САЛАНО́Е,

вёска ў Жлобінскім р-не Гомельскай вобл., на р. Добасна, каля аўтадарогі Жлобін—Светлагорск; чыг. ст. на лініі Жлобін—Светлагорск. Цэнтр сельсавета і Жлобінскай птушкафабрыкі. За 8 км на Пд ад г. Жлобін, 101 км ад Гомеля. 1464 ж., 487 двароў (2001). Пач. школа-сад, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі курганны могільнік (11 ст.).

т. 14, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМАГОНАВАРЭ́ННЕ,

хатні выраб самагону, брагі і інш. моцных спіртных напіткаў. Паводле кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адм. парушэннях С., захоўванне і набыццё гэтых напіткаў, а таксама выраб і захоўванне прылад для С. — правапарушэнні. якія падлягаюць адм. адказнасці. Хатні выраб спіртных напіткаў пры дапамозе натуральнага браджэння (віны, наліўкі, настойкі) не з’яўляецца правапарушэннем. За С. накладаецца штраф у памеры да 5 мінім. заработных плат. Крымінальны кодэкс у рэдакцыі 1960 разглядаў С. як крымін. злачынства.

т. 14, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНАТО́РЫЙ-ПРАФІЛАКТО́РЫЙ,

лячэбна-прафілактычная ўстанова санаторнага тыпу. Размешчаны звычайна ў горадзе ці прыгарадзе. Падпарадкаваны прамысл. прадпрыемствам і іх прафс. органам. У С.-п. атрымліваюць лячэнне без адрыву ад вытв-сці асобы, якія хварэюць або працуюць ва ўмовах прафесійнай шкоднасці, працуючыя інваліды; арганізуюцца таксама С.-п. сямейныя (з дзецьмі), профільныя (з аднароднымі захворваннямі); рэабілітацыя пасля стацыянарнага лячэння (напр., пасля аперацыі). На Беларусі 109 С.-п. (2000).

Э.​А.​Вальчук.

т. 14, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САПРАТРО́ФЫ [ад грэч. sapros гнілы + ...троф(ы)],

арганізмы, якія ўжываюць арган. злучэнні мёртвых цел або выдзяленні (экскрэменты) жывёл. Паводле тыпу харчавання адносяцца да гетэратрофаў. Удзельнічаюць у мінералізацыі арган. злучэнняў, з’яўляюцца важным звяном у біял. кругавароце рэчыва і энергіі. Да С. адносяцца бактэрыі, актынаміцэты, грыбы, расліны-паразіты, некат. водарасці, з жывёл — сапрафагі (напр., жукі-гнаевікі, вароны, гіены). Водныя С. ўдзельнічаюць ў біял. ачыстцы вады, глебавыя — у глебаўтварэнні, спрыяюць павышэнню ўрадлівасці глебы.

т. 14, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРАЧЫ́,

вёска ў Любанскім р-не Мінскай вобл., каля р. Арэса, на аўтадарозе Любань—Камаровічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 2 км на ПдУ ад г. Любань, 154 км ад Мінска, 27 км ад чыг. ст. Урэчча. 1432 ж., 486 двароў (2001). Участак электрасетак, праўленне раённага спажывецкага т-ва, лесапільня, млын. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, басейн, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 14, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САТЫ́РЫ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі лясныя божышчы, дэманы ўрадлівасці, якія складаюць світу бога Дыяніса. Іх уяўлялі як пакрытых поўсцю доўгавалосых, барадатых напаўлюдзей-напаўзвяроў: галовы і тулавы чалавечыя, але конскія або казліныя ногі з капытамі і конскія хвасты; на галовах рожкі або конскія вушы. Сімвалам іх невычарпальнай урадлівасці лічыўся фалас. Яны, заўсёды напаўп’яныя, нахабныя і юрлівыя, ганяюцца за німфамі або разам з імі бадзяюцца па лясах і наладжваюць вясёлыя карагоды.

т. 14, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВА́ТКІ,

вёска ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., на р. Вузлянка, каля аўтадарогі Мядзел—Крывічы. Цэнтр сельсавета і с.-г. прадпрыемства імя М.​Танка. За 20 км на ПдУ ад г. Мядзел, 110 км ад Мінска, 10 км ад чыг. ст. Княгінін. 564 ж., 188 двароў (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 14, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕ́ВЫ, свебы (лац. Suevi, Suebi),

зборная назва шэрагу стараж.-герм. плямён (семноны, гермундуры, квады і інш.), якія займалі ў 1 ст. да н.э. — 2 ст. н.э. басейны рэк Эльба, Майн, Некар, верхні Рэйн. Упершыню апісаны Ю.​Цэзарам, які ў 58 да н.э. нанёс паражэнне С. пад кіраўніцтвам герм. правадыра Арыявіста. У 409 н.э. С. з Верхняга Дуная перасяліліся на Пірэнейскі п-аў, дзе стварылі сваё каралеўства (у 585 заваявана вестготамі).

т. 14, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕНСК,

вёска ў Слаўгарадскім р-не Магілёўскай вобл., каля р. Касалянка, на аўтадарозе Слаўгарад—Рагачоў. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на ПдЗ ад г. Слаўгарад, 86 км ад Магілёва, 80 км ад чыг. ст. Крычаў. 598 ж., 210 двароў (2001). Сярэдняя школа, фізкультурна-аздараўленчы комплекс, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — парк (пач. 20 ст.).

т. 14, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛЕНАРГАНІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

рэчывы, якія маюць у малекуле сувязь вуглярод — селен. Асн. тыпы: селеніды, дыселеніды, селенолы, селенаксіды, селеноны, селенінавыя і селенонавыя к-ты, селеноніевыя солі, алкіл(арыл)селенгалагеніды, селеністыя гетэрацыклы. Па хім. уласцівасцях аналагічныя сераарганічным злучэнням, але больш рэакцыйназдольныя (напр., селенонавыя к-ты — моцныя акісляльнікі). Маюць высокую біял. актыўнасць, паскараюць метабалічныя працэсы ў арганізме (напр., 6-селенапурын выкарыстоўваецца пры дыягностыцы пухлінных захворванняў, селенацыстын аказвае антывіруснае ўздзеянне). На аснове С.з. атрымліваюць палімерныя матэрыялы.

т. 14, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)