устанаўленне ўзросту археалагічнага помніка. Выкарыстоўваюць 2 сістэмы археалагічнага датавання — адносную і абсалютную храналогію. Пры адноснай храналогіі вызначаецца, якая з 2 рэчаў, культур або які з 2 культурных гарызонтаў, пластоў больш старажытны. Стратыграфічныя назіранні за шэрагам помнікаў даюць магчымасць стварыць храналагічную шкалу для старажытнасцяў — вызначыць парадак іх змянення з цягам часу. Абсалютная храналогія — устанаўленне ўзросту помніка ў звычайных вымярэннях нашага летазлічэння. Яна магчымая пры наяўнасці рэчаў з надпісамі, датамі, прозвішчамі асоб, упамінаннем вядомых гіст. падзей і інш. Датаванне помнікаў дапісьмовых эпох праводзіцца з дапамогай метадаў прыродазнаўчых навук. Археалагічны помнік можа датавацца: па геал. пласце; па гадавых пластах драўніны, знойдзенай на помніку (дэндрахраналагічны метад); па ступені назапашвання фтору або знікнення бялку-калагену ў выкапнёвых касцях стараж. жывёл. Шырока выкарыстоўваюць радыевугляродны, палеа- і геамагнітны, тэрмалюмінесцэнтны і інш. аналізы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЬНІ́ЧНАЯ КА́СА,
орган страхавання рабочых на прадпрыемствах Рас. імперыі на пач. 20 ст. Паводле закону «Аб абавязковым страхаванні рабочых ад няшчасных выпадкаў і на выпадак хваробы» (1912) бальнічная каса магла быць заснавана пры наяўнасці на прадпрыемстве 200 чл. (калі было менш — стваралася агульная каса для рабочых некалькіх прадпрыемстваў). У 1914 у Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай губ. было 99 бальнічных кас (39 тыс.чл.). Штомесяц чл. касы плацілі ўзнос у памеры 2—3% ад сумы заробку, уладальнік прадпрыемства ўносіў 2/3 сумы ад узносаў рабочых. З гэтых сродкаў хворыя атрымлівалі дапамогу ў памеры 25—50% сярэдняга заробку (але не больш як на працягу 26 тыдняў). Жанчынам выдавалі дапамогу па цяжарнасці ад палавіны да 2/3 заробку на працягу 4 тыдняў да родаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСУА́НСКІЯ ПЛАЦІ́НЫ,
самыя вялікія комплексныя гідратэхн. збудаванні ў Егіпце, на р. Ніл каля г. Асуан. Старая Асуанская плаціна (пабудавана ў 1898—1902) каля першага нільскага парога. Даўж. каля 2 км, выш. каля 54 м, шыр. па грэбені каля 8 м. Аб’ём вадасховішча 5,5 млрд.м³. Паблізу — ГЭС магутнасцю больш за 350 МВт. Новая Вышынная каменнанакідная плаціна (1960—70; пры садзейнічанні СССР) за 6—7 км на Пд ад Старой плаціны. Даўж. каля 4 км, выш. 110 м, шыр. каля асновы 980 м. Аб’ём створанага каля Вышыннай плаціны вадасх. Насэр 160 млрд.м³. Магутнасць Асуанскага гідратэхн. комплексу 21 ГВт. Стварэнне Асуанскага гідратэхнічнага комплексу дало магчымасць павялічыць пасяўныя плошчы ў Егіпце амаль на 1/3, ліквідаваць пагрозу паводак, палепшыць рачную навігацыю, садзейнічала развіццю энергаёмістых галін гаспадаркі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЭСТА́ЦЫЯ,
1) службовая — вызначаны заканадаўствам парадак праверкі кваліфікацыі і дзелавых якасцяў работнікаў праз перыядычную ацэнку іх ведаў, вопыту, навыкаў і здольнасцяў да выканання канкрэтных абавязкаў па дадзенай спецыяльнасці ці пасадзе. Праводзіцца не радзей як 1 раз у 3—5 гадоў атэстацыйнай камісіяй, прызначанай вышэйстаячымі органамі ці адміністрацыяй, узгодненай з прафсаюзамі. Па выніках атэстацыі камісія можа прапанаваць адміністрацыі заахвоціць работніка, змяніць службовы аклад, уключыць у рэзерв на больш высокую пасаду, панізіць на пасадзе ці звольніць. Канчатковае рашэнне прымае кіраўнік адміністрацыі не пазней як праз 2 месяцы пасля атэстацыі.
2) атэстацыя рабочых месцаў — праверка рабочых месцаў на адпаведнасць нарматыўным параметрам.
3) атэстацыя прадукцыі — афіцыйнае вызначэнне якасці прадукцыі з выдачай спец. дакумента.
4) У бухгалтэрыі — аўдытарскае заключэнне, якое пацвярджае дакладнасць фін. справаздач (гл.Аўдыт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ТЭХНАЛАГІ́ЧНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т.
Засн. ў 1930 у Гомелі як лесатэхнічны ін-т на базе ф-та лясной гаспадаркі Бел.с.-г. акадэміі. З 1945 у Мінску, з 1961 наз.Бел.тэхнал.ін-т, з 1993 ун-т. З’яўляецца вядучай ВНУ Беларусі па падрыхтоўцы тэхнолагаў 17 спецыяльнасцяў і больш як 80 спецыялізацый. У 1995/96 навуч.г. ф-ты: лесагаспадарчы (з 1993 выкладанне на бел. мове), тэхналогіі і тэхнікі лясной прам-сці, тэхналогіі арган. рэчываў, хім. тэхналогіі і тэхнікі, завочны, павышэння кваліфікацыі, па рабоце з замежнымі студэнтамі; падрыхтоўчае аддзяленне. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1949, дактарантура з 1988. Мае 6 н.-д. лабараторый, электронна-вылічальны цэнтр, друкарню. Працуе ун-т беларускай мовы, гісторыі і культуры (з 1991). Выдае газ. «Тэхнолаг».
Навучальны корпус Беларускага тэхналагічнага універсітэта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУСЬКА́ЛІЙ»,
вытворчае аб’яднанне ў Беларусі, у г. Салігорск. Утворана ў 1970 як Беларускі калійны камбінат на базе 1-га (працуе з 1963), 2-га (з 1965) і 3-га (з 1969) камбінатаў (рудаўпраўленняў). З 1975 ВА «Беларуськалій», у якое ў 1977 увайшоў 4-ы калійны з-д. Працуе на базе Старобінскага радовішча калійных і каменнай соляў. Выпускаў каля 20% сусв. вытв-сці калійных угнаенняў, здабываў больш за 40 млн.т калійнай руды, выпрацоўваў каля 5,7 млн.т калійных угнаенняў у пераліку на 100% K2O (1988). У 1994 выпушчана 2,54 млн.т угнаенняў. Асн. прадукцыя (1995): калій хлорысты дробназярністы і грануляваны, натрый хлорысты тэхнічны, соль калійная змешаная, соль кухонная і для жывёлагадоўлі. Супрацоўнічае з прадпрыемствамі і фірмамі Расіі, Германіі, Польшчы і інш. краін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛ-ЛАНКА́СТЭРСКАЯ СІСТЭ́МАўзаемнага навучання,
сістэма навучання ў пач. школе, пры якой старэйшыя вучні, якія больш паспяхова займаліся, пад кіраўніцтвам настаўніка вялі заняткі з астатнімі навучэнцамі. Узнікла ў сувязі з неабходнасцю масавага навучання пісьменнасці. Прапанавана незалежна адзін ад аднаго англ. педагогамі Э.Белам (1791) і Дж.Ланкастэрам (1801). Спачатку ўжыта ў Індыі, потым у Вялікабрытаніі. У пач. 19 ст. шырока практыкавалася ў Францыі, Расіі, ЗША, Даніі і інш. краінах. У Расійскай імперыі ў 1817—19 школы ўзаемнага навучання ўзніклі ў некаторых вайск. часцях і ў маёнтках ліберальна настроеных памешчыкаў. Адной з першых такая школа адчынена для сялян у маёнтку графа М.П.Румянцава ў Гомелі. Супраць Бел-Ланкастэрскай сістэмы выступалі прыхільнікі навучання, якое садзейнічала развіццю асобы. У сярэдзіне 19 ст. Бел-Ланкастэрска сістэма страціла папулярнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЫ ШЫРАКАГРУ́ДЫ ІНДЫ́К,
парода індыкоў. Выведзены ў ЗША скрыжаваннем белых галандскіх індыкоў з бронзавымі шыракагрудымі. Пашыраны ў краінах Паўн. і Паўд. Амерыкі, Еўропы. У б.СССР завезены ў 1961, дзе на іх аснове створаны высокапрадукцыйныя лініі для вытв-сці мясных індычанят. На Беларусі пашырана гібрыдная форма — чатырохлінейны галандскі крос Хідон, які гадуюць на Маладзечанскай індыкагадоўчай ф-цы.
Апярэнне птушак белае, на грудзях пучок чорнага пер’я. Гадуюць 3 разнавіднасці: лёгкую, сярэднюю, цяжкую. Жывая маса самцоў лёгкіх формаў 8—9 кг, самак 4,5—5,5 кг, сярэдніх адпаведна 15—17 і 6—7, цяжкіх — 20—25 і 10—11 кг. Яйцаноскасць нясушак лёгкіх формаў 100 і больш яец, сярэдніх 86—93, цяжкіх 40—60 яец. Маса яйца 75—90 г. Птушкі маюць высокую скараспеласць і жыццяздольнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІХА́Р,
штат на ПнУ Індыі. Пл. 173,9 тыс.км². 86,3 млн.чал. (1994), каля 2/3 — біхарцы. Адм. ц. — г. Патна. На Пн — частка Інда-Гангскай раўніны, на Пд — пласкагор’е Чхота-Нагпур (макс.выш.больш за 1000 м). Клімат трапічны мусонны з сухой зімой і вільготным летам. Ападкаў каля 1000 мм за год. На Пд штата — гал. раён Індыі па здабычы каменнага вугалю, жал. і меднай руды, слюды (буйнейшае ў свеце радовішча; гл.Біхарскі слюданосны раён), уранавай сыравіны, баксітаў. Развіты металургічная (Бакара, Ранчы, Джамшэдпур), маш.-буд., цэментная, папяровая, хім., нафтахім., харч.прам-сць. Пад пасевамі каля 50% пл., значная ч. зямель арашаецца. Гал. культура — рыс. Вырошчваюць таксама кукурузу, пшаніцу, ячмень, зернебабовыя, бульбу, на ПнУ — джут, на левабярэжжы Ганга — цукр. трыснёг. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і буйвалаў. Транспарт чыгуначны і рачны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЮ́МІНГ, блумінг (англ. blooming),
пракатны стан для абціскання стальных зліткаў вял. папярочнага сячэння масай да 12 т і больш у блюмы. Часам блюмінг выкарыстоўваюць для пракаткі слябаў і фасонных загатовак для буйных двухтаўровых бэлек, швелераў і інш. профіляў. Прадукцыйнасць блюмінга да 6 млн.т блюмаў за год.
Асн. часткі блюмінга: рабочая клець з валкамі пракатнымі, гал. электрарухавікі (для націскнога ўстройства), абсталяванне для прывядзення ў рух валкоў (шпіндэлі і інш.). Блюмінгі бываюць: аднаклецевыя (рэверсіўныя 2-валковыя і нерэверсіўныя 3-валковыя); здвоеныя з 2 паслядоўна размешчаных клецяў; бесперапынныя з некалькіх паслядоўна размешчаных нерэверсіўных клецяў; спецыялізаваныя (аднаклецевыя рэверсіўныя) для атрымання загатовак шырокапалічных бэлек Дыяметр пракатных валкоў ад 750 да 1500 мм і болей. У б.СССР першы блюмінг пабудаваны ў 1933 на Макееўскім металургічным з-дзе (Данецкая вобл.).