ГЕ́СА ЗАКО́Н,

асноўны закон тэрмахіміі: цеплавы эфект хім. рэакцыі залежыць толькі ад прыроды і стану зыходных рэчываў і канчатковых прадуктаў і не залежыць ад колькасці і характару прамежкавых стадый у сістэме. Адкрыты эксперыментальна Г.І.Гесам у 1840. З’яўляецца адной з формаў закону захавання энергіі для сістэм, дзе адбываюцца хім. рэакцыі пры пастаянным аб’ёме ці пастаянным ціску. Карыстаюцца Геса законам для разліку цеплавых эфектаў працэсаў, якія цяжка ці практычна немагчыма ажыццявіць, на аснове эксперым. даных для інш. працэсаў.

т. 5, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭШТ-І-КІПЧА́К, Кіпчакскі стэп,

назва ў арабскіх і перс. крыніцах 11—15 ст. тэр. ад р. Іртыш да р. Дунай, ад Крыма да г. Балгар Вялікі (гл.

Балгарыя Волжска-Камская), дзе качавалі кіпчакі (полаўцы). У 13 ст. заваяваны манголамі. Падзяляўся мяжой па Урале і р. Яік (цяпер Урал) на Усх. і Заходні Кіпчак (вядомы ў рус. летапісах пад назвай Палавецкая зямля). У 16—18 ст. Д.-і-К. называлася толькі ўсх. частка (тэр. сучаснага Казахстана).

т. 6, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́МКАВАЯ ГАРА́,

найвышэйшы пункт Навагрудскага ўзвышша на Беларусі. За 3 км ад г. Навагрудак, за 250 м на Пн ад в. Пуцэвічы. Выш. 323 м. Складзена з марэны сожскага зледзянення, укрыта пылаватым супескам, сфарміраваным у час паазерскага зледзянення. Мае выгляд спадзіставыпуклага ўзвышэння субмерыдыянальнага напрамку. Схілы спадзістыя, стромкасць 3—7°, адносны перавыш. да 20—25 м/км². Амаль уся пад ворывам. На З.г. засталіся руіны Навагрудскага замка (10—16 ст.). Паблізу З.г. ў гонар А.​Міцкевіча насыпаны курган.

т. 6, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕ́НКЕР (ням. Senker),

металарэзны інструмент для павелічэння дыяметра або памяншэння шурпатасці (чыставой апрацоўкі) гатовых цыліндрычных адтулін, атрыманых свідраваннем, штампоўкай або ліццём. У адрозненне ад свердла мае ад З да 6 рэжучых кантаў. Адрозніваюць З. суцэльныя, насадныя (з напаянымі пласцінкамі з цвёрдага сплаву), зварныя (з прываранымі хваставікамі з вугляродзістай канструкцыйнай сталі), зборныя (са зменных рэжучых частак і корпуса). Апрацоўку З. (зенкераванне) робяць на свідравальных, рэвальверных і вертыкальна-фрэзерных станках.

Зенкеры: 1 — суцэльны; 2 — насадны; 3 — зборны камбінаваны.

т. 7, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДАСАМЕ́НТ (ням. Indossament ад лац. in на + dorsum спіна),

перадатачны надпіс, які выконваецца на адваротным баку вэксаля, чэка, канасамента і некаторых інш. каштоўных папер і азначае перадачу правоў па гэтых дакументах ад адной асобы (індасанта) да іншай (індасату). І. можа быць імянны, ордэрны (указваецца асоба, якой ці ў распараджэнне якой перадаецца дакумент) або бланкавы (прад’яўнічы, без пазначэння асобы, якой уступаецца дакумент). І. па вэксалю або чэку ўскладае на індасата адказнасць за плацеж па гэтым дакуменце.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 7, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭРПЕЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. interpellatio перапыненне прамовы, скарга),

своеасаблівы від запытання члена парламента да ўрада пра яго агульную паліт. лінію ці дзеянні асобных міністраў. Ад звычайных запытанняў адрозніваецца тым, што патрабуе адказу асобы, да якой звернута, у вызначаны тэрмін, абмеркавання і прыняцця парламентам рэзалюцыі. Напр., у 1922—30 правам унясення І. шырока карысталіся дэпутаты пасольскіх клубаў Беларускай сялянска-рабочай грамады і «Змагання».

Літ.:

Інтэрпеляцыі беларускіх паслоў у польскі сойм 1922—1926 гг. Мн., 1927.

І.​П.​Хаўратовіч.

т. 7, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАІТАФО́БІЯ (ад коітус + ...фобія),

назойлівая боязь палавога акта. Абумоўлена псіхасацыяльнымі фактарамі, пераважна асобаснымі: думкі, пачуцці, успаміны, сумненні, страхі, што ўзнікаюць незалежна ад жадання хворага. К. бывае пры псіхатраўмах, агрэсіўных паводзінах ці няўпэўненасці партнёра, пры палавым акце ў неадэкватных абставінах (спешка, страх быць заспетым пабочнай асобай, антыгігіенічныя ўмовы і інш.), неасцярожных першых зносінах і інш. Найчасцей К. ўзнікае ў мужчын у форме псіхагеннай імпатэнцыі; у жанчын К. звязана з анаргазміяй і вагінізмам. Лячэнне псіхатэрапеўтычнае, іншы раз хірургічнае.

І.​У.​Дуда.

т. 7, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІФАРНІ́ЙСКАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,

халоднае паверхневае цячэнне на У паўн. ч. Ціхага ак.; паўд. адгалінаванне Паўночна-Ціхаакіянскага цячэння. З’яўляецца ўсх. перыферыяй паўн. субтрапічнага антыцыкланальнага кругавароту паверхневых вод, накіравана з Пн на Пд, уздоўж Каліфорніі. На Пд пераходзіць у Паўн. Пасатнае цячэнне. Шыр. 550—650 км. Скорасць 0,9 км/гадз. Сярэдняя т-ра вады ў лют. ад 12 °C на Пн да 25 °C на Пд, у жн. адпаведна ад 17 °C да 26 °C. Салёнасць на Пн 33—34‰.

т. 7, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫЯТЫ́П (ад карыя... + тып),

храмасомны набор, сукупнасць адзнак храмасом (іх колькасць, памер, форма), характэрных для дадзенага віду. Нязменнасць К. падтрымліваецца заканамернасцямі дзялення ядра клеткі (мітозам — для аднаго арганізма і меёзам — у межах віду). Змена адбываецца праз геномныя і храмасомныя мутацыі. Дакладна ідэнтыфікавана каля 1500 генаў чалавека (1—5% ад іх агульнай колькасці). Апісанне храмасомнага набору ўключае падлік колькасці храмасом. марфаметрыю, ідэнтыфікацыю цэнтрамеры, ядзерцавага арганізатара, спадарожніка і інш. Параўнальны аналіз К. выкарыстоўваецца ў сістэматыцы.

Э.​В.​Крупнова.

т. 8, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЭРЦЫТЫ́ЎНАЯ СІ́ЛА,

напружанасць магн. поля, неабходная для таго, каб звесці да нуля астаткавую намагнічанасць ферамагнетыка (гл. Гістэрэзіс); адна з асн. характарыстык ферамагн. матэрыялаў. Вымяраецца з дапамогай каэрцытыметраў.

Значэнне К.с. вызначаецца фактарамі, якія перашкаджаюць перамагнічванню ўзору; для дадзенага ўзору ў значнай ступені залежыць ад спосабу яго падрыхтоўкі і апрацоўкі, а таксама ад знешніх умоў, напр., т-ры. Па велічыні К.с. адрозніваюць магнітна-мяккія (малая К.с.) і магнітна-цвёрдыя (вялікая К.с.) магнітныя матэрыялы. Найб. велічыню К.с. маюць аднадаменныя ферамагнітныя ўзоры.

т. 8, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)