1) індывідуальны лікавы паказчык (каэф.) дасягненняў шахматыста (шашыста), які мяняецца ў залежнасці ад яго вынікаў на спаборніцтвах. З 1970 Міжнар. шахматнай федэрацыяй (за аснову падліку Р. прынята сістэма амер. шахматыста А.Эла) выкарыстоўваецца пры прысваенні міжнар. званняў, напр., гросмайстра (мінім. Р. у жанчын — 2300, у мужчын — 2450). Найб. Р. дасягнуў Г.Каспараў — 2812 (1991).
2) Ступень папулярнасці вядомых дзеячаў (у галінах палітыкі, культуры, грамадскай дзейнасці), арганізацый і інш., якая вызначаецца шляхам вывучэння грамадскай думкі (вынікі галасавання, сацыялагічных апытанняў, анкет).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САДО́ЎСКАГА ЭФЕ́КТ,
узнікненне вярчальнага мех. моманту ў целе, якое апрамяняецца эліптычна (ці цыркулярна) палярызаваным святлом. Абумоўлены наяўнасцю адметнага ад нуля моманту імпульсу ў фатонаў святла з такой палярызацыяй. Адкрыты А.І.Садоўскім (1898), выяўлены эксперыментальна амер. фізікам Р.Бетам (1935). Існаванне С.э. дазваляе выкарыстоўваць закон захавання моманту імпульсу пры даследаванні з’яў узаемадзеяння эл.-магн. выпрамянення з рэчывам.
Літ.:
Розенберг Г.В. Наблюдение спинового момента сантиметровых волн // Успехи физ. наук. 1950. Т. 40, вып. 2;
Бокуть Б.В., Митюрич Г.С., Шепелевич В.В. Эффект Садовского в поглощающих гиротропных средах. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ГБАН, Зігбан (Siegbahn) Кай Мане (н. 20.4.1918, г. Лунд, Швецыя), шведскі фізік. Чл.Швед.АН. Ганаровы чл.Амер. акадэміі мастацтваў і навук. Сын К.М.Г.Сігбана. Скончыў Упсальскі ун-т (1942). У 1942—51 у Нобелеўскім ін-це фізікі (Стакгольм); у 1951—54 праф. Каралеўскага тэхнал. ін-та (Стакгольм). З 1954 праф. Упсальскага ун-та. Навук. працы па спектраскапіі, атамнай і малекулярнай фізіцы, фіз. хіміі. Распрацаваў метад электроннай спектраскапіі для хім. аналізу (1951). Сканструяваў рэнтгенаэлектронны спектрометр і ажыццявіў монахраматызацыю рэнтгенаўскага выпрамянення ў рэнтгенаўскай фотаэлектроннай спектраскапіі. Нобелеўская прэмія 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАФРЭЙДЫ́ЗМ,
кірунак у псіхалогіі і філасофіі 20 ст. Сфарміраваўся ў 1930-я г. ў выніку вылучэння з фрэйдызму. Найб. пашыраны ў ЗША. Гал. тэарэтыкі Х.Хорні, Г.Саліван, Э.Фром, А.Кардынер. У адрозненне ад К.Г.Юнга і А.Адлера, якія спрабавалі пераасэнсаваць вучэнне З.Фрэйда ў рамках псіхааналізу, прыхільнікі Н. стварылі вучэнне, якое базіравалася на псіхааналізе, амер. сацыялогіі і этналогіі. Яны адмовіліся ад фрэйдаўскага «біялагізму» (неўсвядомленае; вучэнне аб лібіда і сублімацыі) і прызналі ролю сац. фактару ў развіцці асобы («сацыялагізацыя псіхалогіі»). Сац. фактар і сац. з’явы тлумачыліся ў пераламленні праз прызму свядомасці суб’екта (псіхалагізаваліся), у выніку чаго адхіляліся аб’ектыўныя заканамернасці. Праблема ўзаемаадносін суб’екта і аб’екта, асобы і асяроддзя разглядалася як простае прыстасаванне аднаго да другога. Своеасабліва тлумачылася і сама асоба. Напр., Саліван абсалютызаваў міжасобасныя адносіны (сітуацыі), дзе асоба разглядалася як міф — яна толькі сума адносін, што ўзнікаюць пад час зносін. Хорні, наадварот, не выключаў магчымасці «самарэалізацыі» асобы. У выніку крытычнага стаўлення да заходняй цывілізацыі Фром стварыў тэорыю «камунітарнага сацыялізму» і прапанаваў абстрактны і утапічны метад «сац. тэрапіі» амер. нацыі (неабходнасць «лячыць» грамадства ў цэлым, а не індывіда).
Літ.:
Уэллс Г. Крах психоанализа: От Фрейда к Фромму Пер. с англ.М., 1968;
Фромм Э. Человек для себя: Пер. с англ.Мн., 1997;
Яго ж. Анатомия человеческой деструктивности: Пер. с англ.Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНА́МСКІ КАНА́Л (ісп. Canal de Panama, англ. Panama Canal),
штучны водны шлях міжнар. значэння на тэр. Панамы ў Цэнтр. Амерыцы, праз Панамскі перашыек у самай вузкай яго частцы. Злучае Атлантычны і Ціхі акіяны. Даўж. 81,6 км, у т. л. 65,2 км па сушы і 16,4 км па дне бухты Лімон Карыбскага м. і Панамскага зал., шыр. 150—305 м, глыб. па фарватэры 12,8—25,9 м; 12 шлюзаў. Штогадовы аб’ём перавозак каля 154 млн.т, доля транзіту больш за 80%. Штогод праз П.к. праходзяць больш за 14 тыс. грузавых суднаў. Каля Атлантычнага ўвахода ў П.к. порты Крыстобаль і Калон, каля ціхаакіянскага — Бальбоа і Панама.
Ідэя будаўніцтва П.к. існавала і абмяркоўвалася з пач. 16 ст. У 1879 рэалізацыю гэтага праекта пачала Францыя, якая выкарыстала супярэчнасці паміж ЗША і Вялікабрытаніяй і ўзяла канцэсію на буд-ва канала ва ўрада Калумбіі. Крах франц.акц. кампаніі (1888, гл.«Панама») і націск з боку амер. і брыт. ўрадаў прымусілі Францыю ў 1902 прадаць свае правы ЗША. У 1903, пры падтрымцы ЗША, Панама аддзялілася ад Калумбіі, і далейшыя пытанні, звязаныя з буд-вам і функцыянаваннем канала, рэгуляваліся Амерыкана-панамскімі дагаворамі 1903, 1936, 1955, 1977. Паводле дагавора 1903 ЗША атрымалі ў бестэрміновае карыстанне Панамскага канала зону, права будаваць і эксплуатаваць канал. Першае судна прайшло праз П.к. 15.8.1914, афіцыйна канал адкрыты 12.6.1920. Паводле амер.-панамскіх дагавораў 1977 П.к. з 1.1.2000 перайшоў пад кантроль Панамы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІРД ((Beard) Чарлз Остын) (27.11.1874, Найтстаўн, штат Індыяна, ЗША — 1.9.1948),
амерыканскі гісторык, адзін з заснавальнікаў эканам. кірунку ў гістарыяграфіі ЗША. Скончыў Оксфардскі ун-т. У 1904—17 — праф. Калумбійскага ун-та ў Нью-Йорку і ун-та ў Балтымары. Адзін з заснавальнікаў новай школы сац. даследаванняў у Нью-Йорку (1919). З 1933 прэзідэнт Амер.гіст. асацыяцыі. Даследаваў уплыў эканомікі на развіццё грамадскіх ін-таў ЗША, ролю эканам. і сац. фактараў у гісторыі і інш.Асн. працы: «Эканамічнае тлумачэнне канстытуцыі ЗША» (1913), «Развіццё амерыканскай цывілізацыі» (т. 1—2, 1927, разам з М.Р.Бірд) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛГО́НКІН (Algonquin),
правінцыяльны парк у Канадзе, на правабярэжжы р. Атава, правінцыя Антарыо. Засн. ў 1893. Пл. 765,3 тыс.га. Размешчаны на невысокім узвышшы — Лаўрэнційскім крышталічным шчыце. Захоўваюцца ландшафты драбналістых і мяшаных лясоў з азёрамі і балотамі. Сярод прадстаўнікоў 15 асн. парод раслін некалькі відаў клёнаў, веймутава сасна, тсуга канадская, асінападобная таполя, вяз, ясень, жоўтая бяроза, шызая елка і інш. У фауне воўк, бабёр, чорны мядзведзь, лось, белахвосты (віргінскі) алень; з птушак звычайныя лысуха, каўнерыкавы рабчык, аўсянка-юнка, белабрывая аўсянка, некалькі відаў амер. валасянак і інш. Развіты турызм, працуюць інфармацыйны цэнтр і музей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРО́ЕР ((Breuer) Марсель Лаяш) (22.5.1902, г. Печ, Венгрыя — 1.7.1981),
амерыканскі архітэктар. Адзін з лідэраў функцыяналізму. У 1920—28 вучыўся і працаваў у Германіі ў асн. як праекціроўшчык мэблі. З 1937 у ЗША. У сваёй творчасці імкнуўся да дакладнасці і выразнай структурнасці арх. кампазіцыі, кампактнасці планаў і аб’ёмаў. Сярод работ: будынкі ЮНЕСКА у Парыжы (1953—57, з Б.Зерфюсам і П.Л.Нерві), Музея амер. мастацтва Уітні ў Нью-Йорку (1966), універмага «Дэ Беенкорф» у Ротэрдаме (1956—57). Распрацоўваў тыпы аднасямейнага дома (загарадны дом у штаце Масачусетс, 1947, і інш.), працаваў як дызайнер.
М.Л.Броер. Загарадны дом архітэктара. Штат Масачусетс. 1947.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІНЗО́ГА (Galinsoga),
род кветкавых раслін сям. астравых. 4 віды амер. паходжання. Пашырыліся як заносныя амаль па ўсім зямным шары. На Беларусі трапляюцца 2 віды: галінзога драбнакветная (Galinsoga parviflora) і раснічастая, або шчаціністая (Galinsoga ciliata). Растуць каля дарог, на пустках, у садах, пасевах, на агародах.
Аднагадовыя амаль голыя або густаапушаныя травяністыя расліны з прамастойным галінастым сцяблом выш. да 100 см. Лісце простае, падоўжана- ці шырокаяйцападобнае, супраціўнае, чаранковае. Кветкавыя кошыкі гетэрагамныя, звычайна шматлікія, дробныя, паўшарападобныя, у верхавінкавых ці пазушных паўпарасоніках. Краявыя кветкі язычковыя, белыя, песцікавыя, сярэдзінныя — трубчастыя, жоўтыя, двухполыя. Плод — сямянка з чубком. Пустазелле. Некаторыя віды маюць лек. ўласцівасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НА ЭФЕ́КТ,
генерацыя высокачастотных ваганняў эл. току ў паўправадніковых прыладах з N-падобнай вольтампернай характарыстыкай. Назіраецца ў паўправадніках, зона праводнасці якіх мае некалькі далін (гл.Зонная тэорыя): рухомасць электронаў у верхніх далінах значна меншая, чым у ніжняй. У моцных палях частка электронаў пераходзіць з ніжняй даліны ў верхнія і электраправоднасць змяншаецца. Ваганні току маюць выгляд серыі імпульсаў з частатой паўтарэння, адваротна прапарцыянальнай прыкладзенаму напружанню і даўжыні ўзору паўправадніка. Выяўлены амер. фізікам Дж.Ганам (1963) у крышталях арсеніду галію і фарсіду індыю. Выкарыстоўваецца ў схемах генератараў і ўзмацняльнікаў звышвысокай частаты (гл.Гана дыёд).