КААРДЫНАЦЫ́ЙНАЯ СУ́ВЯЗЬ,

від хімічнай сувязі, якая рэалізуецца ў комплексных злучэннях. Адрозніваюць двух- і шматцэнтравую К.с. Двухцэнтравая абумоўлена перадачай электроннай пары з цалкам запоўненай арбіталі атама ліганда (донара) на вакантную арбіталь цэнтр. атама (акцэптара) з утварэннем агульнай звязваючай малекулярнай арбіталі. Такую К.с. наз. донарна-акцэптарнай сувяззю. Яна з’яўляецца разнавіднасцю кавалентнай сувязі. У выпадку шматцэнтравай К.с. электронная пара ліганда дэлакалізавана ў прасторы трох ці большай колькасці атамаў малекулы (напр., трохцэнтравая мосцікавая сувязь B-H-B у боравадародах).

т. 7, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗБЕ́К (груз. Мкінвары — ледзяны; асец. Урсхох — белая гара),

вяршыня Бакавога хр. ў цэнтр. частцы Вял. Каўказа, у Грузіі. Выш. 5033 м (усх. вяршыня), зах. вяршыня на 400 м ніжэй. Патухлы вулканічны конус, складзены з андэзітавых і трахіта-ліпарытавых лаў, насаджаны на масіў з юрскіх сланцаў. На схілах субальпійскія і альпійскія лугі, з выш. 3300 м — вечныя снягі. Далінныя ледавікі (Дэўдаракскі, Мна, Суатысі і інш.). Агульная плошча зледзянення 135 км². Раён альпінізму і турызму.

т. 7, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАБА́ЕЎ (Алефцін Мікалаевіч) (н. 5.5.1940, г. Бабруйск Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне гідратэхнікі і воднай гаспадаркі. Д-р тэхн. н. (1986). Скончыў БПІ (1962). З 1962 у Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў (г. Мінск), з 1997 нам. дырэктара гэтага НДІ. Навук. працы па спосабах і метадах вядзення воднага кадастру, водагасп. разліках, інфарм. сістэмах воднай экалогіі.

Тв.:

Кадастр использования водных ресурсов: (Методы и практика ведения). Мн., 1997 (у сааўт.).

Л.​В.​Лоўчая.

т. 7, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМА́НДА ў ЭВМ,

спецыяльны двайковы код (прадпісанне, указанне, інструкцыя), які запісаны на машыннай мове дадзенай ЭВМ і вызначае яе дзеянні пры пэўнай аперацыі ў выліч. працэсе. Выконваецца цэнтр. працэсарам) вызначаецца наборам (сістэмай) К., прадугледжаным канструкцыяй машыны. К. адрозніваюцца сваёй структурай (фарматам), складаюцца з некалькіх функцыянальна розных частак (адраснай, аперацыйнай, службовай і інш.), захоўваюцца ў памяці машыны ці ўводзяцца звонку; з імі можна аперыраваць як з лікавымі ці тэкставымі базамі даных.

М.​П.​Савік.

т. 7, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́НЕЎ,

горад на Украіне, раённы цэнтр Чаркаскай вобл., на р. Дняпро, за 45 км ад чыг. ст. Таганча. Вядомы з 1149. 29,7 тыс. ж. (1991). Рачны порт. Прадпрыемствы эл.-мех., мед. тэхнікі і спец. тэхнал. абсталявання, дрэваапр., харчасмакавай прам-сці. ГЭС. Музей нар. дэкар. мастацтва, б-ка-музей А.​П.​Гайдара (пахаваны ў К.). Каля К. на Тарасавай гары літ.-мемар. музей-запаведнік Т.​Г.​Шаўчэнкі (магіла паэта). Юр’еўскі (Успенскі) сабор (1144).

т. 7, с. 583

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРА́Т,

плато на У Тайланда. Пл. каля 160 тыс. км². Выш. ў цэнтр. ч. каля 150 м, на ўскраінах — да 500 м і больш, дзе ўтвораны нізкагор’і Дангрэк і Дангн’яфай, стромка абрываюцца ў Менамскую нізіну і да басейна ніжняга цячэння р. Меконг. Складзена з мезазойскіх чырванаколерных пясчанікаў і кангламератаў. Радовішчы солі. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Ападкаў каля 1000 мм за год. Саванны і мусонныя лістападныя лясы, на ўскраінах вільготныя вечназялёныя лясы. Рысаводства на арашальных землях. Жывёлагадоўля.

т. 8, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАТА́ЎСКІ ФАСФАРЫТАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН,

адзін з найбуйнейшых у свеце, у Джамбульскай і Паўд.-Казахстанскай абласцях Казахстана. Выцягнуты паласой даўж. 120 км пры шыр. ад 15 да 30 км уздоўж усх. схілу хр. Каратау. Пл. 2,5 тыс. км². Уключае 45 радовішчаў. Агульныя запасы і прагнозныя рэсурсы фасфарытаў 15 млрд. т руды, колькасць фосфарнага ангідрыду P2O5 21—27%. Фасфарыты прымеркаваны да чулактаускай світы ніжняга кембрыю. Распрацоўка з 1946. Здабыча вядзецца адкрытым і падземным спосабамі. Цэнтр здабычы — г. Жанатас.

т. 8, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУДЗІ́НАЎ (Міхаіл Аляксандравіч) (23.2.1923, в. Грышына Вяземскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 1987),

бел. вучоны-батанік. Д-р біял. н. (1983). Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1957). У 1961—86 у Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі. Навук. працы па бат. рэсурсазнаўстве, інтрадукцыі і акліматызацыі раслін.

Тв.:

Освоение культуры крупноплодной клюквы в Белоруссии. Мн., 1973 (разам з Я К.​Шаркоўскім);

Пряноароматические растения в быту. Мн., 1976 (у сааўт.);

Интродукция борщевиков в Белоруссии. Мн., 1980 (у сааўт.).

т. 8, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУНЬМІ́Н,

горад на ПдЗ Кітая, адм. і галоўны эканам. цэнтр прав. Юньнань.

Узнік у 1 ст. пад назв. Цзяньлін. 1560 тыс. ж., з прыгарадамі 3750 тыс. ж. (1995). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: чорная і каляровая металургія, горнае, аўтамабільнае, электроннае машынабудаванне, хім. (у т. л. азотныя ўгнаенні), тэкст., лёгкая, буд. матэрыялаў, гарбарна-абутковая, харчовая. Старажытная саматужна-рамесніцкая вытв-сць дываноў і лямцавых вырабаў. Філіял АН. Ун-т, політэхн. ін-т. Бат. сад.

т. 9, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЧЫ́НСКІ (Міхаіл Іванавіч) (н. 23.12.1911, в. Прысна Магілёўскага р-на),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў лётную школу (1934). У Чырв. Арміі з 1932. У Вял. Айч. вайну з 1943 на Варонежскім, Бранскім, Цэнтр., Бел., 1-м Бел. франтах. Удзельнік вызвалення Гомеля, Жлобіна, Бабруйска, Слуцка. За гады вайны зрабіў 210 баявых вылетаў, да жн. 1944 збіў 7 самалётаў, знішчыў 2 танкі, 6 гармат, 11 зенітных пунктаў, 52 аўтамашыны, 2 склады з боепрыпасамі ворага.

М.І.Кучынскі.

т. 9, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)