птушка сямейства савіных атр. совападобных. Пашырана ў Еўразіі, Паўн. і Паўд. Амерыцы, Паўн.-Зах. і Паўд. Афрыцы. На Беларусі трапляецца на поймавых і сухадольных лугах, нізінных балотах, парослых хмызняком або лісцевым драбналессем, асушаных тарфяніках, вял. увільготненых высечках.
Даўж. цела 33—43 см, маса 260—440 г, размах крылаў 0,89—1,1 м. Афарбоўка буравата-вохрыстая, ніз цела святлейшы, з цёмнымі падоўжнымі стракацінамі. Гнёзды на зямлі, звычайна пад кустом або купінай. Нясе 3—6 яец, у гады масавага размнажэння грызуноў — 9—10. Корміцца мышападобнымі грызунамі, зрэдку жабамі, птушкамі. Каштоўная для сельскай гаспадаркі. Занесена ў Чырв. кнігу Беларусі, адзін з падвідаў — у Чырв. кнігу МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНСА́МБЛЬ ПЕ́СНІ І ТА́НЦА,
вялікі выканальніцкі калектыў, які складаецца з вакальнай, харэаграфічнай і аркестравай груп і аб’ядноўвае ў выступленнях розныя віды і жанры муз. і харэагр. мастацтва. Група нумароў часта ўтварае тэматычную вак.-харэагр. кампазіцыю, звычайна з элементамі тэатралізацыі. Вядзе гісторыю ад Ансамбля песні і танца Расійскай Арміі імя А.В.Аляксандрава (з 1928), набыў папулярнасць у многіх краінах («Мазоўша» і «Шлёнск» у Польшчы; «Слук» у Чэхіі; «Кола» ў Югаславіі і інш.). На Беларусі вядомы: Ансамбль беларускай народнай песні і танца Беларускай філармоніі, Бел. ансамбль песні і танца пад кіраўніцтвам Р.Шырмы (гл.Дзяржаўны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь), Ансамбль песні і танца Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, ансамбль «Белыя росы», шматлікія самадзейныя калектывы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Глыбоцкім раёне Віцебскай вобл., у бас.р. Шоша, за 36 км на У ад г. Глыбокае, за 2 км на ПдУ ад воз. Шо. Пл. 0,59 км², даўж. 2,13 км, найб.шыр. 570 м, найб.глыб. 24,7 м, даўж. берагавой лініі 4,8 км. Пл. вадазбору 4,2 км².
Схілы катлавіны пад лесам, на Пн, ПнЗ разараныя. Берагі на З, У, ПдУ высокія, пясчаныя, парослыя лесам, на ПнЗ і Пд нізкія, тарфяністыя. Мелкаводдзе пясчанае, глыбакаводная частка возера сапрапелістая. Паласа расліннасці шыр. 40—50 м да глыб. 4 м. Азёрны заказнік, створаны ў 1979 з мэтай захавання эталоннага па чысціні возера і яго насельнікаў, асабліва баброў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ АЎТАНО́МНАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЦАРКВА́,
аб’яднанне бел. епархій абнаўленчай царквы (гл. ў арт.Абнаўленцы). Існавала ў 1924—34. Утворана ў маі 1924 на чале са Свяшчэнным сінодам і мітрапалітам магілёўскім і беларускім на 1-м Бел. абласным царк. саборы ў Магілёве. Падзялялася на 5 епархій, налічвала каля 500 парафій (пераважна ва ўсх. рэгіёне; у снеж. 1924 прыходы Дубровенскага р-на абвясцілі ўласную незалежнасць). Выдавала час. «Белорусский православный вестник» (Магілёў, 1924—27). Мітрапаліты Уладзімір (1924—26), Іосіф (І.П.Крачатовіч; 1926—34). З пач. 1930-х г., ва ўмовах пераходу сав. дзяржавы да жорсткай антырэліг. палітыкі і агульнага крызісу абнаўленства, аўт. царква пачала траціць пазіцыі і спыніла існаванне. Парафіі вярнуліся пад уладу Маскоўскага патрыярхату.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ ХА́ТКА» ў Мінску,
клуб бел. мастацкай інтэлігенцыі, які ў 1916—20 праводзіў культ.-асв. работу, прапагандаваў бел.тэатр. і муз. мастацтва, садзейнічаў стварэнню бел.дзярж.т-ра. Напачатку ў «Беларускай хатцы» наладжваліся вечарынкі (удзельнічалі У.Галубок, М.Багдановіч, З.Верас, У.Фальскі і інш.), на якіх чыталі творы бел. пісьменнікаў, спяваў хор. Потым тут працавалі Першае таварыства беларускай драмы і камедыі, тэатр. трупа пад кіраўніцтвам Ф.Аляхновіча, Мінскае таварыства працаўнікоў мастацтва, Драматычная секцыя Беларускай вучнёўскай грамады і інш. Дзейнасць клуба асвятлялася ў перыяд. друку (газ. «Вольная Беларусь», «Беларусь»). Спроба адрадзіць культ.-асв. дзейнасць клуба ў 1921 не падтрымана афіц. ўладамі.
Літ.:
Рамановіч Я. «Беларуская хатка» // Горад і годы. Мн., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯТО́П (ад бія... + грэч. topos месца),
участак зямной паверхні (сушы або вадаёма) з аднатыпнымі абіятычнымі ўмовамі асяроддзя (рэльеф, глебы, клімат і інш.), які займае вызначаны біяцэноз; неарган. кампанент біягеацэнозу. Характэрны для дадзенага біятопа комплекс умоў вызначае відавы склад арганізмаў, асаблівасці іх існавання, трапляе пад уплыў біяцэнозу і мяняецца ад яго ўздзеяння.
Для фізіка-геагр. умоў Беларусі характэрны біятопы: балоты (нізінныя, пераходныя, вярховыя), лясы (хваёвыя, яловыя, альховыя, бярозавыя і інш.), лугі (заліўныя, сухадольныя), палі, прэсныя воды (рэкі, азёры, вадасховішчы). Пераўтваральная дзейнасць чалавека на біятоп можа прывесці да непажаданых змен у біягеацэнозах ці поўнага іх разбурэння, што адмоўна ўплывае на склад і размеркаванне фауны і флоры. Падобныя біятопы аб’ядноўваюць у біяхоры, сукупнасці якіх складаюць біяцыклы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ГА (Braga),
горад на ПнЗ Партугаліі. Адм. ц. акругі Брага. 90,5 тыс.ж. (1991). Традыц. цэнтр тэкст. (пераважна баваўнянай), гарбарна-абутковай, харч. (у т. л.вытв-сць цукру і шакаладу), дрэваапр., хім. прам-сці. Прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі. Адліўка царк. званоў. Гандл. цэнтр с.-г. раёна. Музей. Арх. помнікі 11—18 ст.
Засн., верагодна, карфагенянамі ў 296 да н.э., пазней стараж.-рымскі г. Бракара Аўгуста, сталіца рым. правінцыі Лузітаніі. У 5—6 ст.пад уладай свеваў, якія ліквідавалі рым. панаванне, з 585 у складзе дзяржавы вестготаў. У 716 заваявана арабамі, з 1040 у складзе Кастыліі. У 1-й пал. 12 ст.паліт. цэнтр Партугаліі, з 1104 рэзідэнцыя партуг. архібіскупаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ЖА,
возера ў Беларусі, у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Друйка, за 7 км на ПнЗ ад г. Браслаў. Уваходзіць у Браслаўскую групу азёр. Пл. 4,18 км², даўж. 3,42 км, найб.шыр. 1,72 км, найб.глыб. 9,1 м, даўж. берагавой лініі 12,2 км. Пл. вадазбору 66 км².
Схілы катлавіны выш. да 12 м, пад лесам і хмызняком, заходнія разараныя. Вакол возера пойма шыр. ад 8 м на Пн да 250 м на ПдЗ, сухая, моцна завалуненая, парослая хмызняком і сухадольнымі травамі. 16 астравоў агульнай пл. 24,9 га. Каля берагоў і астравоў дно пясчанае, часта галечнікавае і камяністае. Шыр. паласы прыбярэжнай расліннасці да 70 м. Злучана ручаямі з азёрамі Саванар і Рака.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ГЕЛАН ((Vigeland) Адольф Густаў) (11.4.1869, г. Мандаль, Нарвегія — 12.3.1943),
нарвежскі скульптар. У 1889—90 вучыўся ў Осла, у 1891 у Капенгагене, у 1892—93 у Парыжы, дзе фарміраваўся пад уплывам А.Радэна. Аўтар пранікнёных дынамічных па пластыцы і кампазіцыі твораў: партрэт Г.Ібсена (1903); помнікі матэматыку Н.Абелю (1908), пісьменніцы К.Колет (1911), кампазітару Р.Нурдраку (1911) у Осла. Стварыў грандыёзны скульпт. ансамбль Фрогнер-парк у Осла (больш за 150 фігур і кампазіцый; 1900—43), у якім увасобіў чалавечыя радасці і выпрабаванні ў цыклічным развіцці і адзінстве з прыродай. Філас. сімвалізм у ансамблі спалучаецца з жыццёвымі рэаліямі і пластычнай дасканаласцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІДО́Р ((Widor) Шарль Мары) (21.2.1844, г. Ліён, Францыя — 12.3.1937),
французскі арганіст, кампазітар, музыказнавец, педагог. Чл. Акадэміі прыгожых мастацтваў (1910). Праф. Парыжскай кансерваторыі (1891—1905). У 1870—1934 арганіст царквы Сен-Сюльпіс у Парыжы. Арганіст-віртуоз, імправізатар, канцэртаваў у многіх краінах. Па яго рэкамендацыі і пад яго наглядам устаноўлены арган фірмы «Кавае-Коль» у Вял. зале Маскоўскай кансерваторыі (у 1901 даў першы арганны канцэрт). Сярод твораў: 3 оперы, балет, творы для аркестра, 10 сімфоній і інш. творы для аргана, месы, камерна-інстр. ансамблі, фп. п’есы. Апублікаваў (разам з А.Швейцэрам) арганныя творы І.С.Баха (т. 1—5, 1912—14). Сярод вучняў: арганісты Л.Б’ёрн, М.Дзюпрэ, Швейцэр, кампазітары Д.Міё, К.Анегер.