хвароба каранёў раслін сям. крыжакветных, якая выклікаецца грыбам Plasmodiophora brassicae. Найчасцей пашкоджвае капусту, а таксама бручку, радыску, рэпу, рэдзьку, гарчыцу, турнэпс, некат. віды пустазелля. Найб. пашырана на кіслых глебах.
Споры грыба пранікаюць у тканкі кораня, выклікаюць узмоцненае дзяленне клетак, у выніку ўтвараюцца вял. патаўшчэнні, нарасці, уздуцці. У іх пранікаюць інш. мікраарганізмы, нарасці загніваюць і разбураюцца. Споры грыба трапляюць у глебу, якая з’яўляецца асн. крыніцай заражэння (споры К. захоўваюцца 5—6 гадоў). Расліны заражаюцца на працягу ўсяго перыяду вегетацыі. Меры барацьбы: выкарыстанне ўстойлівых сартоў, дэзінфекцыя парнікоў і расаднікаў, вапнаванне глебы, выбракоўка заражанай расады, правільная агратэхніка, знішчэнне крыжакветнага пустазелля і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНАРЫ́НХІ (Kinorhyncha),
клас марскіх першаснаполасцевых чарвей. 2 атр.: цыкларагіды (Ciclorhagida) і гамаларагіды (Homalorhagida), каля 100 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць у грунтах, у прыбярэжнай зоне і на глыбіні да 750 м.
Даўж. 0,1—1 мм. Цела пляскатае, жаўтаватае або карычневае, двухбакова-сім., складаецца з 13 (зрэдку з 14) сегментаў (занітаў); укрыта кутыкулай з венчыкамі шыпоў або кручкоў. Скура — з аднаслойнага эпітэлію. Мускулатура складаецца з асобных пучкоў папярочна-паласатых мускулаў. Кішэчнік у выглядзе простай трубкі. Нерв. сістэма складаецца з галаўнога каляглотачнага кальца і брушнога нерв. ствала з вял. колькасцю нерв. клетак у кожным сегменце тулава. Раздзельнаполыя, развіццё з метамарфозам. Кормяцца аднаклетачнымі водарасцямі, мікраарганізмамі, дэтрытам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБАЛЬЕ́ ((Caballe) Мантсерат) (н. 12.4.1933, г. Барселона, Іспанія),
іспанская спявачка (сапрана); буйнейшая прадстаўніца мастацтва бельканта. Вучылася ў Барселонскай кансерваторыі ў Э.Кемені. З 1956 салістка оперных т-раў у Базелі, Брэмене, з 1965 у т-ры «Метраполітэн-опера». Спявае таксама ў т-рах «Ла Скала», «Ковент-Гардэн», «Гранд-Апера», Венскай дзярж. оперы і інш. Валодае моцным прыгожым голасам вял. дыяпазону. Выкананне адметнае экспрэсіяй, багаццем тэмбравай і дынамічнай нюансіроўкі. Сярод партый: Норма («Норма» В.Беліні), Марыя Сцюарт (аднайм. опера Г.Даніцэці), Манон («Манон Леско» Дж.Пучыні) і інш. З яе імем звязана адраджэнне шэрагу опер Даніцэці, Беліні, Дж.Расіні. Выступае ў канцэртах. У 1997 гастраліравала ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́НКІН Міхаіл Герасімавіч [16.4.1916, Петраград (паводле інш. звестак, в. Падольнае Нара-Фамінскага р-на Маскоўскай вобл.) — 22.11.1943), удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). На фронце з 1941. Камандзір асобнай стралк. роты капітан К. вызначыўся пры вызваленні Кармянскага р-на: 22 ліст. каля в. Студзянец рота на чале з К. уварвалася ў траншэі і выбіла з іх праціўніка. Каб спыніць кулямётны агонь варожага дзота, паранены К. закрыў амбразуру сваім целам. Натхнёныя яго подзвігам, байцы захапілі важны плацдарм. На месцы бою каля в. Касцюкоўка насыпаны курган Славы, каля падножжа якога мемар. пліта з апісаннем подзвігу К.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЛНІНЬШ ((Kalniņš) Алфрэдс) (23.8. 1879, г. Цэсіс, Латвія — 23.12.1951),
латышскі кампазітар, арганіст, педагог. Нар.арт. Латвіі (1945). Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1901). Працаваў арганістам, піяністам, хар. дырыжорам (у 1925—26 дырыжор Нац. оперы Латвіі, у 1933—44 арганіст Домскага сабора ў Рызе). У 1927—33 у ЗША. У 1944—48 рэктар Латв. кансерваторыі (праф. з 1947). Аўтар першай латв. оперы «Банюта» (1920), балета «Стабурагс» (1943), сімф. паэмы «Латвія» (1919), ідыліі «Мая Радзіма» і сімф. карціны «Каля Стабурагса» (1906) і інш. Майстар сольнай і хар. песні, зрабіў вял. ўклад у камерна-інстр., фп. і арганную музыку.
Літ.:
Витолинь Е.Я. Алфред Калнынь — классик латышской музыки. Л., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЧАДА́НЫ (ад грэч. Chalkēdōn, стараж.-грэч. калонія ў М. Азіі),
агульная назва вял. колькасці рудных мінералаў, пераважна сярністых, мыш’яковістых, сурмяністых злучэнняў жалеза, медзі, свінцу, цынку, нікелю і інш. К. называюць таксама калчаданавыя руды, складзеныя пераважна з сульфідных рудных мінералаў. Сярод мінералаў-К. найб. пашыраны серны К. (пірыт), медны (халькапірыт), магнітны (пірацін), мыш’яковы (арсенапірыт), жалезны (марказіт), алавяны (станін) і інш. Крышталізуюцца пераважна ў кубічнай ці рамбічнай сінганіі. Колер бронзава-жоўты, латунны, шэры. Бляск металічны. Цв. да 7. Паходжанне гідратэрмальна-метасаматычнае, вулканагенна-асадкавае, радзей асадкавае. Сыравіна для вытв-сці сернай к-ты, комплексныя руды для атрымання медзі, цынку, свінцу, нікелю і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́ЛЬЧЫК (Міхаіл Сцяпанавіч) (н. 8.6.1921, в. Бушмін Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),
Герой Сав. Саюза (1946). Засл. работнік культ. РСФСР (1983). Скончыў Аршанскі аэраклуб (1939), Адэскую ваен.авіяц. школу пілотаў імя П.Асіпенка (1941), Краснадарскую вышэйшую афіцэрскую школу штурманаў (1953), Смаленскі пед.ін-т (1967). У Вял.Айч. вайну з 1941 на Паўн.-Зах., 1-м Бел. франтах. Удзельнік вызвалення Ноўгарада, Пскова, Пінска, Любліна, Варшавы, Познані, баёў на Одэры, штурму Берліна. Камандзір звяна штурмавога авіяпалка ст. лейтэнант К. зрабіў 100 баявых вылетаў, правёў 10 групавых паветр. баёў. Да 1958 у Сав. Арміі, падпалкоўнік. Ганаровы грамадзянін г. Познань і Лодзінскага ваяводства (Польшча).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДРА́ЦЬЕЎ (Пётр Васілевіч) (20.6.1909, г. Віцебск — 1.6.1943),
Герой Сав. Саюза (1940). Скончыў ваенна-тэарэт. школу лётчыкаў у Ленінградзе і Ейскую ваенна-марскую школу лётчыкаў. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40, у час якой пам. камандзіра авіяпалка капітан К. зрабіў 66 баявых вылетаў, патапіў варожае судна з боепрыпасамі, спаліў на аэрадроме праціўніка 7 самалётаў, знішчыў 2 паравозы, 6 аўтамашын. У Вял.Айч. вайну ўдзельнічаў у абароне Ленінграда. Знішчальны авіяполк пад камандаваннем палкоўніка К. за 5 месяцаў правёў 389 паветр. баёў, знішчыў 105 варожых самалётаў, 55 танкаў. Загінуў у баі над Фінскім залівам. Яго імем наз. вуліца ў Віцебску, пасёлак у Выбаргскім р-не Ленінградскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЧЭ́ЛІ (Георгій) (Гія) Аляксандравіч (н. 10.8.1935, Тбілісі),
грузінскі кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Грузіі (1972). Нар.арт.СССР (1988). Скончыў Тбіліскую кансерваторыю (1963), з 1970 выкладае ў ёй. Працуе пераважна ў сімф. і опернай музыцы. Сярод твораў: опера «Музыка для жывых» (паст. 1984); муз. камедыя «Хітрыкі Ханумы» (паст. 1973); кантата «Светлы смутак» (1985); 7 сімфоній (1967—86); літургія «Аплаканыя ветрам» для вял.сімф. аркестра і альта сола (1988); музыка для эстр. аркестра, да драм. спектакляў і кінафільмаў, у т. л. «Не бядуй», «Міміно». Дзярж. прэмія СССР 1976. Дзярж. прэмія Грузіі 1981.
Літ.:
Зейфас Н. Симфонии Гии Канчели // Композиторы союзных республик. М., 1980. Вып. 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАПУ́СНІК»,
жартаўлівае гумарыстычнае парадыйнае тэатралізаванае прадстаўленне. Узнік у дарэв. Расіі. «К.» наладжвалі работнікі т-раў у час Вял. посту (назва ад традыц. поснага блюда — капусты ці пірага з капустай). У Пецярбургу найб. вядомы т. зв. «Варламаўскія К.» (вечары ў доме акцёра К.А.Варламава). У Маскве першыя «К.» ў выглядзе закрытых вечарын з пародыямі і жартамі арганізоўвала Т-ва мастацтва і л-ры. Пазней праводзіліся ў МХАТ (1902, 1903, 1908). У сав. час былі пашыраны як від маст. самадзейнасці. Форма вечароў «К.» захавалася да нашага часу ў вядучых бел. т-рах у дні свят, юбілеяў, а таксама як студэнцкія вечарыны.