ГРО́ДЗЕНСКАЯ ЭКАНО́МІЯ,
феадальная каралеўская (велікакняжацкая) гаспадарка ў ВКЛ у 1589—1796. Створана ў выніку пераўтварэння Гродзенскага староства ў дзярж. маёнтак, прыбыткі ад якога ішлі на ўтрыманне вял. князя, яго двара, дзярж. апарата, войска і інш. Мела асобнае адм.-гасп. кіраванне. У 1783 падзялялася на «губерні» (Азёрскую, Дамброўскую, Квасаўскую, Крынкаўскую, Сакольскую, Яноўскую), у склад якіх уваходзілі 49 ключоў, 24 фальваркі, 1 лентвойтаўства, 13 гарадоў і мястэчак, 368 вёсак і 5 пушчаў; нас. 42 380 чал. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) уладанні эканоміі перададзены, часткова прададзены прыватным асобам.
т. 5, с. 429
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫЦЭ́НКА (Мікалай Алімпіевіч) (24.7.1912, ст. Ясінаватая Данецкай вобл., Украіна — 8.12.1979),
расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1964). Скончыў Тэатр. вучылішча імя Б.Шчукіна (1940). Працаваў у Т-ры імя Я.Вахтангава. Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Сярод роляў: Тарталья («Прынцэса Турандот» К.Гоцы), Мамаеў («На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.Астроўскага), Фёдар Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога), князь Мышкін («Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага). З 1942 здымаўся ў кіно: «Кавалер Залатой Зоркі» (Дзярж. прэмія СССР 1952), «Вялікая сям’я», «Сёстры», «Васемнаццаты год», «Хмарная раніца», «Ганна Карэніна», «Два капітаны» (тэлевізійны) і інш. Дзярж. прэмія Расіі 1970.
т. 5, с. 487
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́НДАРАВА (Наталля Георгіеўна) (н. 28.8.1948, Масква),
руская актрыса. Нар. арт. Расіі (1986). Скончыла Тэатр. вучылішча імя Шчукіна (1971). Працуе ў маск. т-ры імя Маякоўскага. Яе мастацтву ўласцівы жыццёвая сіла і натуральнасць, сцэн. тэмперамент, эмацыянальная прывабнасць. Сярод роляў: Кацярына Ізмайлава («Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» паводле М.Ляскова), Эма Гамільтан («Вікторыя» Г.Рэтыгана). З 1973 здымаецца ў кіно: «Салодкая жанчына», «Асенні марафон» (Дзярж. прэмія Расіі імя братоў Васільевых 1981), «Аднойчы праз дваццаць гадоў», «Сабачы баль», «Нябёсы запаветныя», «Курыца» і інш. Дзярж. прэмія СССР 1984 (за тэатр. работы) і прэмія Ленінскага камсамола 1978.
т. 5, с. 534
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́РЧАНКА (Людміла Маркаўна) (н. 12.11.1935, г. Харкаў, Украіна),
расійская актрыса. Нар. арт. СССР (1983). Скончыла Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1958). Яе мастацтву ўласцівы тэмперамент, лірызм, музыкальнасць. Выконвала камедыйныя, вострахарактарныя ролі ў кіно: «Карнавальная ноч», «Дзяўчына з гітарай», «Саламяны капялюшык» і «Нябесныя ластаўкі» (тэлевізійныя), «Мама». Яе драм. талент праявіўся ў фільмах: «Старыя сцены» (Дзярж. прэмія Расіі 1976), «Дваццаць дзён без вайны», «Сібірыяда», «Пяць вечароў», «Палёты ў сне і наяве», «Вакзал для дваіх» і інш. Выступае як эстр. спявачка. Аўтар кніг «Маё дарослае дзяцінства» (1982), «Апладысменты» (1987) і інш.
т. 5, с. 538
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАГІ́НСКІ (Эміль Веньямінавіч) (н. 19.11.1921, Масква),
рускі драматург. Засл. дз. маст. Расіі (1976). Скончыў Маскоўскі юрыд. ін-т. Літ. дзейнасць пачаў у 1944. Аўтар сцэнарыяў (разам з Э.Разанавым) фільмаў: «Сцеражыся аўтамабіля» (1966), «Зігзаг удачы» (1968), «Старыя-разбойнікі» (1972), «Незвычайныя прыгоды італьянцаў у Расіі» (1974), «Іронія лёсу, або З лёгкай парай» (тэлевізійны, паводле іх п’есы, 1975, Дзярж. прэмія СССР 1977), «Службовы раман» (паводле іх п’есы «Саслужыўцы», 1977, Дзярж. прэмія Расіі 1979), «Гараж» (1980), «Вакзал для дваіх» (1983), «Забытая мелодыя для флейты» (1987). Яго творы адметныя тонкім гумарам, дакладнай псіхал. распрацоўкай характараў.
т. 3, с. 228
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЎРА ((Vávra) Отакар) (н. 28.2.1911, Брно, Чэхія),
чэшскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Нар. арт. Чэхаславакіі (1968). Праф. Акадэміі мастацтваў (1963, Прага). Заснавальнік нац. манум.-гіст. фільма: «Філасофская гісторыя» (1937), «Ян Гус» (1955), «Ян Жыжка» (1956), «Супраць усіх» (1958). Тэме лёсу нацыі ў час 2-й сусв. вайны прысвечаны фільмы: «Нямая барыкада» (1949, Дзярж. прэмія Чэхаславакіі 1950), «Дні здрады» (1973), «Сокалава» (1974, разам з СССР), «Вызваленне Прагі» (1976). Сярод інш. стужак: «Грамадзянін Брых» (1958), «Залаты ранет» (1965), «Раманс для карнета» (1967, Дзярж. прэмія Чэхаславакіі 1968), «Вандраванні Яна Амаса» (1983).
т. 4, с. 44
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЦЫЕЦІС ((Vacietis) Ояр Отавіч) (13.11.1933, хутар Думп’і Валкскага р-на, Латвія — 28.11.1983),
латышскі паэт. Засл. дз. культуры Латвіі (1972). Нар. паэт Латвіі (1977). Вучыўся ў Латышскім ун-це. Друкаваўся з 1950. Чалавек як стваральнік усіх каштоўнасцей, як частка прыроды і гегемон жыцця, яго адносіны да Сусвету, гісторыі, народа і часу — асноўнае ў кнігах паэзіі Вацыеціса «Вецер далёкіх вандраванняў» (1956), «Дыханне» (1966, Дзярж. прэмія Латвіі 1967), «Час зязюль» (1968), «Гама» (1976), «Антрацыт» (1978), «Правапіс маланкі» (1980). Аўтар аповесці «Вачыма тых дзён» (1958). Дзярж. прэмія СССР 1982.
т. 4, с. 47
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ ДОЎГ,
сума запазычанасці дзяржавы па крэдытных аперацыях і нявыплачаных па іх працэнтах. Узнікае, як правіла, пры неабходнасці фінансавання бюджэтнага дэфіцыту. З улікам сферы размяшчэння падзяляецца на ўнутр. і знешні. Унутраны ствараецца на аблігацыях дзярж. пазык і інш. дзярж. каштоўных папер, гарантыях дзяржавы пад каштоўныя паперы, выпушчаныя акц. т-вамі, крэдытах, выдадзеных дзяржаве банкамі і інш. крэдыторамі, нявыплачаных фіз. і юрыд. асобам кампенсацыях і інш. Знешні ўзнікае па ўзятых дзяржавай знешніх крэдытах, гарантыях дзяржавы пад атрыманыя за мяжой крэдыты айч. арг-цыямі, запазычанасці па знешнегандл. аперацыях бюджэтных арг-цый.
т. 6, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШТАЛА́ПАЎ (Анатоль Міхайлавіч) (н. 20.7.1948, г. Магілёў),
бел. танцоўшчык і музыкант. Засл. арт. Беларусі (1983). З 1970 артыст балета Дзярж. нар. хору Беларусі, з 1974 фальклорна-харэаграфічнага ансамбля «Харошкі», з 1988 у Бел. дзярж. ансамблі нар. музыкі «Свята». Разнапланавы характарны танцоўшчык і музыкант. Тэмпераментна і маляўніча выконвае розныя сола ў пастаноўках калектыву, у т. л. сола на акарыне ў нар. песнях «Калі каліна не цвіла», «Пасею гурочкі», «Песні-баладзе» ў апрацоўках В.Купрыяненкі, танец з гармонікам у сюжэтнай харэагр. кампазіцыі «Спаборніцтва музыкаў» і інш.
т. 8, с. 199
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСМАІ́Л I (17.7.1487, г. Ардэбіль, Іран — 23.5.1524),
шах Ірана ў 1502—24, заснавальнік дынастыі Сефевідаў, палкаводзец. Пры ім тэр. дзяржавы Сефевідаў дасягнула найб. памераў: у 1503—10 падпарадкаваны амаль увесь Іран, Арменія, ч. Сярэдняй Азіі, Ірак Арабскі (страчаны ў 1514) і інш. Экспансія І. I на З прывяла да вайны паміж Сефевідамі і Асманамі; у бітве каля Чалдырана (1514) з войскам Селіма I армія І. I разбіта. Заахвочваў развіццё рамяства, гандлю, навукі, культуры, умацоўваў дзярж. апарат. Аб’явіў дзярж. рэлігіяй шыізм. Пісаў вершы пад псеўд. Хатаі.
т. 7, с. 334
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)