БЭ́НЬЯН, Баньян (Bunyan) Джон (28.11.1628, Элстаў, каля г. Бедфард, Вялікабрытанія — 31.8.1688), англійскі пісьменнік і прапаведнік. У час праследавання Сцюартамі дысідэнтаў зняволены (1660—72). Форму «прывідных уяўленняў» выкарыстаў у аўтабіягр. аповесці «Шчодрая міласэрнасць, што выліваецца на галоўнага грэшніка» (1666) і барочным алегарычным рамане «Шлях паломніка» (ч. 1—2, 1678—84), прысвечаных тэме пакутлівых пошукаў ісціны і сэнсу жыцця. Разбэшчанасці і цынізму эпохі Рэстаўрацыі Бэньян проціпаставіў высокія ідэалы хрысціянства, імкненне чалавечай душы да маральнага самаўдасканалення. Яго гратэскны вобраз Кірмашу Пыхлівасці, на якім усё прадаецца і купляецца, лёг у аснову рамана У.Тэкерэя з аднайм. назвай. Сатырычны вобраз англ. буржуа стварыў у рамане «Жыццё і смерць містэра Бэдмана» (1680).
Літ.:
Самарин Р.М. Джон Бэньян // Виппер Ю.Б., Самарин Р.М. Курс лекций по истории зарубежных литератур XVII в. М., 1954;
Яго ж. Бэньян;
Бетлер // Историа всемирной литературы. М., 1987. Т. 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЮ́ЛАЎ ((Bülow) Бернхард Генрых Марцін фон) (3.5.1849, г. Гамбург, Германія — 28.10.1929),
германскі дзярж. дзеяч, дыпламат, князь (1905). Юрыст. З 1874 на дыпламат. службе. 1-ы сакратар пасольства ў Пецярбургу (1884—88), пасланнік у Румыніі (1888—93), пасол у Італіі (1893—97), дзярж. сакратар у Мін-ве замежных спраў (1897—1900). У 1900—09 канцлер Германскай імперыі і прэм’ер-міністр Прусіі. Патрабаваў «месца пад сонцам» для Герм. імперыі, дамагаўся павелічэння яе ваен. моцы (асабліва флоту), падтрымліваў аўстра-венг. кіраўніцтва ў часБаснійскага крызісу 1908—09 і інш. Ва ўнутр. палітыцы найб. вядомы ўвядзеннем у інтарэсах буйных аграрыяў высокага мытнага тарыфу на хлебныя прадукты, што выклікала іх падаражэнне. Зімой 1914—15 як пасол па асобых даручэннях у Рыме намагаўся дыпламат. сродкамі прадухіліць уступленне Італіі ў 1-ю сусв. вайну. Аўтар «Мемуараў» (т. 1—4. 1930—31).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЮРО́ ЦК КПЗБ,
цэнтральны кіруючы орган Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі ў 1929—38. Створана паводле рашэння Першага з’езда КПЗБ. Выбіралася на пленумах ЦККПЗБ, складалася з 3—5 членаў. Падпарадкоўвалася Палітбюро ЦК КПП. Знаходзілася пераважна па-за межамі Польшчы (у Гданьску, Берліне, Капенгагене, Мінску). Кіравала Краявым сакратарыятам ЦККПЗБ, Прадстаўніцтвам ЦККПЗБ пры ЦККП(б)Б, Мінскай школай КПЗБ, замежнай часткай Цэнтр. рэдакцыі, займалася агульнапаліт., арганізац., бягучымі і інш. пытаннямі. У розны час членамі Бюро ЦККПЗБ былі А.А.Альшэўскі, М.С.Арэхва, М.А.Блінчыкаў, Ю.Брун, С.І.Будзінскі, Р.Д.Вольф, А.У.Канчэўскі, П.Корчык (І.К.Лагіновіч), С.А.Мертэнс, С.Т.Мілер, А.М.Розеншайн, А.С.Славінскі, Е.І.Шоламаў і інш. Спыніла дзейнасць у сувязі з неабгрунтаваным роспускам КПП, КПЗБ і КПЗУ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАГА́ННІ КЛІ́МАТУ,
рытмічныя змяненні клімату на працягу невял. адрэзкаў часу (не менш як 10 гадоў) у рамках пэўнага клімату дадзенай мясцовасці. Выражаюцца ў змене цёплых перыядаў больш халоднымі або сухіх вільготнымі. Ваганні клімату звязваюць са змяненнямі сонечнай актыўнасці (11- і 80-гадовыя цыклы), скорасці вярчэння Зямлі (250-гадовыя), сілы прыліваў (каля 1700-гадовы цыкл) і інш. У геал. мінулым, верагодна, былі больш глыбокімі і працяглымі. Найб. вывучаны ў гіст.час і сучасныя, за апошнія 150—200 гадоў. На пачатку н.э. клімат Еўропы быў падобны на сучасны, у 11—13 ст. значна цяплейшы (у Грэнландыі пашырылася жывёлагадоўля). Моцнае пахаладанне ў 15—16 ст.наз. малым ледавіковым перыядам. У 17 ст. адбылося пацяпленне, потым да сярэдзіны 19 ст. клімат зноў быў халодны і вільготны, пасля чаго настала сучаснае пацяпленне (вынік супадзення 80- і 250-гадовых цыклаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ МАСКО́ЎСКАЙ ДЗЯРЖА́ВЫ З ВЯЛІ́КІМ КНЯ́СТВАМ ЛІТО́ЎСКІМ 1492—94.
вайна Маскоўскай дзяржавы за ўсх.-слав. землі, што былі ў складзе ВКЛ. Ваенныя дзеянні пачаліся пасля смерці вял.кн.ВКЛ Казіміра IV. Рус. войскі ў жн. 1492 занялі Любуцк і Мцэнск, а восенню Хлепень і Рагачоў. У гэты час да Масквы «ад’ехалі» вярхоўскія князі з парубежных раёнаў ВКЛ, што дазволіла Івану III без цяжкасці заняць землі ў вярхоўях Акі. Рыхтуючыся пашырыць ваен. дзеянні, ён пачаў ствараць ваен. кааліцыю супраць ВКЛ. Каб спыніць ваен. дзеянні, віленскі двор прапанаваў выдаць дачку Івана III Алену Іванаўну замуж за вял.кн.ВКЛАляксандра; праведзены перагаворы аб сватанні, заручынах і вяселлі Аляксандра і Алены. У выніку пагаднення да Маскоўскай дзяржавы адышлі землі ў бас. Верхняй Акі і Вяземскае княства. ВКЛ адмовілася ад прэтэнзій на Ноўгарад, Пскоў, Цвер і Разань, прызнала ўсе «ад’езды» вярхоўскіх князёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХМА́Т, Ахмут,
Ахмед (? — студз. 1481),
хан Вялікай Арды [1459—81]. У 1460 спрабаваў захапіць рускі г. Пераяслаў-Разанскі. У пач. 1470-х г. вёў перагаворы з кіраўніцтвам Венецыянскай рэспублікі аб заключэнні саюзу супраць Асманскай імперыі. Заключыў з польск. каралём Казімірам IV пагадненне пра сумесную барацьбу супраць Рус. дзяржавы, на чале свайго войска дайшоў да р. Ака (1472). У час паходу ў Крым замяніў мясц. хана Менглі-Гірэя сваім стаўленікам Джанібекам (1476). У канцы 1470-х г. перамог узб. хана Шэйх-Хайдэра і ўстанавіў пратэктарат над Астраханскім ханствам. Адмова маскоўскага вял.кн. Івана III прызнаць васальную залежнасць ад Арды і заплаціць ёй даніну (1476) выклікала ў 1480 няўдалы апошні паход Ахмата на Русь (гл.«Стаянне на Угры»), які паклаў канец намаганням манг.-тат. ханаў аднавіць сваё паліт. панаванне над Рус. дзяржавай. Забіты цюменскім ханам Ібакам (Івакам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНДА́РНЫЯ ВЫ́РАБЫ,
драўляныя ёмістасці з клёпак для вадкіх, паўвадкіх і сыпучых прадуктаў і бытавых патрэб. Ва ўжытку беларусаў вядомы з глыбокай старажытнасці. Шматлікія іх рэшткі (ад невял. конавак да бочак на некалькі сотняў літраў) выяўлены пры археал. раскопках у пластах 11—14 ст. Форма клёпак (падоўжаныя трапецападобныя ці акруглыя выпуклыя) абумовіла форму бандарных вырабаў — кадзепадобную (канічную) ці бачарную (пукатую). Паводле прызначэння вылучаюць пасудзіны для вады і вадкіх рэчываў (трансп. бочка, кадушка, вядро, біклага, барылка, конаўка), для с.-г. прадуктаў (бочка, кадзь, бачурка, кубелец), для бытавых патрэб (кубел, жлукта, балея, цэбар, ражка, дзяжа, даёнка, бойка, бельчык), меры ёмістасці (асьміна, шаснастка, гарнец, карэц). Большасць бандарных вырабаў вызначалася функцыянальнай мэтазгоднасцю, вонкавай прастатой, практычнасцю. Некаторыя вырабы невял. памераў аздаблялі разьбой і выпальваннем. У наш час многія бандарныя вырабы саступілі месца разнастайным металічным, фарфора-фаянсавым, пластмасавым і інш. ёмістасцям.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-АФГА́НСКІЯ ВО́ЙНЫ,
каланіяльныя войны Англіі супраць Афганістана. У першую англа-афганскую вайну (1838—42) англ. войскі занялі (1839) гарады Кандагар, Газні, Кабул. У выніку партыз. вайны, якая перарасла ў нар. паўстанне (1841), акупац. армія была знішчана. У 1842 Англія прызнала паражэнне і пакінула Афганістан. У часдругой англа-афганскай вайны (1878—80) англ. войскі занялі г. Кандагар. Эмір Якубхан заключыў з Англіяй Гандамакскі дагавор, які выклікаў у 1879 нар. паўстанне. У 1880 пад Майвандам (каля Кандагара) афганцы разбілі англ. брыгаду. Англія адмовілася ад намеру заваяваць Афганістан, аднак дамаглася свайго кантролю над яго знешняй палітыкай. Трэцяя англа-афганская вайна пачалася ў маі 1919 пасля абвяшчэння Афганістанам незалежнасці. Паражэнне англ. войскаў у выніку паўстання пуштунскіх плямёнаў, а таксама ўздым рэв. руху ў Індыі змусілі Англію заключыць у чэрв. 1919 перамір’е, у жн. 1919 — прэлімінарны мірны дагавор.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАБЕ́Й (Лідзія Львоўна) (н. 27.6.1925, в. Нізок Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменніца. Канд.філал.н. (1958). Скончыла БДУ (1951). Працавала ў рэдакцыях час. «Вожык», «Полымя», газ. «Чырвоная змена», выд-ве «Беларусь». Друкуецца з 1946. Аўтар манаграфій «Цётка (Алаіза Пашкевіч)» (1956) і «Хвядос Шынклер» (1959), твораў для дзяцей (зб. апавяданняў «Калібры», 1960, аповесць «Сіні бор», 1972; зб. апавяданняў і казак «Ісці ў разведку», 1989). Пра жыццё і творчасць Цёткі аповесці «На струнах буры» (1966) і «Стану песняй» (1977). Актуальныя праблемы сучаснасці ў аповесцях «Мера часу» (1962), «Экзамен» (1963), «Ваўчкі» (1972). Айч. вайна — гал. тэма аповесцяў «На другой зіме вайны» (1966) і «Сярод ночы» (1968), раманаў «Іскры ў папялішчы» (1969), «Сузор’е Вялікай Мядзведзіцы» (1980), зб. прозы «Мне трэба ехаць» (1974).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРБЮ́С ((Barbusse) Анры) (17.5.1873, Аньер, каля Парыжа — 30.8.1935),
французскі пісьменнік і грамадскі дзеяч. Замежны ганаровы чл.АНСССР (1933). Вучыўся ў Сарбоне, дзе абараніў дысертацыю па філасофіі (1894). Стваральнік міжнар. антымілітарысцкага аб’яднання дзеячаў культуры «Клартэ» (1919). Адзін з арганізатараў антыфаш. руху. Літ. дзейнасць пачаў у сярэдзіне 1890-х г.Зб. вершаў «Плакальшчыцы» (1895) — даніна моднай на той час дэкадэнцкай паэзіі. У раманах «Агонь» (1916, Ганкураўская прэмія 1917) і «Яснасць» (1919) асудзіў 1-ю сусв. вайну. Аўтар зб-каў публіцыстыкі («Святло з бездані», 1919; «Словы барацьбіта», 1920; «З нажом у зубах», 1921) і навел («Мы», 1914; «Падзеі», 1928, бел.пер. «Розныя факты», 1929), рамана «Звёны» (1925), дакументальных кніг «Кáты» (1926), «Расія» (1930, бел.пер. 1931), біягр. аповесці «Заля» (1932) і інш.