ФРА́НКІ (лац. Franci, ням. Franken),

група зах.-герм. плямён (хамавы, брукгеры, сугамбры, усібеты і інш.), аб’яднаных у племянны саюз, які ўпершыню згадваецца ў сярэдзіне 3 ст. Падзяляліся на 2 групы. Ядро адной з іх — салічаскія (прыморскія) Ф., якія спачатку жылі на р. Эйсел, а да сярэдзіны 4 ст. рассяліліся ў нізоўях Рэйна да Шэльды (вобл. Таксандрыя). 2-я група — рыпуарскія (берагавыя) Ф., што жылі на берагах Рэйна да Майна. Салічаскія Ф. ў сярэдзіне 4 ст. разбіты рымлянамі, але пакінуты ў Таксандрыі на правах федэратаў; у 451 удзельнічалі ў Каталаунскай бітве супраць гунаў (гл. Каталаунскія палі). Да пач. 5 ст. салічаскія Ф. авалодалі Галіяй да Сомы і ўтварылі Франкскую дзяржаву (канец 5 — сярэдзіна 9 ст.). Ф. з міжрэчча Мааса і Луары сталі адным з кампанентаў паўн.-франц. і валонскай народнасцей, а Ф. на Пд ад Луары — паўд.-франц. (правансальскай) народнасці. Ф., што жылі па сярэднім цячэнні Рэйна і ў бас. Мааса, склалі аснову абл. групы франконцаў (гл. Франконія), а Ф. з бас. ніжняга Рэйна адыгралі значную ролю ў этнагенезе галандцаў, фламандцаў.

Літ.:

Гл. пры арт. Франкская дзяржава.

т. 16, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНІ́ЧАСКІ ПРАЛІ́Ў, Тонкі,

праліў, што злучае Азоўскае м. з зал. Сіваш, паміж паўн. краем Арабацкай Стрэлкі і мацерыком. Даўж. каля 4 км, шыр. 80 — 150 м, глыб. да 4,6 м. Порт Генічаск.

т. 5, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАДО́ АПАРА́Т,

літарадрукавальны шматразовы тэлеграфны апарат. Мае клавіятуру, пры дапамозе якой перадача тэлеграм праводзіцца ў вызначаным рытме, што задаецца тактавымі сігналамі. Вынайдзены Ж.Бадо (1876). Выкарыстоўваўся да замены ў 1960-я г. тэлетайпамі.

т. 2, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́РХНЕВАЯ СІ́ЛА ў механіцы,

сіла, прыкладзеная да пунктаў паверхні цела. Напр., атмасферны ціск на паверхню Зямлі і на ўсе целы ў атмасферы, сілы супраціўлення асяроддзя, што дзейнічаюць на рухомае цела, рэакцыі апор.

т. 11, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПЯРО́ЧНАЯ ХВА́ЛЯ,

хваля, што распаўсюджваецца ў напрамку, перпендыкулярным да плоскасці, у якой адбываюцца ваганні часцінак асяроддзя (для мех. хвалі) ці ў якой ляжаць вектары напружанасці эл. і магн. палёў (для электрамагнітнай хвалі).

т. 12, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫВІЛЕ́Й 1447, Казіміраў прывілей,

агульнадзяржаўны заканадаўчы акт ВКЛ, выдадзены вял. кн. Казімірам IV Ягелончыкам у Вільні 2.5.1447. Адзін з асн. дзярж. актаў, які замацаваў шырокія правы баяр ВКЛ у паліт., сац. і эканам. жыцці дзяржавы. Складаецца з 14 артыкулаў. Пацвярджаў асабістую свабоду і недатыкальнасць баяр, гарантаваў, што за правіннасць павінен адказваць толькі сам вінаваты, а не яго жонка, бацька, слуга або інш. баярын. Баярам дазволены выезд за межы дзяржавы «для лепшага набыцця шчасця або ўчынкаў рыцарскіх», але не ў «непрыяцельскую краіну». Пацверджаны прывілеі баярам на маёнткі, выдадзеныя папярэднімі вял. князямі, права на продаж і абмен маёнткаў. П. гарантаваў баярам, што іх маёнткі не будуць канфіскаваны, а пасля смерці баярына яго сыны і дочкі «ад сваёй вотчыны не маюць аддалены быць». У П. зафіксаваны дагавор вял. князя з феадаламі, што ён, як і яны, не будзе прымаць у свае маёнткі збеглых сялян, а вяртаць уцекачоў назад да свайго пана. Адным з гал. палажэнняў П. была перадача вял. князем свайго права судзіць сялян і інш. падданых самім баярам (права судовага імунітэту). З гэтага часу феадал станавіўся адзіным суддзёю сваіх падданых, што вяло да яшчэ большай іх залежнасці і ўрэшце дало магчымасць іх запрыгоніць. П. гарантаваў баярам, што землі і дзярж. пасады ў ВКЛ будуць атрымліваць толькі ўраджэнцы ВКЛ. Такім чынам, П. забараняў пранікненне польскай шляхты ў ВКЛ. Вял. князь таксама ўрачыста абяцаў бараніць незалежнасць дзяржавы і яе тэр. цэласнасць. Напісаны на лац. мове. Меў вял. значэнне ў далейшым юрыд. афармленні правоў феадалаў, некаторыя яго нормы ўвайшлі ў Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 13, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯ́ЗКАСЦЬ, унутранае трэнне,

уласцівасць газаў, вадкасцей і цвёрдых цел супраціўляцца іх цячэнню (для цвёрдых цел — развіццю астаткавых дэфармацый) пад уздзеяннем вонкавых сіл. Характарызуе сілавое ўзаемадзеянне (інтэнсіўнасць перадачы імпульсу) паміж слаямі вадкасці (газу) пры любых цячэннях. Звязана са структурай рэчыва і адлюстроўвае фіз.-хім. змены ў рэчывах пры тэхнал. працэсах. Гелій мае асаблівыя вязкасныя ўласцівасці — звышцякучасць.

Вязкасць газаў абумоўлена цеплавым рухам малекул (вынік пастаяннага абмену малекуламі паміж слаямі і таму для надзвычай разрэджаных газаў паняцце вязкасці страчвае сэнс), вадкасцей — міжмалекулярным узаемадзеяннем. Пры ламінарным цячэнні вязкіх вадкасцей і газаў (закон І.​Ньютана; 1687) датычная сіла трэння, што выклікае зрух слаёў вадкасцей (газаў) адносна адзін аднаго, прапарцыянальная градыенту скорасці ў напрамку, перпендыкулярным слою, што разглядаецца, і плошчы слоя, пры якім адбываецца зрух; каэфіцыент прапарцыянальнасці наз. дынамічнай вязкасцю η (характарызуе інтэнсіўнасць ператварэння работы знешніх сіл у цеплыню). Кінематычная вязкасць ν=n/ρ, дзе ρ — шчыльнасць вадкасці (газу). У цвёрдых целах вязкасць характарызуе ўласцівасць неабарачальна паглынаць мех. энергію пры пластычных дэфармацыях; вызначаецца адносінамі работы дэфармацыі да папярочнага сячэння (або аб’ёму) узору. Гл. таксама Рэалогія.

Да арт. Вязкасць: F — датычная сіла, прыкладзеная да рухомай пласціны B, што рухаецца з пастаяннай скорасцю V0; V(Z) — залежнасць скорасці слоя вадкасці (газу) ад яго адлегласці Z ад нерухомай пласціны A.

т. 4, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРАЭЛЕКТРЫ́ЧНАСЦЬ (ад піра... + электрычнасць),

узнікненне эл. зарадаў на паверхні некат. крышталёў (піраэлектрыкаў) пры іх награванні ці ахаладжэнні. Да піраэлектрыкаў адносяць крышт. дыэлектрыкі, што палярызуюцца ў адсутнасці эл. поля і інш. знешніх уздзеянняў (т. зв. спантанная палярызацыя). Даследавалася Д.Брустэрам, П.Кюры, Ф.Эпінусам.

Пры награванні адзін край піраэлектрыка зараджаецца дадатна, пры ахаладжэнні — адмоўна, другі — наадварот. Паяўленне зарадаў на паверхні піраэлектрыка звязана са зменай існуючай у ім палярызацыі пры змене т-ры крышталя, а таксама і пры дэфармаванні (піраэлектрыкі з’яўляюцца п’езаэлектрыкамі) Асобная група піраэлектрыкаў — сегнетаэлектрыкі, у якіх пры награванні да пэўнай т-ры спантанная палярызацыя знікае і крышталь пераходзіць у непіраэл. стан. Існуе эфект, адваротны піраэлектрычнаму. Калі крышталь змясціць у эл. поле, то яго палярызацыя змяняецца, што суправаджаецца награваннем ці ахаладжэннем крышталя (электракаларычны эфект). Піраэлектрыкі выкарыстоўваюць у тэхніцы ў якасці індыкатараў і прыёмнікаў выпрамяненняў. Іх дзеянне заснавана на рэгістрацыі эл. сігналаў, што ўзнікаюць у піраэлектрыках пры змене т-ры пад уплывам выпрамянення.

Літ.:

Лайнс М., Гласс А. Сегнетоэлектрики и родственные им материалы: Пер. с англ. М., 1981;

Кременчугский Л.С., Ройцина О.В. Пироэлектрические приемники излучения. Киев, 1979.

П.​А.​Пупкевіч.

т. 12, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎКУ́СТ,

шматгадовая расліна, у якой ніжняя ч. надземных парасткаў дзеравянее і захоўваецца некалькі гадоў, а верхняя (травяністая) — штогод адмірае. Выш. да 80, зрэдку да 150—200 см. Пашыраны пераважна ў арыдных зонах (некат. віды куравая, палыну, салянак), таму пупышкі ўзнаўлення размешчаны на адраўнелай ч. над зямлёй, што засцерагае іх ад перагрэву ў моцна нагрэтай глебе.

т. 12, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЦЭНТР — ПО́ЎДЗЕНЬ»,

мерыдыянальная чыг. магістраль, якая злучае 4 краіны Паўд. Афрыкі: Ілеба—Лубумбашы (Дэмакр. Рэспубліка Конга) — Лусака (Замбія) — Булавайо (Зімбабве) — Габароне (Батсвана). Працягласць 2,8 тыс. км. Пабудавана ў 1920—40-я г. Праз Батсвану мае выхады да партоў Паўд. Афр. Рэспублікі; у Замбіі і Зімбабве стыкуецца з чыгункамі, што вядуць да партоў Анголы і Мазамбіка.

т. 17, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)