АБЛІГА́ЦЫЯ (ад лац. obligatio абавязацельства),

каштоўная папера ў выглядзе даўгавога абавязацельства, якое дае ўладальніку права на атрыманне штогадовага даходу ў выглядзе працэнта ці выйгрышу ў спец. тыражы. Выпускаюцца дзяржавай, банкамі, прадпрыемствамі, карпарацыямі, з’яўляюцца каштоўнымі паперамі на прад’яўніка, свабодна абарачаюцца на фін. рынку і маюць свой курс. Пасля заканчэння прадугледжанага тэрміну аблігацыі выкупляюцца эмітэнтам. Сродкі ад іх выпуску дзяржава выкарыстоўвае на пакрыццё дзярж. расходаў, рэгуляванне грашовага абарачэння. Для прадпрыемстваў, фінансава-крэдытных устаноў аблігацыя — адзін са спосабаў мабілізацыі дадатковых фін. рэсурсаў. У адрозненне ад уладальнікаў акцый, уладальнікі аблігацый з’яўляюцца толькі крэдыторамі, а не саўладальнікамі (акцыянерамі) кампаніі, банка і г.д.

Г.​І.​Краўцова.

т. 1, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРА́СІМАЎ (Пётр Андрэевіч) (н. 16.5.1912, Віцебск),

сав. парт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Скончыў Віцебскі палітэхнікум (1933), БДУ (1951). З 1929 на прафс. і адм.-гасп. рабоце. З 1942 у ЦК КП(б)Б і СНК БССР. З 1946 пастаянны прадстаўнік СМ БССР пры СМ СССР. З 1948 нам. старшыні СМ БССР, з 1950 сакратар ЦК КП(б)Б, з 1952 1-ы нам. старшыні СМ БССР. З 1956 пасол СССР у ПНР, Францыі і Малагасійскай рэспубліцы, ГДР, Японіі. У 1961—62 на парт. рабоце ў КПСС. Дэпутат ВС СССР у 1950—58, 1962—66, 1974—79, ВС БССР у 1951 — 59.

т. 1, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАМІРЗЯ́Н (Рубен Сяргеевіч) (20.12.1911, Тбілісі — 26.10.1991),

рэжысёр. Нар. арт. Расіі (1974), нар. арт. СССР (1983). Засл. дз. маст. Расіі (1969) і Грузіі (1972). Праф. (1975). Скончыў Ленінградскі тэатр. ін-т імя А.​М.​Астроўскага (1953). З 1966 гал. рэжысёр Ленінградскага драм. т-ра імя В.​Ф.​Камісаржэўскай. Сярод пастановак драм. трылогія «Смерць Іаана Грознага», «Цар Фёдар Іванавіч», «Цар Барыс» А.​К.​Талстога (Дзярж. прэмія СССР 1984). У Бел. т-ры імя Я.​Купалы паставіў спектаклі «Я, бабуля, Іліко і Іларыён» Н.​Думбадзе і Г.​Лордкіпанідзе (1965) і «...Забыць Герастрата!» Р.​Горына (1974), якія вылучаліся цікавай рэжысёрскай задумай, яркай формай і выдатнымі акцёрскімі работамі.

т. 1, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́БАЛА ((Ābola) Мірдза Эдуардаўна) (н. 23.2.1923, воласць Світэнэ, Латвія),

латышскі літаратуразнавец. Д-р філал. н. (1956). Скончыла Латвійскі ун-т (1949). Даследчыца творчасці Я.​Судрабкална, бел.-лат. гіст. і літ. сувязей (кн. «Дружба, умацаваная ў вяках», з Д.​Вікснай, 1977). Прымала ўдзел у складанні навук. збору твораў Я.​Райніса (т. 1—3, 5—7, 17; варыянтаў 1—3; Дзярж. прэмія Латвіі 1986). Аўтар прац «Райніс і беларусы» (1975), «Ян Судрабкалн і беларусы» (1977). Складальнік лат.-бел. і бел.-лат. слоўніка. На лат. мову пераклала зб. прозы У.​Караткевіча «Чазенія» (1976), шэраг апавяданняў Я.​Коласа і інш. Прэзідэнт Латышскай асацыяцыі беларусістаў (з 1991).

т. 1, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДРАЎ (Георгій Фёдаравіч) (7.4.1908, С.-Пецярбург — 21.7.1961),

філосаф і грамадскі дзеяч. Акад. АН СССР (1946). Скончыў Маскоўскі ін-т гісторыі і філасофіі (1932). Нач. Упраўлення прапаганды і агітацыі ЦК ВКП(б) (1940—47), дырэктар Ін-та філасофіі АН СССР (1947—54), міністр культуры СССР (1954—55). З 1955 у Ін-це філасофіі АН БССР. Аўтар прац: «Арыстоцель» (1940), «Гісторыя сацыялогіі як навука» (1956), «Нарыс гісторыі сацыяльных ідэй у старажытнай Індыі» (1959) і інш. За ўдзел у стварэнні «Гісторыі філасофіі» (т. 1—3, 1940—43) і за кн. «Гісторыя заходнееўрапейскай філасофіі» (2-е выд. 1946) Дзярж. прэміі СССР 1943 і 1946.

т. 1, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМФІТЭА́ТР (грэч. amphitheatron),

1) у Стараж. Рыме манументальнае збудаванне для публічных відовішчаў: баёў гладыятараў, цкавання дзікіх звяроў, масавых тэатралізаваных паказаў. Меў эліпсападобную ў плане форму, з арэнай пасярэдзіне, вакол якой ступенькамі ўзвышаліся месцы для гледачоў. Яго канструкцыйную аснову складала сістэма арак і слупоў, паміж якімі знаходзіліся галерэі і лесвіцы, напр., Рымскі Калізей.

2) Сучасныя амфітэатры выкарыстоўваюцца ў кінатэатрах, тэатр., цыркавых, спарт. будынках, маюць эліпсападобны, паўцыркульны сегментавы план. На аснове амфітэатра пабудаваны глядзельныя залы Дзярж. тэатра оперы і балета Беларусі, кінатэатра «Кастрычнік» у Мінску, месцы для гледачоў у цырках Гомеля, Мінска, на мінскім стадыёне «Дынама» і інш.

Да арт. Амфітэатр. Старажытнарымскі тэатр у Турцыі.

т. 1, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЫЯ́НАЎ (Кузьма Андрыянавіч) (28.12.1904, в. Кандакова Цвярской вобл., Расія — 13.3.1978),

савецкі хімік-арганік. Акад. АН СССР (1964; чл.-кар. 1953). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Маскоўскі ун-т (1930). З 1930 ва Усесаюзным электратэхн. ін-це, з 1954 у Ін-це элементаарган. злучэнняў АН СССР, адначасова з 1959 у Ін-це тонкай хім. тэхналогіі. Асн. навук. даследаванні па сінтэзе і распрацоўцы прамысл. тэхналогій новых высокамалекулярных злучэнняў, асабліва тэрмаўстойлівых крэмнійарган. палімераў, і матэрыялаў на іх аснове для электратэхн., лакафарбавай і буд. вытв-сці. Ленінская прэмія 1963. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1946, 1950, 1953.

Тв.:

Теплостойкие кремнийорганические диэлектрики. М.; Л., 1957;

Методы элементоорганической химии: Кремний. М., 1968.

т. 1, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЭ́ЕЎ (Уладзімір Аляксеевіч) (н. 27.8.1930, Масква),

рускі акцёр і рэжысёр. Нар. арт. СССР (1985). Скончыў Ін-т тэатр. мастацтва імя А.​Луначарскага (1952). Акцёр, з 1970 гал. рэжысёр Маскоўскага т-ра імя М.​Ярмолавай. З 1985 гал. рэжысёр Малога т-ра Расіі. Выкладае ў Рас. акадэміі тэатр. мастацтва, праф. з 1978. Сярод роляў: Аляксей («У добры час» В.​Розава), Васількоў («Шалёныя грошы» А.​Астроўскага), Галубкоў («Бег» М.​Булгакава) і інш. Паставіў спектаклі: «Мінулым летам у Чулімску» і «Паляванне на качак» А.​Вампілава, «Грошы для Марыі» паводле В.​Распуціна, «Бераг» паводле Ю.​Бондарава і інш. Дзярж. прэмія Расіі імя К.​Станіслаўскага 1980.

т. 1, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НІЧКАЎ (Мікалай Мікалаевіч) (3.11.1885, С.-Пецярбург — 7.12.1964),

савецкі патамарфолаг. Акад. АН СССР (1939), АМН СССР (1944). Скончыў Ваенна-мед. акадэмію ў Пецярбургу (1909). У 1920—46 праф. гэтай акадэміі, адначасова з 1920 у Ін-це эксперым. медыцыны АМН СССР. У 1946—53 прэзідэнт АМН СССР. Навук. працы па эксперым. паталогіі і патафізіялогіі, якія стварылі аснову сучасных уяўленняў пра атэрасклероз, аўтаінфекцыю, рэтыкула-эндатэліяльную сістэму. Ганаровы чл. АН Румыніі (1948), чл. АН ГДР (1962). Дзярж. прэмія СССР 1942. Прэмія імя І.​І.​Мечнікава АН СССР 1952.

Тв.:

Учение о ретикуло-эндотелиальной системе. М.; Л., 1930;

Морфология заживления ран. М., 1951 (у сааўт.).

т. 1, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТО́НАЎ (Сяргей Пятровіч) (н. 3.5.1915, С.-Пецярбург),

рускі пісьменнік. Скончыў Ленінградскі аўтадарожны ін-т (1938). Аўтар зб-каў апавяданняў і нарысаў «Па дарогах ідуць машыны» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951), «Мірныя людзі» (1950), аповесцяў «Зялёны дол» (1953—54), «Парожні рэйс» (1960), «Разарваны рубель» (1966), «Царская саракоўка» (1969), кніг «Лісты пра апавяданне» (1964), «Ад першай асобы. Апавяданні пра пісьменнікаў, кнігі і словы» (1973) і інш., прысвечаных сціплым людзям-працаўнікам, адметныя маральнай праблематыкай, лірызмам. Па аповесцях Антонава «Паддубенскія прыпеўкі» (1950), «Справа была ў Пянькове» (1956), «Алёнка» (1960) пастаўлены маст. фільмы.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1983—84.

С.​Н.​Чубакоў.

т. 1, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)