адлюстраванне адной вобласці на другую, пры якім захоўваюцца вуглы паміж прамымі, што перасякаюцца ўнутры абласцей; раздзел тэорыі функцый камплекснай пераменнай. Пры К.а. бясконца малыя фігуры пераўтвараюцца ў падобныя ім бясконца малыя фігуры. Уласцівасці К.а. маюць адналіставыя аналітычныя функцыі. К.а. дазваляе пры рашэнні задач пераходзіць ад зададзенай вобласці складанай формы да вобласці больш простай формы, для якой задача рашаецца непасрэдна. Выкарыстоўваецца ў гідра- і аэрамеханіцы, тэорыі фільтрацыі, электра- і радыётэхніцы, тэорыі пругкасці, картаграфіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПРАЛІ́ТЫ [ад грэч. kopros памёт, кал + літ(ы)],
выкапнёвыя экскрэменты марскіх жывёл (чарвей, малюскаў, іхтыязаўраў і інш.), што захоўваюць першасную форму, а часам і неператраўленыя рэшткі ежы. Месцамі складаюць марскія мулы. У выкапнёвым стане (з ардовіку) трапляюцца капрагенныя вапнякі, даламіты і фасфарыты, якія ўяўляюць сабой псеўдамарфозы на К. Фасфарытызаваныя К. рыфейскага ўзросту — самыя стараж. сляды жывёл на Зямлі. К. маюць да 55—60% трыкальцыю фасфату і выкарыстоўваюцца як угнаенні. Трапляюцца пераважна ў Вялікабрытаніі і Францыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАР ((Carr) Эдвард Халет) (28.6.1892, Лондан — 1982),
брытанскі дыпламат, гісторык, палітолаг. У 1916—36 на дыпламат. службе. З 1936 праф. ун-таў Уэльскага, у Оксфардзе і Кембрыджы. Даследаваў пераважна найноўшую гісторыю Расіі: «Міхаіл Бакунін» (1937), «Гісторыя Савецкай Расіі» (т. 1—10, 1950—78; у т. л. «Бальшавіцкая рэвалюцыя 1917—1923», т. 1—3, 1950—53). Сярод інш. прац: «Новае грамадства» (1951), «Што такое гісторыя» (1961).
Тв.:
Рус.пер. — Русская революция от Ленина до Сталина, 1917—1929. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСА́ЦЫЯ (ад лац. cassatio адмена, знішчэнне),
1) абскарджанне і апратэставанне суд. рашэнняў і прыгавораў, якія не набылі законнай сілы.
2) Праверка вышэйстаячым судом законнасці і абгрунтаванасці рашэнняў і прыгавораў суда, што не набылі законнай сілы. Робіцца на аснове матэрыялаў, якія знаходзяцца ў справе або прыведзены дадаткова.
3) Перагляд, адмена суд. рашэння ніжэйшай інстанцыі вышэйстаячай пры парушэнні ніжэйшай інстанцыяй законаў або невыкананні ёю правіл судаводства. Парадак разгляду спраў па К. рэгламентуецца крымін.-працэсуальным заканадаўствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАХЕЦІ́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1659,
нацыянальна-вызв. паўстанне супраць іранскага панавання ва Усх. Грузіі (Кахеты). Выклікана намерам правіцеляў Ірана засяліць раўніны Кахеты туркм. качавымі плямёнамі, што пагражала знішчэннем мясц.груз. насельніцтву. Паўстанне ўзначальвалі Б.Чалакашвілі, ксанскі эрыстаў (правіцель) Шалва і яго брат Элізбар (загінулі ў баях). У паданнях апеты подзвігі нар. герояў З.Гапрындаулі, Н.Хашураулі, Гагалауры і інш. Кахецінцы разам з мясц. горцамі выгналі са сваіх зямель іранскія войскі і туркм. пасяленцаў; правіцелі Ірана былі вымушаны адмовіцца ад сваіх намераў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШЭ́ЎСКІ (Браніслаў Эдуардавіч) (н. 17.2.1951, в. Масцішча Смалявіцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне фіз.-хім. гідрадынамікі. Д-рфіз.матэм.н. (1992). Скончыў БДУ (1973). З 1974 у Ін-це цепла- і масаабмену Нац.АН Беларусі (з 1996 заг. сектара). У 1985—90 у БПІ. Навук. працы па фіз.-хім. гідрадынаміцы намагнічвальных вадкадысперсных асяроддзяў, па структурна-тэрмадынамічным пераўтварэнні і з’явах дысіпатыўнай самаарганізацыі ў дысперснай фазе, што склала навук. аснову атрымання кампазіцыйных матэрыялаў з асаблівымі ўласцівасцямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕРМЕ́ТЫ,
кераміка-металічныя матэрыялы, штучныя матэрыялы, якія атрымліваюць спяканнем або прасаваннем (спосабамі парашковай металургіі) керамічных і метал. парашкоў. Спалучаюць карысныя ўласцівасці керамікі і металаў.
У якасці керамічнай састаўляючай выкарыстоўваюць тугаплаўкія аксіды (алюмінію, крэмнію, хрому, цырконію), карбіды, барыды, сіліцыды і нітрыды; метал. састаўляючай — нікель, хром, жалеза, кобальт, вальфрам, малібдэн, ніобій, тантал і інш. К. ідуць на выраб дэталей турбін і авіяц. рухавікоў, металарэзнага інструменту, штампаў і інш. дэталей, што працуюць ў агрэсіўных асяроддзях і пры высокіх т-рах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІНАЛІ́СЦЕВЫЯ (Sphenophyllales),
парадак вымерлых членістасцябловых (хвашчовых) раслін. 1 сям. Існавалі ад позняга дэвону да ранняга трыясу (каля 360—220 млн.г. назад). Мяркуюць, што гэта былі ліянападобныя расліны, пашыраныя ў вільготных лясах ці ў вадаёмах.
Сцябло доўгае, тонкае, травяністае або адраўнелае, рабрыстае, часам разгалінаванае. У некат. форм з шыпамі. Колькасць клінападобных, авальных або лінейных лістоў у кальчаках кратнае 3 (ад 6 да 12). Органы размнажэння (стробілы) — на канцах галін, радзей — у ліставых пазухах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЮЧАЎСКА́Я СО́ПКА,
дзеючы вулкан на У п-ва Камчатка, найвыш. (4750 м) і самы актыўны ў Еўразіі. Размешчаны ў Ключаўскай групе вулканаў. Складзены з андэзіта-базальтавай лавы. Належыць да тыпу стратавулканаў. Правільны конус з кратэрам, што пастаянна курыцца, мае паблізу падэшвы 84 пабочныя конусы і кратэры. На вяршыні снежнікі і ледавікі, на схілах — фумаролы і сальфатары. За 270 гадоў адбылося больш за 50 моцных вулканічных вывяржэнняў; апошняе — у 1972—74. Каля падножжа — вулканалагічная станцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КНЯЗЬ-КА́МЕНЬ»,
геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1987). За 500 м на ПнЗ ад в. Бярозаўшчына Барысаўскага р-на Мінскай вобл. Валун ружова-чырвонага сярэднезярністага рапаківіпадобнага граніту. Даўж. 2,7 м, шыр. 2 м. выш. 2,2 м, у абводзе 8,5 м, аб’ём 6,3 м³, маса каля 17 т. Прынесены ледавіком каля 150 тыс.г. назад з Выбаргскага масіву. Паводле паданняў, у камень ператварыўся князь, які страляў у абраз Божай Маці ў царкве, што стаяла тут раней.