ГЛІНТВЕ́ЙН (ад ням. glühender Wein гарачае віно),

гарачы напітак з вінаграднага віна з цукрам і вострымі прыправамі.

т. 5, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНІКІ,

прадстаўнікі адной з плыней рас. грамадскай думкі 1840—50-х г., якія выступалі за развіццё Расіі па зах.-еўрап. шляху. Сярод З. пераважалі дваране, былі таксама разначынцы і выхадцы з багатага купецтва. Да З. належалі: літаратары П.Я.Чаадаеў, І.С.Тургенеў, М.​А.​Мельгуноў, В.​П.​Боткін, П.​В.​Аненкаў, вучоныя Ц.М.Граноўскі, С.М.Салаўёў, К.​Дз.Кавелін, І.В.Вярнадскі і інш., прымыкалі пісьменнікі Дз.В.Грыгаровіч і І.А.Ганчароў, В.​М.​Майкаў, М.А.Някрасаў, М.Я.Салтыкоў-Шчадрын і інш. У грамадскай барацьбе супраць «тэорыі афіцыйнай народнасці» і ў ідэйных спрэчках са славянафіламі 1840-х г. на баку З. выступалі і атаясамлівалі сябе з імі А.І.Герцэн, М.П.Агароў, В.Р.Бялінскі. З. супрацоўнічалі ў часопісах «Отечественные записки», «Современник», «Русский вестник», «Атеней», газ. «Московские ведомости» і інш. На філас. погляды З. значны ўплыў зрабілі творы зах.-еўрап. філосафаў Ц.Штрауса, Г.Гегеля, В.Баўэра, Г.Бокля і інш. Аснова іх светапогляду — запазычанае ў асветнікаў прызнанне вядучай ролі чалавечага розуму ў пазнанні, філас. асэнсаванні і практ. засваенні рэчаіснасці. Гіст. працэс З. ўспрымалі як прагрэс грамадства ад горшага да лепшага. Яны сцвярджалі самакаштоўнасць чалавечай асобы як носьбіта розуму, не прымалі патрыярхальную ідэю «сямейнага адзінства» памешчыкаў і іх прыгонных, былі прыхільнікамі хутчэйшага вызвалення сялян. З. лічылі «справядлівым» тое грамадства, дзе створаны ўсе ўмовы для існавання і самарэалізацыі асобы, крытычна ставіліся да парадкаў і сац. адносін у Зах. Еўропе, тлумачылі «заходні» шлях Расіі як перайманне лепшых рысаў зах.-еўрап. цывілізацыі. З. падзяляліся на т. зв. лібералаў (большасць), якія выступалі за мірныя, рэфарматарскія шляхі змен, і радыкалаў (лідэры А.​І.​Герцэн, і М.​П.​Агароў), якія дапускалі магчымасць рэв. змен у грамадстве. У 1860-я г. паміж радыкальнымі і ліберальнымі З. адбыўся рашучы разрыў. Многія тэарэт. палажэнні, выпрацаваныя З., сталі ідэалаг. асновай шэрагу радыкальных і ліберальных плыней рас. грамадскай думкі.

Літ.:

Сладкевич Н.Г. Очерки истории общественной мысли России в конце 50-х — начале 60-х гг. XIX в. Л., 1962;

Щукин В.Г. Русское западничество сороковых годов XIX в. как общественно-литературное явление. Краков, 1987;

Бердяев Н.А. Истоки и смысл русского коммунизма. М., 1990.

т. 7, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУСЛА́ЕЎ (сапр. Бутэнка) Аляксандр Мікалаевіч

(11.4.1894, г. Міргарад, Украіна — 12.8.1976),

артыст цырка, дрэсіроўшчык ільвоў. Нар. арт. Расіі (1963). У 1929 стварыў паветраны атракцыён «Палёт на санках з-пад купала цырка» (разам з І.М.Бугрымавай). У 1940—63 працаваў з драпежнікамі. Аўтар успамінаў «Запіскі дрэсіроўшчыка ільвоў» (1965).

т. 3, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКІ ЗАВО́Д СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАГА МАШЫНАБУДАВА́ННЯ,

«Бабруйсксельмаш». Створаны ў 1960 у г. Бабруйск на базе рамонтна-мех. завода, выпускаў прычэпы, раскідвальнікі ўгнаенняў і касілкі. З 1977 у ВА «Бабруйскферммаш». З 1990 самастойны з «Бабруйсксельмаш». Асн. прадукцыя (1995): касілкі розных тыпаў, у т. л. для міні-трактароў.

т. 2, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНДАРЭ́НКА (Зінаіда Аляксандраўна) (н. 28.4.1939, Мінск),

дыктар бел. тэлебачання. Нар. арт. Беларусі (1985). Скончыла БДУ (1968). З 1959 дыктар Гомельскай абл. студыі тэлебачання, з 1962 працуе на Бел. рэсп. студыі тэлебачання (з 1976 кіраўнік групы дыктараў). Яе творчую дзейнасць вызначаюць артыстызм, абаяльнасць, нац. характар.

т. 2, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІ КАМБІНА́Т БУДАЎНІ́ЧЫХ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ.

Створаны ў 1971 у Брэсце на базе цагельнага з-да № 22 і з-да керамічных дрэнажных труб. Дзейнічаюць 2 цэхі па выпуску цэглы і цэх фасаднай пліткі. З 1991 — адкрытае акц. т-ва. Асн. прадукцыя (1995): керамічныя цэгла і абліцовачная плітка.

т. 3, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ДЗЕМСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,

узгоркавае ўзвышша на ПнУ Латвіі. Складаецца з Цэнтральна-відземскага узв. (з вышэйшым пунктам Латвіі г. Гайзінькалнс, 311 м) і размешчанага на ПнУ Алуксненскага узв. (г. Дэлінькалнс, 271 м), якое пераходзіць ва узв. Хаанья (у Эстоніі). Складзена пераважна з марэнных суглінкаў. У нізінах — азёры.

т. 4, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ СІМЯО́НАЎСКАЯ ЦАРКВА́.

Існавала ў Віцебску ў 17 ст. Двухзрубны драўляны будынак складаўся з прамавугольнага ў плане асн. аб’ёму і алтарнай часткі, завершаных 2-схільнымі дахамі. Цэнтр асн. аб’ёму быў увянчаны высокай складанай па форме купальнай вежачкай з дэкар. крыжам. Вядомая з «Чарцяжа» Віцебска 1664.

т. 4, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«А́ЛЬФА РАМЭ́О»

(Alfa Romeo),

назва легкавых аўтамабіляў аднайменнай італьян. фірмы. Выпускаюцца з 1930. З 1986 фірма выпускала аўтамабілі малога і сярэдняга класаў з павышанымі дынамічнымі якасцямі. Рабочы аб’ём рухавікоў 1,2—2,5 л, магутнасць 46—118 кВт, макс. скорасць 150—210 км/гадз.

Аўтамабіль «Альфа Рамэо».

т. 1, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯСЛЯ́РНЫ СПОРТ,

адзін з водных відаў спорту; уключае веславанне акадэмічнае (на суднах з уключынамі), веславанне на байдарках і каноэ і вяслярны слалам (на суднах без уключын). Да вяслярнага спорту адносяць таксама гонкі на ялах, шлюпках, прагулачных лодках. На Беларусі развіваецца з 1930-х г.

т. 4, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)