род сіл ВМФ, прызначаны для пошуку і знішчэння з паветра сіл флоту праціўніка, прыкрыцця сваіх караблёў ад варожай авіяцыі, вырашэння інш. задач, у т. л. для дастаўкі марской пяхоты.
М.а. з’явілася ў пач. 20 ст., у т. л. ў 1911—12 у Расіі, у 1919—21 у Польшчы. На тэр. Беларусі па адной авіяэскадрыллі (складаліся з развед. гідрасамалётаў і знішчальнікаў з колавым шасі) для вядзення паветр. разведкі, карэкціроўкі агню манітораў і кананерскіх лодак, бамбардзіроўкі рачных караблёў, канвояў, войск праціўніка і г.д. мелі Пінскія ваен. флатыліі: польская (1928—37, да 10 самалётаў) і савецкая (1940—41, 15—18 самалётаў). У 1930-я г. група гідрасамалётаў (базіравалася ў прырэчнай паласе і ў партах бас. Дняпра) прыдавалася сав. Дняпроўскай ваен. флатыліі. У Вял.Айч. вайну сярод сав. марскіх лётчыкаў вызначыліся беларусы М.В.Аўдзееў, М.У.Барысаў, Ц.С.Жучкоў, І.Б.Катунін, М.А.Кісляк, Я.Г.Навіцкі, У.А.Скугар і інш. Да пач. 1990-х г. у раёне г. Быхаў Магілёўскай вобл. базіравалася стратэг. авіяцыя Балт. флоту.
Сучасная М.а. падзяляецца на ракетаносную, процілодачную, знішчальную, штурмавую, развед. і дапаможнага прызначэння (радыёлакацыйнага дазору, радыёэлектроннага процідзеяння, запраўкі самалётаў палівам у паветры, тралення мін, пошукава-выратавальная, трансп. і сувязі). Адрозніваюць М.а. базавага і карабельнага (на авіяносцах, верталётаносцах і інш.) базіравання. Далейшае развіццё М.а. ідзе па шляху ўдасканалення лятальных апаратаў, павелічэння скорасці, далёкасці і даўжыні палёту, яго аўтаматызацыі, стварэння сродкаў пошуку марскіх і наземных цэлей на новых фіз. прынцыпах, распрацоўкі высокадакладнай дальнабойнай зброі з моцнымі баявымі зарадамі і інш.
Літ.:
Брусенцев Н.А. Военно-морская авиация. М., 1976;
Olejko A. Rzeczna eskadra lotnicza Flotylli Pińskiej. Pruszków, 1994.
У.Я.Калаткоў, Р.К.Паўловіч.
Да арт.Марская авіяцыя: 1 — разведвальны гідрасамалёт тыпу Р-5 Дняпроўскай ваеннай флатыліі (намаляваны без узбраення); 2 — цяжкі мнагамэтавы верталёт Ка-27 (Расія); 3 — пошукава-выратавальны верталёт-самалёт HV-22 «Оспры» для ВМФ (ЗША).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́БАНСКА-АКЦЯ́БРСКАЯ ПАРТЫЗА́НСКАЯ ЗО́НАў Вялікую Айчынную вайну,
Акцябрска-Любанская партызанская зона. Утворана ўвосень 1941 у выніку вызвалення партызанамі ад ням.-фаш. захопнікаў частак Акцябрскага, Глускага, Любанскага і Старобінскага р-наў. Зону ўтрымлівалі: злучэнне партыз. атрадаў Акцябрскага р-на (13 атрадаў, 1300 чал.) на чале з Ф.І.Паўлоўскім, з крас. 1942 злучэнне партыз. атрадаў Мінскай і Палескай абл., з сак. 1943 Мінскае і Палескае партыз. злучэнні. У 1943 зона злілася на Пн са Слуцка-Капыльскай, на З з Ленінскай партыз. зонамі. Утварыўся партыз. край пл. каля 8 тыс.км² (Акцябрскі, часткі Любанскага, Старадарожскага, Старобінскага, Чырвонаслабодскага, Капыльскага, Капаткевіцкага, Глускага, Жыткавіцкага, Даманавіцкага, Петрыкаўскага, Парыцкага, Ленінскага, Лунінецкага, Ганцавіцкага і інш. раёнаў), які абаранялі больш за 40 тыс. партызан. У зоне размяшчаліся Мінскі і Палескі падп. абкомы, райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ, пярвічныя парт. і камсам. арг-цыі, штабы Мінскага і Палескага партыз. злучэнняў, Акцябрскі і Любанскі райвыканкомы, у некат. раёнах — выканкомы сельсаветаў; выдаваліся газ. «Звязда», «Чырвоная змена», «Бальшавік Палесся», раённыя газеты. Было наладжана гасп. жыццё, у многіх нас. пунктах адкрыты школы. 3 мая 1942 наладжана двухбаковая радыёсувязь з Вял. зямлёй, дзейнічалі партыз. аэрадромы. Гітлераўцы неаднаразова спрабавалі пранікнуць на тэр. зоны, правялі больш за 10 карных аперацый («Бамберг», «Свята ўраджаю», «Горнунг», «Русалка», «Марабу» і інш.), у выніку якіх знішчылі больш за 25 тыс.сав. грамадзян, каля 6 тыс. вывезлі на работы ў Германію. Партызаны каля 3 гадоў змагаліся з намнога большымі сіламі праціўніка, размешчанымі па перыметры зоны ўздоўж чыг. Лунінец—Калінкавічы—Жлобін—Асіповічы—Ляхавічы, правялі Пціцкую аперацыю 1942, Старыцкі бой 1942, Лаўскі бой 1942 і інш.Найб. жорсткія баі па абароне зоны вялі Мінскае і Палескае партыз. злучэнні ў студз.—лютым 1943 і 1944. У гонар гераічнай барацьбы партызан у Любанскім р-не створаны мемар. комплекс Зыслаў.
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990. С. 33.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́БЛІН-БРЭ́СЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
наступальная аперацыя войск 1-га Бел. фронту (Маршал Сав. Саюза К.К.Ракасоўскі) 18 ліп. — 2 жн. ў Вял.Айч. вайну; састаўная частка стратэг.Беларускай аперацыі 1944. Удзельнічалі арміі 8-я гвардз., 28, 47, 48, 61, 65, 69, 70, 1-я Войска Польскага, 6-я і 16-я паветр., 2-я танкавая і некалькі карпусоў. Мэта аперацыі: ударамі левага крыла фронту ў абыход Брэсцкага ўмацаванага раёна з Пд і Пн разграміць люблінскую і брэсцкую групоўкі праціўніка і выйсці шырокім фронтам да р. Вісла. Сав. войскам процістаялі асн. сілы ням. 2-й палявой, частка сіл 4-й танк. армій, 9-я палявая армія. У выніку перагрупоўкі войск на напрамку гал. ўдару была дасягнута перавага сав. сіл над праціўнікам: па асабовым складзе ў 3 разы, па артылерыі і танках у 5 разоў, было больш самалётаў. Ужо ў першы дзень аперацыі вызвалена Жабінка, 20 ліп. — Кобрын і Маларыта, 22 ліп. — Камянец, 23 ліп. — Дамачава, 24 ліп. — Люблін, 28 ліп. — Брэст і Высокае. Поспеху Л.-Б.а. садзейнічала наступальная Львоўска-Сандамірская аперацыя 1944 1-га Укр. фронту, якая пачалася 13 ліп., а таксама ўдзел у баях партыз. падраздзяленняў, у т. л. брыгады імя Леніна. 31 ліп.сав. танкі выйшлі да Прагі — прадмесця Варшавы на правым беразе Віслы. З 28 ліп. да 2 жн. 8-я гвардз. і 69-я сав. арміі фарсіравалі на Пд ад Варшавы Віслу і захапілі плацдармы на яе зах. беразе ў раёнах Мангушава і Пулавы. У выніку аперацыі войскі 1-га Бел. фронту завяршылі вызваленне Беларусі ад акупантаў, выйшлі на тэр. Польшчы і стварылі ўмовы для наступлення на варшаўска-берлінскім напрамку. 47 вайск. злучэнням і часцям прысвоены ганаровыя найменні «Брэсцкіх», 12 — «Кобрынскіх», 16 — «Люблінскіх», 9 — «Ковельскіх». У гонар войск 1-га Бел. фронту ў Брэсце пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЬМІ́РА,
старажытны горад на тэр.Паўн.-Усх. Сірыі (паблізу сучаснага г. Тадмар). Як буйны цэнтр караваннага гандлю і рамесніцтва ўпершыню згадваецца ў 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. У канцы 2-га тыс. да н.э. разбурана асірыйцамі, у 10 ст. да н.э. адбудавана ізраільска-іудзейскім царом Саламонам. У 1 ст.н.э. ў час праўлення Тыберыя прызнала вярх. ўладу Рыма, але захавала аўтаномію. Найб. росквіту дасягнула ў 1—3 ст.н.э., калі гандлявала з гарадамі Паўд. Месапатаміі, Скіфіі, Сярэдняй Азіі, Паўд. Аравіі. Развівалася сельская гаспадарка; былі пабудаваны падземныя водаправоды і рэзервуары для арашэння палёў і садоў вакол П. У 3 ст.н.э. ў часы праўлення Адэната і Зенобіі дасягнула вял.паліт. магутнасці (валодала ўсёй Пярэдняй Азіяй і Егіптам). У 272 рым. імператар Аўрэліян захапіў П. У 273 пасля антырым. паўстання рымляне зруйнавалі горад, а яго жыхароў прадалі ў рабства.
Арх. ансамблі П. вылучаюцца маштабамі, веліччу і пышнасцю форм, багаццем скульпт. дэкору. З 19 ст. праводзяцца сістэм. раскопкі П. Выяўлена частка руін ант. горада з рэгулярнай планіроўкай і вуліцамі ў абрамленні грандыёзных карынфскіх каланад. Арх. помнікі: свяцілішча Бела на высокай платформе (з храмам у цэнтры, 1 ст.), храмік Баалшаміна (2 ст.), «Вялікая каланада» з 3-пралётнай манум. аркай (1100 м; 2—3 ст.), агора, т-р (3 ст.), частка гар. сцяны (2-я пал. 3 ст., адноўлена ў сярэдзіне 6 ст.), т.зв. лагер Дыяклетыяна (канец 3 — пач. 4 ст.). з «Храмам знамёнаў». Па-за гар. сценамі даследаваны некропаль з грабніцамі 3 тыпаў: вежавымі, падземнымі і ў выглядзе дамоў з атрыямі. Знойдзены шматлікія статуі, рэльефы, мазаікі, размалёўкі. Археал. запаведнік П. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Слова П. стала сімвалам горада мастацтва.
А.У.Казленка.
Пальміра. «Вялікая каланада» з трохпралётнай аркай. 2—3 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРША́ЛАК,
пасада (урад) у Польскім каралеўстве і ВКЛ. 1) М. вялікі — найвышэйшы ураднік Польшчы ў 14—18 ст. і ВКЛ у 15—18 ст. (у 15 ст.наз.земскі, у 16 ст. — найвышэйшы). Лічыўся 1-м міністрам. Кіраваў дваром манарха, прымаў замежных паслоў, вышэйшых ураднікаў дзяржавы, назіраў за этыкетам, загадваў прыдворнай стражай і каралеўскай гвардыяй, сачыў за бяспекаю манарха, прызначаў дваран. Разглядаў здарэнні і злачынствы, здзейсненыя пры двары і ў месцы знаходжання манарха. Склікаў і вёў пасяджэнні сената, а калі сейм быў вальным — кіраваў ім. Гэтыя абавязкі выконваў вял. М. ВКЛ, калі сейм адбываўся ў ВКЛ.
2) М. гаспадарскі — ураднік пры двары манарха ў 13 — пач. 17 ст. Выконваў яго спец. даручэнні, кіраваў прыдворнымі службамі. Часам колькасць М. гаспадарскіх перавышала 10 чал. 3) М. павятовы — мясцовы ўрад у ВКЛ, які ўзнік у час правядзення адм.-тэр. рэформы 1565—66 пры трансфармацыі ўрада М. гаспадарскага. Кіраваў шляхтай у павеце, склікаў і вёў павятовы сеймік. Такога ўрада не было ў гал. павеце ваяводства, дзе функцыі М. выконваў кашталян.
4) М. дворны (надворны) — ураднік у Польшчы і ВКЛ у 15—18 ст. Загадваў гасп. справамі манаршага двара, кіраваў М. гаспадарскімі. Быў намеснікам М. вялікага, уваходзіў у склад сената.
5) М. сеймавы — ураднік, які выбіраўся пасламі Пасольскай Ізбы (ніжэйшай палаты сейма) для вядзення пасяджэнняў. Рабіў справаздачу перад манархам, зачытваў ухвалы Пасольскай Ізбы.
6) М. трыбунальскі — ураднік, які выбіраўся суддзямі трыбуналаў, у т. л.Трыбунала Вялікага княства Літоўскага, для кіравання пасяджэннямі і судаводства.
7) М. дворскі — гасп. ўраднік пры дварах членаў манаршай сям’і, біскупаў, магнатаў, кіраўнік прыдворных служак. 8) М. губернскі, павятовы — назва кіраўніка шляхецкай карпарацыі губерні або павета ў зах. губернях Рас. імперыі з 1785; тое, што і прадвадзіцель дваранства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКАЕ ВЯЛІКАЕ КНЯ́СТВА,
феадальная дзяржава ва Усх. Еўропе, якая ў канцы 15 ст. стала ядром Рускай цэнтралізаванай дзяржавы. Цэнтр — г.Масква. Утварылася каля сярэдзіны 14 ст. ў выніку росту Маскоўскага княства, якое ў 2-й пал. 13 ст. вылучылася як удзел Уладзіміра-Суздальскага княства. У час княжання Данілы Аляксандравіча [1276—1303] Маскоўскае княства стала незалежным, да яго былі далучаны Каломна (1301), Пераяслаўль-Залескі (1302) і Мажайск (1303). Асновы паліт. і эканам. магутнасці Масквы заклаў кн.Іван I Данілавіч Каліта [1325—40], які дамогся ад хана Залатой Арды права збору тат. даніны з зямель паўн.-ўсх. Русі. Па яго ініцыятыве цэнтр агульнарус. правасл. мітраполіі ў 1326 перанесены ў Маскву. Паслядоўная палітыка Івана Каліты і яго пераемнікаў па пашырэнні тэр. М.в.к. шляхам скупкі і захопу зямель, дынастычных шлюбаў і г.д. абумовіла ператварэнне Масквы ў гал.паліт., эканам. і рэліг. цэнтр паўн.-ўсх. Русі. Вял.кн.Дзмітрый Іванавіч Данскі [1359—89] замацаваў за Масквой вял. Уладзімірскае княжанне, за якое яна з пач. 14 ст. вяла барацьбу з Цвярскім, а ў 1350—60-я г. і з Суздальска-Ніжагародскім княствамі. Яго перамога над войскам Залатой Арды ў Кулікоўскай бітве 1380 спрыяла замацаванню вядучай ролі М.в.к. паўн.-ўсх. Русі. З 14 ст. М.в.к. вяло барацьбу за ўплыў на сумежныя рус. землі з ВКЛ, якое да сярэдзіны 15 ст. мела перавагу. Пры вял.кн.Васілю II Васілевічу Цёмным [1425—62] у выніку працяглай феад. вайны была падаўлена апазіцыя ўдзельных князёў. Вял.кн. Іван III [1462—1505], які скінуў манг.-тат. няволю (1480), далучыў да М.в.к. Наўгародскую феадальную рэспубліку (1478), у асн. завяршыў аб’яднанне вакол Масквы інш.рус. зямель і адваяваў значныя тэрыторыі ў ВКЛ, першы пачаў называць сябе вял. князем і «государём всяе Руси».
Літ.:
Черепнин Л.В. Образование Русского централизованного государства в XIV—XV вв. М., 1960;
Алексеев Ю.Г. Под знаменем Москвы: Борьба за единство Руси, М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕСАПАТА́МСКАЯ НІЗІ́НА.
Міжрэчча, нізіна ўздоўж рэк Тыгр і Еўфрат, гал.ч. ў Іраку, а таксама ў Іране, Сірыі і Кувейце. Даўж. больш за 1000 км, шыр. 400 км. Размешчана на месцы перадгорнага прагіну альпійскай складкаватай зоны М. Азіі і Ірана. Складзена з пясчана-гліністых алювіяльных адкладаў рэк, марскіх адкладаў і інш. Паводле характару рэльефу падзяляецца на паўн.ч. (Верхняя М.н., або Джэзірэ) да шыраты г. Багдад — узгорыстае плато з невял. ўзвышшамі (Джэбель-Сінджар, 1359 м, Джэбель-Хамрын і інш.) і паўд.ч. (Ніжняя М.н., або Вавілонія) — плоская нізіна, ніжэй за 100 м над узр. мора. Тэр. Ніжняй М.н. перыядычна заліваецца паводкавымі водамі, моцна забалочаная, асабліва ўзбярэжжа Персідскага заліва. Клімат на Пн субтрапічны, кантынентальны, на Пд трапічны, пустынны. Лета гарачае, т-ра 33—34 °C. Зіма на Пн умераная (сярэдняя т-ра студзеня 7 °C, маразы да -18 °C), на Пд цёплая (15—17 °C). Сярэднегадавая колькасць ападкаў 200—300 мм, на Пд паніжаецца да 100 мм. Максімум ападкаў — зімой. Па М.н. працякаюць рэкі Тыгр і Еўфрат, якія зліваюцца ў агульнае рэчышча Шат-эль-Араб, на ПдЗ — р. Карун. Расходы рэк нераўнамерны на працягу года, частыя паводкі разбуральнай сілы. Расліннасць паўпустынная і пустынная, палынова-салянкавая, толькі на схілах узвышшаў Верхняй М.н. растуць дрэвы і хмызнякі (дубы, фісташкі). Уздоўж рэк — галерэйныя лясы: еўфрацкая таполя, вербы, тамарыскі. У Ніжняй М.н. — фінікавая пальма. Жывёльны свет прадстаўлены грызунамі, паўзунамі, членістаногімі. З буйных млекакормячых — газель, дзікі асёл, шакал. У затапляльных зарасніках уздоўж рэк шмат вадаплаўнай птушкі, водзяцца дзікі. Развіта багарнае і паліўное земляробства (пшаніца, рыс, бавоўнік, фінікавая пальма), качавая жывёлагадоўля. Радовішчы нафты: Кіркук, Румайла і інш. Буйныя гарады: Багдад, Басра (Ірак), Абадан (Іран). М.н. адзін са стараж. цэнтраў цывілізацыі (Асірыя, Вавілонія і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОСТ ВАЕ́ННЫ,
часовае збудаванне для пераправы войск, тэхнікі і вайск. грузаў цераз перашкоды (раку, канал, роў і інш.). Узводзяць у ходзе баявых дзеянняў сіламі мостабуд. часцей з дапамогай спец. машын і механізмаў на шляхах руху, манеўраў, падвозу ці эвакуацыі. Паводле прызначэння М.в. бываюць аўтадарожныя, чыг., пешаходныя, сумяшчальныя; паводле канструкцыі — высака-, нізка- і падводныя, на жорсткіх апорах, зборна-разборныя шматразовага выкарыстання, камбінаваныя, механізаваныя, наплаўныя масты і інш.
Вядомы з глыбокай старажытнасці. Напр., у 5 ст. да н.э. наплаўныя масты пабудаваны персамі цераз праліў Басфор і р. Дунай у час вайны са скіфамі; у 1 ст. да н.э. мост на палях даўж. 600 м цераз р. Рэйн узведзены ў час паходу Юлія Цэзара на германцаў. Першы ў Кіеўскай Русі М.в. ў 12 ст. будавалі цераз р. Дняпро; у 14—17 ст. такія масты наладжвалі цераз Нёман, Зах. Дзвіну і інш. ў час войнаў, якія вяліся ў ВКЛ. У пач. 17 ст. ў нідэрландскай арміі з’явіліся пантонныя паркі (гл. таксама Пантон), у Расіі — у 18 ст.; шырока выкарыстоўваліся ў час вайны 1812 франц. і рас. войскамі, у т. л. на тэр. Беларусі. Хуткае ўзвядзенне 26 11.1812 двух М.в. (даўж. каля 110 м, шырыня больш за 3,5 м) цераз р. Бярэзіну дазволіла Напалеону пазбегнуць поўнага знішчэння ўсёй арміі, выратаваць гвардыю і значную частку баяздольных войск. У 1-ю сусв. вайну ў англ. арміі ствараліся спец. масты для праходу танкаў на полі бою. У 2-ю сусв. вайну сав. войскі будавалі пераважна наплаўныя і нізкаводныя, для пераадолення шырокіх рэк (Дняпро, Нёман, Вісла і інш.) наводзілі камбінаваныя і высакаводныя масты.
У 2-й пал. 20 ст. атрымалі развіццё маставыя і мостабуд. сродкі, прызначаныя для ўзвядзення М.в. ў сціслыя тэрміны.
Да арт.Мост ваенны. Навядзенне пантоннага моста цераз р. Нёман у час вучэнняў. 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКІ ТУПІЧЭ́ЎСКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у сярэдзіне 17 — пач. 20 ст. на ўсх. ускраіне г. Мсціслаў Магілёўскай вобл.Засн. як мужчынскі (з 1886 жаночы). Складаўся з Святадухаўскай, Увядзенскай, Успенскай, Мікалаеўскай цэркваў, жылых і гасп. пабудоў. Абнесены спачатку драўлянай, з канца 19 ст. мураванай агароджай. Манастырскія жылыя і гасп. пабудовы былі пераважна драўляныя. Захаваліся фрагменты мураванай агароджы, брамы, капліц 19 ст. У выніку археал. даследаванняў выяўлены культ. пласт 16—18 ст.Святадухаўская царква (пабудавана ў 1641) — крыжова-купальны храм (25 × 25 м) на каменным падмурку; абнесены паўзакрытай абходнай галерэяй на слупах. Вальмавыя дахі канцоў крыжа і купал на светлавым барабане над сяродкрыжжам завяршаліся галоўкамі. Напачатку царква была накрыта гонтавым дахам, з канца 19 ст. — бляхай. Інтэр’ер аздоблены размалёўкай па дрэве на біблейскія і евангельскія сюжэты (73 кампазіцыі). Тыповыя для Беларусі краявіды, элементы арх. антуражу, выявы жывёл сведчаць, што ў аздабленні царквы ўдзельнічалі майстры, якія творча перапрацоўвалі традыцыі нар.выяўл. мастацтва Магілёўшчыны 17—18 ст. У некат. кампазіцыях прыкметны рысы стылю барока. Іканастасы аздоблены дэкар. разьбой і пазалотай. Увядзенская царква (пабудавана ў 1771) — драўлянае на каменным падмурку, прамавугольнае ў плане (каля 12 × 7 м) купальнае збудаванне. У канцы 19 ст. царкву падоўжылі да 22 м, абклалі цэглай і накрылі бляхай. Інтэр'ер упрыгожаны арнаментам і размалёўкай на рэліг. сюжэты. Мікалаеўская царква (існавала да 1839) — збудаванне (9 × 8 м) на 2-м ярусе надбрамнай званіцы. Успенская царква (пабудавана ў 1891—95 у псеўдарус. стылі) — мураваны крыжова-купальны храм са званіцай над бабінцам, завершаны купалам на светлавым барабане. У інтэр’еры знаходзіліся 4-ярусны з пазалотай і 3-ярусны іканастасы. Комплекс амаль цалкам спалены ў Вял.Айч. вайну, канчаткова зруйнаваны ў 1950 — пач. 1960-х г. У 1980-я г. на тэр. М.Т.м. праводзіў раскопкі А.А.Трусаў.
А.А.Трусаў, Л.Л.Чарняўская, Ю.А.Якімовіч.
Успенская царква Мсціслаўскага Тупічэўскага манастыра. Фота пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЯ ШКО́ЛА ДО́ЙЛІДСТВА,
самабытная арх. школа, якая склалася ў 11 ст. ў Полацкім княстве ў час яго эканам. і паліт. ўздыму. Сфарміравалася ў культавым буд-ве на аснове пераасэнсавання традыцый візант. архітэктуры пад уплывам першага манум. збудавання на тэр. Беларусі — Полацкага Сафійскага сабора. Найб. росквіту дасягнула ў 12 ст. Для П.ш.д. характэрна муроўка з плінфы «са схаваным радам», якая ўтварала двухколерную гаму паверхні сцяны, радзей — з чаргаваннем слаёў плінфы і вапняку (Віцебск). Школа творча развіла адзін з кірункаў візант.царк.-буд. традыцыі: план выцягнуты па падоўжнай восі, бакавыя нефы больш вузкія, дамінуе сярэдняя апсіда (бакавыя знадворку не выяўлены і часцей схаваны ў тоўшчы алтарных сцен). Асн. тып культавых збудаванняў: 1-нефавыя бесслуповыя з адной апсідай і бабінцам (Пятніцкая царква Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра) 3-нефавыя 6-слуповыя з 3 апсідамі, выяўленымі знадворку (сабор Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра); трохнефавыя 4- або 6-слуповыя са схаванымі бакавымі апсідамі (храм-пахавальня Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра, Віцебская Благавешчанская царква, Барысаглебская царква Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра). У шэрагу храмаў меліся абходныя галерэі. Для некат. помнікаў П.ш.д. характэрна размяшчэнне падкупальнага квадрата не над усх., а над зах. парамі слупоў, што надавала кампазіцыі будынкаў цэнтрычнасць. Гэтаму спрыяла і канструкцыйна-дэкар. сістэма перакрыцця падкупальнага квадрата ступеньчатымі аркамі і ўтварэнне кубічнага пастамента барабана гал. купала, аздобленага звонку 3-лопасцевымі аркамі. Прадстаўнік П.ш.д. дойлід Іаан — аўтар Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку. Мяркуюць, што полацкія дойліды ўдзельнічалі ў буд-ве Навагрудскай Барысаглебскай царквы, будавалі ў Ноўгарадзе (царква на Сінічай гары) і Смаленску. П.ш.д. зрабіла вял. ўплыў на далейшае развіццё архітэктуры Беларусі, на Смаленскую школу дойлідства, а таксама Маскоўскую школу дойлідства і Пскоўскую школу дойлідства.
Ю.А.Якімовіч, Г.А.Лаўрэцкі.
Да арт.Полацкая школа дойлідства. Благавешчанская царква ў Віцебску. Здымак пасля рэстаўрацыі.