КЛІНО́ЦКІ БОЙ 1942,
бой партызан 208-га партыз. атрада (камандзір У.І.Нічыпаровіч) з ням.-фаш. захопнікамі, якія праводзілі карную экспедыцыю ў Кліноцкім лесе Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. У пач. сак. 2 пях. палкі гітлераўцаў, падтрыманыя авіяцыяй і артылерыяй, акружылі партыз. лагер у лесе за 6 км на Пн ад в. Клінок і пачалі наступленне, але партызаны, дзякуючы здабытым у час бою дакументам і картам праціўніка, у ноч на 6 сак. перадыслацыраваліся за 5 км на Пн, вывезлі туды параненых, боепрыпасы, гаручае, занялі там абарону. Раніцай 7 сак. яны контратакавалі гітлераўцаў на месцы былога лагера, рассеялі засадную групу праціўніка, знішчылі мінамётную батарэю, кулямёты, перасеклі шашу Чэрвень—Пухавічы і выйшлі з акружэння. Не дасягнуўшы поспеху, фашысты спалілі пас. Кукіга і в. Лужыца (не аднавілася) Пухавіцкага р-на.
т. 8, с. 344
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНЕ́БЕЛЬ (Марыя Восіпаўна) (18.5.1898, Масква — 1985),
расійская актрыса, рэжысёр, педагог. Нар. арт. Расіі (1958). Скончыла школу пры 2-й студыі МХАТ. З 1924 у трупе гэтага т-ра, з 1935 рэжысёр у Маск. т-ры імя Ярмолавай, з 1950 у Цэнтр. дзіцячым т-ры (у 1955—60 гал. рэжысёр). З 1948 выкладала ў Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва (з 1960 праф.). Сярод роляў: Шарлота («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Карпухіна («Дзядзечкаў сон» паводле Ф.Дастаеўскага). Пастаноўкі: «Далёкая дарога» А.Арбузава (1936), «Дзеці сонца» М.Горкага (1937) і «Як вам гэта спадабаецца» У.Шэкспіра (1940, абедзве разам з М.П.Хмялёвым), «У добры час» В.Розава (1954), «Іванаў» А.Чэхава (1955), «Таленты і паклоннікі» А.Астроўскага (1969), «Дзядзечкаў сон» паводле Дастаеўскага (1972). Дзярж. прэмія СССР 1978.
т. 8, с. 358
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫНСКІ СПА́СКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у 1497—1839 у Кобрыне. Засн. кн. Кобрынскімі як праваслаўны манастыр пры Спаскай царкве. У 1501 княгіня Фядора, удава І.С.Кобрынскага, адпісала манастыру с. Корчыцы з людзьмі і ўсімі данінамі, 2 корчмы ў Кобрыне, дзесятую мерку жыта з млына на р. Кобрынка і дзесятую капу жыта і яравога збожжа з Кобрына. Інвентар К.С.м. 1549 надрукаваны ў 6-м томе «Актаў Віленскай камісіі». Пасля Брэсцкай уніі 1596 манастыр стаў уніяцкім, належаў ордэну базыльян, меў свайго архімандрыта, некаторы час падпарадкоўваўся непасрэдна літ. правінцыялу (у 1713 архімандрыя адноўлена). Тут праходзіў Кобрынскі царк. сабор 1626. Указам Рас. імператара 1828 у К.С.м. адкрыта духоўнае вучылішча. Пасля Полацкага царк. сабора 1839 манастыр закрыты. Захаваўся мураваны жылы корпус 2-й пал. 18 ст. — помнік архітэктуры барока.
А.Ярашэвіч.
т. 8, с. 371
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КО́ЗА НО́СТРА»
(італьян. «Cosa nostra» літар. наша справа),
назва тайнай злачыннай арг-цыі ў ЗША. Узнікла сярод эмігрантаў-сіцылійцаў у пач. 20 ст. як разнавіднасць даўнейшай сіцылійскай мафіі. У час дзеяння «сухога закону» (1920—33) яна зарабіла на кантрабандзе, нелегальнай вытв-сці і распаўсюджанні алкаголю мільярды долараў, з канца 1940-х г. перайшла на вытв-сць і распаўсюджанне наркотыкаў. Здабытыя на злачынных аперацыях сродкі ўкладвае ў легальны бізнес, што дало ёй магчымасць кантраляваць асобныя галіны прам-сці, частку сродкаў масавай інфармацыі, прафсаюзаў, кантактаваць на ўзаемавыгаднай аснове з уплывовымі дзелавымі і паліт. коламі. Складаецца з 24 т.зв. сем’яў (ад 20 да 1000 членаў), што жывуць ў розных гарадах. Ёю кіруе шэф (бос), які мае юрыд. дарадчыка. Дзейнасць гэтых сем’яў і інш. груп, што не з’яўляюцца мафіёзнымі арг-цыямі, каардынуе Нац. злачынны сіндыкат.
т. 8, с. 376
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСНАСТО́ЦКІ МАНАСТЫ́Р НАРАДЖЭ́ННЯ БАГАРО́ДЗІЦЫ,
праваслаўны жаночы манастыр ва ўрочышчы Красны Сток (Ружаны Сток) Сакольскага пав. Гродзенскай губ. (цяпер у Польшчы). Утвораны ў 1901 паводле ўказа Сінода па просьбе гродзенскага епіскапа Іаакіма з мэтай правасл. місіянерства сярод каталіцкага насельніцтва. Сюды, у будынкі скасаванага ў 1875 дамініканскага кляштара, быў пераведзены з Гродна жаночы манастыр Нараджэння Багародзіцы. На яго рамонт і добраўпарадкаванне Сінод выдзеліў 25 тыс. руб. У манастыры было 50 манашак, працавалі амбулаторыя і аптэка, царкоўнапрыходская жан. школа. Найб. шанаванымі лічыліся 3 абразы Маці Божай: Краснастоцкай (вядомы з сярэдзіны 17 ст., застаўся ад дамініканцаў), копія з яго і Уладзімірскай (прывезены з Гродна). У Драгічыне-Надбужскім дзейнічала абшчына манастыра з 5 цэрквамі, прытулкам і бальніцай. Манастыр спыніў існаванне ў час 1-й сусв. вайны.
А.А.Ярашэвіч.
т. 8, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЖА́НІЧ ((Križanić) Юрый) (каля 1618, Обрх, Славенія — 12.9.1683),
харвацкі рэліг. дзеяч, публіцыст, адзін з папярэднікаў панславізму. Д-р багаслоўя (1642). Каталіцкі свяшчэннік-місіянер. Прапагандаваў ідэю «славянскага адзінства». У 1647 наведаў Маскоўскую дзяржаву. У час другога прыезду ў Маскву (1659) выступаў за унію праваслаўнай і каталіцкай цэркваў, рэліг. аб’яднанне ўсіх слав. народаў пад вяршэнствам рым. папы, палітычнае — рас. цара, намагаўся стварыць штучную агульнаслав. мову; сасланы рас. ўладамі ў г. Табольск (1661—76). У 1678 прыехаў у Вільню і ўступіў у ордэн дамініканцаў. У складзе войска Рэчы Паспалітай дапамагаў вызваляць ад тур. аблогі Вену, каля якой і загінуў. Аўтар тэалагічных, філас., мовазнаўчых і інш. трактатаў, у г.л. «Палітыка» (1663—66), «Тлумачэнне гістарычных прароцтваў» (1674).
Тв.:
Рус. пер. — Политика. М., 1965.
Літ.:
Пушкарев Л.Н. Юрий Крижанич: Очерк жизни и творчества. М., 1984.
т. 8, с. 503
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫШТАЛІЗА́ЦЫЯ,
працэс утварэння крышталёў пры пераходзе рэчыва з тэрмадынамічна менш устойлівага стану ў больш устойлівы; адзін з фазавых пераходаў I роду.
Тыповы прыклад К. — утварэнне крышталёў з пераахалоджаных пары, расплаву ці раствору. Адбываецца таксама пры паліморфных ператварэннях: у час пераходаў з вадкага ў вадкакрышт. стан (гл. Вадкія крышталі), з вадкакрышт. у крышталічны стан, з аморфнага стану ў крышталічны, з аднаго крышт. ў інш. крышталічны стан. Ажыццяўляецца шляхам утварэння цэнтраў К. і іх росту, што магчыма пры некат. тэрмадынамічным перанасычэнні ў выніку ахаладжэння сістэмы. Пры пастаяннай т-ры для К. неабходна змена ціску, напружанасці эл., магн. палёў ці інш. знешніх параметраў. Спрыяюць К. вібрацыя, ультрагук, дзеянне святла і радыяцыі і інш. фактары. Выкарыстоўваюць для вырошчвання монакрышталёў (напр., сінт. алмазу, рубіну, кварцу), пры атрыманні металаў, керамікі, цукру, солей і інш.
М.М.Сірата.
т. 8, с. 528
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЯШО́ВА (Валянціна Аркадзеўна) (н. 27.1.1936, Мінск),
бел. літ.-знавец, перакладчыца. Дачка А.А.Куляшова. Скончыла Маскоўскі ун-т (1958). З 1960 жыла ў Балгарыі. У 1967—71 выкладала ў БДУ, працавала на Бел. тэлебачанні, у час. «Вожык». Літ. дзейнасць пачала ў 1961 як перакладчыца з балг. мовы. У бел. друку выступае з 1984. Піша на бел. і рус. мовах. Аўтар кн. пра бацьку «Лясному рэху праўду раскажу...» (1989). Складальнік зб. Куляшова «Маналог», яго «Выбраных твораў» (т. 1—2, абодва 1989), фотаальбома «Аркадзь Куляшоў» (1985), на балг. мове зб. «Беларускія апавяданні» (1968). Перакладае з балг. і польск. на бел. мову, з бел. на балг. і рус. мовы. Пераклала на рус. мову раман П.Вежынава «Вагі» (1983).
Тв.:
З радаводу Аркадзя Куляшова // Роднае слова. 1996. № 1—2, 4—5, 7.
т. 9, с. 17
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРА́КІН (Барыс Іванавіч) (30.7.1676, Масква — 28.10.1727),
расійскі ваен. дзеяч, дыпламат, гісторык, адзін з паплечнікаў цара Пятра I. Ген.-маёр (1712). З роду кн. Куракіных, нашчадкаў Гедзіміна. Удзельнік Азоўскіх паходаў 1695—96 і Палтаўскай бітвы 1709, потым на дыпламат. службе. Садзейнічаў дыпламат. забеспячэнню пазіцый Расіі ў час Паўночнай вайны 1700—21, у т. л. па даручэнні Пятра I заключыў у 1710 дагавор «аб узаемнай дружбе і саюзе» з курфюрстам Гановера Георгам. З 1711 пасол у Нідэрландах, у 1724—27 — у Францыі. Пакінуў багатую рукапісную спадчыну (надрук. ў «Архіве князя Ф.А.Куракіна», т. 1—10, 1890—1902) — дыпламат. матэрыялы, аўтабіяграфію «Жыццё князя Барыса Карыбута-Куракіна з роду, які паходзіць з Польшчы і Літвы», «Гісторыю пра цара Пятра Аляксеевіча» і інш.
Літ.:
Молчанов Н.Н. Дипломатия Петра Великого. 3 изд. М., 1990.
т. 9, с. 41
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЦЦЯ́,
1) у беларусаў і інш. слав. народаў абрадавая страва; каша з ячных круп, радзей з пшанічных зярнят. Гатуюць для жалобнага стала па нябожчыку (памінкі), а таксама на Дзяды, Радаўніцу і інш. памінальныя дні. Спажывалі астуджанай з сытой або алеем.
2) Традыц. абрадавая страва на Каляды ў славян і інш. народаў; каша з тоўчаных ячных круп (у некат. народаў з зярнят пшаніцы); вячэра напярэдадні Каляд (посная К.), Новага года (стары стыль, багатая або скаромная К.) і перад Вадохрышчам (посная К.). На ўсе тры К. кашу варылі ў адным і тым жа гаршку і з аднолькавай колькасці круп. Звараную К. перад заходам сонца ставілі на покуці. К., якую варылі з цэлых зярнят, была сімвалам вечнасці жыцця. Вял. значэнне надавалася прыкметам, варажбе. Трапляецца і ў наш час.
т. 9, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)