сукупнасць прававых норм, якія замацоўваюць прыналежнасць маёмасці пэўным асобам, устанаўліваюць аб’ём і змест правоў уласніка, спосабы і межы іх ажыццяўлення, а таксама гарантуюць ахову і абарону правоў і інтарэсаў уласніка. Побач з паняццем П.ў. як сукупнасці юрыд. норм (П.ў. ў аб’ектыўным сэнсе) існуе паняцце П.ў. ў суб’ектыўным сэнсе як устаноўленая заканадаўствам мера дазволеных паводзін уласніка па валоданні, карыстанні і распараджэнні маёмасцю. Уласнік правамоцны ажыццяўляць у адносінах маёмасці, што яму належыць, любыя дзеянні, якія не супярэчаць заканадаўству, грамадскай карысці і бяспецы, не наносяць шкоды навакольнаму асяроддзю, гіст.-культ. каштоўнасцям і не ўшчамляюць правоў і ахоўваемых законам інтарэсаў інш.асоб. Ён мае права адчужаць сваю маёмасць ва ўласнасць інш.асоб, перадаваць ім права валодання, карыстання і распараджэння маёмасцю, застаючыся ўласнікам, аддаваць маёмасць у залог, распараджацца ім іншым чынам. Уласнік нясе цяжар утрымання маёмасці, што яму належыць, і рызыкі выпадковай яе гібелі або псавання, калі іншае не прадугледжана заканадаўствам або дагаворам. Змест правамоцтваў уласніка вызначаецца цывільным, канстытуцыйным, зямельным, фінансавым і інш. галінамі права. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь замацоўвае 2 формы ўласнасці: дзярж. і прыватную. Суб’ектамі права дзярж. уласнасці выступае Рэспубліка Беларусь (рэсп. ўласнасць) і адм.-тэр. адзінкі (камунальная ўласнасць). Законам вызначаюцца віды маёмасці, якая можа знаходзіцца толькі ў дзярж. уласнасці. Суб’ектамі права прыватнай уласнасці з’яўляюцца фіз. і недзярж. юрыд. асобы. Правы ўсіх уласнікаў абараняюцца аднолькава. Дзяржава гарантуе стабільнасць адносін уласнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗБО́Р ШЛЯ́ХТЫ,
комплекс мерапрыемстваў, праведзеных уладамі Рас. імперыі па верыфікацыі і скарачэнні шляхецкага стану (саслоўя) б.ВКЛ. Пачаўся адразу пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772). Шляхце было загадана падаць доказы свайго дваранства з апісаннем паходжання родаў, гербаў, з усімі пасведчаннямі і дакументамі. У час рэвізіі 1772—74 шмат чыншавай і служылай шляхты, ніжэйшыя пласты шляхецкага стану — зямяне, панцырныя баяры, путныя баяры былі запісаны ў склад сялян. Пасля выдання Даравальнай граматы дваранству 1785 аформіліся карпаратыўныя правы дваранства Рас. імперыі, дваране павінны былі быць унесены ў дваранскія радаводныя кнігі, для чаго прадстаўлялі доказы паходжання. На камісію, што праводзіла рэвізію 1816, быў ускладзены абавязак разбору правоў асоб, якія называлі сябе шляхтай. Асоб, пазбаўленых шляхецкіх правоў, запісвалі ў вольныя хлебаробы, дзяржаўныя сяляне або мяшчане. Пасля задушэння паўстання 1830—31 шляхецкае саслоўе было падзелена на дваран, спецыяльна створаныя станы аднадворцаў і грамадзян зах. губерняў. Дваранамі прызнаваліся толькі асобы, зацверджаныя ў адпаведнай годнасці Герольдыяй. Былі праведзены і новыя рэвізіі складу саслоўяў. Пасля задушэння паўстання 1863—64 уведзены новыя абмежаванні ў прынцыпах доказу і атрымання дваранства; шляхціцы, якія не даказалі дваранства, уключаліся ў склад сялян або мяшчан. У 1863 скасаваны станы аднадворцаў і грамадзян зах. губерняў; яны пераведзены ў стан сялян ці мяшчан. Гэта быў канчатковы акт юрыд. ліквідацыі шляхецкага стану б.ВКЛ, але да 1917 захаваліся некаторыя абмежаванні ў правах «былой польскай шляхты».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗАСУДО́ВЫЯ О́РГАНЫ,
дзяржаўныя органы ў СССР, надзеленыя ў неканстытуцыйным парадку правам ажыццяўлення рэпрэсіўных мер без прытрымлівання крымінальна-працэсуальных норм. 21.2.1918 СНК РСФСР даў Усерас. надзвычайнай камісіі (ВЧК) і яе органам права пазасудовага разгляду спраў за контррэв., службовыя і інш. агульнакрымінальныя злачынствы з вызначэннем меры пакарання аж да расстрэлу на месцы злачынства, 5.9.1918 — права знявольваць «класавых ворагаў» у месцы пазбаўлення волі, а асоб, якія ўдзельнічалі ў белагвардзейскіх арг-цыях, змовах і мяцяжах, — расстрэльваць. Пасля ліквідацыі ВЧК і ўтварэння 6.2 1922 Дзярж.паліт. ўпраўлення (ДПУ) пры НКУС РСФСР (гл.Дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне БССР) органы ДПУ былі пазбаўлены права пазасудовага разгляду спраў. Але 16.10.1922 паводле пастановы ВЦВК РСФСР ім зноў дадзена права «пазасудовай расправы аж да расстрэлу ў адносінах да ўсіх асоб, злоўленых з доказамі на месцы злачынства пры бандыцкіх налётах і ўзброеных грабяжах». Асобай камісіі НКУС па высылках дазвалялася высылаць і знявольваць у лагеры прымусовых работ дзеячаў антысав. паліт. партый і рэцыдывістаў. 28.3.1924 у сувязі са стварэннем Аб’яднанага дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення (АДПУ) ЦВКСССР усклаў на Асобую нараду пры АДПУ вынясенне пастаноў пра адм. высылкі, ссылкі і зняволенні ў канцэнтрацыйны лагер. Адначасова ажыццяўляла пазасудовую дзейнасць і калегія АДПУ. Цыркулярамі АДПУ ад 29.10.1929 і 8.4.1931 у цэнтр. апараце створаны «тройкі» для папярэдняга разгляду закончаных следчых спраў і наступнага іх дакладу на суд. пасяджэннях калегіі ці Асобай нарады. 3.2.1930 Прэзідыум ЦВКСССР даў АДПУ права на час правядзення кампаніі па «ліквідацыі кулацтва» перадаваць свае паўнамоцтвы па пазасудовым разглядзе спраў паўнамоцным прадстаўнікам (ПП) АДПУ у рэспубліках, краях і абласцях. 10.7.1934 АДПУ скасавана і ўтворана НКУССССР. Пры наркоме ўнутр. спраў створана Асобая нарада, якой давалася права выносіць прыгаворы пра зняволенне ў папраўча-працоўныя лагеры, ссылцы і высылцы да 5 гадоў ці высылцы па-за межы СССРасоб, якія «прызнаваліся грамадска небяспечнымі». У наступныя гады паўнамоцтвы Асобай нарады значна пашыраны. Паводле рашэння Дзярж.к-та абароны ад 17.11.1941 ёй дадзена права па справах «аб контррэвалюцыйных злачынствах і асабліва небяспечных дзеяннях супраць парадку кіравання СССР» вызначаць меру пакарання аж да расстрэлу. Асобая нарада існавала і пры МУССССР. 27.5.1935 загадам НКУССССР у НКУС рэспублік, упраўленнях НКУС па краях і абласцях арганізаваны «тройкі» НКУС, на якія пашыраліся правы Асобай нарады. «Тройкі» прымалі рашэнні пра высылку, ссылку ці зняволенне ў лагеры на тэрмін да 5 гадоў. У сувязі з правядзеннем масавых аперацый у адносінах да «былых кулакоў, членаў антысавецкіх партый, белагвардзейцаў, жандараў і чыноўнікаў царскай Расіі, бандытаў, рээмігрантаў, удзельнікаў антысавецкіх арганізацый, царкоўнікаў і сектантаў, крымінальнікаў-рэцыдывістаў» загадам НКУССССР ад 30.7.1937 створаны рэсп., краявыя і абл. «тройкі» для разгляду спраў на названых асоб, якія па мерах пакарання разбіваліся на 2 катэгорыі: да 1-й адносіліся тыя, хто падлягаў расстрэлу, да 2-й — тыя, хто падлягаў зняволенню ў лагеры або турме на тэрмін ад 8 да 10 гадоў. У пасяджэннях Асобай нарады і «троек» прадугледжваўся абавязковы ўдзел пракурора. У адпаведнасці з загадамі НКУС ад 11.8 і 20.9.1937 спісы асоб, якія падлягалі рэпрэсіям палітычным, разглядаліся таксама «двойкамі» — наркомамі ўнутр. спраў рэспублік і начальнікамі УНКУС сумесна з адпаведнымі пракурорамі. Адначасова існаваў парадак разгляду спраў без выкліку абвінавачваемага і сведкаў у суд т.зв. «вышэйшай двойкай» у складзе Старшыні Вярх. суда і Пракурора СССР. Пастановы гэтага органа пры наяўнасці падстаў маглі адмяняцца і пераглядацца пленумам Вярх. суда СССР. З мэтай выканання пастановы СНКСССР і ЦКВКП(б) ад 17.11.1938 «Аб арыштах, пракурорскім наглядзе і вядзенні следства» 26.11.1938 загадам НКУССССР «тройкі» і «двойкі» пры НКУС скасаваны. Паводле Указа Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 1.9.1953 скасавана Асобая нарада пры МУС. У адпаведнасці з Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 16.1.1989 «Аб дадатковых мерах па аднаўленні справядлівасці ў адносінах да ахвяр рэпрэсій, што мелі месца ў перыяд 30—40-х і пачатку 50-х гадоў», зацверджаным Вярх. Саветам СССР 31.7.1989, усе грамадзяне, за выключэннем здраднікаў Радзімы і карнікаў перыяду Вял.Айч. вайны, нацысцкіх злачынцаў, удзельнікаў бандфарміраванняў і іх памагатых, фальсіфікатараў крымінальных спраў, якія прыцягваліся да крымінальнай адказнасці П.о., былі рэабілітаваны, а згаданыя вышэй П.о. названы антыканстытуцыйнымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НЗЕЛЬ (ад польск. węzeł вузел),
манаграма, пачатковыя літары тытула, імя і прозвішча адной або некалькіх асоб, якія звычайна пераплятаюцца паміж сабою і ўтвараюць своеасаблівы ўзор, малюнак. Мог быць упрыгожаны вянком, каронаю і інш. Вензель манархаў выкарыстоўваўся як геральдычны сімвал на грашовых знаках і інш. (напр., вензель вял. князёў ВКЛ: Жыгімонта II Аўгуста — SA; Стафана Баторыя — SR; Яна II Казіміра Вазы — JKR). Выкарыстоўваецца і як фірменная марка.
В.С.Пазднякоў.
Вензелі каралёў польскіх і вялікіх князёў ВКЛ: Жыгімонта II Аўгуста (1), Стафана Баторыя (2), Яна II Казіміра Вазы (3), Станіслава Аўгуста Панятоўскага (4).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕ́КА,
форма аховы асабістых і маёмасных правоў і інтарэсаў недзеяздольных асоб. У Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца над дзецьмі да 15 гадоў, якія не маюць бацькоў або бацькі не здольныя іх выхоўваць, над грамадзянамі, якія прызнаны судом недзеяздольнымі ў сувязі з іх псіхічнай хваробай ці разумовай непаўнацэннасцю. Парадак апекі вызначаецца заканадаўствам. Органамі апекі з’яўляюцца выканкомы мясц. Саветаў дэпутатаў, якія выконваюць гэтыя функцыі праз аддзелы нар. асветы, аховы здароўя, сац. забеспячэння. Непасрэднае ажыццяўленне апекай ўскладаецца на апекуна (прызначаецца з ліку сваякоў падапечнага ці інш. грамадзян), пры злоўжыванні правамі апошні нясе маёмасную, у некаторых выпадках і крымінальную адказнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЭ́ЛЬ (франц. hôtel),
1) гасцініца — дом з мэбляванымі пакоямі для часовага пражывання прыезджых грамадзян, турыстаў. Паводле катэгорыі абслугоўвання і сервісу атэлі падзяляюцца на 1-, 2-, 3-, 4- і 5-зоркавыя. Упершыню з’явіліся ў краінах Зах. Еўропы ў 14 ст. Пашырыліся ў краінах Еўропы, Амерыкі, Азіі пасля 2-й сусв. вайны. Развіццю сеткі атэляў садзейнічае міжнар. турызм.
2) У франц. архітэктуры 16—17 ст. — гарадскі асабняк у стылі барока з параднымі і службовымі дварамі для пражывання асоб дваранскага паходжання.
Атэль у Сан-Францыска. Арх. Дж.Портман. 1973.Атэль у Сан-Францыска. Інтэр’ер. Арх. Дж.Портман. 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОСЦЬ,
буйны прадстаўнік купецтва ў Стараж. Русі і ў Рас. дзяржаве ў 10—18 ст. Першапачаткова госцем наз.асоб, якія прыязджалі гандляваць з інш. краін, княстваў і гарадоў, пазней — і мясц. купцоў, якія гандлявалі па-за межамі свайго месцапражывання (пераважна за мяжой). У 14—15 ст. госці аб’ядноўваліся ў асобыя прывілеяваныя карпарацыі. У сярэдзіне 16 — пач. 18 ст. госці былі саслоўнай катэгорыяй, мелі царскія даравальныя граматы, паводле якіх карысталіся падатковымі, мытнымі і юрыд. прывілеямі. Выконвалі ўрадавыя даручэнні па закупцы, ацэнцы і захоўванні казённых тавараў. Паводле ўказаў 1722—28 уключаны ў склад купецкіх гільдый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУАЕРЫ́ЗМ, візіянізм, скапафілія,
форма палавой разрадкі, якая заключаецца ў схільнасці да разглядання палавых органаў або палавога акта інш.асоб; від палавой ненармальнасці. Неадольнае жаданне ўбачыць забароненае падштурхоўвае візіяніста на падглядванне ў туалетах, інтэрнатах, бальніцах і інш. Назіраецца таксама ў чвэрці дзяцей дашкольнага ўзросту, ва ўзросце 7—11 гадоў выяўляецца ў кожнага трэцяга хлопчыка і прыкладна ў 6% дзяўчынак. Замацоўванню дзіцячага вуаерызму спрыяюць цяжкасці ў адносінах з равеснікамі, асабліва процілеглага полу, стойкая фіксацыя ў нясталай псіхіцы дзіцяці ўбачанай ім сцэны інтымнай блізкасці і г.д. Да разнавіднасцей вуаерызму можна аднесці захапленне стрыптызам, вар’етэ, эратычнымі шоу, фотаздымкамі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́БРАНАЯ РА́ДА,
неафіцыйны ўрад у Расіі ў канцы 1540-х — 50-я г. Складаўся з асоб, прыбліжаных да цара Івана IV Васілевіча Грознага. Кіруючае становішча ў выбранай радзе займалі А.Ф.Адашаў, прыдворны святар Сільвестр, мітрапаліт Макарый, думны дзяк І.М.Віскаваты, князь А.М.Курбскі і інш. У час праўлення выбранай рады праведзены важнейшыя рэформы (выдадзены Судзебнік 1550, створаны прыказы, стралецкае войска і інш.), далучаны Казанскае і Астраханскае ханствы, вялася барацьба за Прыбалтыку. Сур’ёзныя змены ў знешняй і ўнутр. палітыцы Івана IV прывялі да падзення выбранай рады.
Літ.:
Зимин А.А., Хорошкевич А.Л. Россия времени Ивана Грозного. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШЭ́ЙШЫ КАМУНІСТЫ́ЧНЫ ІНСТЫТУ́Т АСВЕ́ТЫ,
навуковая і навуч. ўстанова ў СССР у 1931—38. Рыхтавала навук. супрацоўнікаў і выкладчыкаў пед. дысцыплін ВНУ, кіруючых работнікаў органаў нар. асветы. Засн. ў Маскве. Тэрмін навучання 3 гады. Прымаў асоб з партстажам не менш як 7 гадоў (для рабочых 5 гадоў), якія мелі веды ў аб’ёме ВНУ (пед. ін-та, камуніст.ВНУ), вопыт выкладчыцкай ці культ.-асв. і кіруючай работы. Аддзяленні: пед., педалагічнае, аргпланавае, політэхнічнае. Распрацоўваў пед. праблемы, выдаваў навук. працы, прымаў да абароны дысертацыі. Слухачы карысталіся правамі аспірантаў па пед. навуках. Пры ін-це ў 1933 арганізаваны Цэнтр.НДІ педагогікі.