ДЗЮСЕЛЬДО́РФСКАЯ ШКО́ЛА ЖЫ́ВАПІСУ,

адна са школ ням. жывапісу 19 ст. Узнікла ў сувязі з заснаваннем у 1819 Дзюсельдорфскай АМ, першы дырэктар якой П.Карнеліус імкнуўся скіраваць яе дзейнасць у рэчышча акадэмізаванага рамантызму. Пры дырэктару В.​Шадаве (1826—59) у ёй вылучыліся асобныя кірункі: нац.-гіст. тэматыка Трактавалася ў павярхоўна-рамант. (К.​Ф.​Зон, Т.​Гільдэбрант), эпіка-гераічным (А.​Рэтэль) і нават апазіцыйна антыкаталіцкім (К.​Ф.​Лесінг) рэчышчы; развіваўся рэаліст. пейзаж (О. і А.​Ахенбах). У быт. жанры з 1850-х г. панавалі ідылічныя сцэны з бюргерскага і традыц. сялянскага побыту (Л.​Кнаўс, Б.​Вацье).

т. 6, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ МУЗЬІЧНАЯ ШКО́ЛА.

Існавала ў канцы 19 ст. ў Мінску. Адкрыта ў студз. 1894. У школе выкладаліся ігра на фп. (выкладчыкі С.​Шацкіна — кіраўнік школы, С.​Галіна-Хаванская, І.​Дабржэвіч, Р.​Масткова, М.​Ліпольд), скрыпцы (К.​Пушылаў, Б.​Шалоўскі), сольныя (Н.​Карафа, М.​Страмавухава) і хар. спевы, тэорыя музыкі (Ліпольд); усе педагогі мелі вышэйшую муз. адукацыю. Выкладанне вялося «па кансерваторскай методзе». Даваліся абавязковыя вучнёўскія і адкрытыя публічныя канцэрты са складанымі праграмамі (творы В.​А.​Моцарта, Л.​Бетховена, Ф.​Мендэльсона, Ф.​Шапэна і інш.).

Літ.:

Пракапцова В.П. Мастацкая адукацыя ў Беларусі. Мн., 1999. С. 122—123.

В.​П.​Пракапцова.

т. 10, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ ШКО́ЛА ДО́ЙЛІДСТВА,

самабытная арх. школа, што склалася ў драўляным грамадз. і культавым дойлідстве Віцебска ў 17—18 ст. Сфарміравалася пад уплывам Адраджэння, у 18 ст. развівалася пад уплывам стылю барока.

Спецыфічная рыса школы — ярусныя кампазіцыі, дзе кожны аб’ём быў самаст. арх. адзінкай і адначасова падпарадкоўваўся агульнай кампазіцыі будынка. Першапачаткова традыцыі школы склаліся ў абарончым буд-ве — сцены ў выглядзе гародняў, раскаты, вежы і інш. Асн. тыпы вежаў — прамавугольныя і васьмігранныя («круглікі»); у залежнасці ад функцый — вежы-брамы і глухія вежы. Замкавыя пабудовы (Верхні, Ніжні, Узгорскі замкі, гл. ў арт. Віцебскія замкі) фарміравалі адзіную структуру, суцэльную горадабуд. сістэму. Дынамічную асіметрыю мелі палацавыя будынкі 1-й пал. 17 ст. — дамы Горскага, Шапкіна, Віцебскі палац Агінскага. Да помнікаў Віцебскай школы дойлідства належаць грамадз. пабудовы — будынак прыказа, двор ваяводы, Віцебская ратуша з Віцебскім гасціным дваром. Культавыя будынкі мелі спецыфічныя рысы аб’ёмнапланіровачнай кампазіцыі, якія набліжалі іх да рус. і ўкр. архітэктуры. Яны ўяўлялі сабой ярусныя кампазіцыі, якія аб’ядноўвалі некалькі аб’ёмаў у адзіны суцэльны ансамбль; крыжова-цэнтрычныя храмы ўключалі 4—5 зрубаў, размешчаных вакол цэнтральнага, а таксама званіцу на гал. фасадзе (Віцебская Троіцкая царква на Пескаватыку), мелі галерэі, якія апяразвалі па перыметры ўвесь будынак або размяшчаліся з боку бабінца (Віцебская Троіцкая царква Маркава манастыра). Помнікі Віцебскай школы дойлідства не захаваліся, вядомыя паводле абмераў, замалёвак, фотаздымкаў 19 — пач. 20 ст.

Літ.:

Чарняўская Т.І. Архітэктура Віцебска: З гісторыі планіроўкі і забудовы горада. Мн., 1980.

Г.​А.​Лаўрэцкі.

т. 4, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́ЖСКАЯ БАЛЕ́ТНАЯ ШКО́ЛА (Існавала ў 1758—90) (?) у г. Нясвіж Мінскай вобл. Створана М.​К.​Радзівілам Рыбанькай пры Нясвіжскім тэатры Радзівілаў. Рыхтавала для т-ра артыстаў балета з дзяцей прыгонных. Кіраўнікі: Л.​Дзюпрэ (1758—60),

Я.​Аліўе (з 1762), А.​Лойка (з 1779), Г.​Петынеці (з 1780).

У кантракце, заключаным 3.3.1758 з Дзюпрэ на 3 гады, было запісана, што «ён будзе таксама вучыць васьмярых дзяцей і маладых людзей для балета ў тэатры». Першы балет з удзелам навучэнцаў школы — «Балет з Арлекінам». У «Дыярыушы» ад 9.12.1759 адзначана: «упершыню хлопчыкі і дзяўчынкі выконвалі балет, добра ў іх атрымлівалася».

Літ.:

Музыкальный театр Белоруссии: Дооктябрьский период. Мн., 1990. С. 207—223.

т. 11, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Рэспубліканская школа прапагандыстаў пры ЦК КП(б)Б 8/286

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Вышэйшая камсамольская школа пры ЦК ВЛКСМ 10/504

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Мінская вячэрняя гарадская партыйна-савецкая школа 8/286

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Цэнтральная школа савецкай і партыйнай работы 5/358

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ ФЕ́ЛЬЧАРСКА-АКУШЭ́РСКАЯ ШКО́ЛА.

Існавала ў Віцебску ў 1906—13. Засн. ўрачом У.​В.​Счасновічам як прыватная школа. Для выкладання запрашаліся спрактыкаваныя ўрачы, акушэры-гінеколагі, якія спалучалі мед. практыку з навук. дзейнасцю. Праграма навучання сярэдняга акушэрскага персаналу забяспечвала цесную сувязь тэарэт. ведаў з практыкай. Штогод школа выпускала 30—60 чал.

т. 4, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКАЯ МАСТА́ЦКАЯ ШКО́ЛА,

у мастацтвазнаўстве ўмоўная назва маст. кафедраў (малюнка і жывапісу з 1797, скульптуры ў 1803—26, гравюры з 1805), якія дзейнічалі пры Віленскім ун-це ў 1797—1832. З 1803 кафедры наз. факультэтам жывапісу, скульптуры і гравюры, давалі маст. падрыхтоўку для паступлення ў акадэмію мастацтваў. Школа была цэнтрам маст. ведаў, адыграла вял. ролю ў развіцці літоўскай, бел. і польск. культур канца 18 — 1-й пал. 19 ст.

У Віленскай мастацкай школе выкладалі: малюнак і жывапіс Ф.Смуглевіч (1797—1807) і Я.Рустэм (1798—1831), скульптуру К.Ельскі (1811—26), гравюру Дж.​Сандэрс (1810—19). Першая праграма школы, складзеная Смуглевічам, уключала 3 этапы навучання: капіраванне ўзораў класічнага мастацтва, заснаванага на «ідэальнай» прапорцыі мадэлі; маляванне з гіпсавых фігур; маляванне з жывой мадэлі (уведзена Рустэмам у 1815). У праграме ўвасобіліся прагрэсіўныя на той час прынцыпы, якія грунтаваліся на рэаліст. адлюстраванні рэчаіснасці. У 1820/22 навуч. г. ў Віленскай мастацкай школе вучыліся 45 жывапісцаў і 16 скульптараў, сярод якіх шмат выхадцаў з Беларусі. У 1820 у Вільні на выстаўцы твораў навучэнцаў школы было паказана 136 работ. У Віленскай мастацкай школе вучыліся мастакі І.​Аляшкевіч, К.​Бахматовіч, В.​Ваньковіч, Я.​Дамель, В.​Дмахоўскі, Г.​Жукоўскі, К.​Карсалін, Ю.​Карчэўскі, К.​Кукевіч, М.​Кулеша, Н.​Орда, К.​Русецкі, К.​Рыпінскі, В.​Сляндзінскі, І.​Хруцкі, А.​Шэмеш, П.​Ютэйка і інш. Светапогляд мастакоў — выхаванцаў Віленскай мастацкай школы фарміраваўся пад уплывам перадавых дэмакр. ідэй 1830-х г., іх творы былі сугучныя прагрэс. тэндэнцыям эпохі, адлюстроўвалі нац. асаблівасці, культ. традыцыі, побыт бел., літ., польск. народаў. Традыцыі школы развівалі і паглыблялі мастакі 2-й пал. 19 ст.

Літ.:

Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974. С. 14—26;

Яго ж. Роля Віленскай школы жывапісу ў развіцці выяўленчага мастацтва Беларусі першай палавіны 19 ст. // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1961. № 3.

Л.​Н.​Дробаў.

т. 4, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)