АТА́МІ,

бальнеакліматычны курорт у Японіі. На ПдЗ ад Токіо, на ўзбярэжжы Ціхага ак., на дне аднайм. вулканічнага кратэра. Развіваецца з 1930-х г. Крыніцы тэрмальных мінер. водаў (каля 90 °C) вядомы з 6 ст. Лечаць хваробы скуры, органаў руху і апоры, перыферычнай нерв. сістэмы. Цэнтр турызму. Музей яп. жывапісу і скульптуры, славутыя сады з мноствам трапічных раслін і рыбай, паблізу запаведнік камелій. Штогоднія маст. фестывалі ў «Абрыкосавым садзе».

т. 2, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАГАВЕ́ШЧАНСК,

горад у Расійскай Федэрацыі, цэнтр Амурскай вобл. Засн. ў 1856. 215,7 тыс. чал. (1994). Порт на р. Амур пры ўпадзенні р. Зея. Чыг. станцыя. Аэрапорт. Машынабудаванне (суднабудаванне і суднарамонт; абсталяванне для гарнаруднай і золатаздабыўной прам-сці; элеватарнае і млынавае абсталяванне, электрапрылады і інш.), дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая (запалкі, мэбля і інш.), лёгкая (швейная, бавоўнапрадзільная), харч. прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў. 4 ВНУ. Драм. т-р. Краязнаўчы музей.

т. 3, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛУ́ЖА,

вёска ў Беларусі, у Пухавіцкім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 15 км на ПдУ ад г. Мар’іна Горка, 78 км ад Мінска, 8 км ад чыг. ст. Талька, раз’езд на чыг. лініі Асіповічы—Мінск. 588 ж., 189 двароў (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Музей і магіла Героя Сав. Саюза М.​П.​Чэпіка. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў.

т. 3, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЭ́КПУЛ (Blackpool),

горад на З Вялікабрытаніі, на беразе Ірландскага м. 143 тыс. ж. (1989). Аэрапорт. Авіяц., аўтамаб., тэкст., харч. прам-сць. З 18 ст. вядомы як курорт. Вызначаецца мяккім кліматам, пясочны пляж даўж. больш за 10 км. Цэнтр адпачынку, марскіх купанняў і турызму (больш за 5 тыс. атэляў і пансіянатаў). Традыцыйнае месца правядзення канферэнцый брыт. партыі і прафсаюзаў. У 1895 у Блэкпуле пабудавана паменшаная (выш. 158 м) копія Эйфелевай вежы.

т. 3, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЬПАРАІ́СА (Valparaíso),

горад у цэнтр. ч. Чылі. Адм. ц. вобл. Аканкагуа. Засн. ў 1536. 301,7 тыс. ж. (1993). Гал. порт краіны на Ціхім ак. Пачатковая станцыя Трансандыйскай чыг. (Вальпараіса — Буэнас-Айрэс), вузел шашэйных дарог. Машынабудаванне, металаапр., дрэваапр., цэлюлозна-папяровая, хім., лёгкая, харчасмакавая (у т. л. рыбаперапрацоўчая, малочная, маслаапрацоўчая, тытунёвая) прам-сць. 2 ун-ты. Музей натуральнай гісторыі. Часта цярпеў ад землетрасенняў (1730, 1817, 1906, 1928, 1960). Гал. ваен.-марская база Чылі.

т. 3, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ТЭНБАХ ((Wattenbach) Вільгельм) (22.9.1819, Ранцаў, зямля Шлезвіг-Гольштэйн, Германія — 20.9.1897),

нямецкі гісторык. Чл. Прускай АН (з 1881). Праф. Гейдэльбергскага (з 1862) і Берлінскага (з 1872) ун-таў. З 1843 удзельнічаў у падрыхтоўцы «Помнікаў германскай гісторыі» (Monumenta Germaniae Historica) — шматсерыйнага выдання крыніц па гісторыі Германіі 500—1500 (з 1875 у складзе цэнтр. дырэкцыі, у 1886—88 кіраўнік выдання). Гал. праца — «Крыніцы па гісторыі Германіі ў сярэднія вякі да сярэдзіны 13 ст.» (1858).

т. 4, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРШАВА́НАЯ МО́ВА, верш,

асаблівы тып эмацыянальна афарбаванай, згушчанай мовы, у якой гранічна адчувальны кожны кампанент, а найбольш значныя гукі і сугуччы, словы, паўзы, вобразы не толькі акцэнтуюцца, але і ставяцца ў цэнтр увагі. У адрозненне ад прозы вершаваная мова характарызуецца пастаянствам аднароднай інтанацыйнай сістэмы, сіметрыяй і перыядычнасцю члянення сінтаксічных адрэзкаў, пэўным чынам арганізаванай рытмамелодыкай. Адсюль наяўнасць рыфмаў, строф, устаноўка на муз. гучанне. Вылучаюцца белы верш, вольны верш, свабодны верш, дольнік.

т. 4, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАГА АКРУГО́ВАГА СУДА́ БУДЫ́НАК,

помнік архітэктуры позняга класіцызму. Пабудаваны ў Віцебску ў 1883 (арх. І.​Камінскі). Разам з Мікалаеўскай царквой завяршыў кампазіцыю Саборнай пл. (сучасная пл. Свабоды). 2-павярховы П-падобны ў плане асіметрычны будынак вызначаецца манументальнасцю і маштабнасцю формаў.

Цэнтр фасада вылучаны 3-павярховым рызалітам, завершаным атыкавай сценкай з трохвугольным франтонам. Інтэр’еры памяшканняў багата аздоблены (ляпныя плафоны, разеткі, карнізы, пілястры і інш.).

В.​М.​Чарнатаў.

Віцебскага акруговага суда будынак.

т. 4, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДАМА́НСКІЯ І НІКАБА́РСКІЯ АСТРАВЫ́ (англ. Andaman and Nicobar Islands),

саюзная тэрыторыя Індыі, на аднайменных а-вах паміж Бенгальскім зал. і Андаманскім м. Працягласць з Пн на Пд 750 км. Пл. 8,3 тыс. км². Нас. 278 тыс. чал. (1991). Адм. цэнтрг. Порт-Блэр. Лесараспрацоўкі. Вырошчванне какосавай і каўчукавай пальмаў, рысу, садавіны. Рыбалоўства (лоў крэветак, трэпангаў), збіранне ракавін. Экспарт драўніны. Аб прыродзе гл. ў арт. Андаманскія астравы, Нікабарскія астравы.

т. 1, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЭ́ЕЎШЧЫНА,

вёска ў Беларусі, у Аршанскім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 4 км на Пн ад г. Орша, 84 км ад Віцебска, 10 км ад чыг. ст. Орша, на шашы Орша—Віцебск. 3182 ж., 943 двары (1994). Камбінат буд. матэрыялаў, з-д жалезабетонных вырабаў, райсельгасэнерга, аграрна-прамысл. аб’яднанне «Белая Русь». Сярэдняя школа, базавая спец. школа-інтэрнат, клуб, 3 б-кі, амбулаторыя, аддз. сувязі, камбінат быт. абслугоўвання.

т. 1, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)