КАРАГАНДЗІ́НСКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН,
у Казахстане, у бас. р. Нура. Пл. каля 3600 км². У тоўшчы вугляносных адкладаў карбону (магутнасць да 5 км) каля 30 рабочых пластоў. Разведаныя запасы вугалю 7,84 млрд. т. Вуглі каменныя і бурыя. Здабыча з 1854, планамернае асваенне з 1930. Цеплыня згарання на рабочае паліва 21 МДж/кг. Здабыча падземным і адкрытым спосабамі. Асн. цэнтры здабычы: гарады Караганда, Сарань, Абай, Шахцінск.
т. 8, с. 43
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ЛЬСКАЯ ДРАЎНІННАМА́САВАЯ І КАРДО́ННАЯ ФА́БРЫКА Дзейнічала з 1885 ва ўрочышчы Куль на р. Уса Мінскага пав.
(цяпер в. Куль у Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл.). Вырабляла драўнінную масу, паперу, белы, буры і шэры кардон. У 1898 мела 2 паравыя машыны (215 к.с.),
3 паравыя катлы, 3 формы для адліўкі кардону, кацёл для перапрацоўкі драўніны. У 1910 працавала 100 рабочых. Прадукцыя збывалася на папяровыя ф-кі Расіі.
т. 9, с. 10
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ГАРБА́РНАЯ ФА́БРЫКА.
Дзейнічала ў 1884—1914 у Мінску. Вырабляла скуры, шавецкія загатоўкі і інш. Мела ў 1895 вадзяны рухавік (2 к.с.) і паравы кацёл; у 1913 паравы і нафтавы рухавікі (30 к.с.). У 1902 выпушчана дубленых тавараў на 48,7 тыс. руб., шавецкіх загатовак на 54,6 тыс. руб., інш. скураных тавараў на 7,2 тыс. руб. У 1913 працавала 60 рабочых. Прадукцыю збывалі ў Адэсе, Кішынёве, Мінску.
т. 10, с. 424
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МІ́НСКІ ПЕРАВА́Л»,
аб’яднанне рускіх пісьменнікаў і паэтаў у Мінску ў 1927—28. Утварэнне абвешчана лістом ад 1.4.1927 групы пісьменнікаў
[М.Залётны, Р.Бунтар, Р.Лахматы (Кобец), І.Нікіфараў, А.Казлас, С.Гуськоў],
якія выйшлі са «Звенняў» і сталі арыентавацца на літ. групу рабочых і сялянскіх пісьменнікаў «Перавал». Наладжваў літ. вечары, чытанні і абмеркаванні твораў сваіх членаў, выдаў зб. вершаў Бунтара. Залётнага і Нікіфарава «Самае роднае» (1927). Шырокай дзейнасці не разгарнуў, яго члены ўліліся ў рус. секцыю БелАПП.
К.Р.Хромчанка.
т. 10, с. 448
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПЯРНЯ́НСКІЯ СУКО́ННЫЯ ПРАДПРЫЕ́МСТВЫ Дзейнічалі мануфактура (1840—58) і фабрыка (1867—1914) ва ўрочышчы Паперня Слонімскага пав. (цяпер мясцовасць на Пн Брэсцкай вобл.). Выраблялі сукны, коўдры, апрэтурную пражу, рабілі набіўку і аздобу тканін. На мануфактуры ў 1844 было 49 ткацкіх станкоў, працавала 146 чал. Ф-ка мела паравы кацёл, 2 вадзяныя катлы, 2 прадзільныя і 3 ткацкія станкі, паравы рухавік; у 1913 працавала 85 рабочых.
т. 12, с. 75
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЭ́ЦКІ ЦУКРО́ВЫ ЗАВО́Д Дзейнічаў у в. Парэчча Пінскага пав. (цяпер у Пінскім р-не Брэсцкай вобл.) у 1860—79. Размяшчаўся ў 4-павярховым мураваным будынку на беразе р. Ясельда. У 1862 меў 2 паравыя рухавікі, 2 лакамабілі, 4 паравыя катлы, 8 цэнтрабежных машын. У 1879 працавала 168 рабочых. У розныя гады выраблялі да 10,5 тыс. пудоў цукру за сезон. У 1879 з-д згарэў.
т. 12, с. 157
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУСКАВЫ́ РУХАВІ́К,
карбюратарны рухавік унутранага згарання для запуску гал. рухавікоў з запальваннем ад сціскання (дызеляў) на трактарах і машынах спец. прызначэння. Раскручвае вал дызеля праз рэдуктар да вуглавой скорасці, неабходнай для запальвання паліва ў рабочых цыліндрах, пасля чаго аўтаматычна адключаецца. Магутнасць да 15 кВт, частата вярчэння вала да 4000 аб/мін. На Беларусі П.р. (аднацыліндравыя, двухтактавыя, з аднаступеньчатым рэдуктарам і электрастартэрам) выпускае Гомельскі з-д пускавых рухавікоў.
т. 13, с. 128
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБО́ТНЫЯ ЛЮ́ДЗІ,
агульная назва рабочых на промыслах і прамысл. прадпрыемствах Расіі 17—1-й пал. 19 ст. Асн. масу Р.л. складалі работнікі рачных суднаў, рыбнага, салянога і інш. промыслаў; з канца 17 — пач. 18 ст. іх склад папаўнялі работнікі мануфактур. Кадры Р.л. фарміраваліся як за кошт прыгонных (сяляне-адыходнікі, пасэсійныя сяляне, прыпісныя сяляне), так і вольных наёмных работнікаў, якія з 1760-х г. колькасна пераважалі.
т. 13, с. 186
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала са жн. 1941 да ліп. 1944 у Гродне. Складалася з 6 груп (60 чал.): б. ваеннаслужачых і сав. работнікаў (кіраўнік М.А.Волкаў), рабочых мясакамбіната (В.Д.Разанаў), рабочых з-да па рамонце аўтамаб. тэхнікі (С.П.Лямаў), 3 групы чыгуначнікаў лакаматыўнага дэпо (Н.Н.Багатыроў, С.П.Панасюк, Г.І.Святлічны). Падполле працавала ў цесным кантакце з партызанамі брыгад імя Ленінскага камсамола Баранавіцкай, імя К.Каліноўскага Беластоцкай абл., са спецгрупамі Чырв. Арміі. Падпольшчыкі здабывалі і перадавалі партызанам зброю, боепрыпасы, медыкаменты, перавязачныя сродкі, адзенне, разведданыя аб праціўніку і варожай агентуры, распаўсюджвалі сярод насельніцтва лістоўкі і газеты. Падпольшчыкі групы Лямава вывелі са строю каля 150 машын, шмат абсталявання аўтарамонтных майстэрняў, групы Панасюка знішчылі воданапорную калонку на ст. Гродна; большасць «адрамантаваных» групай чыгуначнікаў паравозаў хутка выходзіла са строю, закладзеныя імі ў тэндэры толавыя шашкі, замаскіраваныя пад вугаль, вывелі са строю каля 20 паравозаў, падарваны таксама 2 эшалоны, учынена крушэнне 2 сустрэчных цягнікоў на ст. Гродна і інш.
М.Ф.Шумейка.
т. 5, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСАВІ́ЦКІЯ ВЫСТУПЛЕ́ННІ ПРАЦО́ЎНЫХ 1991 у Беларусі.
Пачаліся 3 крас. ў Мінску, калі ў адказ на павышэнне цэн узнік стыхійны мітынг на электратэхн. з-дзе. Да яго далучыліся рабочыя з-даў аўтаматычных ліній і шасцерань. Мітынгуючыя перапынілі рух транспарту на вул. Даўгабродскай. 4 крас. спыніў работу Мінскі аўтазавод. Каля 40 тыс. рабочых правялі марш да Дома ўрада. дзе адбыўся мітынг пратэсту, на якім прыняты патрабаванні: павышэнне зарплаты адпаведна росту цэн, адстаўка прэзідэнта СССР М.С.Гарбачова, саюзнага і рэсп. ўрадаў. Створаны стачачны к-т (сустаршыні С.Антончык, Г.Быкаў, Г.Мухін), які аб’яднаў рабочых 98 прадпрыемстваў Мінска. Стачачныя к-ты створаны таксама ў Оршы, Гомелі, Маладзечне, Барысаве, Лідзе, Салігорску і інш. З 10 крас. да бастуючых Мінска далучыліся працоўныя інш. гарадоў Беларусі. Савет Міністраў БССР даў згоду задаволіць эканам. патрабаванні, але Прэзідыум Вярх. Савета БССР адмовіўся разглядаць паліт. патрабаванні. Пасля чаго прадстаўнікі рэсп. стачачных к-таў абвясцілі пра аднаўленне забастоўкі з 23 красавіка. Напружанае становішча склалася ў Оршы, дзе бастуючыя блакіравалі чыг. рух. Пасля аршанскіх падзей забастоўка прыпынена.
А.П.Галькевіч.
т. 8, с. 453
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)