БІЯЛАГІ́ЧНЫЯ РЫ́ТМЫ, біярытмы,

цыклічныя ваганні інтэнсіўнасці і характару біял. працэсаў і з’яў, уласцівыя амаль усім жывым арганізмам (ад аднаклетачных да чалавека), ізаляваным органам і тканкам, асобным клеткам. Біялагічныя рытмы накіраваны на падтрымку гамеастазу і адаптацыі, адлюстроўваюць цячэнне часу ў біялагічных сістэмах. Класіфікацыя біялагічных рытмаў заснавана на паняцці цыкла (паслядоўнасці станаў са зваротам да зыходнага) і часу паміж станамі сістэмы, якія паўтараюцца (даўжыні перыяду); яна ўключае дыяпазон перыядаў ад мілісекунды да некалькіх гадоў. Адрозніваюць 5 класаў біялагічных рытмаў: рытмы высокай частаты, ад доляў секунды да 30 мін (асцыляцыі на малекулярным узроўні, рытмы скарачэння сэрца, дыханне, перыстальтыка кішэчніка); рытмы сярэдняй частаты, ад 30 мін да 28 гадз, у т. л. ультрадыянныя (да 20 гадз) і цыркадыянныя, ці калясутачныя (20—28 гадз), якія звязаны з вярчэннем Зямлі вакол восі; мезарытмы: інфрадыянныя (28 гадз — 6 дзён) і цыркасептальныя (каля 7 дзён); макрарытмы з перыядам ад 20 дзён да аднаго года; мегарытмы з перыядам у гады і дзесяткі гадоў. Біялагічныя рытмы класіфікуюць таксама па ўзроўнях арганізацыі біясістэмы: клетачныя, органавыя, арганізмавыя, папуляцыйныя. Біялагічныя рытмы раслін праяўляюцца ў сутачным руху лісця, пялёсткаў, сезонным адраўненні парасткаў, якія зімуюць. Біялагічныя рытмы жывёл выяўляюцца ў перыядычнасці рухальнай актыўнасці, тэмпературы, сакрэцыі гармонаў, праліферацыі клетак, сінтэзе РНК, утварэнні рыбасом і інш. Вызначаны рытмы адчувальнасці клетак, тканак, органаў і арганізма да дзеяння фактараў хім. і фіз. прыроды. З парушэннем часавай арганізацыі фізіял. функцый звязаны шматлікія паталагічныя працэсы. Біялагічныя рытмы вывучае біярытмалогія.

Літ.:

Биологические ритмы: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1984;

Хронобиология и хрономедицина. М., 1989.

А.​С.​Леанцюк.

Да арт. Біялагічныя рытмы. Сярэдняя працягласць некаторых рытмічных працэсаў арганізма чалавека.

т. 3, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАНА́ (Paraná, на мове індзейцаў гуарані — вялікая рака),

рака ў Бразіліі, Парагваі і Аргенціне (часткова служыць мяжой паміж імі), другая па велічыні ў Паўд. Амерыцы (пасля р. Амазонка). Даўж. ўласна П. (без эстуарыя) 4380 км, пл. басейна 2663 тыс. км²р. Уругвай 2970 тыс. км²). Утвараецца ад сутокаў рэк Рыу-Гранды і Паранаіба, якія пачынаюцца на Бразільскім пласкагор’і, упадае ў Атлантычны ак. У верхнім цячэнні горная, перасякае лававае плато Парана, утварае парогі і вадаспады (Урубупунга выш. да 12 м, Сеты-Кедас выш. да 33 м). Каля г. Пасадас выходзіць на Лаплацкую нізіну, на Пд ад г. Д’ямантэ знаходзіцца вял. ўнутр. дэльта (даўж. каля 130 км), дзе вылучаюцца рукавы і пратокі. Далей П. зліваецца з р. Уругвай у агульнае вусце і ўтварае адзін з найб. у свеце эстуарыяў — заліў Ла-Плата. Гал. прытокі Тыетэ, Паранапанема, Ігуасу, Уругвай (злева), Парагвай, Рыо-Салада, Каракаранья (справа). Жыўленне дажджавое. Разводдзе ад студз. да мая (летнія дажджы ў верхняй ч.), другое павышэнне ўзроўню ў чэрв.жн. (зімовыя дажджы ў ніжняй ч.). Расход вады 17,5 тыс. м³/с (разам з р. Уругвай 23 тыс. м³/с). Цвёрды сцёк каля 150 млн. т/год, яе мутныя воды прыкметныя ў акіяне на працягу 100—150 км ад берага. Суднаходная да г. Пасадас, пры высокай вадзе — да вусця р. Ігуасу, для акіянскіх суднаў да г. Расарыо (640 км ад вусця). Буйныя ГЭС і вадасховішчы — Ітайпу (найб. ў свеце, 12,6 млн. кВт), Ілья-Салтэйра, Жупія. Гал. гарады: Пасадас, Карыентэс, Санта-Фе, Парана, Расарыо (Аргенціна), на ўзбярэжжы Ла-Платы — Буэнас-Айрэс, Ла-Плата (Аргенціна) і Мантэвідэо (Уругвай).

т. 12, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРЫЯЦЫ́ЙНАЯ СТАТЫ́СТЫКА,

раздзел матэматычнай статыстыкі, вывучае ўласцівасці сукупнасцей аб’ектаў, у якіх паказчык прыкметы, што даследуецца, мяняецца (вар’іруе) ад аб’екта да аб’екта.

т. 4, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГІЯ... (ад грэч. angeion сасуд),

першая састаўная частка складаных слоў, якая па значэнні адпавядае словам «сасуд», «сасудзістая сістэма», напр. ангіялогія, ангіяспазма.

т. 1, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАПАЦЭНАЛО́ГІЯ (ад антрапа... + цэна... + ...логія),

раздзел экалогіі чалавека, які вывучае ўзаемаадносіны згуртавання людзей з навакольным асяроддзем (як правіла, у вузкарэгіянальных межах).

т. 1, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛА... (ад грэч. allos іншы),

першая састаўная частка складаных слоў, якая па значэнні адпавядае словам «іншы», «розны», «зменены», напр., алагенез, аламетрыя.

т. 1, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМО́НІМЫ (ад гама + грэч. onyma імя),

словы, што супадаюць у гучанні і напісанні, але маюць рознае значэнне. Гл. ў арт. Аманімія.

т. 1, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКІНАСПЕРМІ́Я (ад а... + грэч. kineō прыводзіць у рух + sperma семя),

поўная нерухомасць жывых сперматазоідаў у сперме і няздольнасць іх да апладнення.

т. 1, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСАЛЮ́ТНАЯ ГЕАМЕ́ТРЫЯ,

сукупнасць геам. палажэнняў, якія не залежаць ад пастулата аб паралельных прамых. Агульная частка для эуклідавай геаметрыі і Лабачэўскага геаметрыі.

т. 1, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

...ГРАМА (ад грэч. gramma рыса, літара, напісанне), другая састаўная частка складаных слоў, якая азначае: запіс, графічны відарыс, напр., галаграма, біяграма, гістаграма.

т. 5, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)