ЦЫВІ́ЛЬНЫ ІСК у крымінальным працэсе,

іск фізічнай ці юрыдычнай асобы, а таксама пракурора аб пакрыцці фізічнай, маёмаснай або маральнай шкоды, што прычынена непасрэдна злачынствам або грамадска небяспечным дзеяннем. Пры прад’яўленні Ц.і. ісцец вызваляецца ад дзярж. пошліны. Парадак даказвання такога іску ажыццяўляецца паводле адпаведнага працэсуальнага заканадаўства. Рашэнне па Ц.і. выносіцца судом у выглядзе пастановы аб прыгаворы або ўжыванні прымусовай меры бяспекі і лячэння.

т. 17, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭЛАЗО́ЛЬВЫ,

тэхнічная назва простых монаэфіраў этыленгліколю і іх кампанентаў.

Гаручыя бясколерныя вадкасці са слабым спіртавым ці гліколевым пахам. Большасць раствараецца ў вадзе, спіртах, гліколях і інш. арган. растваральніках. Маюць хім. ўласцівасці, характэрныя для спіртоў і простых эфіраў. Атрымліваюць узаемадзеяннем этыленаксіду са спіртамі. Выкарыстоўваюць як растваральнік нітратаў і ацэтатаў цэлюлозы, прыродных і сінт. смол, полівінілацэтату; кампаненты саставаў для апрацоўкі скур, тканін і інш.

т. 17, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭЛАФА́Н (ад цэлюлоза + грэч. phanos светлы),

празрыстая плёнка са шчолачных раствораў ксантагенату цэлюлозы (віскозы). Мае ў сабе 12% вады і каля 11% гліцэрыны. Таўшчыня 20—50 мкм, маса 1 м² 30—100 г. Вызначаецца высокай пара- і вільгацепранікальнасцю, устойлівасцю да дзеяння тлушчаў. Псуецца ад вады, таму пакрываюць (лакіруюць) ахоўнай плёнкай (напр., з ацэтыл- ці нітратцэлюлозы, поліэтылену і інш.). Выкарыстоўваецца як упаковачны матэрыял.

т. 17, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫ́СТАЯ ЛІ́НІЯ,

генетычна аднароднае патомства, што паходзіць ад аднаго агульнага продка. Атрымліваецца зыходна ад самаапыляльнай (расліна) ці самаапладняльнай (жывёла) асобіны шляхам штучнага адбору і далейшага самаапылення (самаапладнення). Асобіны ў Ч.л. гомазіготныя па большасці генаў, таму ўзнаўляюць у шэрагу пакаленняў адны і тыя ж спадчынна замацаваныя адзнакі. Кантроль за генет. зменлівасцю асобных адзнак лабараторных жывёл Чл. выкарыстоўваюць у эксперым. біялогіі і медыцыне.

т. 17, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАРА́ДА (франц. charade літар. — балбатня, гаворка),

від літаратурнай, звычайна вершаванай, гульні-загадкі, у якой зашыфраванае слова адгадваецца па апісанні яго асобных складоў, літар ці частак гэтага слова з самаст. значэннем [напр., я — майка і Ямайка (востраў)].

У фальклоры амаль невядома. У пісьмовай л-ры Ш. былі папулярныя ў салоннай культуры 17—18 ст. Пашырана ў дзіцячай л-ры.

В.​П.​Рагойша.

т. 17, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАТРАВА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,

машына для ачысткі зярнят пшаніцы і жыта ад пылу, гразі і інш., частковага аддзялення пладовых абалонак, зародка і бародкі, а таксама лушчэння зярнят крупяных культур. Рабочы орган Ш.м. — вярчальны барабан з падоўжнымі ці радыяльнымі палоскамі (бізунамі), што рухаецца ўнутры цыліндрычнага корпуса, прыціскае зярняты да яго ўнутр. паверхні — стальной або з абразіўных матэрыялаў. Выкарыстоўваецца ў мукамольна-крупяной прамысловасці і камбікормавай прамысловасці.

т. 17, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАЛІЗЁРЫ,

апараты для электролізу; пасудзіна (ці сістэма пасудзін) з электралітам і электродамі, далучанымі да крыніцы пастаяннага току. Бываюць розных тыпаў і канструкцый, напр., адкрытыя і герметычна закрытыя, для перыяд. і бесперапыннай работы, з нерухомымі і рухомымі электродамі, з рознымі сістэмамі раздзялення прадуктаў электролізу. Матэрыялы для вырабу Э. выбіраюць з улікам агрэсіўнасці электраліту і прадуктаў электролізу, т-ры і інш. умоў.

т. 18, кн. 1, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАСКО́П (ад электра... + ...скоп),

дэманстрацыйная прылада для выяўлення электрызацыі цел і прыблізнай ацэнкі ступені электрызацыі.

Складаецца з ізаляванага метал. стрыжня (звычайна з шарыкам на канцы) і прымацаваных да яго 2 лёгкіх алюм. ці папяровых лісточкаў. Пры судакрананні стрыжня з наэлектрызаваным целам лісточкі аднолькава зараджаюцца і ўзаемна адштурхоўваюцца. Вугал іх разыходжання (вугал «разлёту») прыблізна прапарцыянальны эл. зараду, што перадаецца стрыжню.

Электраскоп.

т. 18, кн. 1, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯЧЭ́ЙКА СТРАЛКО́ВАЯ,

элемент траншэі, акопа, хода зносін, які прызначаны для размяшчэння стралкоў (кулямётчыкаў, гранатамётчыкаў) і вядзення агню. Бываюць адзіночныя або парныя; прымкнутыя (урэзаны на 40—50 см у пярэднюю крутасць траншэі, акопа, хода зносін) ці вынесеныя на пэўную адлегласць і злучаныя з акопам або траншэяй ходам зносін. Я.с. звычайна абсталёўваюцца брустверам, байніцай, пакрыццем (казырком) з мясц. матэрыялаў, нішай для боепрыпасаў.

т. 18, кн. 1, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАГА́ДРА ЗАКО́Н,

адзін з асноўных законаў малекулярнай фізікі, паводле якога ў роўных аб’ёмах ідэальных газаў пры аднолькавых т-ры і ціску змяшчаецца аднолькавая колькасць малекул. Адкрыты А.Авагадра ў 1811. З Авагадра закона вынікае, што пры аднолькавых т-ры і ціску 1 моль кожнага ідэальнага газу займае аднолькавы аб’ём. роўны пры нармальных умовах 22,4∙10​−3 м³, ці 22,4 л, а шчыльнасці газаў прама прапарцыянальныя іх малекулярным масам.

т. 1, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)