МЫ́ЙНАЕ ДЗЕ́ЯННЕ,

сукупнасць фізіка-хім. працэсаў, якія прыводзяць да ачысткі паверхні розных рэчаў (звычайна валокнаў, тканіны) ад забруджванняў (тлушчу, пылу, сажы, бялковых і інш. рэчываў). Характэрнае для міцэлярных водных раствораў мылаў і сінт. мыйных сродкаў, абумоўленае іх высокай паверхневай актыўнасцю і здольнасцю стабілізаваць часцінкі забруджванняў у аб’ёме мыйнага раствору.

Уключае 2 асн. стадыі: поўнае змочванне забруджанай паверхні мыючай вадкасцю, што ажыццяўляецца пад уздзеяннем любых паверхнева-актыўных рэчываў (ПАР) і прыводзіць да пераходу часцінак забруджванняў у мыючы раствор, і стабілізацыя часцінак, якія ўтварыліся ў выніку адсорбцыі на іх ПАР і ўтварэння адсарбцыйна-сальватных слаёў, што прадухіляюць узбуйненне часцінак і іх паўторнае наліпанне на ачышчаную паверхню. Стабілізацыя абумоўлена міцэлаўтварэннем. Утварэнне міцэл ПАР у мыйным растворы прыводзіць да паглынання забруджванняў у працэсе салюбілізацыі (калоіднага растварэння). М.д. ўзмацняецца мех. уздзеяннем на паверхні рэчаў, якія адмываюцца.

Ф.​М.​Капуцкі.

т. 11, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ГІКА ПРЭДЫКА́ТАЎ, функцыянальная логіка,

раздзел логікі, у якім вывучаюцца лагічныя сувязі паміж выказваннямі з улікам іх унутранай (суб’ектна-прэдыкатнай) структуры; пашыраны варыянт логікі выказванняў. Прадметам даследавання з’яўляецца любая галіна аб’ектаў з дадзенымі на гэтых аб’ектах прэдыкатамі, г. зн. уласцівасцямі і адносінамі. У выніку фармалізацыі Л.п. прымае выгляд розных злічэнняў (напр., злічэнне выказванняў). Пры аналізе ўплыву на лагічны вывад унутр. структуры выказванняў прэдыкаты разглядаюцца як функцыі, значэннямі якіх служаць выказванні. У дапаўненне да сімвалічных сродкаў логікі выказванняў у мову Л.п. уведзены лагічныя знакі — аператары ∀ («для ўсіх») і ∃ («для некаторых», існуе... такое, што...»), якія адпаведна наз. квантарамі агульнасці і існавання. Для выяўлення структуры выказванняў уводзіцца бясконцы пералік індывідных пераменных x, y, z ... x​1, y​1, z​1, .... якія ўяўляюць сабой розныя аб’екты, і бясконцы пералік прэдыкатных пераменных P, Q, R, ..., P​1, Q​1, R​1 ..., якія ўяўляюць сабой уласцівасці і адносіны аб’ектаў. Запіс (∀x)P(x) азначае «Усякі x валодае ўласцівасцю P»; (∃x)P(x) — «некаторыя x валодаюць уласцівасцю P» і (∃xQ(xy) — «існуе x, які знаходзіцца ў адносінах Q з y» і да т.п. Квантары могуць звязваць у формулах індывідныя (звязаныя) пераменныя. Індывідныя пераменныя, не звязаныя ў формуле квантарамі, наз. свабоднымі. Так, ва ўсіх трох прыведзеных формулах пераменная х звязаная, у апошняй формуле пераменная у свабодная. Звязаныя пераменныя наз. фіктыўнымі. Формулы, якія прымаюць значэнне «ісціна» ў кожнай інтэрпрэтацыі, наз. агульназначнымі. Існуюць таксама некласічныя Л.п., якія прапануюць іншыя тлумачэнні лагічных звязак і квантара.

Літ.:

Колмогоров А.Н., Драгалин А.Г. Введение в математическую логику. М., 1982;

Жуков Н.И. Философские основания математики. 2 изд. Мн. 1990.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 9, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКІЯ́НСКІЯ АСТРАВЫ́,

астравы, якія ўзніклі ў межах ложа акіяна або сярэдзінна-акіянскіх хрыбтоў у выніку тэктанічных, вулканічных або арганагенных працэсаў. Гл. таксама Востраў.

т. 1, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЛАБІЁНТЫ [ад грэч. helos балота + біёнт(ы)],

віды расліннага і жывёльнага свету, якія прыстасаваліся да жыцця ў балотах (некат. асокі, жабы і інш.).

т. 5, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭНДРАБІЁНТЫ [ад дэндра... + біёнт(ы)],

арганізмы, якія насяляюць дрэвавы ярус расліннасці. У фауне сярод пазваночных Д. пераважаюць птушкі, шмат Д. сярод насякомых, павукападобных і інш. груп беспазваночных.

т. 6, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́КА (ад франц. clique шайка, банда),

група людзей, якія аб’ядналіся для дасягнення сваіх карысных авантурыстычных ці злачынных мэт (напр., злачынная К., прыдворная К.).

т. 8, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕВЫТВО́РЧЫЯ АСНО́ЎНЫЯ ФО́НДЫ,

сукупнасць матэрыяльна-рэчавых каштоўнасцей (жыллёвай і камунальнай гаспадаркі, быт. абслугоўвання, аховы здароўя, адукацыі, навукі і інш.), якія функцыянуюць доўгі час.

т. 11, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯГЕ́НЫ [ад бія... + ...ген(ы)],

біягенныя рэчывы, 1) рэчывы і хім. элементы, якія ўваходзяць у састаў усіх відаў арганізмаў і неабходныя для іх існавання. Важнейшыя: кісларод (каля 70% масы арганізмаў), вуглярод (18%), вадарод (10%), азот, кальцый, калій, фосфар, магній, сера, хлор, натрый. У клетках выконваюць структурную функцыю, ролю каталізатараў біяхім. рэакцый, рэгулююць асматычныя працэсы, з’яўляюцца складанымі часткамі буферных сістэм і рэгулятарамі пранікальнасці біял. мембран.

2) Рэчывы, якія арганізмы сінтэзуюць у ходзе жыццядзейнасці.

3) Рэчывы, што ўтварыліся ў выніку раскладання рэшткаў арганізмаў, але не зусім мінералізаваліся.

т. 3, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІГАСАПРО́БЫ (ад аліга... + грэч. sapros гнілы + bios жыццё),

арганізмы, якія жывуць у чыстых або слаба забруджаных арган. рэчывамі водах з лішкам растворанага кіслароду. Для алігасапробаў характэрна вял. відавая разнастайнасць пры павольнай змене згуртаванняў. Да іх належаць: зялёныя і дыятомавыя водарасці і кветкавыя расліны (напр., гарлачык белы); некаторыя калаўроткі, лічынкі стракоз і аўсянікаў, дафніі; сцерлядзь, фарэль; трытоны. Сярод алігасапробаў шмат драпежнікаў, але мала сапратрофаў, у т. л. бактэрый і арганізмаў, якія кормяцца бактэрыямі. Выкарыстоўваюцца як біял. індыкатары ступені забруджанасці вадаёмаў шкоднымі рэчывамі.

т. 1, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАРАЧА́ЛЬНЫЯ РЭА́КЦЫІ,

хімічныя рэакцыі, якія адначасова адбываюцца ў прамым і адваротным напрамках і знаходзяцца ў стане дынамічнай раўнавагі. Кірунак рэакцый залежыць ад канцэнтрацыі рэчываў — удзельнікаў рэакцый. Пры дасягненні раўнавагі хімічнай скорасці абарачальныя рэакцыі аднолькавыя і сістэма ўтрымлівае зыходныя рэчывы і прадукты.

Простыя абарачальныя рэакцыі (напр., N2O4 2NO2) складаюцца з дзвюх элементарных рэакцый, якія адрозніваюцца толькі напрамкам (N2O4 → 2NO2 і 2NO2 → N2O4). Складаныя бываюць абарачальныя пры ўмове абарачальнасці ўсіх стадый (напр., N2+3NH2, 2NH3). Абарачальныя рэакцыі пры пэўных умовах ператвараюцца ў практычна неабарачальныя рэакцыі.

т. 1, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)