БЛАЖКО́ (Сяргей Мікалаевіч) (17.11.1870, г.п. Хоцімск Магілёўскай вобл. — 11.2.1956),

савецкі астраном. Чл.-кар. АН СССР (1929). Скончыў Маскоўскі ун-т (1892), працаваў там жа (з 1918 праф.). У 1918—31 дырэктар Маскоўскай абсерваторыі. Навук. працы па практычнай астраноміі і даследаванні пераменных зорак. Адкрыў заканамерную змену крывой і перыяду бляску цэфеід (т.зв. эфект Блажко). Прапанаваў новы спосаб фатаграфавання малых планет, сканструяваў некалькі арыгінальных прыбораў. Аўтар падручнікаў па астраноміі. Дзярж. прэмія СССР 1952.

Літ.:

С.​Н.​Блажко: [Некролог] // Астрон. журн. 1956. Т. 33, вып. 2.

С.М.Блажко.

т. 3, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАДЗІ́ХІН (Фёдар Аляксандравіч) (8.12.1831, г. Мікалаеў, Украіна — 14.5.1904),

рускі астраном, заснавальнік рус. астрафіз. школы. Акад. Пецярбургскай АН (1890). Скончыў Маскоўскі ун-т (1855). Праф. Маскоўскага (1865), Кіеўскага (1869) ун-таў. Дырэктар Маскоўскай з 1873 і Пулкаўскай у 1890—95 абсерваторый. Навук. працы па астрафізіцы, астраметрыі, гравіметрыі. Сусв. значэнне маюць даследаванні камет і метэораў. Стварыў мех. тэорыю каметных формаў. Даследаваў утварэнне перыядычных камет і паходжанне метэораў.

Тв.:

Этюды о метеорах. М., 1954.

Літ.:

Невская Н.И. Ф.​А.​Бредихин, 1831—1904. М.; Л., 1964.

т. 3, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЙЗЕРМА́Н (Тэадор Ільіч) (н. 14.5.1914, с. Жоўцень Адэскай вобл.),

расійскі філосаф. Акад. АН СССР (1981, чл.-кар. 1968). Скончыў Маскоўскі ін-т філасофіі, л-ры і гісторыі (1938). Працаваў у МДУ, у Ін-це філасофіі АН СССР. Працы па гісторыі зах.-еўрап. філасофіі, тэорыі гіст.-філас. працэсу: «Праблемы гісторыка-філасофскай навукі» (1969, 2-е выд. 1982), «Асноўныя філасофскія кірункі» (1971), «Крызіс сучаснага ідэалізму» (1972) і інш. Чл. рэдкалегіі і адзін з аўтараў «Гісторыі філасофіі» (т. 1—6, 1957—65). Дзярж. прэмія СССР 1983.

т. 1, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛА́ДАЎ (Вальмен Мікалаевіч) (н. 12.2.1930, Мінск),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1969). Канд. архітэктуры (1972). Сын М.І.Аладава. Скончыў Маскоўскі арх. ін-т (1953). Працаваў у ін-це «Белдзяржпраект», у 1965—80 дырэктар ін-та «Белдзіпрагандаль», з 1980 выкладае ў БПА. Асн. работы: абл. бібліятэка ў г. Маладзечна; Камароўскі крыты рынак у Мінску; рэсп. спарт. комплекс «Раўбічы» (у сааўт.); афармленне выставак дасягненняў нар. гаспадаркі Беларусі ў Лейпцыгу, Плоўдзіве, Мінску, Маскве (усе ў аўтарскім калектыве). У 1966—70 старшыня праўлення Саюза архітэктараў Беларусі.

т. 1, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВЕРБА́Х (Міхаіл Іосіфавіч) (29.5.1872, г. Марыупаль, Украіна — 29.7.1944),

рус. афтальмолаг. Акад. АН СССР (1939). Засл. дз. нав. Расіі (1933). Скончыў Маскоўскі ун-т (1895). Адзін з заснавальнікаў Дзярж. афтальмалагічнага ін-та імя Гельмгольца (1935) і Т-ва вочных урачоў у Маскве. Працы па фізіял. оптыцы, афтальмахірургіі, прафес. пашкоджаннях вачэй, праблемах слепаты, глаўкомы, трахомы і інш. Распрацаваў і ўкараніў на практыцы шэраг аперацый на вачах. Дзярж. прэмія СССР 1943.

Тв.:

Офтальмологические очерки. М.; Л., 1940;

Главнейшие формы изменения зрительного нерва. М., 1944.

т. 1, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЫЖЫЕ́ЎСКІ (Анатоль Альгертавіч) (н. 31.5.1944, г. Ульянаўск, Расія),

бел. вучоны ў галіне энергетыкі. Д-р тэхн. н. (1994). Скончыў Маскоўскі ун-т (1969). З 1972 у Ін-це ядз. энергетыкі, з 1994 у Ін-це праблем энергетыкі АН Беларусі. Навук. працы па механіцы і цеплафізіцы дысперсных парагазавадкасных асяроддзяў, экалагічных аспектах узаемадзеяння энергет. і прыродных сістэм, міграцыі аэразольных выкідаў АЭС у аэра- і гідрасферах.

Тв.:

Динамическая устойчивость работы системы неэквивалентных парогенерирующих каналов // Диссоциирующие газы как теплоносители и рабочие тела АЭС. Мн., 1981.

т. 1, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЬКО́Ў (Іосіф Георгіевіч) (11.3.1879, г. Ялец Ліпецкай вобл., Расія — 23.8.1942),

бел. батанік, адзін з першых даследчыкаў расліннасці Беларусі. Скончыў Маскоўскі ун-т (1904). У 1920—29 праф., заг. кафедры ў Горацкай с.-г. акадэміі. З 1934 у Ін-це біялогіі АН Беларусі. Аўтар прац па флоры Каўказа, Казахстана, Еўрапейскай ч. Расіі. Удзельнічаў у падрыхтоўцы выдання «Флора БССР».

Тв.:

Матэрыялы да флоры Горацкага раёна // Праца навук т-ва па вывучэнні Беларусі пры Бел. дзярж. акадэміі сельскай гаспадаркі ў Горках. 1927. Т. 3.

т. 4, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНАГРА́ДАЎ (Канстанцін Пятровіч) (3.6.1899, Масква — 1980),

рускі харавы дырыжор, педагог. Нар. арт. Расіі (1960). Скончыў Маскоўскі муз.-пед. ін-т імя Гнесіных (1956). У 1923—36 канцэртмайстар, гал. хормайстар і гал. дырыжор Опернага т-ра імя Станіслаўскага, у 1936—41 дырыжор Дзярж. хору СССР, у 1946—65 гал. хормайстар Ансамбля песні і танца Сав. Арміі. Выкладаў у Муз. вучылішчы імя Гнесіных (1924—53) і Ін-це культуры (з 1965) у Маскве. Аўтар кн. «Праца над дыкцыяй у хоры» (1967). Дзярж. прэмія СССР 1950.

т. 4, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛКАЎ (Уладзіслаў Мікалаевіч) (23.11.1935, Масква — 30.6.1971),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1969; 1971, пасмяротна), лётчык-касманаўт СССР (1969). Скончыў Маскоўскі авіяц. ін-т (1959). З 1966 у атрадзе касманаўтаў. 12—17.10.1969 з Ф.Філіпчанкам і В.В.Гарбатко здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-7»; 6—30.6.1971 з Г.Ц.Дабравольскім і В.І.Пацаевым здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-11» і арбітальнай станцыі «Салют». Пры вяртанні на Зямлю загінуў з інш. членамі экіпажа. Правёў у космасе 28,7 сут. Залаты медаль імя К.​Э.​Цыялкоўскага АН СССР.

т. 4, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОЎК (Ігар Пятровіч) (12.4.1937, г. Готвальд, Украіна),

савецкі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1984), лётчык-касманаўт СССР (1984), засл. лётчык-выпрабавальнік (1983). Скончыў Кіраваградскае ваен. авіяц. вучылішча лётчыкаў (1956), школу лётчыкаў-выпрабавальнікаў (1965), Маскоўскі авіяц. ін-т (1969). З 1978 у атрадзе касманаўтаў. 17—29.7.1984 з У.А.Джанібекавым і С.Я.Савіцкай здзейсніў (як касманаўт-даследчык) палёт на касм. караблі «Саюз Т-12» і арбітальным комплексе «Салют-7» — «Саюз Т-11» (асн. экіпаж — Л.​Дз.​Кізім, У.А.Салаўёў, А.​Ю.​Ацькоў). Правёў у космасе 11,80 сут.

т. 4, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)