова — румынская. Сталіца — г.Бухарэст. Падзяляецца на 40 жудзецаў (паветаў); сталіца вылучана ў самаст.адм. адзінку. Нац. свята — Нац. дзень Р. (1 снеж.).
Дзяржаўны лад. Р. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт (выбіраецца насельніцтвам на 4 гады), які назначае прэм’ер-міністра. Заканад. ўладу ажыццяўляе двухпалатны парламент, які складаецца са сходу дэпутатаў і сената; выбіраецца на 4 гады.
Прырода. Каля 2/3тэр. займаюць горы і ўзвышшы. На Пн і ў цэнтры Усх. і Паўд.Карпаты (выш. 2544 м, г. Малдавяну), на З сярэдневышынныя Зах. Румынскія горы, паміж імі і Карпатамі — Трансільванскае плато. Са знешняга боку ўздоўж Карпат паласа перадгор’яў, на Пд і ПдУНіжнедунайская раўніна з далінай р. Дунай. На У Малдаўскае ўзвышша, на ПдУ каля ўзбярэжжа Чорнага м. плато Дабруджа. На крайнім З ускраіны Сярэднедунайскай раўніны. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, буры і кам. вугаль, руды жалеза, марганцу, поліметалаў, золата і серабра, баксіты, кам. соль, буд. матэрыялы. Клімат умераны кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. на раўнінах ад 0 °C да -5 °C, у гарах да -10 °C (месцамі ніжэй), ліп. адпаведна 20—23 °C і 8—16 °C. Ападкаў на раўнінах ад 600—700 мм на З да 300—400 мм на У, у гарах 800—1500 мм за год. Бываюць засухі, у Карпатах — ачаг значных землетрасенняў. Асн.р. Дунай з прытокамі Жыў, Олт, Сірэт, Прут. Натуральная расліннасць на раўнінах і ў перадгор’ях — стэп і лесастэп (захаваліся на асобных участках); хваёвыя і шыракалістыя лясы ў гарах займаюць каля 29% тэр. краіны. Нац. парк Рэтэзат, шматлікія рэзерваты.
Насельніцтва. 89,5% румыны; з інш. нацыянальнасцей — венгры (7,1%, пераважна ў Трансільваніі), цыганы (1,8%), немцы (0,5%), украінцы (0,3%), а таксама сербы, рускія і інш. Вернікі пераважна правасл. (70%), католікі (6%), пратэстанты (6%). Сярэднегадавы прырост блізкі да нулявога (-0,21% у 2000). Сярэдняя шчыльн. 94,4 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены Ніжне- і Сярэднедунайская раўніны, даліны рэк Сірэт, Мурэш, Самеш і міжгорныя катлавіны (да 150—180 чал. на 1 км²), найменш — Карпаты і іх перадгор’і (20—40 чал. на 1 км²). У гарадах жыве 56% насельніцтва (2000). Найб. гарады (1996, тыс.ж.): Бухарэст — 2037,3, Канстанца — 346,8, Ясы — 346,6, Клуж-Напока і Тымішаара — па 332,3, Галац — 328, Брашоў — 319,9, Краёва — 310,8, Плаешці — 253,6. У сельскай гаспадарцы занята 36,5% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 34,4%, у абслуговых галінах — 29,1%.
Гісторыя. Чалавек на тэр. Р. жыў з эпохі палеаліту. Розныя плямёны пакінулі тут некалькі дзесяткаў археал. культур. У 2-й пал. 3-га тыс. да н.э. сюды прыйшлі плямёны пастухоў-індаеўрапейцаў з Паўн. Прычарнамор’я і Цэнтр. Еўропы. З 7—6 ст. да н.э.асн. насельнікамі тэр. сучаснай Р. былі фракійскія плямёны гетаў і дакаў, якія ў 60-я г. да н.э. стварылі ваен.-плем. саюз. З 7—6 ст. да н.э. на Чарнаморскім узбярэжжы Р. (Паўн.Дабруджа) існавалі грэч. гарады-дзяржавы, заваяваны ў 1 ст. да н.э. Рымам. У канцы 1 ст.н.э. сфарміравалася гета-дакійская дзяржава пад уладай цара Дэцэбала (87—106). У пач. 2 ст. яе заваяваў Рым і утварыў рым. правінцыю Дакія, мясц. насельніцтва якой было раманізавана. Усх.ч. сучаснай Р. заставалася па-за межамі рым. панавання. Каля 271 рымляне пакінулі Дакію, але Паўн. Дабруджа да канца 4 ст. заставалася пад уладай Рыма, потым — Візантыі, адкуль на астатнія землі Р. пачалі пашырацца візант. культура і хрысціянства ўсх. абраду. У час.Вялікага перасялення народаў (4—7 ст.). праз тэр. Р. праходзілі і часткова тут асядалі сарматы, геты, гепіды, авары і інш., а ў 6—7 ст. — славяне. У 6—8 ст. большасць тэр. Р. ўваходзіла ў Аварскі каганат, у 9—10 ст. — у Першае Балгарскае царства. Улада Другога Балг. царства пашыралася на Дабруджу і зах.ч. Р. Усходняя ч. Р. паміж р. Прут і Карпацкімі гарамі ў 10—13 ст. часам трапляла пад уладу кіеўскіх і галіцкіх князёў. У канцы 1-га тыс.н.э. ў выніку асіміляцыі плямён сфарміравалася ўсх.-раманская народнасць улахаў (валахаў) — продкаў румын, малдаван і некат. інш. народаў. Усх.ч. Р. да Карпацкіх гор. і р. Олт з 1240-х г. да пач. 14 ст. знаходзілася пад уладай Залатой Арды. Трансільванія ў 11—12 ст. трапіла пад уладу Венгрыі. Ратуючыся ад уціску венг. феадалаў, улахі з 12—13 ст. засялялі землі на У ад Карпат да р. Днестр, дзе асімілявалі рэшткі слав. насельніцтва. У 2-й пал. 13 ст.венг. каралі падпарадкавалі рум. землі паміж Карпатамі і Дунаем (гіст.Валахія), дзе ўжо існавалі невял. феад. ўладанні — кнезаты і ваяводствы, а ў 1-й пал. 14 ст. ў выніку перамог над мангола-татарамі пашырылі сваю ўладу і на Усх. Прыкарпацце (гіст. Малдова). Нац.-вызв. барацьба улахаў прывяла да стварэння ў 2-й пал. 14 ст.самаст.феад. дзяржаў — Валахіі і Малдовы (па-за сучаснымі межамі Р. ўключала таксама Бесарабію і Паўн.Букавіну) на чале з гаспадарамі (князямі), уладу якіх абмяжоўваў савет буйных феадалаў-баяр. [Пра гісторыю гэтых княстваў гл. больш падрабязна ў арт.Валахія, Малдаўскае княства і Малдова (рэспубліка)]. У 14—16 ст. Валахія і Малдова (Дунайскія княствы) адстойвалі незалежнасць у барацьбе з Венгрыяй, а з канца 14 ст. — і з Турцыяй, войскі якой з 1391 пачалі заваёўваць тэр. Валахіі.
Пасля шматлікіх абарончых войнаў Валахія (15 ст.), Малдова і Трансільванія (16 ст.) прызналі васальную залежнасць ад Турцыі, плацілі ёй даніну, пастаўлялі па прымусова нізкіх цэнах збожжа, жывёлу, лес, давалі свае ваен. сілы для ўдзелу ў войнах. З 16—17 ст.тур. султаны напачатку зацвярджалі, а пазней і непасрэдна (за вял. грошы) прызначалі гаспадароў Малдовы і Валахіі (пасля 1711—14 пераважна знатных стамбульскіх грэкаў-фанарыётаў). У працэсе тур. заваявання і распаду Венгрыі ў 1541 Трансільванія вылучылася ў асобнае княства. Трансільванскі кн. Іштван Батары [1571—86] з 1575 адначасова быў каралём Рэчы Паспалітай і вял. князем ВКЛ пад імем Стафана Баторыя. Гаспадар Валахіі Міхай Храбры ў 1599—1600 на кароткі тэрмін аб’яднаў пад сваёй уладай Валахію, Трансільванію і Малдову. У выніку аўстра-тур. вайны 1683—99 да Аўстрыі разам з цэнтр. Венгрыяй адышла і Трансільванія. У 1746 адменена (пры захаванні абавязковых феад. павіннасцей) асабістая прыгонная залежнасць сялян Валахіі, у 1749 — Малдовы, у 1785 — Трансільваніі. У 1774 Аўстрыя захапіла Букавіну. Нягледзячы на агрэсіўныя мэты рус. царызму, перамогі Расіі ў войнах з Турцыяй 1768—74, 1787—91, 1806—12, 1828—29 паслаблялі тур. панаванне ў Дунайскіх княствах. У 1812 да Расіі далучана Бесарабія (каля 50% тэр.Малд. княства). У 1821 туркі задушылі ў Дунайскіх княствах адначасовыя паўстанні грэкаў пад кіраўніцтвам А.Іпсіланці і Валашскае паўстанне пад кіраўніцтвам Т.Уладзімірэску, але адхілілі ад княжацкай улады грэкаў-фанарыётаў і дазволілі мясц. баярам выбіраць гаспадароў са свайго асяроддзя. Паводле Адрыянопальскага мірнага дагавора 1829 (завяршыў рус.-тур. вайну 1828—29) і асобнага акта да яго Малдова і Валахія пацвердзілі і ўзмацнілі сваю аўтаномію. Да 1834 імі кіравала рас. адміністрацыя на чале з П.Дз.Кісялёвым. Пад яе ўздзеяннем у 1831 у Валахіі, у 1832 у Малдове прыняты першыя ў іх гісторыі канстытуцыйныя акты — Арганічныя рэгламенты. Паводле гэтых Рэгламентаў гаспадары выбіраліся баярамі і зацвярджаліся тур. султанам, ствараліся мясц. войскі, але на 2/3 змяншаліся сял. надзелы і павялічвалася паншчына. Пашырэнне баярскай гаспадаркі з выкарыстаннем некаторых перадавых метадаў яе вядзення дазволіла Дунайскім княствам стаць буйнымі экспарцёрамі збожжа. У 1848—49 ва ўсіх рум. землях актывізаваўся антыфеад. рэвалюцыйны рух (радыкальнае крыло ўзначальваў Н.Бэлчэску), які, нягледзячы на паражэнне, нанёс моцны ўдар па феад. парадках і садзейнічаў складванню перадумоў для наступнага аб’яднання Малдовы і Валахіі ў адзіную дзяржаву. Пасля Крымскай вайны 1853—56 (Расія часова вярнула Малдове Паўд. Бесарабію) узмацніўся рух насельніцтва Дунайскіх княстваў за іх аб’яднанне ў адзіную дзяржаву. Прадстаўнік малд. баярства А.І.Куза ў студз. 1859 выбраны адзіным гаспадаром Малдовы і Валахіі, 24.1.1862 са згоды вядучых еўрап. краін Расіі абвясціў іх аб’яднанне ў новую дзяржаву — Румынію, а сам стаў яе першым князем [1862—66]. Пры ім урад М.Кагэлнічану правёў секулярызацыю царк. зямель, што належалі грэч. духавенству (1863), агр. рэформу (1864; скасаванне паншчыны і частковае надзяленне сялян зямлёй). Незадаволенае рэформамі кансерватыўнае баярства 10.2.1866 скінула Кузу і ўзвяло на прастол ням. прынца Карла Гогенцолерн-Зігмарынгена пад імем Караля I [1866—1914, з 1881 кароль]. Паводле канстытуцыі 1866 Р. — парламенцкая манархія з абмежаваным выбарчым правам. Абвяшчаліся свабода друку, сходаў, адказнасць урада перад парламентам, прынцып падзелу ўлад. Князь (з 1881 кароль) камандаваў арміяй, зацвярджаў законы, меў права роспуску парламента. Ён фарміраваў урад, які праводзіў выбары ў двухпалатны парламент, дзе заўсёды забяспечваў паслухмяную бурж.-памешчыцкую большасць. Змяняліся ўрады лібералаў і кансерватараў. 9.5.1877 Р. абвешчана незалежнай дзяржавай. 3 чэрв. 1877 Р. ўдзельнічала ў рус.-тур. вайне 1877—78 на баку Расіі. Паводле Берлінскага кангрэса 1878 Турцыя прызнала незалежнасць Р., перадала ёй Паўн. Дабруджу замест занятай Расіяй Паўд. Бесарабіі. З сярэдзіны 1870-х г. у Р. ўзнікалі сацыяліст. гурткі, у якіх вял. ролю адыграў беларус М.К.Судзілоўскі. У 1893—99 існавала С.-д. партыя рабочых Р., адноўленая ў 1910 пад назвай С.-д. партыя Р. У 1907 улады Р. задушылі паўстанне сялян, якія патрабавалі зямлі. Р. ўдзельнічала ў 2-й Балканскай вайне (гл.Балканскія войны 1912—13), у выніку якой Балгарыя перадала Р. Паўд. Дабруджу.
У жн. 1916 Р. ўступіла ў 1-ю сусв. вайну на баку Антанты, але пацярпела паражэнне ад аўстра-герм. войск, якія акупіравалі б.ч.тэр. краіны з Бухарэстам. Рэшту тэр. Р. выратаваў ад акупацыі рас. Румынскі фронт, у складзе якога было каля 100 тыс. беларусаў. Р. вымушана была заключыць з Германіяй і Аўстра-Венгрыяй кабальны Бухарэсцкі мір (май 1918), які страціў сілу толькі пасля паражэння Германіі і яе саюзнікаў. У 1918 рум. войскі занялі Бесарабію і Букавіну, 1.12.1918 Р. абвясціла пра далучэнне Трансільваніі. Рэв. ўздым у Р. 1918—19 прымусіў урад 16.12.1918 абвясціць усеагульнае выбарчае права (не пашыралася на жанчын і ваенных). У адпаведнасці з Сен-Жэрменскім, Нёіскім і Трыянонскім мірнымі дагаворамі 1919—20 за Р. замацаваны Трансільванія, Букавіна і Дабруджа. Паводле Парыжскай канвенцыі 1920 Антанта прызнала за Р. прыналежнасць ёй Бесарабіі. Тэр. Р. павялічылася больш як удвая, насельніцтва — з 8 да 16 млн.чал., прамысл. патэнцыял — у 2,4 разу. У знешняй палітыцы Р. арыентавалася на зах. дзяржавы, удзельнічала ў стварэнні Антанты малой. У сак. 1923 новая канстытуцыя Р. абвясціла шырокія паліт. правы і свабоды, адмяніла саслоўныя прывілеі, узаконіла ўсеагульнае выбарчае права. У 1921 урад нац.-ліберальнай партыі правёў законы аб агр. рэформе (66% зямель буйных памешчыкаў за выкуп перадаваліся сялянам). У час сусв.эканам. крызісу 1929—33 у Р. агульны аб’ём прамысл. вытв-сці да 1932 скараціўся на 40% у параўнанні з 1928, колькасць беспрацоўных дасягнула 600 тыс.чал. У 1934 Р. ўстанавіла дыпламат. адносіны з СССР. У 1931 пры падтрымцы пануючых колаў узнікла фаш. партыя «Жалезная гвардыя». 10.2.1938 кароль Караль П [ 1930—40] устанавіў асабістую дыктатуру; прынята прафаш. канстытуцыя, створана адзіная партыя «Фронт нац. адраджэння», інш. партыі і прафсаюзы забаронены. Эканам. дагавор з Германіяй (сак. 1939) падпарадкаваў эканоміку Р. герм. манаполіям. У маі 1940 Р. канчаткова перайшла на пазіцыі фаш. блоку. У чэрв. 1940 па патрабаванні СССР (нота ад 26.6.1940), якое падтрымала Германія (у адпаведнасці з Пактам Рыбентропа—Молатава 1939) Р. перадала СССР Бесарабію і Паўн. Букавіну. Паводле навязанага Германіяй 2-га Венскага арбітражу (30.8.1940) Р. аддала Венгрыі Паўн. Трансільванію (узамен Р. былі абяцаны сав. тэрыторыі). Паводле Краёўскага пагаднення (7.9.1940) Паўд. Дабруджа вернута Балгарыі. Караль II адрокся ад прастола, каралём стаў яго сын Міхай [1940—47]. Фактычна ў краіне ўсталяваўся ваен.-фаш. рэжым маршала І.Антанеску, які ў ліст. 1940 далучыў Р. да Берлінскага пакта 1940. У кастр. 1940 у Р. ўвайшлі герм. войскі. 22.6.1941 Р. разам з Германіяй пачала вайну супраць СССР. У чэрв. 1943 у падполлі засн. «Патрыят. антыгітлераўскі фронт». Паражэнні ў вайне і ўступленне сав. войск у Р. (сак. 1944) аслабілі ўнутрыпаліт. становішча дыктатуры Антанеску, якую 23.8.1944 скінула Народнае ўзброенае паўстанне ў Румыніі 1944, узначаленае камуністамі і падтрыманае каралём Міхаем. 24.8.1944 Р. далучылася да антыгітлераўскай кааліцыі, яе армія пачала ваен. дзеянні супраць ням.-фаш. войск (пазней удзельнічала ў вызваленні Венгрыі і Чэхаславакіі). 12.9.1944 Р. афіцыйна заключыла перамір’е з краінамі антыгітлераўскай кааліцыі. У кастр. 1944 створаны Нац.-дэмакр. фронт (НДФ), куды ўвайшлі Камуніст. і С.-д. партыі, «Фронт земляробаў» і інш. левыя арг-цыі. Пасля вострай унутрыпаліт. барацьбы 6.3.1945 сфарміраваны ўрад НДФ на чале са старшынёй «Фронту земляробаў» П.Грозам. Жанчыны і ваенаслужачыя атрымалі выбарчыя правы. Паводле агр. рэформы 1945 98 тыс.сял. сем’яў атрымалі 1,1 млн.га памешчыцкіх зямель. Каля 25% канфіскаванай зямлі перайшло ва ўласнасць дзяржавы, якая ў 1949 канфіскавала і рэшткі памешчыцкіх зямель. 10.2.1947 Парыжскі мірны дагавор устанавіў сучасныя межы Р. Да канца 1947 у выніку ўрадавых рэпрэсій сышлі з паліт. арэны асн. правыя партыі — Нац.-царанісцкая і Нац.-ліберальная. 30.12.1947 у Р. скасавана манархія, краіна абвешчана Рум.Нар. Рэспублікай; 13.4.1948 прынята яе канстытуцыя. У лют. 1948 Камуніст. і С.-д. партыі аб’ядналіся ў Рум. рабочую партыю (РРП), яе сакратаром абраны Г.Геаргіў-Дэж. У Р. ўсталявалася аднапарт. сістэма. РРП узяла курс на буд-ва сацыялізму. Летам 1948 нацыяналізавана прам-сць, у 1962 у асн. завершана каапераванне сельскай гаспадаркі. З 1949 Р. — чл.Савета эканамічнай узаемадапамогі, з 1955 — Варшаўскага дагавора 1955. Яна мела шырокія эканам. і культ. сувязі з рэспублікамі СССР, у т. л. з Беларуссю. Да 1980-х г. Р. ператварылася ў індустр.-арг. дзяржаву. У ліп. 1965 РРП перайменавана ў Рум.камуніст. партыю (РКП), яе ген. сакратаром выбраны Н.Чаўшэску (з 1974 таксама прэзідэнт Р.). Паводле канстытуцыі 1965 Р. абвешчана Сацыяліст. Рэспублікай Р. Чаўшэску паступова ўстанавіў рэжым асабістай улады, які ў 1980-я г. набыў таталітарны характар. У 1980-я г. эканоміка Р. апынулася ў стагнацыі, што ў першую чаргу было абумоўлена панаваннем адм.-каманднай сістэмы. Структурныя дыспрапорцыі ў нар. гаспадарцы дасягнулі крызісных маштабаў, запазычанасць Р. перад Захадам (10,2 млрд.дол.) да сак. 1989 пагашалася за кошт абмежавання спажывання насельніцтва, што выклікала шырокую незадаволенасць. У выніку народнага паўстання ў Румыніі 1989 скінута дыктатура Чаўшэску (расстраляны). Да ўлады 26.12.1989 прыйшоў Савет Фронту нацыянальнага выратавання (ФНВ) на чале з І.Іліеску, РКП спыніла існаванне. З 29 12.1989 краіна наз. проста Р. ФНВ абвясціў пераход да дэмакратыі і рыначнай эканомікі. На ўсеагульных выбарах 20.5.1990 выбраны двухпалатны парламент (70% месцаў у ФНВ) і прэзідэнт — Іліеску (перавыбраны ў 1992). На рэферэндуме 18.12.1991 ухвалена новая канстытуцыя Р. З 1991 урад П.Рамана ажыццяўляў праграму эканам. рэформ (лібералізацыя цэн і знешняга гандлю, прыватызацыя і інш.), што на фоне паглыблення эканам. крызісу выклікала сац. напружанасць, у т. л. шахцёрскія хваляванні. У ліп. 1992 прэзідэнт Іліеску наведаў з візітам Беларусь. 17.11.1996 прэзідэнтам выбраны лідэр правых Э.Канстанцінеску, які абвясціў курс на паскарэнне сац.-эканам. і паліт. рэформ, паскоранае ўваходжанне Р. ў еўрап. структуры і НАТО. 10.12.2000 прэзідэнтам зноў выбраны Іліеску — старшыня левацэнтрысцкай партыі сац. дэмакратыі. Р. — чл.ААН (з 1955), Савета Еўропы (з 1993), асацыіраваны чл.Зах.-еўрап. Саюза (з 1995). З 1.1.2001 міністр замежных спраў Р.М.Джаане — старшыня Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 4.2.1992.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Партыі Сац. дэмакратыі, Нац.-царанісцкая, Нац.-ліберальная, Хрысц., Дэмакр. «Вял. Румынія», Сац.-дэмакр. саюз, Дэмакр. саюз венграў Р. і інш.Прафс. аб’яднанні: Нац. канфедэрацыя свабодных прафсаюзаў, Прафс. картэль, Нац.прафс. канфедэрацыя «Альфа».
Гаспадарка. Р. — індустр.-агр. краіна, адна з найбяднейшых у Еўропе. Штогадовы даход на 1 чал. каля 4 тыс.дол. ЗША. У прам-сці ствараецца каля 51% яго, у сельскай гаспадарцы — 23%, у абслуговых галінах — 26%. Нар.-гасп. праблемы ўскладнены цяжкасцямі пераходнага перыяду, на якія наклаўся атрыманы ў спадчыну ад сацыяліст. рэжыму крызіс цэнтралізаванай сістэмы кіравання з нерацыянальнай структурай эканомікі. Вытворчыя магутнасці загружаны на 50—60%, у энергетыцы — на 33%. З мэтай хутчэйшага пераходу да рыначнай эканомікі фарсіравалася развіццё прыватнага сектара. Больш за 5 млн.чал. сталі ўласнікамі 2/3с.-г. угоддзяў, у т. л. 80% ворыва. Пашырана дробнае і сярэдняе прадпрымальніцтва. Створана больш за 8 тыс. сумесных прадпрыемстваў з замежным капіталам. Найб. развіта прамысловасць. Асн. яе галіны: здабыўная, энергетыка, машынабудаванне, металургія, хім., нафтахім., дрэваапр. і харчовая. У 1998 здабыта 6,3 млн.т нафты (раёны Плаешці, Пітэшты і інш.), 14,4 млрд.м³ натуральнага газу (цэнтр. Трансільванія), 28,1 млн.т кам., 4,3 млн.т каксавальнага, 23,4 млн.т бурага вугалю (бас. Петрашані, Олт і інш.). Здабываюць руды каляровых металаў (свінцу, цынку, медзі, алюмінію), кам. соль, буд. матэрыялы і інш. У 1998 выпрацавана 52,5 млн.кВт∙гадз. электраэнергіі, на цеплавых электрастанцыях атрымана 59%, на ГЭС — 32%, на АЭС — 9%. У 1998 выплаўлена 4,5 млн.т чыгуну і 6,3 млн.т сталі. Гал. цэнтры: Рэшыца, Галац, Брэіла, Ясы, у г. Тыргавіштэ — вытв-сць якасных і спец. сталей. У каляровай металургіі вытв-сць свінцу (15,1 тыс.т), цынку (25,6 тыс.т), медзі (19,1 тыс.т), алюмінію (164 тыс.т). Цэнтры здабычы і перапрацоўкі каляровых металаў — г. Бая-Марэ, Арадзя (вытв-сць гліназёму) і Бухарэст. Машынабудаванне шматгаліновае і разнастайнае, задавальняе ўнутр. патрэбы, але неканкурэнтназдольнае на замежных рынках. Цяжкае машынабудаванне (Ясы, Рэшыца, Брэіла, Краёва), станкабудаванне (Арадзя, Ясы, Бухарэст, Бакэў, Арад, Сібіў), вытв-сць падшыпнікаў (Сучава, Бырлад), кавальска-прэсавага абсталявання (Тыргу-Жыў), абсталявання для нафтаздабыўной і нафтаперапрацоўчай (Бакэў, Плаешці, Тыргавіштэ), для сельскай гаспадаркі (Бухарэст, Бузэў, П’ятра-Нямц), хім. (Плаешці, П’ятра-Нямц, Сату-Марэ), горназдабыўной (Сату-Марэ, Петрашані), лёгкай (Клуж-Напока, Тыргу-Мурэш) і харч. (Клуж-Напока, Фэгэраш) прам-сці. Развіты радыёэлектроннае (Бухарэст, Ясы), электратэхн. (Бухарэст, Краёва, Тыргавіштэ), авіябудаванне (Бакэў, Краёва), вагонабудаванне (Арад), аўтамабілебудаванне (203 тыс. аўтамабіляў, Кымпулунг, Брашоў, Краёва), трактарабудаванне (10 тыс. трактароў Кымпулунг, Краёва), суднабудаванне (Галац, Брэіла, Канстанца). З галін хім. прам-сці найб. развіты нафтаперапрацоўка (12,5 млн.т) і нафтахімія (Плаешці, Пітэшты, Брашоў), вытв-сць штучных і сінт. валокнаў, мінер. угнаенняў (669 тыс. азотных, 138 тыс.т фосфарных, сінт. каўчуку, шын, лакаў і фарбаў, пластмас, фотаматэрыялаў, хіміка-фармацэўтычнай прадукцыі (Бухарэст, Ясы, П’ятра-Нямц, Галац). У лёгкай прам-сці вылучаюцца тэкст. і трыкат. (240 млн.м² тканін), швейная, гарбарна-абутковая (штогод выпускаецца каля 35 млн. пар абутку). Працуюць прадпрыемствы лесапільнай (нарыхтавана 1618 тыс.м³ драўніны), дрэваапр., мэблевай, цэлюлозна-папяровай (334 тыс.т паперы і кардону), паліграф., парфумерна-касметычнай, буд. матэрыялаў (6,6 млн.т цэменту), шкляной і фарфора-фаянсавай галін. Ва ўсіх. гарадах прадпрыемствы харч. і харчасмакавай прам-сці (асабліва мясной, кансервавай, алейнай, вінаробчай, малочнай, спірта-гарэлачнай, тытунёвай, цукр., мукамольнай). У 1998 атрымана 374 тыс.т мяса, 36,1 тыс.т маргарыну, 7 тыс.т масла, 37 тыс.т сыру, 321 т цукру, 5071 тыс. гекталітраў віна, 9989 тыс. гекталітраў піва. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 14,7 млн.га зямель, у т. л. 9,7 млн.га пад ворывам, 5 млн.га пад пашай. Арашаецца каля 3 млн.га. Пераважаюць асабістыя сялянскія і фермерскія гаспадаркі. Гал. галіна — раслінаводства. Збор асн.с.-г. культур у 1998 (млн. τ): кукурузы 8,6, пшаніцы і жыта 5,2, ячменю 1,2 (пасевы пераважна ў раўнінных раёнах на чарназёмах), цукр. буракоў 2,4, сланечніку 1,1, бульбы 3,3, агародніны (у асн. памідоры, капуста, цыбуля, часнок, зялёны перац) 2,8. Сеюць таксама авёс, рыс, сорга, бабовыя, сою, у горных раёнах лён, у Трансільваніі каноплі, у паўд. і ўсх. раёнах тытунь (збор у 1998—17,5 тыс.т). Вял. плошчы пад садамі (пераважаюць яблыні і слівы) і вінаграднікамі (вінаград вінных гатункаў). Развіта жывёлагадоўля, у горных раёнах яна пераважае над раслінаводствам. Пагалоўе (1998, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы 3,2, авечак і коз 9,5, свіней 7,1, коней 0,8. Птушкагадоўля (69,5 млн. курэй, 1997). Рыбалоўства (19,3 тыс.т, 1997). Пчалярства. Транспарт пераважна аўтамаб. і чыгуначны. Даўж. (тыс.км, 1998) аўтадарог 153,4, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 104,7, чыгунак 11,4, у т. л. электрыфікаваных 3,9, водных шляхоў 1,7 (р. Дунай і нізоўі асн. прытокаў), нафтаправодаў 2,8, прадуктаправодаў 1,4, газаправодаў 6,4. У краіне 2,4 млн. легкавых, 513 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (2000). Гал. марскі порт Канстанца. Парты на Дунаі (Брэіла, Галац і інш.) абслугоўваюць рачныя і марскія перавозкі. У марскім флоце 142 судны агульнай грузападымальнасцю 1,2 млн. бр. рэг. т (1999). 62 аэрапорты, у т. л.міжнар. каля Бухарэста, Тымішаары, Канстанцы, Ясаў. У 1999 экспарт склаў 8,4 млрд.дол., імпарт 9,6 млрд.дол. У экспарце пераважаюць вырабы лёгкай прам-сці, абсталяванне для нафтавай, хім., цэм. і інш. галін, вагоны, прадукцыя хім. прам-сці, нафтапрадукты, драўніна і вырабы з яе, некат. харч. прадукты; у імпарце — машыны і абсталяванне, жал. руда, вугаль, кокс, нафта, сыравіна для тэкст. прам-сці, харч. тавары. Гал.гандл. партнёры: Італія (22% экспарту, 17,4% імпарту), Германія (19,6% і 17,5%), Францыя, ЗША, Расія. Знешні доўг больш за 9 млрд.дол. (1999). Р. атрымлівае эканам. дапамогу ад міжнар. арг-цый і асобных краін (каля 500 млн.дол. штогод). Агульнаеўрап. значэнне мае турысцкая база: каля 6,5 млн. замежных турыстаў штогод. Грашовая адзінка — лея.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (178 тыс.чал.) і ваенізаваныя фарміраванні (75,9 тыс.чал.), (2000). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву і па кантракце. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ППА, ВМС. У сухап. войсках 133 тыс.чал., 1250 танкаў, больш за 1,8 тыс. баявых браніраваных машын, да 1,3 тыс. адзінак гармат палявой артылерыі, рэактыўных сістэм залпавага агню і мінамётаў. У ВПС і войсках ППА 34,5 тыс.чал., больш за 350 баявых самалётаў, да 300 пускавых установак зенітных кіроўных ракет і 360 гармат зенітнай артылерыі, 135 самалётаў дапаможнай авіяцыі і 200 верталётаў. У ВМС 10,5 тыс.чал., 21 баявы карабель, больш за 100 баявых катэраў, 25 дапаможных суднаў, каля 10 верталётаў.
Ахова здароўя. Сістэма аховы здароўя спалучае дзярж.мед. паслугі, сац. страхаванне, прыватную ўрачэбную практыку. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 67, жанчын 75 гадоў (2000). Узровень нараджальнасці — 11 на 1 тыс.чал. Смяротнасць 12 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост адмоўны: -0,15%. Дзіцячая смяротнасць 17 на 1 тыс. нованароджаных (2000).
Асвета. Сучасная сістэма адукацыі Р. ўключае дашкольныя ўстановы [дзіцячыя сады для дзяцей 3—6(7)-гадовага ўзросту], агульнаадук. школы, прафес. і вышэйшыя навуч. ўстановы. У агульнаадук. школу ўваходзяць абавязковая 8-гадовая школа — ніжэйшая ступень сярэдняй адукацыі (4 гады навучання ў пач. школе для дзяцей з 6—7-гадовага ўзросту і 4 гады ў гімназіі, 5—8 кл.) і ліцэй — вышэйшая ступень сярэдняй адукацыі або поўная сярэдняя школа (9—12 кл. пры дзённай і 9—13 кл. пры вячэрняй ці дадатковай формах навучання). Выпускнікі гімназіі атрымліваюць сертыфікат, які дае права здаваць уступныя экзамены для паступлення ў ліцэй (дае званне бакалаўра) або прафес. школы (2—4 гады навучання), а таксама вучыцца ў вучнёўскіх (рамесных) школах без уступных экзаменаў. Сістэма вышэйшай адукацыі ўключае кароткатэрміновыя курсы (1—3 гады навучання ва універсітэцкіх каледжах) і доўгатэрміновыя (1—6-гадовы тэрмін навучання ва ун-тах, акадэміях і ім падобных ін-тах). У 1995/96 навуч.г. ў Р. каля 14 тыс.пач. школ і гімназій (каля 3 млн. навучэнцаў), больш за 1 тыс. ліцэяў (каля 1 млн. навучэнцаў), больш за 1 тыс. розных навуч. устаноў прафес. адукацыі (каля 4 тыс. навучэнцаў), 48 дзярж.ВНУ (225,1 тыс. студэнтаў), з 1990 існуюць і прыватныя. Буйнейшыя дзярж.ВНУ: ун-ты ў гарадах Бухарэст, Ясы, Клуж-Напока, Тымішаара, Краёва, Брашоў і інш. У Р. больш за 16 тыс. б-к і больш за 450 музеяў. Найб. б-кі: Рум, АН, Цэнтр.дзярж. (мае філіялы ў адм. цэнтрах паветаў), Цэнтр. універсітэцкая — усе ў Бухарэсце; Цэнтр. універсітэцкая ў г. Клуж-Напока; універсітэцкія б-кі ў гарадах Брашоў, Краёва, Тымішаара, Ясы. Найб. музеі: нар. мастацтва, мастацтваў, гісторыі Р., музыкі, этнагр. «Музей сяла», тэхнікі, прыродазнаўчых навук імя Г.Анціпы — усе ў Бухарэсце; этнагр.паўн. Трансільваніі, гіст., мастацтваў у г. Клуж-Напока; гіст., сучаснага рум. мастацтва ў г. Галац; археал., маст. ў г. Канстанца, маст. ў г. Тымішаара, гіст. ў гарадах Залоў, Ясы і інш.Навук. даследаванні праводзяцца ін-тамі Рум.АН, галіновымі НДІ, на кафедрах ун-таў і акадэмій, н.-д. цэнтрамі.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1999 у Р. больш за 470 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «Adevărul» («Праўда», з 1989), «România liberă» («Свабодная Румынія», з 1943), «Tineretul liber» («Свабодная моладзь», з 1989), «Azi» («Сёння»), «Libertatea» («Свабода»), «Viitorul Românesc» («Будучыня Румыніі»), «Dreptatea» («Справядлівасць»; усе з 1990). Інфарм. агенцтвы: нац. РОМПРЭС (з 1949, да 1990 наз. Аджэрпрэс), незалежнае прыватнае А.М.Прэс (з 1991). Радыёвяшчанне з 1925. Тэлебачанне з 1953. Трансліруюцца праграмы Рум. тэлебачання (2 нац. і 1 міжнар. каналы), дзейнічаюць тэлестанцыі: ПРО ТВ, Антэна 1, Прыма ТВ і інш. Перадачы вядуцца на 15 мовах.
Літаратура развівалася пад уплывам фальклору (казкі, гайдуцкія балады, дойны — лірычныя песні), а таксама культуры суседніх, у т. л.слав., народаў. Першыя пісьмовыя помнікі царк.-дыдактычнага характару на слав. мове вядомы з 15 ст. У 16—18 ст. на станаўленне рум. мовы і л-ры паўплывалі пераклады рэліг. кніг з царк.-слав. мовы, дзейнасць летапісцаў Г.Урэке, М.Касціна, І.Некулчэ, К.Кантакузіна. На мяжы 17—18 ст. узнік асветніцкі рух, найбуйнейшым прадстаўніком якога быў малд. асветнік Дз.К.Кантэмір. Асветніцкую дзейнасць развівала т.зв. лац., або трансільванская, школа (С.Міку-Клейн, Г.Шынкай, П.Маёр і інш.). На мяжы 18—19 ст. зарадзілася ўласная рум.л-ра (паэзія Э., А. і Н. Вэкэрэску, К.Канакі). Найб. вядомы твор рум. асветніцтва — паэма «Цыганіяда» І.Будай-Дэляну. У пач. 19 ст. з ростам нац.-вызв. руху ўзнікла новая хваля асветніцкага руху: паявіліся першыя газеты, пераклады з зах.-еўрап. і рус. л-р, актывізавалася дзейнасць заснавальнікаў новай рум. л-ры Г.Асакі і І.Эліядэ-Рэдулеску, створаны нац. т-р. Пасля 1848 л-ра Р. набыла яскрава рамант. характар. Творчасць В.Александры, М.Эмінеску, Дз.Балінтыняну, В.Кырлава, К.Негруцы характарызавалася імкненнем сфармуляваць і адлюстраваць прагрэс.сац. ідэі, вял. ўвага аддавалася фальклору і нац. гісторыі (М.Кагэлнічану, А.Пан). З сярэдзіны 19 ст. пачаў фарміравацца рэаліст. кірунак (раман «Старыя і новыя міраеды» Н.Філімона, творы І.Л.Караджале, Дж.Кошбука, І.Крангэ, І.Славіча, Б.Дэлаўранчы і інш.). У канцы 19 ст. на развіццё л-ры паўплывала тэорыя «чыстага мастацтва» (Ц.Л.Маярэску), супраць якой з патрабаваннем «тэндэнцыйнага» (ідэйнага) мастацтва выступілі К.Дабраджану-Гера і інш. У перыяд паміж сусв. войнамі замацаваўся рэалізм (проза М.Садавяну, І.Агырбічану, Л.Рэбрану, К.Петрэску, Ч.Петрэску, Г.Пападат-Бенджэску, Дж.Кэлінеску). У паэзіі найб. вылучыліся прадстаўнікі сімвалізму і экспрэсіянізму, для якіх характэрны антыманархізм (А.Мачэдонскі), пантэізм (Л.Блага), пошукі этычнага ідэалу (Т.Аргезі) і інш. У 1930-я г. зарадзілася пралет.л-ра (проза А.Сахіі, Дж.Богзы, паэзія М.Бенюка, Э.Жэбеляну). Пасля вызвалення Р. ад фашызму пісьменнікі пісалі пра новыя ідэі, час і жыццё (Садавяну, К.Петрэску, Ч.Петрэску, З.Станку, Бенюк, Жэбеляну, В.Тэадарэску). Асн. тэндэнцыі пасляваен. л-ры вызначалі проза Ц.Паповіча, М.Прэды, Э.Барбу, паэзія М.Бануш, Р.Баўрану, драматургія А.Барангі, Х.Лавінеску і інш. На мяжы 1950—60-х г. у л-ру прыйшло новае пакаленне літаратараў (празаікі Д.Р.Папеску, Ф.Нягу, Н.Веля, паэты Н.Стэнеску, М.Сарэску, А.Бландыяна), у творах якіх рэалістычна адлюстраваны сац. кантрасты і супярэчнасці, створаны яркія нар. вобразы. У сучаснай рум. л-ры выявілася тэндэнцыя да ўзняцця маральных праблем, паглыбленага псіхал. аналізу на аснове адкрыцця індывід. светаадчування, маст. сімвалізацыі, міфалагізацыі і лірызацыі прозы (Ш.Бэнулеску, Нягу, А.Івасюк, Прэда, Станку, Стэнеску, Ч.Балтач і інш.). Развіваюцца таксама л-ры на мовах інш. нацыянальнасцей (венг., ням., сербскай і інш.). У 1949 створаны Саюз пісьменнікаў Р.
На рум. мове друкаваліся асобныя творы Я.Купалы, Я.Коласа, К.Чорнага, М.Танка, Н.Гілевіча, С.Грахоўскага, Г.Далідовіча, В.Іпатавай і інш.бел. пісьменнікаў. У бел. перакладзе выйшла кн. «Румынская навела» (1977, пер. М.Ткачоў, Г.Шаранговіч, У.Лапцёнак, Я.Курто); у зборніках, альманахах, перыёдыцы друкаваліся паасобныя творы Аргезі, Бенюка, Барангі, Бландыяна, М.Дынеску, Крангэ, Д.Крэснару, Кэлінеску, Г.Маярэску, І.Мірчы, Паповіча, М.Себасцьяна, Станку, Стэнеску і інш. Сярод перакладчыкаў і прапагандыстаў бел. л-ры ў Р. — паэтэса і перакладчыца П.Стайчэску і перакладчык Т.Пую. На бел. мову творы рум. пісьменнікаў перакладалі А.Бачыла, Т.Бондар, А.Бутэвіч, А.Вярцінскі, М.Гіль, С.Законнікаў, У.Казбярук, М.Мятліцкі, В.Нікіфаровіч, П.Прыходзька, Я.Семяжон і інш.
Архітэктура. Захаваліся рэшткі ант. гарадоў на ўзбярэжжы Чорнага м. (Калатыя, цяпер Мангалія), руіны дакійскіх крэпасцей у гарах Трансільваніі. Сярэдневяковая архітэктура Трансільваніі развівалася ў цеснай сувязі з архітэктурай краін Зах. Еўропы. У 13 ст. тут склаўся лакальны варыянт раманскай архітэктуры з венг.-ням. уплывам: базілікі ў Чыснэдыаары (да 1223) і Алба-Юліі (паміж 1250—90), замак Корвінаў у Хунэдаары. З 14 ст. пашырана буд-ва ў стылі готыкі: зальныя храмы св. Міхаіла ў г. Клуж-Напока, «Чорны» ў г. Брашоў (14—15 ст.), у г. Сібіў (14 — пач. 16 ст.). У 14—17 ст. будаваліся каменныя і цагляныя дамы гараджан, гар. ўмацаванні з брамамі і вежамі (Сібіў, Сігішаара, Брашоў), замкі свабоднай планіроўкі, з вежамі, эркерамі, ірэгулярнымі ўнутр. дварамі (Бран, 1377; Хунедаара, 15 ст.). Пад уплывам мастацтва Адраджэння з пач. 16 ст. дамы аздаблялі ордэрнымі дэталямі, капэлы ў храмах набывалі пышны рэнесансавы скульпт. дэкор (капэла Лаца ў саборы ў Алба-Юліі, 1512). З пач. 18 ст. пашырыліся пабудовы ў рэгіянальным стылі аўстра-венг. барока з яго манументальнасцю і рэпрэзентатыўнасцю (саборы ў г. Клуж-Напока, Тымішаара, палац Брукенталя ў Сібіў). Архітэктура Валахіі і Малдовы арыентавалася на ўзоры правасл. краін — Візантыі, Сербіі і Балгарыі. Побач з крыжова-купальнымі (царква св. Мікалая ў Курцядэ-Арджэш, 13—14 ст.) будаваліся 1-нефавыя трохконхавыя храмы з прытворам і купаламі (саборы манастыроў Казія ў Сірэце і св. Георгія ў Хырлэў, 14 ст.). У дэкоры гатычныя дэталі спалучаліся з узорыстымі паліванымі керамічнымі ўстаўкамі (царква манастыра Нямц, 1497). У канцы 15 — пач. 16 ст. ў цэрквах рабілі скляпенні ў выглядзе ступеньчатых арак на кансолях. У 14—17 ст. шырока будавалі крэпасці і ўмацаваныя манастыры (Нямц, Сучава), дамы-крэпасці (кула) з масіўнымі каменнымі сценамі і вокнамі ў выглядзе байніц. Для царк. архітэктуры 16—17 ст. характэрна імкненне да пышнага дэкаратывізму. Храмы з каменю і мармуру ўпрыгожвалі святочнай плоскарэльефнай разьбой (цэрквы ў Курця-дэ-Арджэш, манастыра Дзялу), часта з арнаментам (царква «Трох свяціцеляў» у Ясах). У традыц. кампазіцыю часта ўводзілі адкрыты прытвор з аркамі ці прысадзістымі аркадамі. Вясковыя цэрквы Малдовы з навісаючымі высокімі дахамі звонку аздаблялі яркімі сюжэтнымі размалёўкамі (манастыра Малдавіца, 1532; с. Варанец, размалявана ў сярэдзіне 16 ст.). У архітэктуры Валахіі ў канцы 17 — пач. 18 ст. склаўся т. зв. стыль Брынкавяну — спалучэнне нар. традыцый і нац. дойлідства з элементамі рэнесансу і барока (лоджыямі, балюстрадамі, вітымі калонамі; палац Магашаая каля Бухарэста, 1700—02). У канцы 18—пач. 19 ст. будавалі з рысамі класіцызму (арх. А.Арэску). Да 19 ст. гарады захоўвалі аблічча ірэгулярных сельскіх паселішчаў. У 2-й пал. 19 ст. ў Р. з’явіліся парадныя грамадскія будынкі ў духу эклектыкі (Атэнеум, Палац юстыцыі і інш. ў Бухарэсце). У 1880-я г.арх. І.Мінку звярнуўся да традыцый рум.нар. дойлідства і стылю Брынкавяну (будынак «Буфетул» у Бухарэсце). Для архітэктараў пач. 20 ст. (Г.Чэркез, І.Д.Берындзей, А.Сэвулеску, Н.Гіка-Будэшты), характэрна рамант. захапленне гіст. стылямі (неаготыка, неарэнесанс), імкненне да інтэрпрэтацыі форм нац. архітэктуры. У 1930-я г. тэндэнцыі неакласіцызму (Палац Рэспублікі ў Бухарэсце) змяніліся функцыяналізмам (пабудовы Х.Крангэ, Д.Марку ў г. Брашоў і Бухарэсце). З 2-й пал. 20 ст. ўкараняюцца індустр. метады, будуюцца новыя (Георге-Геаргіў-Дэж, Урыкані і інш.) і рэканструююцца старыя гарады. На Чарнаморскім узбярэжжы створаны добраўпарадкаваныя курорты (Мамая, Эфорыя, Мангалія і інш.). Новыя жыллёвыя комплексы вылучаюцца гнуткасцю прасторавай арганізацыі, разнастайным рытмічным размяшчэннем тыпавых звёнаў, вентыляцыйных і сонцаахоўных прыстасаванняў, выкарыстаннем колеру і фактуры панэлей (жылыя раёны Тытан, Флараска, Букурэшты-Ной і інш. ў Бухарэсце). Узводзяцца разнастайныя паводле форм і планіроўкі шматпавярховыя секцыйныя і вежападобныя будынкі з выкарыстаннем зборных метал. і жалезабетонных каркасаў і перакрыццяў, навясных панэлей (цырк у Бухарэсце, вакзалы ў г. Брашоў і Канстанца). 1960—80-я г. адметныя пошукамі пластычнай выразнасці цэласных аб’ёмаў (ансамбль Нац.т-ра імя Караджале з гасцініцай «Інтэркантыненталь» у Бухарэсце), імкненнем да пераасэнсавання нар.арх. традыцый (адм. цэнтры ў Бая-Марэ, Баташані і інш.). У пабудовах і рэзідэнцыях 1980-х г. відавочна нарастанне пампезнага эклектызму. З 1990-х г. архітэктура Р. арыентуецца на зах.-еўрап. рацыянальны стыль з захаваннем багатых нар. традыцый. У 1952 засн. Саюз архітэктараў Р.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. З неаліту на тэр. Р. вядомы зааморфныя і антрапаморфныя статуэткі з косці і гліны (т. зв. «Мысліцель з Чарнаводы», 3-е тыс. да н.э.), керамічны посуд з ляпным, гравіраваным і маляваным геам. арнаментам у стылі, блізкім да эгейскага мастацтва, Цэнтр. і Паўд.-Усх. Еўропы. Захаваліся маст. вырабы фракійцаў, скіфаў, кельтаў, творы рым. скульптуры, ювелірныя вырабы готаў і стараж. славян. У 14—15 ст. у Валахіі і Трансільваніі развівалася плоскарэльефная разьба па камені, насценныя размалёўкі (фрэскі ў цэрквах св. Міколы ў Курця-дэ-Арджэш, у Крышчоры, Лешніку, Рыбіцы і інш.); у Малдове дасягнула росквіту мініяцюра (майстар Гаўрыл Урык). Вядомасць набылі выканаўцы бронзавых статуй М. і Г. Клужскія. У канцы 15—16 ст. пад уплывам Германіі і Польшчы пашырылася разьба па камені на барабанах купалаў, надмагільных плітах, каменных саркафагах, у абрамленні акон і парталаў цэркваў. Мастацкай дасканаласці дасягнулі вышыўка, разьба па дрэве, апрацоўка металу. У 17—18 ст. у храмах Малдовы і Валахіі пашырыліся разьбяныя алтары ў стылі Брынкавяну. У 17 ст. ў Трансільваніі з’явілася надмагільная скульптура ў духу рэнесансу, а ў канцы 17—18 ст. пад уплывам аўстр. мастацтва — дэкар. скульптура барока. Для размалёвак 16 ст. характэрны свецкія матывы, рысы рэпрэзентатыўнасці і арнаментальнасці, гал. чынам у партрэтах царк. старастаў (размалёўкі епіскапскай царквы ў Курця-дэ-Арджэш, каля 1526). У вонкавых размалёўках цэркваў Малдовы рабіліся спробы ўнесці ў мастацтва актуальны змест (выявы туркаў сярод грэшнікаў у сцэнах «страшнага суда»). У жывапісе Валахіі 17—18 ст., прасякнутым наіўна-фалькл. матывамі (размалёўкі цэркваў у Філіпешты-дэ-Пэдурэ, 1692, жывапісец Пырву Муту), пашырыліся пейзажныя і арх. формы з элементамі прасторавасці (размалёўкі манастыра Хурэзі, 1694—1704). У іканапісе Малдовы і Валахіі строгая абагульненасць змянілася ў 17 ст. імкненнем да арнаментальнасці. У 18 ст. з’явіўся жывапіс у стылі барока, прадстаўлены гал. чынам ’работамі аўстр., чэшскіх і славацкіх майстроў (Ф.Маўльберч, І.Н.Шопф і інш.). З 2-й пал. 18 ст. вядомы свецкія партрэты І.М.Штока. У пач. 19 ст. фарміравалася свецкае мастацтва (творы Н.Палкоўнікула, Г.Баламіра). Пазней узніклі тэндэнцыі да рамантызму і рэалізму (І.Негуліч, Б.Іскавеску, Т.Аман, патрыятычная алегарычная кампазіцыя К.Д.Разенталя). У 1860—70-я г. росквіту дасягнуў дэмакр. рэалізм (Н.Грыгарэску, І.Андрэеску). У пач. 20 ст. пошукі выразных і каларыстычных сродкаў, выкарыстанне прыёмаў фавізму, кубізму і экспрэсіянізму спалучаліся з цікавасцю да прадметнага свету з дэмакр.нац. ідэаламі (Ш.Лук’ян, Г.Петрашку, Т.Паладзі, К.Рэсу, Ш.Дымітрэску, Н.Таніца, Ф.Шырата, Дз.Г’яцэ). У скульптуры акадэмізм змяніўся тэндэнцыямі рамантызму (Ш.Іанеску-Валбудзя), мадэрна (Дз.Пачура), неакласіцызму (І.Жаля, О.Хан, К.Медра), сімвалізму (К.Брынкушы). Графіцы 1920—30-х г. уласціва экспрэсіўнасць (А.Жыкідзі, І.Рос, Н.Арборэ). З канца 1940-х г. мастацтва напаўнялася новым зместам. Жывапісцы К.Баба, М.Бунеску, Х.Катарджы, А.Чукурэнку, Г’яцэ распрацоўвалі індустр. пейзажы, кампазіцыі на тэмы працы і гісторыі; у жывапісе ўзмацніліся рысы дэкар. стылізацыі (К.Піліуцэ, Б.Каваліў), фактурныя і каларыстычныя пошукі (В.Сакеларые-Уладзімерэску), выкарыстанне традыцый нар. творчасці (І.Цукулеску), абстрактнага экспрэсіянізму (І.Геаргіў, В.Алмэшану), сюррэалізму (С.Бэлаша), з канца 1960-х г. — пошукі нац. своеасаблівасці (Г.Шару, В.Мэрджынян, І.Сэлішцяну, І.Мусчэляну і інш.). У скульптуры вылучаюцца партрэтныя статуі і бюсты Жалі, Г.Ангела, Р.Ладзі, Б.Караджы, Хана; станковыя кампазіцыі і манументы Медры, Г.Віды, Ю.Аніцы, сімвалічныя вобразы і партрэты І.Ірымеску, З.Бэйкаяну і інш. Рысы традыцый сярэдневяковай і нац. скульптуры ўласцівы творам С.Раду, Г.Іліеску, І.Власіў. Высокага ўзроўню дасягнулі кніжная графіка, плакат, манум.-дэкар. і дэкар.-прыкладное мастацтва.
Музыка. Станаўленне муз. мастацтва ў Р. звязана з фальклорам, якому ўласцівы аднагалоссе, апора на дыятанічныя лады і пентатоніку, складаная нерэгулярная рытміка, перамяшчэнне акцэнтаў, багатая мелізматыка. Пашыраны стараж. абрадавыя і інш. песні, эпічныя балады (дойны); танцы — хора, сырба, хацэгана, мужчынскі брыу і інш.Нар. інструментарый: скрыпка, кобза, цымбалы, флуэр (флейта), най (флейта Пана), чымпой (валынка), бучум (рог). Пашырэнню фальклору спрыялі нар. музыканты-прафесіяналы-лэўтары (Б.Лэўтару, Н.Піку, Г.Дыніку), якія звычайна выступалі ў складзе тарафаў (нар. аркестраў). Рум. кампазітарская школа склалася ў 2-й пал. 19 ст. У ліку першых кампазітараў-прафесіяналаў А.Флехтэнмахер (аўтар першай нац. аперэты «Баба Яга»), І.Вахман (стваральнік першага рум. вадэвіля «Трыумф кахання»), Ч.Парумбеску, В.Хірка, Л.Віст. Вызначальнай стала опера Э.Каўдэлы «Петру Рарэш». Пачынальнік рум. сімфоніі — Дж.Штэфэнеску. Уклад у камерныя жанры зрабіў К.Дымітрэску — заснавальнік квартэта (1880), аўтар камерных ансамбляў, сольных інстр. п’ес. Хар. музыку пісалі Г.Музічэску, Г.Дыма, Д.Кірыяк-Джарджэску, Г.Куку, Я.Мурэшыяну, І.Віду і інш. Фарміраванню нац. кампазітарскай школы спрыяла дзейнасць па збіранні і запісе нар. творчасці, у т. л. фалькларыста А.Пана. Сінтэз фальклору і прафес. музыкі ўласцівы творчасці Музічэску, Ф.Кіпрыяка, Т.Брэдычану і інш. Станаўленню муз. культуры і адукацыі садзейнічалі стварэнне рум. пеўчага і тэатр.т-ва, філарманічнага т-ва ў Бухарэсце (1833), Ясах (1936), адкрыццё там кансерваторый (1864), сімф. аркестра Бухарэсцкай філармоніі (1868). Сярод выканаўцаў 2-й пал. 19 ст. дырыжоры Э.Вахман, Каўдэла, спевакі Дж.Дымітрэску, Х.Даркле, М.Нуавіна і інш. У 1-й пал. 20 ст. інтэнсіўна развіваліся муз. жанры, вёўся пошук новых тэм, сюжэтаў, выразных сродкаў. Узначальваў рум. кампазітарскую школу Дж.Энеску. Заснавальнік рум. балета і камерна-вак. музыкі — М.Жора, жанру інстр. канцэрта — П.Канстанцінеску; у розных муз. жанрах працавалі С.Драгой, Дз.Куклін, А.Мендэльсон, І.Думітрэску, А.Зіра, М.Андрыку, пазней С.Тадуцэ, П.Чорця. У 2-й пал. 20 ст. значнае месца ў муз. мастацтве займала гераічная тэма. У операх Г.Думітрэску («Гаспадар Іон Люты», «Дэчэбал», «Паўстанне»; 1955—60), Канстанцінеску («Панэ Лесня Русалім», 1955), Д.Попавіча (трыпціх камерных опер «Праметэй», «Допыт на зары», 1958—74) зацвярджаецца жанр нар.муз. драмы на гіст. сюжэт. Сімф. жанр развівалі Д.Бугіч, А.Віеру, Г. і І. Думітрэску, П.Бентою, Попавіч і інш. У галіне камернай, хар. і інш. музыкі працавалі К.Сільвестры, А.Рацыў, М.Марбе, Ш.Нікулеску, Т.Олах, А.Строе і інш., творчасць якіх вылучаецца разнастайнасцю кірункаў, стыляў, прыёмаў кампазіцыі, засваеннем сучаснай кампазітарскай тэхнікі. Сярод выканаўцаў дырыжоры А.Александрэску, М.Басараб, Дж.Джарджэску, Т.Рагальскі, Сільвестры, Э.Эленеску, піяніст Дз.Ліпаты, скрыпачы І.Войку, Ш.Руха, спевакі Г.Зобіян, Т.Лукачу, Э.Петрэску, М.Янкулеску, сярод музыказнаўцаў Т.Балан, З.Ванча, Р.Александрэску. Развіццё муз. адукацыі і выканальніцтва звязана са з’яўленнем новых філармоній (Тымішаар, Клуж-Напока), оперных т-раў (Клуж-Напока, Ясы, Канстанца). Вядомасць набылі сімф. аркестры Бухарэсцкай і Клужскай філармоній, аркестр нар. інструментаў, харавыя калектывы. Цэнтр муз. навукі — Ін-т этналогіі, дыялекталогіі і фальклору. У Р. праводзіцца міжнар. фестываль імя Энеску.
Тэатр. Вытокі рум.т-ра ў стараж. гульнях і абрадах з элементамі тэатралізацыі. У 18—19 ст. узніклі больш складаныя формы т-ра «іразій», «віклеім» (літургічная драма), «жакул пэпушарылор» (лялечнае прадстаўленне), гайдуцкая драма (пра нар. паўстанцаў). Заснаванне прафес.т-ра звязана з дзейнасцю школьнага т-ра (пастаноўкі ў 1775 у Трансільваніі і ў 1816 у Ясах па ініцыятыве пісьменніка Г.Асакі, у Бухарэсце пад кіраўніцтвам паэта Я.Вэкэрэску), адкрыццём школы драм. мастацтва пры Філарманічным т-ве ў Бухарэсце (1833), Драм. кансерваторыі ў Ясах (1836). У 1841 у Ясах узведзены будынак т-ра. У 1852 у Бухарэсце пачаў працаваць Вял.т-р, перайменаваны ў 1877 у Нацыянальны. У рэпертуары пераважалі творы В.Альф’еры, Вальтэра, Мальера. Уклад у развіццё рум.т-ра зрабілі пісьменнікі і грамадскія дзеячы К.Негруцы, В.Александры, М.Кагэлнічану, удзельнікі рэвалюцыі 1848. У 2-й пал. 19 ст. акцёрскае мастацтва развівалася ў рэаліст. (М.Міла) і рамант. (К.Караджале, М.Паскалі) кірунках. У 1877 засн.Драм.т-вапрафес. акцёраў. На мяжы 19—20 ст.рэаліст. традыцыі прадаўжалі акцёры Г.Маналеску, А.Раманеску, К.Натара, А.Пруцяну, пазней — іх вучні А.Дэметрыядэ, Т.Буландра і Л.Стурдза-Буландра, Г.Сторын і інш. На нац.тэатр. мастацтва значна паўплывала дзейнасць драматурга і рэжысёра І.Л.Караджале, які ўзняў рум.сатыр. камедыю да ўзроўню лепшых узораў сусв. драматургіі. Станаўленню гіст. драмы садзейнічала творчасць драматургаў Александры, Б.П.Хашдэў, А.Давілы, Б.Дэлаўранчы. На дзейнасць рэфарматара нац.т-ра П.Гусці (у 1905—08 і 1912—14 дырэктар Нац.т-ра) паўплывала творчасць А.Антуана і К.Станіслаўскага. У 1919 пасля аб’яднання Трансільваніі з Р. заснаваны Нац.т-р у г. Клуж-Напока, які дасягнуў значных поспехаў пад кіраўніцтвам З.Бырсана. Рэаліст. традыцыі развівалі К.Петрэску, Дж.Замфірэску, В.Эфтыміў, Буландра, Стурдза-Буландра, М.Вентура, З.Саарэ, М.Філоці, М.Себасцьян і інш. Спектаклі ставілі рэж. Гусці, В.І.Попа, А.Майкан і інш. У 1920—30-я г.рум.т-р заняпаў. З 1938 у Ясах існаваў т-р для працоўных «Праца і добрая воля». Пасля 2-й сусв. вайны тэатр. мастацтва ў Р. актыўна развіваецца. Узнікла новая драматургія (М.Давідоглу, Х.Лавінеску, А.Баранга, А.Мірадан). У 1961 створаны Т-р камедыі, у 1964 — Малы т-р. Сярод вядучых т-раў: Рум.нац.т-р імя ІЛ.Караджале, Рум.т-р імя Л.Стурдзы-Буландры; т-ры камедыі «Мік», імя Натары, для дзяцей імя І.Крангэ, лялечны «Цэндэрыкэ» ў Бухарэсце; т-ры нац. імя Александры ў Ясах, у г. Клуж-Напока і Краёва. Сярод лепшых рэжысёраў і акцёраў Р.Беліган, Х.Папеску, Л.Чулей, Л.Джуржэску, Р.Пенчулеску; сярод крытыкаў і гісторыкаў т-ра В.Рыняну, В.Сілвестру, М.Бэрбуцэ і інш. У Бухарэсце з 1954 працуе Ін-ттэатр. і кінематаграфічных мастацтваў імя ІЛ.Караджале; у 1950 у г. Тыргу-Мурэш арганізаваны Венг.тэатр.ін-т імя С.Іштвана.
Кіно. З 1897 у Бухарэсце дэманстраваліся першыя відавыя фільмы. З 1911 пачаўся выпуск маст. фільмаў («Ракавое каханне», 1911; «Вайна за незалежнасць», 1912, рэж. Г.Брэзяну). Лепшыя фільмы нямога кіно 1920—30-х г. створаны рэж. Ж.Міхаілам і Ж.Джарджэску. Першыя гукавыя фільмы — камедыя «Бінг-Банг» (1935, рэж. Н.Строе, В.Васілаке), экранізаваная камедыя ІЛ.Караджале «Бурная ноч» (1943, рэж. Джарджэску), дакумент. «Краіна Моцаў» (1938, рэж. П.Кэлінеску). У 1950 пачата буд-ва кінацэнтра «Буфця», засн. студыя дакумент. фільмаў «Александру Сахія». У 1951 створаны першы анімацыйны фільм. У 1950-я г. здымаліся фільмы пра сучаснасць, экранізаваліся творы класічнай л-ры; пачалі працаваць рэжысёры, фільмы якіх вызначылі нац. кінамастацтва 1960—70-х г.: Л.Брату («Тудор», 1963), А.Блаер («Раніца разважлівага чалавека», 1967), Г.Вітанідыс («Шкадлівы юнак», у сав. пракаце «Усяго адзін месяц», 1969; «Кантэмір», 1975), М.Дрэган («Смага», паводле рамана Ц.Паповіча, 1961; «Лупень, 29», 1963; «Калона», 1968), Дз.Кочы («Гайдукі», 1966; «Выкраданне дзяўчыны», «Помста гайдукоў», абодва 1968), Ф.Мунцяну («Неба без кратаў», паводле свайго рамана «Мастак», 1962; «Тунэль», 1967, сумесна з СССР), М.Мурэшан («Паўстанне», паводле Л.Рэбрану, 1966; «Аблога», 1971), С.Нікалаеску («Дакі, 1967; «Міхай Храбры», 1970; «Бессмяротныя», 1974), Л.Пінтыліе («У нядзелю, у 6 гадзін вечара», 1966; «Рэканструкцыя», 1969), Д.Піца («Філіп добры», 1975), Л.Чулей («Хвалі Дуная», у сав. пракаце «Рака палае», 1960; «Лес павешаных», паводле Рэбрану, 1965). Вядомасць набылі экранізацыі: «Каменнае вяселле» (1973), «Дух золата» (1974) паводле навел І.Агырбічану (рэж. М.Верою, Піца). Фільмы 1980-х г. вызначаюцца ўвагай да праблем сучаснасці: «Экскурсія» (1981, рэж. М.Данелюк), «Конкурс» (рэж. Піца), «У чаканні цягніка» (рэж. Верою, абодва 1982). Дэбютавалі як рэжысёры І.Дэміян («Сляза дзяўчыны»), Д.Тэнасе («Паўабаронца», абодва 1980), В.Алекса («Перад маўчаннем», 1978; «Шпагаглытальнік», 1981) і А.Татос («Сумная Настасся ішла», 1980; «Эпізоды», 1982). Здымаліся фільмы сумесна з СССР — «Марыя, Мірабела» (1982, рэж. І.Папеску-Гопа), «Казка падарожжаў» (1983, рэж. А.Міта). Значныя дасягненні анімацыйнага кіно Р. (Папеску-Гопа, І.Труйка, С.Балаш і інш.). Сярод дакументалістаў М.Іліешу, Ц.Месараш, Дж.Сегал; лепшыя акцёры — М.Албулеску, Д.Алцяну, М.Барбу, І.Бесою, Ю.Дарые, Г.Дынікэ, Д.Канстанцін, М.Паганат, С.Паповіч, А.Пеля, І.Петрэску, Ф.П’ерсік, В.Рэбенджук, С.Стэнкулеску, І.Чабану; сцэнарысты, гісторыкі і крытыкі — І.Грыгарэску, Д.Папеску, Паповіч, П.Сэлкудзяну, М.Геаргіў, В.Іліў, І.Кантакузіна, Е.Апрою. З 1954 спецыялістаў у галіне кіно рыхтуе Ін-ттэатр. і кінамастацтва імя ІЛ.Караджале.
Літ.:
Краткая история Румынии: С древнейших времен до наших дней. М., 1987;
Революции 1989 г. в странах Центрально-Восточной Европы: взгляд через десятилетие // Славяноведение. 1999. № 6;
Кожевников Ю.А. Эпоха романтизма в румынской литературе. М., 1979;
Опреску Г. Народное искусство Румынии: Пер. с фр.М., 1960;
Кузьмина М.Т. Искусство Румынии. М., 1966;
Румынская живопись в образах. Бухарест, 1971;
Светлов И.Е. Современная румынская скульптура. М., 1974;
Лейтес Р. Заметки о румынской музыке XX в. // Проблемы музыкальной науки. М., 1972. Вып. 1.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), А.А.Левашэвіч (гісторыя), І.Г.Елісееў (узброеныя сілы), Н.І.Марозава (асвета), Я.Ф.Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), А.У.Валадковіч (музыка).
Герб і сцяг Румыніі.Да арт.Румынія. Горад Брашоў.Да арт.Румынія. Пасёлак у Карпатах.Да арт.Румынія. Ландшафт на ПнУ краіны.Да арт.Румынія. У Паўднёвых Карпатах.Да арт.Румынія. Атэль Букурэшты ў г. Бухарэст.Да арт.Румынія. Забойства Міхая Храбрага 9.8.1601. Эстамп. 18 ст.Да арт.Румынія. Румынскія мінамётчыкі вядуць агонь па нямецка-фашысцкіх войсках. Чэхаславакія. 1945.Да арт.Румынія. Царква манастыра ў с. Варанец. 1488.Да арт.Румынія. Царква «Трох свяціцеляў» у г. Ясы. 1639.Да арт.Румынія. Т.Паладзі. Ваза са сланечнікамі.Да арт.Румынія. К.Брынкушы. Бясконцая калона. 1937.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫТАВО́Е АБСЛУГО́ЎВАННЕ,
форма задавальнення матэрыяльных і культ.-быт. патрэб грамадзян, прадпрыемстваў і арг-цый праз аказанне паслуг; частка сферы абслугоўвання. Прадпрыемствы бытавога абслугоўвання аказваюць паслугі: прамысловыя (рамонт транспартных сродкаў, складанай быт. тэхнікі, вытв-сць і рамонт металавырабаў, адзення, абутку, мэблі, хімчыстка, мыццё бялізны, фотапаслугі, рамонт і буд-ва жылля і інш.) і непрамысл. (паслугі цырульнікаў, лазняў, пракатных пунктаў, даведачных бюро, догляд хворых, састарэлых і дзяцей, дастаўка на дом прадуктаў, білетаў, прыбіранне кватэр і інш.). Адрозніваюць паслугі па вытв-сці гатовай прадукцыі, рамонце вырабаў, задавальненні патрэб асабістага характару. Іх аказваюць насельніцтву па індывідуальных заказах і шляхам вырабу невял. партый прадукцыі, якую рэалізуюць праз уласную сетку, а прадпрыемствам і арг-цыям — паводле заключаных дагавораў. З паскарэннем сац. і навук.-тэхн. прагрэсу, ростам дабрабыту насельніцтва значэнне грамадска арганізаваных формаў задавальнення быт. патрэб расце: бытавое абслугоўванне разам з інш. галінамі сферы абслугоўвання (гандаль, грамадскае харчаванне, камунальная гаспадарка) паступова замяняе асобныя элементы хатняй гаспадаркі грамадскай вытв-сцю і арганізаваным абслугоўваннем. Таму ў развітых краінах бытавое абслугоўванне — высокаіндустр. галіна з выкарыстаннем найноўшых машын, абсталявання і тэхналогій, разнастайных формаў сэрвісу. Развіццё бытавога абслугоўвання садзейнічае павелічэнню занятасці насельніцтва, стварэнню жыллёвага камфорту, рацыянальнаму выкарыстанню вольнага часу, павышэнню культ.-адукац. ўзроўню насельніцтва, лепшай арганізацыі яго адпачынку, а ў выніку — росту прадукцыйнасці грамадскай працы. Асабліва вял. роля бытавога абслугоўвання ў эканам. і сац.-культ. развіцці сельскіх нас. пунктаў.
На Беларусі быт. паслугі здаўна аказвалі саматужнікі-адзіночкі і невял. спецыялізаваныя арцелі (шаўцоў, краўцоў і інш.). Большасць насельніцтва, асабліва сельскага, задавальняла быт. патрэбы традыцыйным самаабслугоўваннем. За час рэвалюцыі, грамадз. вайны і пасляваен. разрухі і гэтая служба быту перастала існаваць. Яе аднаўленне пачалося ў 1920-я г. У чэрв. 1925 ЦВК і СНКБССР прынялі пастанову аб рэгістрацыі т-ваў саматужнікаў, а ў снежні — «Аб зацвярджэнні Беларускага Саюза саматужна-промыславай кааперацыі (Белсампрамсаюза)», на аснове якіх за перадваен. гады аб’яднаны дробныя арцелі і створана сетка новых прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання. У пасляваенны перыяд служба быту аднаўлялася і пашыралася на новай тэхн. аснове. У 1960 дзейнічалі 4724 прадпрыемствы быт. паслуг, з іх больш за 3 тыс. аказвалі прамысл. віды паслуг. У 1965 промыславая кааперацыя рэарганізавана ў Гал. ўпраўленне быт. абслугоўвання насельніцтва, а ў 1966 ператворана ў адпаведнае мін-ва. За 1966—70 створаны 2573 прадпрыемствы быту, за 1971—75 колькасць майстэрняў (атэлье) у гарадах і гар. пасёлках павялічылася на 1510 адзінак, а ў сельскай мясцовасці — на 643, прыёмных пунктаў адпаведна на 1203 і 1061 адзінку. Дзейнічалі спецыялізаваныя прадпрыемствы па мыцці бялізны, хімчыстцы адзення, тэхн. абслугоўванні легкавых аўтамабіляў, рамонце быт. машын і прылад, рамонце і пашыве адзення, абутку, рамонце і вырабе мэблі. Сфарміравана сетка комплексных прыёмных пунктаў і дамоў быту на цэнтр. сядзібах калгасаў і саўгасаў. Нарошчваліся вытв. магутнасці ў сферы бытавога абслугоўвання, павялічваўся аб’ём відаў паслуг. З 1990 функцыі дзярж. рэгулявання ў сферы бытавога абслугоўвання ўскладзены на Бел.рэсп. саюз прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання насельніцтва. Усе яго прадпрыемствы належаць да камунальнай уласнасці (у т. л.абл., гар. і раённай). Быт. паслугі аказваюць таксама прадпрыемствы камун. гаспадаркі, аўтатранспарту, мясц. прамысловасці і інш. У сферы бытавога абслугоўвання фарміруецца таксама сістэма арганізаванага (малыя прадпрыемствы, атэлье) і індывідуальнага (па патэнтах) бізнесу. Пра развіццё гэтай галіны на Беларусі гл.табл.
У пераходны да рыначнай эканомікі перыяд колькасць прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання паменшылася, прадаўжаецца іх прыватызацыя. У 1995 з агульнай колькасці прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання 4546 дзярж., 3272 калектыўныя, 18 прыватных. Яны аказвалі насельніцтву больш за 600 відаў быт. паслуг. У аб’ёме ўсіх платных паслуг бытавога абслугоўвання займае 3-е месца пасля пасажырскага транспарту і камун. гаспадаркі. Найб. ўдзельную вагу ў бытавым абслугоўванні займаюць паслугі пральняў (14,3%), транспартныя (10,4%), рамонт і тэхн. абслугоўванне транспартных сродкаў (9,3%), пашыў адзення (6,7%). Створана інфраструктура галіны: ін-т «Белбыттэхпраект», камбінат «Белбытрэклама», доследна-мех.з-д, вылічальны цэнтр; у абласцях дзейнічаюць рамонтна-буд. ўпраўленні, базы «Аблбытзаб», аўтабазы, вучэбна-курсавыя камбінаты. У пашырэнні сферы бытавога абслугоўвання — вял. рэзерв павелічэння занятасці насельніцтва, што вызваляецца з вытв-сці ў выніку яе структурнай перабудовы.
Ю.І.Муравіцкі.
Асноўныя паказчыкі развіцця бытавога абслугоўвання ў Беларусі
1970
1980
1990
1995
Колькасць прадпрыемстваў (разам з атэлье і майстэрнямі), адзінак
9053
11 206
12 441
7836
у т.л. ў сельскай мясцовасці
4354
5302
4890
2658
Аб’ём рэалізацыі быт. паслуг (у цэнах адпаведных гадоў), млн.руб.
141,5
327
808
1 145 398
у т.л. ў сельскай мясцовасці
35,3
97
200
204 838
Сярэднегадавая колькасць работнікаў на прадпрыемствах і ў прыёмных пунктах, тыс.чал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАЎНІ́ЦТВА,
1) галіна матэрыяльнай вытв-сці па стварэнні, рэканструкцыі, расшырэнні будынкаў і збудаванняў, якія забяспечваюць вытв. дзейнасць людзей і іх матэрыяльна-культ. патрэбы.
2) Працэс збудавання аб’екта, будоўля.
3) Аб’ект разам з адведзенай тэр. для выканання буд.-мантажных работ. Вылучаюць жыллёва-камунальнае будаўніцтва, прамысловае будаўніцтва, сельскагаспадарчае будаўніцтва, транспартнае будаўніцтва, энергетычнае будаўніцтва, гідратэхнічнае будаўніцтва і інш. Прадукцыя будаўніцтва — завершаныя і падрыхтаваныя да эксплуатацыі прамысл. і с.-г. прадпр., інж. і трансп. камунікацыі, жылыя дамы, грамадскія і інш. будынкі. Як галіна эканомікі будаўніцтва — аснова памнажэння нацыянальнага багацця. Высокія тэмпы капітальнага будаўніцтва забяспечваюць абнаўленне буд. прадукцыі, вызначаюць тэмпы інтэнсіфікацыі ўсяго нар.-гасп. комплексу краіны. Ажыццяўляецца будаўніцтва на аснове праектавання і выдзеленых інвестыцый. Для выканання будаўнічых работ створаны агульнабуд. і спецыялізаваныя арг-цыі, фірмы, якія вядуць будаўніцтва падрадным (на аснове дагавораў з падрадчыкамі) і гасп. (сіламі ўласніка аб’екта) спосабамі. Будаўнічыя матэрыялы і будаўнічыя канструкцыі для будаўніцтва пастаўляе будаўнічых матэрыялаў прамысловасць, будаўнічыя машыны і абсталяванне — будаўніча-дарожнае і камунальнае машынабудаванне. На аснове ўмацавання матэрыяльна-тэхн. базы будаўніцтва ўдасканальваецца тэхналогія буд. работ, пашыраецца зборнае будаўніцтва, у т. л. аб’ёмна-блочнае, што павышае тэмпы будаўніцтва і ўзровень індустрыялізацыі.
Найб. развіта ў ЗША, ФРГ, Вялікабрытаніі, Францыі, Японіі і інш. краінах, дзе на долю будаўніцтва прыпадае 8—16% валавога ўнутр. прадукту і 4—9% агульнай колькасці работнікаў, занятых у вытв-сці. Там пераважаюць дробныя і сярэднія фірмы: у ЗША больш за 80% буд. фірмаў маюць да 5 работнікаў кожная, у Францыі больш за 90% такіх фірмаў маюць да 10 чал., у Германіі малыя буд. фірмы (да 100 чал.) выконваюць да 65% аб’ёму буд. работ. Аднак вырашальную ролю ў Б. адыгрываюць буйныя фірмы, што дамінуюць у якасці падрадчыкаў на міжнар. рынку, асабліва ў краінах Б. Усходу, Лац. Амерыкі, Афрыкі і Азіі. На стан будаўніцтва істотна ўплываюць асацыяцыі і аб’яднанні, якія распрацоўваюць і выдаюць нарматыўныя дакументы, прапагандуюць перадавы вопыт, арганізуюць павышэнне кваліфікацыі буд. кадраў, выдаюць спец. часопісы і інш. Кіраванне буд. галіной ажыццяўляецца на аснове буд. кодэксаў. У Японіі дзейнічае Мін-ва будаўніцтва, у Канадзе — Федэральнае мін-вадзярж. будаўніцтва, у Вялікабрытаніі — Мін-ва будаўніцтва і грамадскіх работ, у ЗША — Мін-ва жыллёвага будаўніцтва і гар. развіцця.
У дарэв. Беларусі будаўніцтва вялі пераважна прыватныя падрадныя буд. арг-цыі, рабочыя-сезоннікі, найчасцей уручную. Аднак тут пракладзена густая сетка чыгунак, уведзена ў дзеянне шмат прамысл. прадпрыемстваў, выкананы значны аб’ём меліярац. работ. Гэтаму спрыяла адносна развітая прам-сцьбуд. матэрыялаў. З 1920-х г., асабліва з ажыццяўленнем індустрыялізацыі, будаўніцтва набыло шырокі размах. У 1940 у сістэме трэста Белдзяржбуд дзейнічала 120 пярвічных буд. арг-цый, у т. л. 30 спецыялізаваных, якія выконвалі падрадным спосабам каля 60% аб’ёму буд. работ. За 1919—40 пабудавана і капітальна адрамантавана больш за 1800 прамысл. прадпрыемстваў, 316 МТС, больш за 12 млн.м² агульнай (карыснай) плошчы жылля, шмат школ, мед. устаноў, грамадскіх будынкаў і інш. У Вял.Айч. вайну асн. фондам Беларусі прычынены вял. страты. Аднаўленне і развіццё нар. гаспадаркі абумовілі істотнае павелічэнне маштабаў буд. работ: у 1944—50 капіталаўкладанні ў 1,4 раза перавысілі іх аб’ём за перадваенны перыяд. Усяго ў 1945—95 адноўлена і пабудавана больш за 880 прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. Мінскі трактарны, Мінскі і Беларускі аўтазаводы, Наваполацкі і Мазырскі нафтаперапр. з-ды, ВА «Беларуськалій», Бел. металургічны з-д і інш. гіганты індустрыі; адноўлена і пабудавана 182,8 млн.м² агульнай (карыснай) плошчы жылля, вял. колькасць аўтадарог і чыгунак, меліярац. збудаванняў. Маштабныя буд. работы выкананы па мінімізацыі вынікаў Чарнобыльскай катастрофы. На сучасным этапе будаўніцтва ажыццяўляюць арг-цыі і прадпрыемствы Мін-ва архітэктуры і буд-ва, канцэрнаў «Мінскбуд», «Белпаліўгаз», спец. трэсты «Белэнергабуд», «Белтрансбуд», «Белсувязьбуд», «Палессевадбуд» і інш. У іх складзе каля 200 аб’яднанняў, трэстаў, акц. т-ваў, якія аб’ядноўваюць 995 падрадных буд.-мантажных і 234 рамонтна-буд. арг-цыі (1994) Дзейнічаюць больш за 2 тыс. малых буд. прадпрыемстваў і кааператываў розных формаў уласнасці, у т. л. прыватныя. У 1995 на долю дзярж. падрадных арг-цый прыпадала 39% аб’ёму буд. работ, на калектыўныя — 49%, на арг-цыі змешаных формаў уласнасці — 12%. Створана развітая сетка праектна-вышукальных работ, наладжана вытв-сцьбуд. матэрыялаў і машын.
Літ.:
Лисичкин В.А., Ковальский М.И. Организация управления строительством в капиталистических странах. М., 1987;
Рекитар Я.А. Материальная база капитального строительства: (экон. пробл. и тенденции развития). М., 1988;
Инвестиционный комплекс и проблемы его развития в условиях перехода к рыночной экономике: Сб. науч. тр.Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЖО́ВЫЯ ПАХО́ДЫ,
рэлігійныя войны заходнееўрап. феадалаў супраць мусульм. дзяржаў, язычнікаў, ерэтычных рухаў, прыбалт. і слав. народаў у 11—15 ст. Вяліся пад патранажам каталіцкай царквы. Былі выкліканы ростам матэрыяльных патрэб знаці ў сувязі з развіццём гарадоў і таварна-грашовых адносін у Зах. Еўропе, спрыяльнымі міжнар. абставінамі (паліт. раздробленасць мусульм. свету ў канцы 11 ст.; Візантыя перажывала вял. цяжкасці ў сувязі з нападамі сельджукаў, печанегаў, нарманаў). Іх удзельнікі, падкрэсліваючы свае рэліг. памкненні, нашывалі на адзенне крыжы (адсюль — крыжакі, крыжаносцы). У 1096—1270 адбылося 8 вял. паходаў на Усход. У 1-м К.п. (1096—99), абвешчаным рым. папам Урбанам II у 1095 на Клермонскім саборы дзеля вызвалення труны Гасподняй у Іерусаліме, удзельнічала каля 100 тыс.чал. Выступленню крыжацкага войска папярэднічаў паход незаможных сялян на чале з прапаведнікам Пятром Ам’енскім, якія былі разбіты туркамі-сельджукамі пад Нікеяй. Крыжацкія атрады пераправіліся ў М. Азію, захапілі Нікею (1097), Эдэсу (1098), Антыёхію (1098) і Іерусалім (1099), стварылі на заваяваных землях Іерусалімскае каралеўства (кароль Готфрыд Бульёнскі). Узніклі таксама духоўна-рыцарскія ордэны. Пасля захопу сельджукамі Эдэсы (1144) адбыўся 2-і К.п. (1147—49), ініцыіраваны і арганізаваны абатам Бернарам Клервоскім. Узначалілі яго франц. кароль Людовік VII і герм. імператар Конрад III. Удзельнічала каля 140 тыс. воінаў. Ням. рыцары былі разбіты мусульманамі каля Дарылея (1147). Няўдалая аблога Дамаска, дрэнная арг-цыя прывялі да правалу паходу. 3-і К.п. (1189—92) ажыццёўлены, каб адваяваць Іерусалім, захоплены ў 1187 егіп. султанам Салах-ад-дзінам. Яго ўзначалілі герм. імператар Фрыдрых I Барбароса, франц. кароль Філіп II і англ. кароль Рычард I Львінае Сэрца. Ням. войска, якое першым рушыла (1189) пасля нечаканай гібелі імператара пры пераправе цераз р. Салефа (М. Азія), было фактычна дэзарганізавана. У 1190 выступілі англічане і французы. У 1191 крыжакі авалодалі Акрай, Рычард I захапіў в-аў Кіпр, дзе было заснавана каралеўства. У 1192 Рычард I заключыў з Салах-ад-дзінам мір, паводле якога за крыжакамі засталося ўзбярэжжа ад Тыра да Яфы. 4-ы К.п. (1199—1204), арганізаваны рым. папам Інакенціем III, меў на мэце заваёву Егіпта. Аднак Венецыя, якой крыжакі завінавацілі частку сумы за прадастаўлены ім флот, дамаглася захопу хрысц. гарадоў (Задара ў Далмацыі ў 1202, Канстанцінопаля ў 1204). На захопленых землях Візант. імперыі ўзнік шэраг дзяржаў, у т. л.Лацінская імперыя. У 1212 адбыліся т.зв. дзіцячыя К.п. (сярод удзельнікаў было шмат дзяцей і падлеткаў). Большасць з іх загінула ад голаду і хвароб. У 5-м К.п. (1217—21), арганізаваным Інакенціем III супраць Егіпта, удзельнічалі франц., англ., ням. і італьян. рыцары. Яго кульмінацыяй была паўтарагадовая аблога і захоп у 1219 г. Дам’ета (Егіпет). 6-ы К.п. (1228—29) узначаліў герм. імператар Фрыдрых II Гогенштаўфен. У 1229 у Яфе падпісаны мір тэрмінам на 10 гадоў, паводле якога Іерусалім (акрамя 2 кварталаў) і некат. інш. землі (у т. л. Віфлеем і Назарэт) адыходзілі пад уладу Фрыдрыха II. У 1244 Іерусалім канчаткова заваяваны мусульманамі. У 7-м К.п. (1248—54), арганізаваным франц. каралём Людовікам IX, удзельнічала 12—25 тыс.чал. У 1249 захоплены г. Дам’ета, у лют. 1250 — крэпасць Мансура, дзе крыжакі былі абложаны і прымушаны да здачы. У палон трапіў і Людовік IX (выпушчаны ў 1250 за 200 тыс. ліўраў). 8-ы К.п. (1270), арганізаваны Людовікам IX у Туніс, спыніўся пасля яго смерці, не дасягнуўшы мэты. Неўзабаве былі страчаны апошнія ўладанні крыжаносцаў у Сірыі і Палесціне (у 1289 Трыпалі, у 1291 Акра). Пад іх уладай застаўся толькі Кіпр (да 1489). К.п. прывялі да значных чалавечых і эканам. страт як на З, так і на У, аднак яны пашырылі кантакты паміж дзвюма цывілізацыямі, далучылі зах. свет да дасягненняў араб. і інш.усх. культур. У 12—15 ст. К.п. былі накіраваны супраць славян, ліваў, эстаў, прусаў і інш. (гл.Крыжовы паход супраць славян 1147, Крыжовыя паходы супраць славян і балтаў у 12—15 ст.), альбігойцаў (гл.Альбігойскія войны 1209—29), у 15 ст. — супраць гусітаў (гл.Гусіцкія войны). Экспансія крыжакоў ва Усх. Еўропу (у т. л. на бел. землі) спынена ў выніку барацьбы слав. і прыбалтыйскіх народаў (гл.Лядовае пабоішча 1242, Грунвальдская бітва 1410, Трынаццацігадовая вайна 1454—66).
Літ.:
Заборов М.А. История крестовых походов в документах и материалах. М., 1977;
Яго ж. Крестоносцы на Востоке: Пер, с нем. М., 1980;
Куглер Б. История крестовых походов. Ростов н/Д, 1995.
Дз.М.Чаркасаў.
Да арт.Крыжовыя паходы. Адбыццё войска Людовіка IX у восьмы крыжовы паход у 1270. Мініяцюра невядомага майстра 15 ст. з «Вялікіх французскіх хронік».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРША́ВА (Warszawa),
горад, сталіца, буйнейшы эканам. і культ. цэнтр Польшчы. Адм. ц.Варшаўскага сталічнага ваяводства. Размешчана на Мазавецкай нізіне абапал р. Вісла. 1642,7 тыс.ж. (1993). Вузел 7 чыгунак і 8 аўтадарог. Порт на р. Вісла. Міжнар. аэрапорт Акенцэ. Буйны цэнтр машынабудавання (эл.-тэхн. і радыёэлектроннае; оптыка, дакладная механіка, аўта-, трактара- і станкабудаванне; каля 30% агульнай вытв-сці ў краіне), вытв-сці якасных сталей, будматэрыялаў, хім. (у т. л. фармацэўтычная і фотахім.), парфумернай, харч., буд. матэрыялаў, дрэваапр., швейнай, гарбарна-абутковай, паліграф. прам-сці. Буйныя ЦЭЦ. Кінастудыя. Метрапалітэн (з 1994). На пач. 1990-х г. пачаўся агульны спад вытв-сці на большасці прадпрыемстваў горада. Пасля 1992 значны прыток замежных інвестыцый.
Першыя паселішчы на тэр. сучаснай Варшавы адносяцца да 10 ст., зручнае іх месцазнаходжанне на перакрыжаванні важных гандл. шляхоў спрыяла хуткаму эканам. развіццю і ўтварэнню горада. Упершыню Варшава ўпамінаецца ў 1313. З 1413 сталіца Мазавецкага княства, у 1526, пасля спынення дынастыі мазавецкіх князёў, Варшава далучана да Кароны. У 16 ст. тут праходзілі пасяджэнні сейма, у 1573 адбыліся першыя каралеўскія выбары. З 1596 сталіца Польшчы. У часы польска-швед. 1655—60 і Паўн. 1702—09 войнаў неаднаразова разбурана швед. войскамі, але хутка адбудоўвалася. З 2-й пал. 18 ст. — паліт., эканам., культ. і асв. цэнтр краіны. На Чатырохгадовым сейме 1788—92 у Варшаве прынята Канстытуцыя 3 мая 1791. Насельніцтва горада актыўна падтрымала паўстанне 1794 пад кіраўніцтвам Т.Касцюшкі. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Варшава ў складзе Прусіі, яе паліт. і гасп. развіццё прыпынілася. У 1807—13 сталіца Варшаўскага герцагства, пасля Венскага кангрэса 1814—15 — Каралеўства (Царства) Польскага ў складзе Рас. імперыі, у 1837—1915 цэнтр Варшаўскай губерні. Варшава — адзін з цэнтраў нац.-вызв. паўстанняў 1830—31 і 1863—64. Важнейшы цэнтр фарміравання польск. культуры. Тут жылі і працавалі вучоныя, пісьменнікі, кампазітары, цесна звязаныя з бел. культурай: Э.Ажэшка, М.Федароўскі, Я.Карловіч, У.Сыракомля, Ч.Пяткевіч, І.Лялевель, С.Манюшка, В.Каратынскі, Ю.Галомбак, А.Плуг і інш.; дзейнічаў Варшаўскі нарадавольскі гурток беларускіх студэнтаў. З пач. індустрыялізацыі горада ў 2-й пал. 19 ст. Варшава — буйнейшы ў Польшчы асяродак рабочага руху, адзін з асн. цэнтраў рэвалюцыі 1905—07. У гады 1-й сусв. вайны пад герм. акупацыяй, каля Варшавы рус. войскі разграмілі ням.-аўстр. армію (гл.Варшаўска-Івангародская аперацыя 1914). З 1918 сталіца незалежнай Польшчы. У 1920 пад Варшавай разбіты войскі Чырв. Арміі (гл.Варшаўская аперацыя 1920). У маі 1926 Ю.Пілсудскі ажыццявіў у Варшаве дзярж. пераварот. У вер. 1939 акупіравана ням. фашыстамі, стала цэнтрам нац.-вызв. барацьбы (гл.Варшаўскае паўстанне 1943, Варшаўскае паўстанне 1944). Вызвалена 17.1.1945 у ходзе Вісла-Одэрскай аперацыі 1945. Горад быў моцна разбураны. У 1-й пал. 1950-х г. у час найб. ўзмацнення ў краіне паліт. рэпрэсій у Варшаве адбыліся шматлікія паказальныя суд. працэсы. У 2-й пал. 1950-х г. з пачаткам паліт. «адлігі» — цэнтр грамадскага руху за дэмакр. рэформы, месца правядзення дэманстрацый пратэсту (1956, 1968, 1976). Прадстаўнікі сацыяліст. краін падпісалі ў Варшаве Варшаўскі дагавор 1955. На пач. 1980-х г., калі палітыка-гасп. крызіс ахапіў усю Польшчу, хваля забастовак прайшла і на буйнейшых прадпрыемствах Варшавы.
Гістарычнае ядро горада ўключае раёны Старая Варшава і Новая Варшава. У старой Варшаве крапасныя сцены (14—15 ст.) з барбаканам (1548, арх. Дж.Баціста); камяніцы 15—18 ст. з дэкар. скульптурай, размалёўкамі і сграфіта; фарны касцёл св. Яна (14 ст.). У Новай Варшаве фарны касцёл (15 ст.), кляштары і касцёлы 16—17 ст. На Пд ад раёна Старой Варшавы Каралеўскі замак (1598—1619) з параднымі інтэр’ерамі ў стылях барока і класіцызму. У 17—18 ст. уздоўж гал. вуліц пабудаваны палацы: Асалінскіх (1641, арх. В.Сенес), Красінскіх (1677—83), Паца (1690—97, арх. абодвух Тыльман Гамерскі), Блакітны (Замойскіх, 1726, арх. Я.Д.Яўх, М.Д.Пёпельман), Бланка (1762—64, арх. Ш.Б.Цуг), Тышкевічаў (1785—92, арх. С.Завадскі, Я.Х.Камзетцэр). У прадмесці Варшавы размешчана летняя каралеўская рэзідэнцыя Вілянаў (1677—96, арх. А.Лочы) з рэгулярным паркам. У 18 ст. пабудаваны касцёлы візітак (1727—34, арх. К.Бай; фасад і інтэр’ер 1754—62, Э.Шрогер), евангелісцкі (1777—81, арх. Цуг), св. Ганны (1786—88, арх. Х.П.Айгнер, С.К.Патоцкі); палацава-паркавы комплекс Лазенкі. З пач. 19 ст. фарміруецца новы цэнтр Варшавы з рэгулярнымі кварталамі, жылымі і грамадскімі будынкамі ў стылі класіцызму (ансамблі Тэатральнай і Банкаўскай плошчаў). У канцы 19 — пач. 20 ст. цэнтр, зах. і паўд. раёны забудоўваліся шматпавярховымі эклектычнымі пабудовамі, будынкамі ў стылях мадэрн, пазней — функцыяналізму («Тэатр польскі», 1912; Банк кааператыўных т-ваў, 1912—17; Гал. гандлёвая школа, 1926—35, і інш.). У 2-ю сусв. вайну знішчана або значна пашкоджана 90% арх. помнікаў Варшавы. Паводле праекта рэканструкцыі Варшавы (1946) пабудаваны гал. магістралі Усход—Захад і Поўнач—Поўдзень, рэканструявана вул. Маршалкоўская з ансамблем пл. Канстытуцыі (1950—52), Палацам культуры і навукі (1952—55, арх. Л.Руднеў) і сучасным гандл. цэнтрам (т.зв. Усходняя сцяна, 1962—70, арх. З.Карпінскі). Найб. значныя пабудовы гэтага часу: будынкі Нац. Польскага банка (1948), Сейма (1948—51, арх. абодвух Б.Пнеўскі), Гданьскі мост (1957—59, арх. Я.Ратынскі). У 1970-я — пач. 1990-х г. пабудаваны: Цэнтральны вакзал (1972—75, арх. А.Рамановіч), вышынны дом на Банкаўскай пл. (т.зв. серабрысты, 1991), будынак Польскіх авіяліній «Лёт» і атэль «Марыёт» (1978—89, арх. Т.Стафанскі і інш.), Гандлёвы дом «Пэвэкса» (1989—91, арх. Е.Скшыпчак), атэль «Меркуры» (1991—93, арх. Я.Роўб) і інш.
У Варшаве больш за 40 помнікаў, у т. л. калона Жыгімонта III на Замкавай пл. (1644), помнікі М.Каперніку (1828—30, Б.Торвальдсен), А.Міцкевічу (1898, Ц.Гадэбскі), Ф.Шапэну ў Лазенках (1907—26, В.Шыманоўскі), героям Варшавы (1964, М.Канечны), касцюшкаўцам (1985, А.Кастэн, Б.Хімінскі), Варшаўскаму паўстанню (1989, В.Куцма) і інш.
У Варшаве 18 ВНУ: ун-т (з 1818); політэхнічны ін-т (з 1915); акадэміі медыцынская, музычная імя Шапэна, прыгожых мастацтваў, каталіцкай тэалогіі, фіз. выхавання, хрысціянская тэалагічная; Вышэйшая тэатр. школа; Гал. гандлёвая школа; Вышэйшая школа кіравання і інш. Польская АН. Буйнейшыя б-кі: Нац.б-ка, Гал.б-ка Варшаўскага ун-та, Публічная б-ка Варшавы. Каля 40 музеяў, у т. л.Нац. музей, Этнаграфічны, Археалагічны, Войска польскага, Гістарычны, Літаратурны імя А.Міцкевіча, у Лазенках, Вілянаве. Мастацкія галерэі. Батанічны сад. 23 драм., 5 дзіцячых, 2 оперныя т-ры, т-р аперэты. Філармонія. Штогод праводзіцца Міжнар. фестываль сучаснай музыкі «Варшаўская восень». 1 раз у 5 гадоў Міжнар. конкурс піяністаў імя Шапэна.
Літ.:
Czajewski W. Warszawa ilustrowana. T. 1—4. Warszawa, 1895;
Drozdowski N.M., Zahorski A. Historia Warszawy. Warszawa, 1972;
Lewicka M. Atlas architektury Starego Miasta w Warszawie. Warszawa, 1992;
Да арт.Варшава. Калона Жыгімонта III. 1644.Да арт.Варшава. Каралеўскі замак. 1598—1619.
Да арт.Варшава. Барбакан. 1548.Да арт.Варшава. Фрагмент палаца ў Вілянаве. 1677—96.У гістарычным цэнтры Варшавы.Да арт.Варшава. Помнік героям Варшавы. 1964.Да арт.Варшава. Цэнтральны вакзал. 1972—75.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ВА ПРЫРО́ДЫ,
сістэма міжнар., дзярж., рэгіянальных і лакальных (мясцовых) гасп.-адм., тэхнал., паліт., юрыд. і грамадскіх мерапрыемстваў па захаванні, узнаўленні і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў, прыроды Зямлі і навакольнай касм. прасторы ў інтарэсах сучаснага і будучага іх выкарыстання чалавецтвам; глабальная праблема сучаснасці, што патрабуе сумесных намаганняў усіх дзяржаў і людзей па яе вырашэнні. Мае важнае гіст. і сац. значэнне, накіраванае на ўсталяванне сістэмы рацыянальнага прыродакарыстання; комплексная міжгаліновая дысцыпліна. Яе састаўныя часткі: ахова атмасферы, ахова водаў, ахова генафонду, ахова глебаў, ахова жывёл, ахова зямель, ахова лясоў, ахова нетраў, ахова раслін і інш. кампанентаў навакольнага асяроддзя і прыродных рэсурсаў. Уключае папераджальныя мерапрыемствы і актыўныя дзеянні грамадства па падтрыманні аптымальных узаемаадносін паміж дзейнасцю чалавека і навакольным прыродным асяроддзем, прадухілення шкоднага ўплыву гасп. дзейнасці на прыроду і здароўе чалавека, падтрыманне прадукцыйнасці прыроды і прыродных умоў, неабходных для забеспячэння паўнацэннага існавання чалавецтва. Асн. задачы: узгадненне развіцця навук.-тэхн. прагрэсу і нар. гаспадаркі з мерапрыемствамі па ахове навакольнага асяроддзя і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў, аздараўленне жыццёвага асяроддзя чалавека, захаванне біял. і ўсёй прыроднай разнастайнасці, рэгуляванне грамадскіх адносін у сферы ўзаемадзеяння грамадства і прыроды, узгадненне адзіных для ўсіх краін знешнепаліт. прынцыпаў аховы планетарнага асяроддзя і інш. У адпаведнасці з гэтым створаны Міжнародны саюз аховы прыроды і прыродных рэсурсаў (МСАП, 1948), распрацавана «Сусветная стратэгія аховы прыроды» (1978, 1992), сфарміраваўся шэраг міжнар. грамадскіх арг-цый і рухаў за ахову прыроды («Грынпіс», рух і партыі «зялёных» і інш.). Рашэннем ААН штогод адзначаецца Міжнар. дзень аховы навакольнага асяроддзя (5 чэрвеня).
Ахова прыроды прадугледжвае сістэму практычных мерапрыемстваў: прыродазнаўча-навук. (вывучэнне і навук. абгрунтаванне асн. кірункаў аховы прыроды, экалагічная экспертыза праектаў), матэрыяльна-тэхн. (матэрыяльнае забеспячэнне прыродаахоўных мерапрыемстваў, укараненне дасягненняў навукі і тэхнікі, удасканаленне тэхнал. працэсаў; стварэнне безадходных і малаадходных тэхналогій), эканамічных (забеспячэнне эканам. эфектыўнасці экалагічных мер), вытворчых (гасп. рэалізацыя праектаў аховы прыроды), сан.-гігіенічных (папераджальныя аздараўленчыя меры), ідэалаг. (выхаванне экалагічнага светапогляду), прававых (распрацоўка і экалагізацыя заканадаўства), арганізацыйных (наладжванне дзейнасці органаў кіравання прыродакарыстаннем, прыродаахоўнага кантролю) і інш.
На Беларусі пад дзярж. аховай знаходзяцца ўсе прыродныя багацці незалежна ад ступені іх пераўтворанасці пад уплывам прыродных і штучных фактараў: зямля, воды, глебы, нетры, лясы, тыповыя ландшафты, рэдкія і каштоўныя прыродныя тэрыторыі і аб’екты, курортныя і памятныя мясціны, раслінны і жывёльны свет, паветра і інш. Асаблівасці аховы прыроды на Беларусі звязаны з вял. маштабамі гідратэхн.-меліярац. работ, лесаахоўных мерапрыемстваў, празмерным развіццём хім., перапрацоўчай і інш. галін прам-сці з вял. уплывам на прыроднае асяроддзе, шырокім выкарыстаннем у сельскай гаспадарцы мінер. угнаенняў і ядахімікатаў, радыеактыўным забруджваннем тэрыторыі ў выніку Чарнобыльскай катастрофы і інш. У сувязі з гэтым ажыццяўляюцца шырокамаштабныя работы па ўдасканаленні прыродаахоўнага заканадаўства, меліярацыі зямель і рэкультывацыі ландшафтаў, аднаўленні лясоў, ачыстцы сцёкавых водаў, распрацоўцы і ўкараненні зваротных і паўторных сістэм водакарыстання, газаачышчальных і пылаўлоўных збудаванняў, ліквідацыі вынікаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, уключэнні малапрадукцыйных зямель і няўдобіц у с.-г.вытв-сць, навук. абгрунтаванні аховы і выкарыстання розных тыпаў зямель, распрацоўцы спец. рэсурса- і прыродаахоўных інж. збудаванняў і проціэразійных сістэм земляробства, кантролі за выкарыстаннем хім. рэчываў, вядзецца азеляненне населеных месцаў, развіваецца сетка асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і аб’ектаў, распрацоўваюцца комплексныя і рэгіянальныя схемы аховы прыроды, адпаведныя яе палажэнні ўключаюцца ў праекты леса- і землеўпарадкавання, горадабудаўніцтва, бяруцца пад ахову радовішчы лек.мінер. водаў і тарфянікі, унікальныя прыродныя аб’екты абвешчаны помнікамі прыроды, ахоўваецца шэраг відаў каштоўных, рэдкіх і рэліктавых жывёл і раслін (гл.Ахоўныя жывёлы, Ахоўныя расліны), вядзецца Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь (выд. ў 1981 і 1993); прыродна-кліматычныя фактары шырока выкарыстоўваюцца для ўмацавання здароўя чалавека (турызм, зоны адпачынку, санаторыі, курорты і інш.). Як член ААН Беларусь удзельнічае ў ажыццяўленні Міжнароднай праграмы ААН па навакольным асяроддзі (ЮНЕП), праграмы «Чалавек і біясфера» (ЧІБ), у агульнаеўрапейскай нарадзе па супрацоўніцтве ў галіне аховы навакольнага асяроддзя. Заканадаўчыя, выканаўчыя і кантрольныя функцыі ў галіне аховы прыроды выконваюць Камісія Вярхоўнага Савета па пытаннях экалогіі і аховы навакольнага асяроддзя, Кабінет Міністраў Рэспублікі Беларусь, Дзяржэканамплан, мін-вы прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, сельскай гаспадаркі і харчавання, лясной гаспадаркі, аховы здароўя, па надзвычайных сітуацыях і абароне насельніцтва ад вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і інш.Навук. асновай аховы жывой прыроды з’яўляецца экалогія, прыкладнымі пытаннямі займаецца інжынерная экалогія. Важная састаўная частка прыродаахоўнай дзейнасці — залучэнне да аховы прыроды грамадскасці. Дзейнічаюць Беларускае таварыства аховы прыроды і шэраг інш. грамадскіх арг-цый і фарміраванняў прыродаахоўнага профілю, Рэсп. экалагічны цэнтр навучэнцаў. Работу па ўзнаўленні колькасці дзікіх прамысл. жывёл і барацьбу з браканьерствам вядзе Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Прапагандай аховы прыроды займаюцца т-ва «Веды», нар. ун-ты, клубы аматараў прыроды, радыё і тэлебачанне. Развіваецца прыродаахоўная і экалагічная адукацыя. У большасці вышэйшых і сярэдніх навуч. устаноў уведзены курсы аховы прыроды. Спецыялістаў па ахове прыроды рыхтуюць БДУ і Бел.тэхнал.ун-т. Пры Мін-ве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя створаны Бел.н.-д. цэнтр «Экалогія». Навук. даследаванні па ахове прыроды каардынуе Навук. савет па праблемах біясферы і Экалагічная камісія АН Беларусі. Кантроль за станам навакольнага асяроддзя ажыццяўляюць станцыя фонавага маніторынгу (Бярэзінскі біясферны запаведнік), пункт кантролю трансгранічнага пераносу паветра (г. Высокае Брэсцкай вобл.), Рэсп.навук.-тэхн. цэнтр дыстанцыйнай дыягностыкі прыроднага асяроддзя «Экамір» і інш. Выдаецца экалагічны бюлетэнь «Стан прыроднага асяроддзя Беларусі», час. «Родная прырода», газеты «Экологический вестник», «Беларуская лясная газета», «Экология Минска» і інш.
На Беларусі ахова прыроды — канстытуцыйны абавязак кожнага чалавека і ўсяго грамадства. Заканадаўчай асновай аховы прыроды з’яўляюцца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, законы «Аб ахове навакольнага асяроддзя» (1992), «Аб дзяржаўнай экалагічнай экспертызе» (1993), «Аб асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях і аб’ектах» (1995), «Аб ахове атмасфернага паветра» (1982), «Аб ахове і выкарыстанні жывёльнага свету» (1982), «Аб ахове здароўя» (1970); кодэксы Беларусі: водны (1972), лясны (1979), аб нетрах (1976), аб зямлі (1990) і інш. палажэнні прыродаахоўнага заканадаўства, якія ўстанаўліваюць забаронныя, папераджальныя, рэгулятыўныя, аднаўленчыя і інш. абавязкі дзярж. і грамадскіх арг-цый, гаспадарак і грамадзян. Па асобных пытаннях аховы прыроды прыняты спец. пастановы і нарматыўныя акты, вызначана адм. і крымін. адказнасць за парушэнне прыродаахоўнага заканадаўства.
Літ.:
Лукашев В.К., Лукашев К.И. Научные основы охраны окружающей среды. Мн., 1980;
Марцинкевич Г.И. Использование природных ресурсов и охрана природы. Мн., 1977;
Основы природопользования. Мн., 1980;
Охрана природы: Природные ресурсы Белоруссии и их рациональное использование. 2 изд. Мн., 1972;
Развитие производительных сил и охрана природы. Мн., 1981;
Реймерс Н.Ф., Штильмарк Ф.Р. Особо охраняемые природные территории. М., 1978;
Реймерс Н.Ф., Яблоков А.В. Словарь терминов и понятий, связанных с охраной живой природы. М., 1982;
Справочник по охране природы. М., 1980;
Рамад Ф. Основы прикладной экологии: Воздействие человека на биосферу: Пер. с фр.Л., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНІГАДРУКАВА́ННЕ,
спосаб размнажэння кніг, заснаваны на пераносе фарбы з друкарскай формы на паперу. Тэрмін «К.» звычайна выкарыстоўваюць у дачыненні да гісторыі вырабу друкаванай кнігі, да сучаснай кнігадрукавальнай вытв-сці часцей ужываюць тэрмін паліграфія. Асн. спосабы К. — высокі друк, глыбокі друк, плоскі друк, якія рэалізуюцца ў адпаведных друкарскіх машынах.
Да К. існавала бясфарбавае адцісканне тэксту з дапамогай рэльефных форм (захаваўся гліняны дыск з в-ва Крыт, 17 ст. да н.э.). Самы ранні спосаб мех. ўзнаўлення тэксту і ілюстрацый — ксілаграфія (дрэварыт), пры якой на дошцы выразалася форма для друкавання цэлых старонак. Адбіткі, зробленыя гэтым спосабам, знойдзены ў Карэі (датуюцца 704—751), Кітаі (713—741), Японіі (764—770). Друкаванне пераносам фарбавага слоя з наборнай формы на паперу ажыццявіў Бі Шэн (у 1041—48, Кітай). Ён складаў тэкставую форму з рухомых гліняных літар, пакрываў іх фарбай і атрымліваў адбіткі (некалькі тыс.экз.), вынайшаў таксама драўляныя скрыні-касеты для захоўвання шрыфту. Метал. літары (з бронзы) выкарыстаны ў 15 ст. ў Карэі. У Еўропе К. ўзнікла ў 1440-я г. пасля вынаходства І.Гутэнбергам друкарскага станка (прэса), прыстасавання для адліўкі метал. шрыфту ў матрыцах і спец. фарбаў. Ён заснаваў у Майнцы (Германія) першую друкарню, выдаў шэраг кніг. У іх друкарскім спосабам узнаўляўся толькі тэкст, а арнаментальныя ўпрыгожанні рабіліся ад рукі па палях. Упершыню арнаментыка перададзена друкаваннем на старонках т. зв. Майнцкай псалтыры ў 1457 (П.Шофер), дзе з’явіліся і шматфарбавыя адбіткі. У 1461 у Бамбергу (цяпер г. Быдгашч, Польшча) выдадзена кніга з гравіраванымі на дрэве ілюстрацыямі. З Германіі К. пранікла ў Італію (1465), Швейцарыю (каля 1468), Францыю (1470), Бельгію і Венгрыю (1473), Польшчу (каля 1473), Іспанію (1474), Чэхію (1476, выдадзена першая дакладна датаваная кніга), Англію (1476) і інш. У 15 ст. значнае развіццё К. атрымала ў Венецыі, дзе да 1500 заснавана каля 150 друкарняў. Да 1500 друкарні ўзніклі прыкладна ў 260 гарадах, надрукавана каля 40 тыс. кніг тыражом больш за 10 млн.экз. (кнігі, выдадзеныя ў Еўропе да 1.1.1501, наз.інкунабуламі, у 1-й пал. 16 ст. — палеатыпамі). У канцы 15 ст. буйныя рамесныя друкарні сталі ператварацца ў мануфактуры. У Еўропе ў 16 ст. выдадзена каля 500 тыс. назваў кніг, у 17 ст. — каля 3 млн.Асн. друкарска-выдавецкія дынастыі — Мануцыі (Італія), Эцьены (Францыя), Плантэны (Бельгія), Эльзевіры (Нідэрланды). Першыя кнігі славянскай глаголіцай надрукаваны ў 1483, кірыліцай — у 1491 (Ш.Фіёль, Кракаў). У 1517 бел. асветнік Ф.Скарына першы ва ўсходнеславянскім свеце надрукаваў кірыліцкім шрыфтам у Празе 23 кнігі Бібліі, каля 1520 у Вільні заснаваў першую друкарню ў Вялікім княстве Літоўскім. Каля 1553 заснавана т. зв. ананімная друкарня ў Маскве, у якой І.Фёдараў і П.Мсціславец у 1564 выпусцілі першую дакладна датаваную рус. друкаваную кнігу «Апостал». Першая друкарня на Украіне заснавана І.Фёдаравым у 1573 у Львове.
Тэхн. ўдасканаленне К. спачатку ішло пераважна ў ілюстрацыйных формных працэсах. У 15 ст. побач з ксілаграфіяй развівалася паглыбленая (разцовая і «сухой іголкі») гравюра на метале (гравіраваныя ілюстрацыі), каляровая фігурная ксілаграфія. Пашыранай тэхнікай ілюстравання стаў афорт (заснаваны на траўленні металу кіслотамі), яго разнавіднасць т. зв.мяккі лак і акватынта. Для друкавання выкарыстоўваўся ручны друкарскі станок (першы яго відарыс адносіцца да 1499), які паступова ўдасканальваўся: механізаваліся асобныя працэсы, драўляныя дэталі замяняліся металічнымі і інш. Першы суцэльнаметал. друкарскі станок зроблены ў 1800 (Ч.Стэнхап, Англія). Развіццю К. паспрыяла тыпаметрыя — друкарская сістэма мер, прапанаваная ў 1737 П.С.Фурнье (Францыя). Яна стварыла магчымасць стандартызацыі друкарскіх шрыфтоў. Бел. кнігавыдавец І.Ф.Капіевіч на аснове шрыфту Скарыны стварыў удасканалены кірыліцкі шрыфт, якім карыстаюцца многія славянскія краіны У канцы 18 ст. ў К. з’явіліся новыя спосабы рэпрадуцыравання — тарцовая ксілаграфія і літаграфія (вынайдзена каля 1798 А.Зенефельдэрам, Германія), якія зрабілі ілюстраванне кніг больш танным. У 1811 створана плоскадрукавальная машына (Ф.Кёніг, Германія), у 1840-х г. у выніку развіцця стэрэатыпіі — ратацыйная друкарская машына. Значным крокам у развіцці паліграф. тэхнікі стала ратацыйная машына, якая друкавала з паўцыліндрычных стэрэатыпаў на паперу, што змотвалася з рулона (запатэнтавана У.Балакам, ЗША). У 1851 створана тыгельная друкарская машына з верт. размяшчэннем формы (Дж.Гордан, ЗША), значнае пашырэнне набыла вынайдзеная ў 1869 (М.Галі, ЗША) тыгельная машына з нерухомым талерам (з замацаванай на ім формай) і рухомым тыглем (для прыціскання паперы). У 1822 запатэнтавана наборная машына (У.Чорч, Англія), у 1886 — радковаадліўная наборная машына лінатып (О.Мергенталер, ЗША), якая набыла масавае пашырэнне; у 1897 вынайдзена (Т.Ланстан, ЗША) літараадліўная наборная машына — манатып. У 19 ст. асвоены фотамех. рэпрадукцыйныя працэсы. цынкаграфія (прапанавана ў 1850 Ф.Жыло, удасканалена ў 1862 Г.Джэймсам), фотатыпія (1865, Я.Гуснік), геліягравюра — спосаб глыбокага друку, пры якім друкарская форма рабілася з выкарыстаннем фатаграфічных і хім. працэсаў (1879, К.Кліч, Чэхія), аўтатыпія (1880-я г., С.Д.Лапцеў, Г.Майзенбах). У 1890 Кліч пабудаваў машыну ракельнага глыбокага друку, у пач. 20 ст. А.Рубел (ЗША) і К.Герман (Германія) стварылі новы друкарскі працэс — афсетны друк. Удасканальваліся і наборныя працэсы. У 1894 Е.Порцэльт (Венгрыя) абгрунтаваў ідэю фотанабору, у 1895 В.А.Гасіеў (Расія) пабудаваў першую фотанаборную машыну (пашырыліся ў 1950—60-я г., калі ў паліграфію ўкаранілася электроніка). З дапамогай фотаэлектронікі ўдасканалены працэсы вырабу ілюстрацыйных форм (электрагравіравальнымі апаратамі), колеракарэктура і колерадзяленне. З’явіліся эл. спосабы фарміравання відарысу на фотапаўправадніковых паверхнях (электраграфія), бескантактныя электрастатычныя і эл.-магн. спосабы пераносу фарбавай выявы. У сучасным К. шырока выкарыстоўваюцца сінт. матэрыялы (фотапалімерныя друкарскія формы, пластмасавыя пераплётныя накрыўкі і інш). Пра развіццё і сучасны стан К. на Беларусі гл. ў арт Выдавецкая справа, а таксама Друк, Нотадрукаванне, Картадрукаванне, Паліграфічная прамысловасць.
Літ.:
Щелкунов М.И. История, техника, искусство книгопечатания. М.; Л., 1926;
Кацпржак Е.И. История письменности и книги М., 1955;
Пятьсот лет после Гутенберга, 1468—1968. М., 1968;
Варбанец Н.В. Йоханн Гутенберг и начало книгопечатания в Европе. М., 1980;
Немировский Е.Л. Начало славянского книгопечатания. М., 1971;
450 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1968;
Волк А.А., Ракович А.И. Книгоиздательское дело в Белоруссии: Ист. очерк. Мн., 1977;
Бярозкіна Н.Ю. Гісторыя кнігадрукавання Беларусі (XVI — пачатак XX ст.). Мн., 1998.
У.М.Сацута.
Да арт.Кнігадрукаванне. Друкарня. Гравюра І.Амана. 16 ст.Да арт.Кнігадрукаванне. 1 — выгляд адной з першых шрыфтаадліўных майстэрняў, т.зв. словалітні (гравюра І.Амана); 2 — першая плоскадрукавальная друкарская машына з аўтаматычным накатам друкарскай формы (вынайдзена ў 1839 С.Раглсам, ЗША); 3 — ратацыйная машына «Вікторы» (вынайдзена ў Англіі, друкавала на рулоннай паперы і фальцавала разрэзаныя лісты); 4 — тыгельная друкарская машына (у СССР выраблялі з 1932); 5 — наборна-праграмавальны апарат (манатып) МК-5 (асартымент розных знакаў да 288).