РЭСПУБЛІКА́НСКІ КАЛЯНДА́Р, рэвалюцыйны каляндар,

уведзены ў перыяд Французскай рэвалюцыі /789—99 дэкрэтам Нац. канвента ад 5.10.1793. Р.к. адмяніў хрысц. летазлічэнне і ўстанавіў новую эру (першы дзень — дзень абвяшчэння рэспублікі — 22.9.1792). Год падзяляўся на 12 месяцаў, па 30 дзён кожны, месяц — на 3 дэкады. Пасля 360 дзён уводзіліся 5 (у высакосныя гады 6) «дадатковых» дзён («санкюлатыды»). Дзесяты дзень і ўсе дадатковыя лічыліся днямі адпачынку і рэв. свят. Месяцы атрымалі новыя назвы, у якіх улічваліся асаблівасці пары года: асеннія (вандэм’ер, брумер, фрымер), зімовыя (нівоз, плювіёз, вантоз), веснавыя (жэрміналь, фларэаль, прэрыяль), летнія (месідор, тэрмідор, фруктыдор); зменены таксама назвы дзён тыдня. Р.к. дзейнічаў да 1.1.1806, калі ў перыяд напалеонаўскай Першай імперыі зноў быў заменены грыгарыянскім календаром (гл. Новы стыль). Р.к. быў узноўлены ў час Парыжскай камуны 1871 і дзейнічаў з 18 сак. па 28 мая 1871, пасля чаго адноўлены грыгарыянскі каляндар. Гл. таксама Каляндар і літ. пры ім.

т. 14, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛЕЖА́ВІЧУС (Sleżevićius) Мікалас (21.2.1882, в. Дрэмбляй Каўнаскага пав., Літва — 11.11.1939),

літоўскі паліт. і дзярж. дзеяч. Адвакат. Скончыў Новарасійскі ун-т у г. Адэса (Украіна, 1907). З 1907 чл. Літ. дэмакр. партыі, рэдактар шэрагу ліберальных перыяд. выданняў. У 1-ю сусв. вайну эвакуіраваўся ў Расію, дзе ў 1917 уступіў у партыю сацыялістаў ляўдынінкаў-дэмакратаў. Пасля вяртання на радзіму ў снеж. 1918—сак. 1919 і крас.—кастр. 1919 прэм’ер-міністр незалежнай Літвы. У 1920—27 дэп. сейма. У 1926 зноў прэм’ер-міністр, міністр замежных спраў і юстыцыі Літвы; падпісаў дагавор аб узаемным ненападзе і нейтралітэце паміж Літ. Рэспублікай і СССР (гл. Савецка-літоўскія дагаворы). У 1922—36 старшыня партыі ляўдынінкаў (Саюз сялян ляўдынінкаў Літвы, засн. ў 1922 у выніку аб’яднання ляўдынінкаў з Саюзам сялян Літвы, які ўзнік у 1905); прытрымліваўся палітыкі супрацоўніцтва з аўтарытарным урадам А.​Сметаны.

Літ.:

Lietuvos Respublikos ministrai pirmininkai, 1918—1940. Vilnius, 1997.

т. 15, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛА́НДСКІЯ АСТРАВЫ́, Ахвенанма (швед. Àland, фін. Ahvenanmaa),

архіпелаг з 6,5 тыс. а-воў і шхераў, на ПнУ Балтыйскага м., каля уваходу ў Батнічны заліў. Пл. 1481 км², даўж. з Пн на Пд каля 130 км. Тэр. Фінляндыі. Нас. каля 23 тыс. чал. (1984). Складзены пераважна з гранітаў і гнейсаў. Паверхня ўзгорыстая (выш. да 132 м). Клімат умераны. Рыбалоўства, земляробства, жывёлагадоўля. Марскія курорты.

Да 1809 Аландскія астравы ў складзе Швецыі як частка яе правінцыі Фінляндыі. У маі 1718 — кастр. 1719 тут адбыліся перагаворы паміж Расіяй і Швецыяй (Аландскі кангрэс) адносна сканчэння Паўночнай вайны 1700—21. У 1809—1917 разам з Фінляндыяй належалі Расіі. У 1921 Савет Лігі Нацый прызнаў суверэннае права Фінляндыі на Аландскіх астравах. Паводле Жэнеўскай канвенцыі 1921 Аландскія астравы — дэмілітарызаваная і нейтральная зона. Напярэдадні 2-й сусв. вайны Фінляндыя пабудавала тут ваен. ўмацаванні. Пасля 2-й сусв. вайны (з 1947) Аландскія астравы зноў дэмілітарызаваны.

т. 1, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ПЕТРАПА́ЎЛАЎСКІ МАНАСТЫ́Р,

праваслаўны мужчынскі манастыр у Мінску ў 17—18 ст. Засн. ў адказ на захоп мінскіх правасл. цэркваў і манастыроў уніяцкім духавенствам на пляцы, ахвяраваным у 1611 Аўдоццяй Статкевіч. У 1613 узведзены манастырскі комплекс. Спачатку ўсе будынкі былі, відаць, драўляныя. Царква, што захавалася, была, хутчэй за ўсё, пабудавана ў канцы 1620-х г. У 1793—95 яна адрамантавана на сродкі, ахвяраваныя рас. імператрыцай Кацярынай II і пасля капітальнага рамонту была перайменавана ў царкву св. Кацярыны. У 1795 манастыр скасаваны, царква стала гар. саборам, у 1870—71 грунтоўна перабудавана. У канцы 1940-х г. будынак царквы прыстасаваны пад жыллё, потым — пад Архіў навук.-тэхн. дакументацыі БССР і Архіў-музей літаратуры і мастацтва БССР. З 1997 царква зноў дзейнічае, рамонт інтэр’ера працягваецца.

Літ.:

Боровой Р.В. Обзор истории Минского Петропавловского монастыря в XVII—XVIII вв. // Христианизация Руси и белорусская культура. Мн., 1988.

Р.​В.​Баравы.

т. 10, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́ЖСКІ КЛЯ́ШТАР БЕНЕДЫКЦІ́НАК.

Існаваў у 1591—1877 і ў 1920—45 у г. Нясвіж. Засн. кн. М.​К.​Радзівілам Сіроткам з жонкай, якія далі бенедыкцінкам фальварак Гавязна з 4 вёскамі, тэрыторыю ў 11 моргаў для забудовы і 9 тыс. злотых. Першыя манашкі прыбылі з Хелмна (Польшча). Сярод манашак былі прадстаўніцы вядомых феад. родаў (Войнаў, Нарбутаў, Радзівілаў, Слушкаў, Тышкевічаў, Халецкіх і інш.). У кляштары пастаянна выхоўвалася каля 25 свецкіх паненак, якіх навучалі мовам, музыцы, маст. шыццю і інш. Корпус кляштара змураваны ў 1593—96, касцёл св. Эўфеміі (архітэктар Дж.М.Бернардоні) асвячоны ў 1595. Вежа над касцёлам пабудавана ў 1720-я г., уваходная званіца — у 1760-я г. У 1877 кляштар скасаваны, будынкі аддадзены пад Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. У 1920—45 кляштар зноў дзейнічаў. Цяпер у комплексе Н.к.б. размешчаны Нясвіжскі педагагічны каледж.

А.​А.​Ярашэвіч.

Нясвіжскі кляштар бенедыкцінак. З малюнка Н.​Орды. 19 ст.

т. 11, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЛЬМЕ (Palme) Свен Улаф (30.1.1927, Стакгольм — 28.2.1986),

шведскі паліт. і дзярж. дзеяч. Юрыст. Скончыў Стакгольмскі ун-т (1951). З жн. 1944 журналіст у цэнтр. органе Кансерватыўнай партыі газ. «Svenska Dagbladet» («Шведская дзённая газета»). З 1953 асабісты сакратар прэм’ер-міністра Швецыі Т.Эрландэра. З 1958 дэп. парламента. З 1963 міністр-кансультант, з 1965 міністр камунікацый, з 1967 міністр асветы і культуры. З 1969 старшыня швед. С.-д. рабочай партыі. У 1969—76 прэм’ер-міністр Швецыі. Працягваў рэфарматарскі курс Эрландэра, выступаў за спыненне вайны ЗША у В’етнаме. У 1979—80 старшыня Паўн. савета. З вер. 1980 узначальваў створаную ім міжнар. няўрадавую «Незалежную камісію па раззбраенні і бяспецы» («Камісія П.»), якая распрацавала прапановы па стварэнні бяз’ядзернай зоны ў Цэнтр. Еўропе і шэраг інш. рэкамендацый для ААН. З 1982 зноў прэм’ер-міністр Швецыі. Застрэлены ў Стакгольме невядомым забойцам.

Літ.:

Похлебкин В.В. Олоф Пальме // Вопр. истории. 1990. № 7.

С.У.Пальме.

т. 12, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМЕ́ТАНА (Smetona) Антанас (10.8.1874, в. Ужуленіс Вільнюскага пав., Літва — 9.1.1944),

літоўскі паліт. і дзярж. дзеяч, публіцыст. Юрыст. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1902). У 1902—07 чл. Літ. дэмакр. партыі. У 1905—15 і 1923—24 рэдагаваў шэраг газет і часопіс. З 24.9.1917 да 4.4.1919 старшыня Літоўскай тарыбы. У крас. 1919—чэрв. 1920 часовы прэзідэнт Літвы. У 1921 узначальваў дэлегацыю Літвы на перагаворах у Рызе па ўрэгуляванні літ.-лат. памежнага канфлікту. У 1923—26 выкладаў у Каўнаскім ун-це (з 1926 дацэнт). У 1924—40 лідэр партыі таўцінінкаў (Саюза літ. таўцінінкаў; з 1926 кіруючая партыя). Пасля ваен.-дзярж. перавароту 17.12.1926 з 19.12.1926 да 15.6.1940 зноў прэзідэнт Літ. Рэспублікі. Устанавіў у краіне аўтарытарны рэжым на ўзор фаш. Італіі. З уводам сав. войск у Літву 15.6.1940 эмігрыраваў у Германію; з сак. 1941 жыў у ЗША, дзе і памёр.

Тв.:

Antano Smetonos korespondencija, 1940—1944. Kaunas, 1999.

т. 15, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДВА́ЖНЫ Вінцук (сапр. Германовіч Язэп Станіслававіч; 4.3.1890, в. Гальшаны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. — 26.12.1978),

бел. пісьменнік. Скончыў Віленскую духоўную семінарыю (1913). Служыў ксяндзом. За казанні на бел. мове зазнаў ганенні польскіх улад. У 1924 у Друі ўступіў у ордэн марыянаў. У 1932 выехаў у Харбін (Кітай), у 1936 вярнуўся ў Вільню, адтуль выселены ў Польшчу, потым зноў выехаў у Харбін. У 1948 арыштаваны кіт. ўладамі і перададзены ў СССР, дзе беспадстаўна асуджаны на 25 гадоў. Вызвалены ў 1955, выехаў у Польшчу, потым у Італію, Англію, дзе рэдагаваў час. «Божым шляхам». Друкаваўся з 1917. Празаічная гутарка «Як Казюк сабраўся да споведзі» (1928) пра маральнае самаўдасканаленне зах.-бел. моладзі. Самадурства чыноўнікаў выкрыў у вершаваным апавяданні «Як Гануля збіралася ў Аргентыну» (1930). Аўтар зб-каў вершаў «Беларускія цымбалы» (Вільня, 1933), «Байкі і іншыя вершы» (Лондан, 1973) і інш., аповесці «Хлопец» (Вільня, 1935), успамінаў «Кітай—Сібір—Масква» (Мюнхен, 1962).

В.Адважны.

т. 1, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕ́ЦКІ ФА́РНЫ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ Існаваў у 16—1-й пал. 20 ст. ў г. Клецк Мінскай вобл. Пабудаваны ў сярэдзіне 16 ст. У 1560-я г. М.​Радзівіл Чорны перадаў храм кальвіністам. Тут з пратэстанцкімі пропаведзямі выступаў бел. гуманіст С.​Будны. Пры Альбрыхце II Радзівіле (маршалак ВКЛ і ўладальнік Клецка) зноў перададзены католікам. У 1607 асвячоны біскупам віленскім Ю.​Радзівілам. Узведзены ў тэхніцы гатычнай муроўкі. Аднанефавы прамавугольны ў плане асн. аб’ём і 5-гранная апсіда завяршаліся агульным дахам. Да паўн. сцяны прэсбітэрыя прылягала невял. 2-павярховая сакрысція, на 2-м паверсе якой была скарбніца. Да гал. фасада была прыбудавана 3-ярусная вежа-званіца (ніжні ярус чацверыковы, астатнія васьмерыковыя) з арачнымі аконнымі праёмамі, упрыгожаная нішамі і філёнгамі, завершаная купалам. У інтэр’еры разныя алтары, скульптура. Пашкоджаны ў Вял. Айч. вайну, узарваны ў 1950-я г. (захавалася ч. зах. сцяны).

Т.​В.​Габрусь, А.​М.​Кушнярэвіч.

т. 8, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ СУНСІ́Н (5.5.1545, Сеул — 19.11. 1598),

карэйскі флатаводзец, герой Імдзінскай вайны 1592—98. З 1591 камандуючы флотам левай паўправінцыі Чаладо. Рыхтуючыся да адбіцця агрэсіі з боку Японіі, увёў у склад флоту ўдасканаленыя караблі з высокімі баявымі якасцямі. У ходзе вайны ў чэрв.—ліст. 1592 на чале флоту ў 4 бітвах разграміў флот праціўніка і сарваў планы яп. камандавання па камбінаваным наступленні сухапутных і марскіх сіл. У выніку прыдворных інтрыг Л.С. быў адхілены ад камандавання флотам; але ў 1597 у час новага нашэсця японцаў адноўлены на пасадзе. У вер. 1597 кар. флот зноў перамог праціўніка. У кастр. 1598 аб’яднаны кар.-кіт. флот на чале з Л.С. патапіў і па шкодзіў каля паўд. ўзбярэжжа Карэі каля 200 яп. караблёў. Л.С. загінуў у гэтай бітве.

Літ.:

История Кореи. Т. 1. М., 1974;

Хван И.И. Ли Сун Син // Краткие сообщения Ин-та востоковедения. 1951. Вып. 1.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 9, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)