ХО́ПКІНС, Гопкінс (Hopkins) Фрэдэрык Гоўленд (20.6.1861, г. Істбарн, Вялікабрытанія — 16.5.1947), англійскі вучоны ў галіне біяхіміі; адзін з заснавальнікаў вітаміналогіі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (з 1905, у 1930—35 яго прэзідэнт). Замежны ганаровы чл. АН СССР (1934). Скончыў Лонданскі ун-т (1894), дзе і працаваў. З 1898 у Кембрыджскім ун-це (з 1914 праф.). Навук. працы па біяхіміі азоцістага абмену ў арганізме. Адкрыў трыптафан (1901), у складзе малака — вітаміны (A і D), што стымулююць рост, глутатыён (1921). Сфармуляваў палажэнне аб незаменных фактарах харчавання — незаменных амінакіслотах (1906). Нобелеўская прэмія 1929 (з Х.Эйкманам).

В.​Ф.​Ермакоў.

Ф.Г.Хопкінс.

т. 17, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭСКАДРО́Н (франц. escadron),

1) асноўнае тактычнае падраздзяленне ў рэгулярнай кавалерыі шэрагу дзяржаў да сярэдзіны 20 ст. Складаўся з 2—4 кав. узводаў. У сярэдзіне 16 ст. Э. наз. квадратная калона конніцы з 15—20 шарэнгаў (да 400 вершнікаў), пастроеная для бою. У войску ВКЛ Э. адпавядала кав. падраздзяленне швадрон, якое складалася з двух харугваў. У арміі Рас. імперыі Э. з’явіліся ў пач. 18 ст.; у СССР існавалі з 1918 да 1950-х г. 2) Танк. і развед. падраздзяленне ў арміях некат. краін (Вялікабрытанія, Францыя).

3) Падраздзяленні жандармерыі ў шэрагу дзяржаў (Францыя, Марока, Камерун і інш.).

т. 18, кн. 1, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯКУ́ША Васіль Фёдаравіч (н. 30.6.1958, с. Зазім’е Кіеўскай вобл., Украіна),

бел. спартсмен (веславанне акадэмічнае). Майстар спорту СССР міжнар. кл. (1979). Засл. майстар спорту СССР (1984). Скончыў школу трэнераў пры ваен. ін-це фізкультуры (1984, Ленінград). У 1992—97 гал. трэнер па акад. веславанні Спартклуба арміі (Мінск). Сярэбраны прызёр XXII Алімп. гульняў (1980, Масква), бронз. прызёр XXIV Алім. гульняў (1988, Сеул). Сярэбраны прызёр чэмпіянату свету (1982, г. Люцэрн, Швейцарыя), бронз. прызёр (1986, г. Нотынгем, Вялікабрытанія). Пераможца турніру «Дружба-84» (Масква). Пераможца Гульняў добрай волі (1986, Масква). Пераможца Спартакіяды народаў СССР (1983, 1986). 11-разовы чэмпіён СССР.

т. 18, кн. 1, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЁРН-ДЖО́НС (Burne-Jones) Эдуард Колі (28.8.1833, г. Бірмінгем, Вялікабрытанія — 17.6.1898),

англійскі мастак, майстар дэкар.-прыкладнога мастацтва. Прадстаўнік прэрафаэлітаў. У 1859 і 1862 працаваў у Італіі. Зазнаў уплыў Д.Г.Расеці. Звяртаўся да стылізацыі ў духу італьян. кватрачэнта. Яго дэкар. кампазіцыі 1870—90-х г. на рэлігійныя і легендарныя сюжэты («Залатая лесвіца», «Кароль Кафетуа і жабрачка», «Любоў сярод руін») адметныя трохі манерным, гнуткім лінейным рытмам, цягай да арнаментальнасці, рысамі рамантычнай усхваляванасці і ідэалізацыі. Выкананыя ім для майстэрняў У.Морыса ілюстрацыі (да «Збору Джэфры Чосера», 1896, разам з Морысам), эскізы габеленаў, мазаік, вітражоў, прадметаў дэкар.-прыкладнога мастацтва спрыялі адраджэнню англ. маст. рамёстваў.

Э.Бёрн-Джонс. Залатая лесвіца. 1880.

т. 3, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАЙ (Bligh) Уільям (9.9.1754, г. Плімут, Вялікабрытанія — 7.12.1817),

брытанскі мараплавец, удзельнік другога кругасветнага падарожжа пад камандаваннем Джэймса Кука (1772—74). Контр-адмірал (1811), віцэ-адмірал (1814). У 1787 быў пасланы як камандзір шлюпа «Баўнці» на Таіці па саджанцы хлебнага дрэва. На зваротным шляху ў крас. 1789 экіпаж падняў мяцеж супраць жорсткага абыходжання і высадзіў Блая разам з 18 прыхільнікамі ў лодку без картаў. У чэрв. пасля цяжкага плавання Блай дасягнуў в-ва Тымор, праплыўшы 3618 міль. У 1805 прызначаны губернатарам Новага Паўд. Уэльса ў Аўстраліі, дзе яго жорсткае праўленне ў 1808 прывяло да мяцяжу і турэмнага зняволення. Вызвалены праз 2 гады, выйшаў у адстаўку.

М.​К.​Багадзяж.

т. 3, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́РДЭН, Хардэн (Harden) Артур (12.10.1865, г. Манчэстэр, Вялікабрытанія — 17.6.1940), англійскі біяхімік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1909), Германскай акадэміі даследчыкаў прыроды «Леапальдзіна» (1935). Д-р філасофіі (1888), праф. біяхіміі (1912). Скончыў ун-т Вікторыі ў Манчэстэры (1886). У 1887—88 у Эрлангенскім ун-це ў Германіі, з 1888 у Манчэстэрскім ун-це. У 1897—1930 у Ін-це прафілактычнай медыцыны ў Лондане (з 1907 дырэктар), адначасова з 1912 у Лонданскім ун-це. Навук. працы па біяхіміі спіртавога браджэння і ферментах, што прымаюць у ім удзел. Вынайшаў каферменты, даследаваў будову і функцыі каферменту I. Нобелеўская прэмія 1929 (разам з Х.Эйлерам-Хельпінам).

А.Гардэн.

т. 5, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́РСТАНГ (Garstang) Джон (5.5.1876, г. Блэкберн, Вялікабрытанія — 12.9.1956),

англійскі археолаг. Праф. (1907). З 1902 кіраваў даследаваннямі рымскіх старажытнасцей у Англіі, у 1907—11 археал. экспедыцыямі ў Егіпце, Сірыі і М. Азіі. У 1904—14 праводзіў раскопкі стараж. г. Мероэ (Паўн. Судан), у 1920—21 — г. Аскалон (Ашкелон, Ізраіль), у 1930—36 — г. Эрыха (Іерыхон, Зах. бераг р. Іардан), у 1936—39 — г. Мерсін (Турцыя). У 1919—26 кіраўнік упраўлення старажытнасцямі Палесціны і дырэктар Брыт. археал. школы ў Іерусаліме. У 1947 дырэктар Брыт. ін-та археалогіі ў Турцыі. Аўтар прац «Зямля хіцітаў» (1910), «Асновы біблейскай гісторыі: Ісус Навін, Суддзі» (1931) і інш.

т. 5, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛА́ДСТАН (Gladstone) Уільям Юарт (29.12.1809, г. Ліверпул, Вялікабрытанія — 19.5.1898),

брытанскі дзярж. дзеяч. У 1832 выбраны ў парламент ад партыі торы. Быў міністрам гандлю (1843—45), калоній (1845—47), фінансаў (1952—55, 1859—66). З 1867 лідэр Ліберальнай партыі. У 1868—74 прэм’ер-міністр. Яго ўрад рэфармаваў пач. адукацыю, легалізаваў прафсаюзы, увёў тайнае галасаванне на выбарах. З 1874 узначальваў апазіцыю. У 1880—85 на чале ўрада, які ў 1882 паслаў англ. войскі для захопу Егіпта, жорстка падаўляў нац.-вызв. рух у Ірландыі. Разгром брыт. войск у Судане і ўскладненні ў Ірландыі прывялі да падзення яго ўрада. У 1886 і ў 1892—94 зноў узначальваў урад.

т. 5, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БХУ́ТА Беназір (н. 21.6.1954, г. Карачы, Пакістан),

палітычны і дзярж. дзеяч Пакістана. Дачка З.А.Бхута. Вучылася ў Гарвардскім (ЗША) і Оксфардскім (Вялікабрытанія) ун-тах. У час дыктатуры ген. М.Зія-уль-Хака знаходзілася пад дамашнім арыштам (1977—84), жыла ў эміграцыі ў Лондане (1984—86), рабіліся замахі на яе жыццё (крас. 1986 і студз. 1987). З 1982 кіраўнік Пакістанскай нар. партыі. Прэм’ер-міністр краіны ў 1988—90 (адначасова міністр абароны і міністр фінансаў) і з 1993 (першая жанчына—кіраўнік урада ў мусульм. свеце).

Тв.:

Рус. пер. — Дочь Востока // Наука и религия. 1990. N° З.

Літ.:

Москаленко В., Сумский В. Беназир Бхутто // Азия и Африка сегодня. 1990. № 4.

т. 3, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́КЕР (Hooker) Джозеф Долтан (30.6.1817, Хейлсуэрт, Вялікабрытанія — 10.12.1911),

англійскі батанік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1874). Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1859), чл. Парыжскай АН (1866). Вучыўся ва ун-це г. Глазга. З 1855 у Бат. садзе ў К’ю (Лондан), у 1865—85 дырэктар. У 1873—78 прэзідэнт Лонданскага каралеўскага т-ва. Аўтар (разам з Дж.​Бентамам) працы «Роды кветкавых раслін» (т. 1—3, 1862—83), дзе прыведзена апісанне ўсіх вядомых на той час родаў кветкавых раслін. Адзін з першых прапагандыстаў дарвінізму. Апрацаваў калекцыі Ч.​Дарвіна з а-воў Галапагас. Навук. працы па батаніка-геагр. і фларыстычных даследаваннях Аўстраліі, Паўн. Індыі і Непала.

т. 5, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)