ВАЦЭ́ЦІС (Іаакім Іаакімавіч) (23.11.1873, Салдускі р-н, Латвія — 28.7.1938),

савецкі военачальнік, камандарм 2-га рангу (1935). Скончыў Акадэмію Генштаба (1909). У арміі з 1891. У 1-ю сусв. вайну палкоўнік. У дні Кастр. рэвалюцыі перайшоў на бок сав. улады, уступіў у Чырв. гвардыю, камандаваў 2-й латышскай брыгадай. Са снеж. 1917 нач. аддзела Рэв. палявога штаба пры Стаўцы вярх. галоўнакамандуючага ў Магілёве. З 28.1.1918 камандаваў войскамі па ліквідацыі Доўбар-Мусніцкага мяцяжу 1918. З крас. 1918 нач. латышскай стралк. дывізіі, адзін з ваен. кіраўнікоў ліквідацыі леваэсэраўскага мяцяжу ў Маскве (ліп. 1918). У ліп.вер. 1918 камандуючы Усх. фронтам, у вер. 1918 — ліп. 1919 галоўнакамандуючы Узбр. Сіламі РСФСР. Са жн. 1919 у РВС Рэспублікі. З 1921 выкладаў у Ваен. акадэміі РСЧА. Аўтар ваен. навук. прац. Рэпрэсіраваны ў 1937. Рэабілітаваны пасмяротна.

т. 4, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБРО́ВІН (Мікалай Фёдаравіч) (8.12.1837, с. Карытава Пскоўскай вобл., Расія — 25.6.1904),

расійскі ваен. гісторык. Акад. Пецярбургскай АН (1890). Ген.-лейт. (1888). Скончыў Міхайлаўскую артыл. акадэмію (1862). З 1869 служыў пры Гал. штабе для ваен.-гіст. работ. Чл. Ваен.-вучонага к-та (з 1882) і Імператарскага рус. гіст. т-ва (з 1884), вучоны сакратар Пецярбургскай АН (з 1893), рэдактар час. «Русская старина» (з 1896). Складальнік і рэдактар зб-каў дакументаў «Айчынная вайна ў пісьмах сучаснікаў (1812—1815 гг.)» (1882), «Далучэнне Крыма да Расіі» (т. 1—4, 1885—89) і інш. Аўтар кн. «Гісторыя Крымскай вайны і абароны Севастопаля» (нап. 1874, выд. т. 1—3, 1900), «Гісторыя вайны і панавання рускіх на Каўказе» (т. 1—6, 1871—78), «Пугачоў і яго саўдзельнікі» (т. 1—3, 1884) і інш.

т. 6, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́ЧКА (Андрэй Антонавіч) (17.10.1903, в. Галадаеўка Растоўскай вобл., Расія — 26.4.1976),

савецкі ваен. дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1955), Герой Сав. Саюза (1958), Герой ЧССР (1969). Скончыў Ваен. акадэміі імя Фрунзе (1936), Генштаба (1941). У арміі з 1919. Удзельнік грамадз. вайны, паходу Чырв. Арміі ў Зах. Украіну і Зах. Беларусь (1939). У Вял. Айч. вайну з 1941 на фронце: каманд. дывізіяй, корпусам, 12, 47, 18 і 56-й арміямі. З кастр. 1943 нам. каманд. 1-м Укр. фронтам, са снеж. 1943 каманд. 1-й гвардз. арміяй. З 1945 каманд. войскамі Кіеўскай ваен. акругі, з 1953 галоўнакаманд. Групай сав. войск у Германіі, з 1957 1-ы нам. міністра абароны СССР, галоўнакаманд. сухап. войскамі, з 1960 галоўнакаманд. Аб’яднанымі ўзбр. сіламі краін Варшаўскага дагавора. У 1967—76 міністр абароны СССР. Аўтар мемуарных твораў.

т. 5, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАНТАДО́РСКАЯ ГРУ́ПА»,

міжнародная пасрэдніцкая група ў Лац. Амерыцы ў 1980-я г. Створана ў студз. 1983 у час нарады прадстаўнікоў Мексікі, Венесуэлы, Панамы і Калумбіі на панамскім в-ве Кантадора (адсюль назва) з мэтай садзейнічаць мірнаму паліт. ўрэгуляванню крызісу ў Цэнтр. Амерыцы (ваен. канфлікты ў Нікарагуа, Сальвадоры і інш.). У ліп. 1983 прэзідэнты краін групы падпісалі Канкунскую дэкларацыю, у якой прапанаваны ў якасці перадумоў мірнага ўрэгулявання вывад замежных ваен. саветнікаў, забарона выкарыстання тэрыторыі адных краін для ваен. і паліт. акцый супраць іншых, спыненне паставак зброі і інш. У 1984 распрацаваны праект «Акта міру і супрацоўніцтва ў Цэнтр. Амерыцы». У 1985 створана т. зв. група лац.-амер. падтрымкі К.г. (Аргенціна, Бразілія, Перу, Уругвай). Аднак матэрыяльная падтрымка нікарагуанскай узбр. апазіцыі з боку ЗША падрывала намаганні К.г., якая пасля 1987 фактычна спыніла дзейнасць.

т. 7, с. 602

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗЬМІ́Ч (Іона Савіч) (25.4.1897, г.п. Капаткевічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 26.5.1972),

адзін з кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў час яе акупацыі герм. войскамі ў першую сусв. вайну. Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1927). У 1-ю сусв. вайну (з 1916) на Зах. фронце вёў рэв. работу сярод салдат. У час Кастр. рэвалюцыі 1917 камісар тэлеграфа ў Стаўцы Вярх. Галоўнакамандуючага (Магілёў). У 1918 адзін з арганізатараў партыз. барацьбы з герм. акупантамі на Палессі, кіраўнік партыз. атрада. З 1919 у Чырв. Арміі, камісар палка, удзельнік вызвалення Беларусі ў 1920 ад польскіх інтэрвентаў, пазней камісар дывізіі. З 1927 на ваен.-гасп. рабоце. У Вял. Айч. вайну на буд-ве ваен. аб’ектаў. У 1947—52 нач. буд-ва Мінскага трактарнага з-да, кіраўнік трэста «Белтрактарабуд». Чл. ЦК КП(б)Б у 1949—52.

т. 8, с. 565

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВІ́СЛІНГ ((Quisling) Відкун) (18.7.1887, г. Фюрэсдаль, Нарвегія — 24.10.1945),

нарвежскі ваен., паліт. і дзярж. дзеяч, дыпламат, лідэр нарв. фашыстаў. Прафес. вайсковец. У крас.снеж. 1918 ваен. аташэ ў Петраградзе, у 1920—21 — у Хельсінкі. У 1922—26 удзельнік акцый Ф.Нансена па аказанні гуманіт. дапамогі СССР, у 1927—29 член нарв. дэлегацыі ў Маскве. У 1931—33 ваен. міністр Нарвегіі. З 1931 у фаш. руху, у 1933 заснаваў нарв. фаш. партыю «Нац. аб’яднанне». У 1939 выступаў за прэвентыўную акупацыю краіны герм. войскамі. Пасля акупацыі Нарвегіі з крас. 1940 да вер. 1941 старшыня нарв. адм. савета, у 1942—45 прэм’ер-міністр нарв. калабарацыянісцкага ўрада; жорстка праследаваў апазіцыю. Пасля капітуляцыі герм. войск у Нарвегіі (7.5.1945) арыштаваны 9.5.1945. Пакараны смерцю паводле прыгавору нарв. суда. Імя К. стала сінонімам дзярж. здраднікаў.

т. 8, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНТГО́МЕРЫ Аламейнскі

(Montgomery of Alamein) Бернард Лоу (17.11.1887, Лондан — 25.3.1976),

брытанскі ваен. дзеяч, фельдмаршал (1944), віконт (1946). Скончыў ваен. вучылішча ў Сандхерсце (1908). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У пач. 2-й сусв. вайны (1939—40) удзельнічаў у баях на тэр. Францыі і Бельгіі. З жн. 1942 камандуючы 8-й англ. арміяй у Паўн. Афрыцы, нанёс паражэнне італа-герм. войскам (гл. Эль-Аламейнская аперацыя 1942). Са студз. 1944 камандуючы саюзнымі арміямі, якія высадзіліся ў Францыі і дзейнічалі ў Нармандыі, Бельгіі і Паўн. Германіі (гл. Нармандская дэсантная аперацыя 1944). З 1945 галоўнакамандуючы брыт. акупацыйнымі войскамі ў Германіі. З 1946 на розных ваен. пасадах, у т. л. ў 1951—58 першы нам. галоўнакамандуючага ўзбр. сіламі НАТО. Узнагароджаны ордэнамі СССР «Перамога» і Суворава 1-й ступені. Аўтар успамінаў (1958).

т. 10, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗГО́РТВАННЕ ВОЙСК,

стварэнне груповак войск (сіл) і іх аператыўнае (баявое) пастраенне для вядзення ваен. дзеянняў. Бывае стратэг., аператыўнае і тактычнае. Пры стратэгічным Р.в. ажыццяўляецца перавод узбр. сіл на ваен. становішча, завяршаецца непасрэдная падрыхтоўка да вайны. Можа ажыццяўляцца адначасова або паступова, скрыта або адкрыта. У ходзе аператыўнага Р.в. ствараюцца аператыўныя групоўкі войск (сіл) на тэатрах ваен. дзеянняў, стратэг. і аператыўных напрамках, ажыццяўляецца іх перагрупоўка і заняцце палос абароны (зыходных раёнаў для наступлення), перабазіраванне авіяцыі, сіл флоту і інш. Пры тактычным Р.в. падраздзяленні (часці і злучэнні) займаюць зыходныя рубяжы, раёны (агнявыя і стартавыя пазіцыі), прымаюць баявы парадак непасрэдна перад атакай і інш. Своечасовае Р.в. дасягаецца наяўнасцю абароненых сістэм кіравання і сувязі, падтрымкай пастаяннай баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці войск (сіл), своечасовай падрыхтоўкай неабходных рубяжоў, раёнаў і інш.

С.​М.​Абрамаў.

т. 13, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАБ’ЁЎ (Іван Аляксеевіч) (н. 26.8.1921, в. Гарбачова Тульскай вобл., Расія),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1945). Палкоўнік (1956). Скончыў Тамбоўскую ваен.-авіяц. школу пілотаў (1941), Ваен.-паветр. акадэмію (1952). У Чырв. Арміі з 1940. На фронце са жн. 1942. Камандзір эскадрыллі штурмавога авіяпалка. Здзейсніў каля 400 баявых вылетаў. Удзельнік Сталінградскай бітвы, вызвалення Беларусі (Орша, Віцебск, Барысаў, Мінск, Баранавічы), Украіны, Літвы, баёў ва Усх. Прусіі.

т. 3, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НГЛА-СІ́КХСКІЯ ВО́ЙНЫ,

захопніцкія войны англ. Ост-Індскай кампаніі супраць дзяржавы сікхаў у Пенджабе (Індыя). Справакаваўшы пагранічны канфлікт, англічане змусілі сікхаў пачаць ваен. дзеянні. У першай англа-сікхскай вайне (1845—46) сікхі, якія напачатку дамагліся ваен. поспехаў, пацярпелі паражэнне. Англічане захавалі Пенджабу ўяўную самастойнасць, аднак сікхі заплацілі за гэта часткай сваіх зямель. Другую англа-сікхскую вайну (1848—49) пачалі англічане пад выглядам барацьбы з мяцежнікамі. У 1849 сікхскія войскі разбіты і англ. кампанія захапіла Пенджаб.

т. 1, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)