КЛЕАПА́ТРА VII (Kleopatra; 69 да н.э., г. Александрыя, Егіпет — 30 да н.э.),
старажытнаегіпецкая царыца [51—48, 47—30 да н.э.], апошняя з дынастыі Пталамеяў. Дачка Пталамея XII, сястра, жонка, суправіцелька (з 51) Пталамея XIII, з якім сапернічала за ўладу. З 48 у выгнанні ў Сірыі. Пасля Александрыйскай вайны (47) вярнулася на трон з дапамогай Юлія Цэзара, які захапіўся разумнай і адукаванай царыцай (ад Цэзара яна мела сына Цэзарыёна). Пасля забойства Цэзара саюзніца і каханка Марка Антонія (пасля 41, з 37 яго жонка), падтрымлівала яго ў барацьбе з Актавіянам (Аўгустам). Пасля паражэння ў вайне з Рымам і ўступлення арміі Актавіяна ў Егіпет скончыла самагубствам. Паводле падання, ёй прынеслі ядавітую змяю, укус якой, паводле егіп. уяўленняў, абяцаў бессмяротнасць. Вобраз К. VII адлюстраваны ў л-ры (У.Шэкспір, Б.Шоу, П.Карнель) і выяўл. мастацтве (Дж.Цьепала, П.П.Рубенс і інш.).
Літ.:
Кравчук А. Закат Птолемеев: Пер. с пол. М., 1973;
Талашова Н. Клеопатра // Женщины-легенды. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНЯЗЕ́ВІЧ (Кароль Ота) (4.5.1762, Асітэн каля г. Елгава, Латвія — 9.5.1842),
вайсковы дзеяч Рэчы Паспалітай. З бел. шляхты. Вучыўся ў Варшаўскай рыцарскай школе (1774—77). Служыў у кароннай артылерыі ў Беластоку, Седльцах, на Падоллі. Удзельнік вайны з Расіяй 1792, паўстання 1794, ген.-маёр. У час Мацяёвіцкай бітвы 1794 трапіў у палон. Пасля вызвалення з ліст. 1794 у Італіі, дзе ваяваў на баку Напалеона, у 1800 удзельнічаў у вайне супраць Аўстрыі, генерал брыгады. З 1801 у адстаўцы. У 1812 зноў на службе, генерал дывізіі ў штабе Ж.Банапарта. На чале 18-й дывізіі ваяваў пад Смаленскам, Барадзіном, у бітве на Бярэзіне камандаваў корпусам, паранены. У знак пратэсту супраць польск. палітыкі Напалеона ў 1813 выйшаў у адстаўку. Інтэрніраваны аўстр. ўладамі. У 1814 увайшоў у Вайсковы к-т для арганізацыі арміі Каралеўства Польскага. З 1815 у адстаўцы, жыў у Дрэздэне. У час паўстання 1830—31 пасланы паўстанцкімі ўладамі ў Парыж за падтрымкай, але вынікаў не дамогся, застаўся ў Парыжы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСАВІ́ЦКІ КРЫ́ЗІС 1917,
палітычны крызіс у Расіі пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917. Выкліканы супярэчнасцямі паміж рознымі паліт. плынямі па пытаннях аб вайне і міры. Пачаўся 20.4(3.5).1917 стыхійнай дэманстрацыяй пратэсту каля 15 тыс. салдат і матросаў Петраграда супраць ноты міністра замежных спраў П.М.Мілюкова ад 18.4(1.5).1917 пра намер Часовага ўрада працягваць вайну з Германіяй і яе саюзнікамі да перамогі. Па закліку бальшавікоў 21 крас. (4 мая) у Петраградзе адбылася 100-тысячная маніфестацыя пад лозунгамі заключэння міру і перадачы ўлады Саветам. Падобныя дэманстрацыі прайшлі ў Маскве, Рэвелі, Выбаргу. Рэзалюцыі супраць ноты Мілюкова прынялі таксама Мінскі [22 крас. (5 мая)] і Гомельскі [25 крас. (8 мая)] Саветы, сход дэлегатаў (2 тыс.чал.) вайск. падраздзяленняў Зах. фронту [27 крас. (10 мая)] і інш. Выканком Петраградскага Савета, у якім пераважалі меншавікі і эсэры, пайшоў на пагадненне з Часовым урадам. З урада былі выведзены міністры Мілюкоў і А.І.Гучкоў, увайшлі лідэры эсэраў і меншавікоў В.М.Чарноў, А.Ф.Керанскі, І.Г.Цэрэтэлі, М.І.Скобелеў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЗАВЕ́ТА ПЯТРО́ЎНА (29 12.1709, Масква — 5.1.1762),
расійская імператрыца [1741—62]. З дынастыі Раманавых. Дачка Пятра I і Кацярыны I. Заняла прастол у выніку дварцовага перавароту 6.12.1741 супраць малалетняга Івана VI Антонавіча і яго маці Ганны Леапольдаўны (рэгенткі пры ім). Прызначыла пераемнікам свайго пляменніка Карла Петэра Ульрыха фон Гольштэйн-Готарпа (пазней Пётр III), у 1745 ажаніла яго з прынцэсай Соф’яй Аўгустай Фрэдэрыкай фон Ангальт-Цэрбсцкай (будучая Кацярына II). У час праўлення Л.П. ў Расіі ліквідаваны ўнутр. мытні (з 1.4.1754), адменена пакаранне смерцю (1756), заснаваны Маскоўскі універсітэт (1755), першы рас. публічны т-р (1756), Пецярбургская Акадэмія мастацтваў (1757), адбылася рас.-швед. вайна 1741—43, якая завяршылася Абаскім мірным трактатам 1743, рас. войскі ўдзельнічалі ў Сямігадовай вайне 1756—63.
Літ.:
Анисимов Е.В. Россия в середине XVIII в.: Борьба за наследие Петра. М., 1986;
Наумов В.П. Елизавета Петровна // Вопр. истории. 1993. № 5;
Валишевский К.Ф. Дочь Петра Великого. Ростов н/Д, 1998.
Імператрыца Лізавета Пятроўна. Гравюра Ж.Меку паводле арыгінала А.Бенера. 1817.
эрцгерцагіня Аўстрыі, каралева Чэхіі і Венгрыі (з 1740), імператрыца «Свяшчэннай Рым. імперыі» (з 1745). З дынастыі Габсбургаў. Дачка імператара «Свяшчэннай Рым. імперыі» Карла VI (правіў у 1711—40). Атрымала ў спадчыну аўстр. прастол пасля смерці бацькі паводле Прагматычнай санкцыі 1713 (у 1740—48 спадчыннае права М.Т. аспрэчвалі еўрап. манархіі ў ходзе вайны за аўстрыйскую спадчыну). Да 1765 яе суправіцелем быў муж (з 1736) герцаг Франц Стэфан Латарынгскі (з 1745 імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» Франц I), з 1765 — старэйшы сын Іосіф II. У час праўлення М.Т. Аўстрыя ўдзельнічала ў Сямігадовай вайне 1756—63 і 1-м падзеле Рэчы Паспалітай (1772), завалодала Букавінай (1775); ва ўнутр. палітыцы цэнтралізавала дзярж. кіраванне, садзейнічала развіццю прам-сці і гандлю, прытрымлівалася асветнага абсалютызму, у т. л. заснавала нар. школьніцтва ў Аўстрыі (1774), абмежавала паншчыну ў Чэхіі (1775), адмяніла катаванні (1776).
французскі дзярж. і паліт. дзеяч, адвакат. Набыў вядомасць абаронай рабочых і забастоўшчыкаў на судовых працэсах 1880-х г. З 1885 неаднаразова выбіраўся членам палаты дэпутатаў. З пач. 1890-х г. у сацыяліст. руху, прыхільнік рэфармісцкай палітыкі. У 1899 увайшоў як міністр гандлю і прам-сці ў кабінет Р.Вальдэка-Русо (першы ў гісторыі выпадак удзелу сацыяліста ва ўрадзе). Удзел М. ва ўрадзе прывёў да канфлікту ў Франц.сацыяліст. партыі і еўрап.сацыяліст. руху, узнікнення ў ім рэфармісцкай плыні, якая адмаўлялася ад рэв. мэт і метадаў (т.зв. мільеранізм). У 1904 выключаны з Франц.сацыяліст. партыі. У 1909—20 займаў шэраг высокіх урадавых пасад. У студз.—вер. 1920 прэм’ер-міністр і міністр замежных спраў, падтрымліваў Польшчу ў савецка-польскай вайне 1920, афіцыйна прызнаваў урад П.М.Урангеля як прадстаўніка Расіі. У 1920—24 прэзідэнт Францыі (падаў у адстаўку пад націскам правых). У 1925 і 1927 выбіраўся ў Сенат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКІ ГІСТО́РЫКА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1987 у г. Навагрудак Гродзенскай вобл., адкрыты ў 1992. Пл. экспазіцыі 263 м², каля 8,4 тыс. экспанатаў асн. фонду (2000). У 9 залах паказаны гіст. шлях Навагрудка ад стараж. часоў да вызвалення ад ням.-фаш. захопнікаў у 1944. Сярод экспанатаў археал. прылады працы з крэменю, бронзы, жалеза, керамічны посуд, упрыгожанні са шкла, бронзы 10—13 ст., прадметы імпарту з Кіеўскай зямлі, Скандынавіі, краін Зах. Еўропы і Б. Усходу. Экспазіцыя расказвае пра стварэнне ВКЛ, вял. князёў Міндоўга, Войшалка, Вітаўта. Дыярамы, малюнкі, фотакопіі дакументаў і інш. матэрыялы знаёмяць з жыццём горада ва ўмовах магдэбургскага права, войнаў 17—18 ст. Асобныя экспазіцыі прысвечаны дзеячам навукі і культуры Я.Булгаку, Я.Драздовічу, Ф.Еўлашоўскаму, А.Міцкевічу, Я.Чачоту і інш., дзейнасці Навагрудскай беларускай гімназіі, польскай гімназіі імя А.Міцкевіча, т-вабел. школы. Экспазіцыя, прысвечаная Вял.Айч.вайне, расказвае пра дзейнасць патрыят. падполля і партыз. руху, фарміраванняў Арміі Краёвай, яўр.партыз. атрада Бельскага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕСЯЛО́ЎСКІ (Францішак Ксаверы) (18.12.1771, г. Ляхавічы Брэсцкай вобл. — 15.9.1845),
дзяржаўны і ваен. дзеяч ВКЛ. Сын Ю.Несялоўскага. Вучыўся ў Гал. школе ВКЛ у Вільні (1785—88). З 1788 шэф 6-га рэгімента (палка) пяхоты войска ВКЛ. Удзельнічаў у вайне 1792 з Рас. імперыяй. У час паўстання 1794 вызначыўся са сваім палком у шэрагу бітваў. Трапіў у палон, адмовіўся прысягаць Кацярыне II і выехаў у Германію. У 1796 вярнуўся, у 1798 абвінавачаны ў падрыхтоўцы новага паўстання, зняволены ў Вільні. Падтрымаў план А.Чартарыйскага пра адбудову Польск. дзяржавы пад суверэнітэтам Расіі. У 1812 прызначаны Напалеонам чл. Вайсковага к-та ў Вільні, ген. брыгады, інспектар пяхоты арміі ВКЛ, паспалітага рушэння. Адступіў з напалеонаўскімі войскамі за мяжу. У 1814 пасля амністыі вярнуўся на Беларусь, прадаў родавыя маёнткі (Варончу і інш.) і з’ехаў у Польшчу. У 1830 выбраны паслом сейма Каралеўства Польскага. У час паўстання 1830—31 намеснік губернатара Варшавы, камандаваў брыгадай пры абароне горада, быў сенатарам-кашталянам. Пасля задушэння паўстання на некалькі гадоў дэпартаваны ў Волагду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМПЕ́Й Гней, па мянушцы Вялікі (Gnaeus Pompeius Magnus; 106 да н.э. — 48 да н.э.), старажытнарымскі ваенны і паліт. дзеяч. У 83 да н.э. падтрымліваў Карнелія Сулу; разбіў яго праціўнікаў на Сіцыліі і ў Афрыцы. Пасля смерці Сулы абараняў яго рэжым; удзельнічаў у задушэнні Спартака паўстання. У 67 да н.э. атрымаў ад сената надзвычайныя паўнамоцтвы для барацьбы з піратамі ў Міжземнамор’і. З 66 да н.э. камандаваў рым. войскамі ў вайне супраць Мітрыдата VI Еўпатара, пасля перамогі пашырыў усх. правінцыі Рыма. У 60—53 да н.э. разам з Цэзарам і Ліцыніем Красам увайшоў у т.зв. 1-ы трыумвірат. У 55 да н.э. консул, пазней намеснік Іспаніі. Пасля 53 да н.э. далучыўся да аптыматаў. У 52 да н.э. выбраны «консулам без калегі». Выступіў супраць Цэзара, у 48 да н.э. разбіў яго войска каля Дырахія (Эпір). Пасля свайго паражэння каля Фарсалы (Фесалія) уцёк у Егіпет. Забіты паводле загаду егіп. цара Пталамея XIII Дыяніса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПО́ЛАЦКА-ВІ́ЦЕБСКАЯ ДАЎНІНА́»
(«Полоцко-Витебская старина»),
выданне Віцебскай вучонай архіўнай камісіі. Выйшла 3 т. (т. 1, 1911; т. 2, 1912; т. 3, 1916; усе ў Віцебску). Асн. тэматыка — гісторыя Полацка-Віцебскага краю 9—19 ст. і дакументы аб вайне 1812. Надрукаваны артыкулы А.П.Сапунова «Гістарычны нарыс Віцебскай Беларусі» (т. 1), «Сказанні ісландскіх ці скандынаўскіх саг аб Полацку, князях полацкіх і р. Заходняй Дзвіне» (т. 3), Дз.С.Леанардава «Полацкі князь Усяслаў і яго час» (т. 2, 3), П.М.Красавіцкага «Помнікі царкоўнай даўніны Полацка-Віцебскага краю і іх захаванне» (т. 1), І.Я.Мітрошанкі «Езуіты ва ўсходняй частцы Беларусі з 1579 да 1772 года» (т. 2) і інш. Пра падзеі вайны 1812 на Віцебшчыне змяшчаліся матэрыялы, якія захоўваліся ў Віцебскім губ. архіве, асабістых архівах нашчадкаў удзельнікаў тых падзей і з інш. крыніц. У выданні асвятляліся падзеі навук., культ. і грамадскага жыцця Віцебшчыны. Рэгулярна змяшчаліся справаздачы пра дзейнасць мясц. архіўнай камісіі.