БЮДЖЭ́Т ДЗЯРЖА́ЎНЫ,

каштарыс (расклад) даходаў і расходаў краіны на наступны год; асн. фін. план дзяржавы. Адлюстроўвае крыніцы фарміравання і напрамкі выкарыстання гал. цэнтралізаванага фонду краіны. Складаецца з вышэйшага — федэральнага ці рэсп. бюджэту і мясцовых бюджэтаў, якія ў сукупнасці ўтвараюць бюджэтную сістэму. Змест і структура Б.дз. залежаць ад многіх фактараў: узроўню развіцця прадукцыйных сіл і характару вытв. адносін, тыпу дзяржавы, яе сац. палітыкі, канкрэтнай эканам. і сац. сітуацыі, нац. асаблівасцей і інш.

Неабходнасць у бюджэту дзяржаўнага узнікла з фарміраваннем дзяржавы і таварна-грашовых адносін. Да гэтага фін. рэсурсы і іх мэтавае выкарыстанне вызначаліся ў асобных каштарысах даходаў і расходаў. З развіццём грамадства, пашырэннем функцый дзяржавы працэс пераразмеркавання нац. даходу ўскладніўся, адпаведна павялічылася колькасць асобных каштарысаў, што ўскладніла кіраванне сродкамі дзярж. казны. Неабходна было аб’яднаць мноства асобных каштарысаў у адзіны фін. план дзяржавы. Практычна спроба скласці адзіны каштарыс даходаў і расходаў дзяржавы зроблены ў Англіі ў 7 ст. пад назвай бюджэт. У Расіі першыя звесткі пра бюджэт дзяржаўны вядомы з 1654, аднак рэгулярнае яго складанне пачалося пасля стварэння ў 1812 мін-ва фінансаў. З пач. 20 ст. бюджэт дзяржаўны распрацоўваецца ў большасці краін.

Беларусь, пазбаўленая дзярж. самастойнасці ў складзе Рас. імперыі, свайго бюджэту дзяржаўнага не мела, удзельнічала толькі ў фарміраванні даходаў бюджэту дзяржаўнага Расіі, плацячы ўскосныя падаткі ад казённай віннай манаполіі (50% агульных паступленняў), пошліны, акцызы; прамыя падаткі не перавышалі 8,3%. Расходы бюджэту дзяржаўнага накіроўваліся пераважна на ваен. мэты і ўтрыманне развітой на Беларусі сеткі чыгунак. Удз. вага астатніх асігнаванняў на Беларусі ў 1913—14 складала: па гасп. мін-вах 12%, органах дзярж. кіравання, юстыцыі і кантролю 24,5%; адукацыі 11% і інш. 8%. Акрамя таго, фін. рэсурсы выдаткоўваліся і праз мясц. бюджэты, на долю якіх прыпадала менш за ​1/16 усіх бюджэтных сродкаў. Першы бюджэт дзяржаўны БССР складзены ў 1921, але ён выкананы з вял. дэфіцытам (амаль 92% усіх бюджэтных выдаткаў пакрыта за кошт эмісіі грошай). З 1922 бюджэт дзяржаўны БССР стаў састаўной часткай бюджэту дзяржаўнага СССР і меў адносную самастойнасць (яго даходы і расходы вызначаліся пераважна саюзнымі органамі). Для бюджэтаў 1922—40 характэрны хуткі рост аб’ёму даходаў і расходаў, фарміраванне даходаў пераважна (да 90%) за кошт паступленняў ад нар. гаспадаркі, найб. доля асігнаванняў прыпадала на сац.-культ. мерапрыемствы, таму што важныя нар.-гасп. аб’екты фінансаваліся з саюзнага бюджэту. Пасляваен. бюджэты Беларусі гал. мэтай ставілі аднаўленне нар. гаспадаркі. У 1950—70-я г. ўзмацніўся ўплыў бюджэту дзяржаўнага БССР на эканам. і сац. працэсы ў сувязі з ростам эканам. патэнцыялу рэспублікі і пашырэннем яе бюджэтных правоў; доля асігнаванняў на нар. гаспадарку павялічылася да 40—50% пры змяншэнні долі выдаткаў на сац. сферу і кіраванне. Бюджэты дзяржаўныя 1980—90-х г. вызначаліся раўнамерным ростам даходаў, павелічэннем колькасці плацяжоў прадпрыемстваў, адносным захаваннем прапорцый, што склаліся ў размеркаванні сродкаў. Першы бюджэт дзяржаўны суверэннай Рэспублікі Беларусь складзены ў 1991. Ён распрацоўваўся яшчэ да прызнання незалежнасці Беларусі і захаваў многія ранейшыя рысы, тым не менш змянілася яго прызначэнне, змест, пашырыліся крыніцы даходаў. Адначасова пашырыўся і пералік расходаў, іх аб’ём і структура. Упершыню расходы перавысілі даходную частку, афіцыйна запланаваны дэфіцыт бюджэту дзяржаўнага. З гэтага часу мясц. органы ўлады набываюць поўную самастойнасць у складанні і выкананні сваіх бюджэтаў — абл., раённых, гар. і пасялковых. У гэтыя бюджэты паступаюць мясц. падаткі і зборы, а таксама адлічэнні ад агульнарэсп. падаткаў і даходаў; яны адыгрываюць важную ролю ў забеспячэнні комплекснага эканам. і сац. развіцця адпаведных рэгіёнаў. За рэсп. бюджэтам пакінута фінансаванне органаў дзярж. улады і кіравання, абароны, органаў дзярж. бяспекі, устаноў і аб’ектаў рэсп. падпарадкавання, мерапрыемстваў па мінімізацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Бюджэт дзяржаўны на наступны год, а таксама яго выкананне за мінулы год зацвярджае Вярх. Савет Беларусі. У сувязі з пераходам да рыначнай эканомікі і стварэннем новай падатковай сістэмы істотна змяніліся структура і змест бюджэту дзяржаўнага: расце яго агульны аб’ём пры перавышэнні расходаў над даходамі, павялічылася колькасць падатковых плацяжоў, сярод якіх вял. доля ўскосных (гл. табл. 1).

У расходах бюджэту значная доля асігнаванняў (больш за 10%) накіроўваецца на мінімізацыю вынікаў чарнобыльскай катастрофы, паменшылася доля асігнаванняў на нар. гаспадарку, што абумоўлена павелічэннем долі ўласных і крэдытных рэсурсаў у фінансаванні вытв-сці, змяншэннем датацый стратным прадпрыемствам. Прыярытэтнай застаецца сельская гаспадарка, у якую ў розных формах накіроўваецца да 25% усіх асігнаванняў у матэрыяльную сферу. Доля асігнаванняў у сац. сферу расце пераважна за кошт фінансавання праграм падтрымкі маламаёмнага насельніцтва. Аднак тэмпы росту бюджэтных асігнаванняў на адукацыю, ахову здароўя і навуку адстаюць ад тэмпаў росту непрадукцыйных расходаў: на абарону, абслугоўванне дзярж. доўгу, праваахоўныя органы і органы кіравання (гл. табл. 2). Праз бюджэт дзяржаўны і пазабюджэтныя фонды пераразмяркоўваецца да 60% нац. даходу. Гэта сведчыць, што бюджэт дзяржаўны застаецца на Беларусі важным інструментам дзярж. рэгулявання грамадскіх працэсаў.

Літ.:

Очерки развития финансов и кредита в Белоруссии. Мн., 1970;

Государственный бюджет. Мн., 1995.

М.​І.​Ткачук.

Табліца 1
Структура даходаў дзяржаўнага бюджэту Беларусі, %
Крыніцы паступлення Гады
1993 1994 1995
Акцызы 16,8 11,0 9,1
Падатак на дабаўленую вартасць 29,6 27,2 23,0
Падатак на прыбытак і даходы 22,9 34,2 32,3
Падаткі з насельніцтва 8,2 10,9 10,5
Падатак на паліва 4,5 4,2 3,0
Падатак на нерухомасць 2,9 0,7 0,3
Плата за зямлю 1,6 2,1 0,4
Мытныя пошліны і зборы ад знешнеэканамічных аперацый 0,2 0,3 0,6
Зборы і непадатковыя даходы 1,4 3,8 9,1
Адлічэнні на ахову здароўя — 28,0 —
Іншыя даходы 11,8 2,8 14,9
Табліца 2
Структура расходаў дзяржаўнага бюджэту Беларусі, %
Накіраванне сродкаў Гады
1993 1994 1995
Народная гаспадарка 40,8 27,6 24,3
Сацыяльна-культурныя мерапрыемствы 35,0 35,4 43,5
Навука 1,4 1,1 2,0
Абарона 4,5 5,4 4,9
Праваахоўныя органы 3,9 4,2 7,5
Абслугоўванне дзяржаўнага доўгу 2,9 5,6 4,0
Органы ўлады 1,6 1,4 3,5
Рэзервовы фонд мясцовых органаў 0,9 0,8 0,3
Рэзервовы фонд прэзідэнта — — 0,3
Фонд стабілізацыі эканомікі 0,5 1,2 —
Іншыя расходы 3,8 17,3 9,7

т. 3, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУКАШЭ́НКА (Аляксандр Рыгоравіч) (н. 30.8.1954, г.п. Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл.). Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Скончыў гіст. ф-т Магілёўскага пед. ін-та (1975),

Беларускую с.-г. акадэмію (1985). У 1975—77, 1980—82 праходзіў службу ў пагранічных войсках і ва Узбр. Сілах СССР. У 1977—78 на камсамольскай і сав. рабоце ў Магілёве. У 1978—80 адказны сакратар Шклоўскай раённай арг-цыі т-ва «Веды». З 1982 на адказных пасадах у аграпрамысловым комплексе. У 1990—94 дэпутат Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь. Узначальваючы камісію Вярх. Савета па вывучэнні дзейнасці камерцыйных структур, створаных пры органах дзярж. кіравання (камісія па барацьбе з карупцыяй, крас. 1993 — ліп. 1994), зарэкамендаваў сябе як непрымірымы праціўнік карупцыі, як прадстаўнік новай генерацыі палітыкаў са сваёй цвёрдай і паслядоўнай пазіцыяй па галоўных кірунках рэфармавання і дэмакратызацыі бел. грамадства. 10.7.1994 абраны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Пачаў ажыццяўляць актыўную ўнутраную і знешнюю палітыку Рэспублікі Беларусь. Паслядоўна адстойвае курс на кансалідацыю грамадства, дзярж. ўздзеянне на эканам. і сац. пераўтварэнні, вывад краіны з эканам. і сац.-паліт. крызісу, развіццё нац. культуры і навукі, паляпшэнне дабрабыту народа, умацаванне бел. дзяржаўнасці. Яму належыць ініцыятыва выпрацоўкі новага стратэгічнага кірунку на развіццё сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі. Па яго ініцыятыве праведзены рэферэндум 14.5.1995, на якім большасць насельніцтва Рэспублікі Беларусь адобрыла ідэю інтэграцыі з Расіяй, выказалася за новую дзярж. сімволіку, наданне рус. мове роўнага статуса з беларускай; на рэферэндуме 24.11.1996 — за стварэнне замест Вярх. Савета двухпалатнага парламента — Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, інш. змены ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь 1994. Ініцыятар падпісання Дагавораў аб стварэнні Супольнасці (2.4.1996) і Саюза (2.4.1997) Беларусі і Расіі. Выбраны старшынёй Вышэйшага Савета Саюза Беларусі і Расіі. 8.12.1999 разам з Прэзідэнтам Рас. Федэрацыі падпісаў Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Разам з кіраўнікамі інш. дзяржаў на саміце АБСЕ у Стамбуле падпісаў Хартыю еўрапейскай бяспекі (19.11. 1999). Развіваючы інтэграцыю, Л. адначасова ўмацоўвае суверэнітэт, нац. незалежнасць Рэспублікі Беларусь, праводзіць шматвектарную знешнюю палітыку ў развіцці сяброўскіх адносін і супрацоўніцтва з усімі краінамі свету, актывізуе ўдзел Рэспублікі Беларусь у міжнар. арг-цыях. Выступае за стварэнне бяз’ядзернай зоны ў Цэнтр. і Усх. Еўропе, супраць пашырэння НАТО на Усход. Л. з’яўляецца Галоўнакамандуючым Узбр. Сіламі Рэспублікі Беларусь, узначальвае Савет Бяспекі. У 1995 абраны ганаровым акадэмікам Расійскай акадэміі сацыяльных навук, у маі 1997 — прэзідэнтам Нац. алімпійскага камітэта Беларусі. У 1997 яму прысуджана Міжнар. прэмія імя М.​А.​Шолахава.

Літ.:

Александр Лукашенко — Президент Республики Беларусь. Мн., 1997.

А.Р.Лукашэнка.

т. 9, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРАЎЁЎ (Міхаіл Мікалаевіч [12) (ці 5).10.1796, С.-Пецярбург —10.9.1866], расійскі дзярж. і ваен. дзеяч. Ген. ад інфантэрыі (1856),

граф (1865, вядомы як М.-Віленскі). Брат М.М.Мураўёва (Карскага). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1809—11). Удзельнік войнаў з Напалеонам 1812—13, у т. л. Барадзінскай бітвы. Удзельнік першых дзекабрысцкіх арг-цый, у т. л. «Саюза выратавання» (1816) і «Саюза працвітання» (1818; чл. Карэннай управы, адзін з аўтараў яго статута). У 1826 арыштаваны па справе дзекабрыстаў, але апраўданы. З 1827 віцебскі віцэ-губернатар, з 1828 магілёўскі цывільны губернатар. Ініцыіраваў увядзенне ў Віцебскай і Магілёўскай губ. агульнарас. заканадаўства (з 1831) і закрыццё Віленскага універсітэта. У час паўстання 1830—31 быў пры галоўнакамандуючым Рэзервовай арміяй ген. П.А.Талстым. Ліквідаваў асяродкі супраціўлення ў Дзісенскім і Лепельскім пав. Віцебскай губ. Са жн. 1831 гродзенскі цывільны губернатар. Пры ліквідацыі рэшткаў паўстання прымяняў жорсткія меры аж да смяротнага пакарання (з таго часу атрымаў мянушку «вешальнік»). Быў прыхільнікам пераводу уніятаў у праваслаўе, падтрымліваў дзейнасць епіскапа І.Сямашкі. З 1835 курскі ваен. губернатар, з 1839 дырэктар Дэпартамента падаткаў і збораў; з 1842 сенатар і кіраўнік Межавага корпуса. З 1850 чл. Дзярж. Савета, у 1856—62 адначасова старшыня Дэпартамента ўдзелаў. У 1857—62 міністр дзярж. маёмасцей, прыхільнік захавання прыгоннага права. У час паўстання 1863—64 прызначаны 13.5.1863 віленскім, гродзенскім і мінскім ген.-губернатарам, камандуючым войскамі Віленскай ваен. акругі (з паўнамоцтвамі камандзіра асобнага корпуса ў ваен. час) і гал. начальнікам Віцебскай і Магілёўскай губ. Пры задушэнні паўстання выкарыстоўваў як рэпрэсіўныя меры (пакаранне смерцю актыўных удзельнікаў, масавыя высылкі ў Сібір, спальванне вёсак), так і папярэджвальныя меры (секвестр маёнткаў, абкладванне штрафамі кляштараў і каталіцкага духавенства, закрыццё міравых устаноў, замена чыноўніцкага апарату, арганізацыя ў паветах жандарскіх каманд і сялянскай узбр. варты, наданне сельскім т-вам права нагляду за памешчыкамі і інш.). З мэтай пазбаўлення паўстання сац. апоры ініцыіраваў у зах. губернях перагляд «Палажэння» аб адмене прыгоннага права 1861 на карысць сялян. Да вер. 1863 задушыў асн. асяродкі паўстання ў Літве і Беларусі. З 29.4.1865 у адстаўцы. У крас. 1866 прызначаны старшынёй асобай Следчай камісіі па справе няўдалага замаху Дз.У.Каракозава на Аляксандра II. Памёр за 2 дні да вынясення Каракозаву смяротнага прыгавору. Аўтар «Запісак» (1882—85).

Літ.:

Мосолов А.Н. Виленские очерки 1863—1865 гг.: (Муравьевское время). СПб., 1898;

Паўловіч І., Лукашэвіч А. Талент, аддадзены праклёну // Культура. 1994. 26 студз., 2 лют.;

Таляронак С.В. Генерал М.​М.​Мураўёў-Віленскі. Мн.. 1998.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 11, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ЛЬСКІ (Максім Тадзеевіч) (19.3.1895, Кіеў — 24.7.1964),

украінскі паэт, вучоны. Акад. АН Украіны (1943), акад. АН СССР (1958). Вучыўся ў Кіеўскім ун-це (1915—18). У 1919—29 працаваў настаўнікам. З 1944 дырэктар Ін-та мастацтвазнаўства, фальклору і этнаграфіі АН Украіны. Друкаваўся з 1907. Зб-кам вершаў «На белых астравах» (1910), «Пад асеннімі зорамі» (1918), «Сіняя далячынь» (1922), «Праз буру і снег» (1925), «Трынаццатая вясна» (1926), «Дзе сыходзяцца дарогі» (1929) уласцівы зварот да класікі, да лепшых узораў зах.-еўрап. паэзіі. У зб-ках «Знак шаляў» (1932), «Кіеў» (1935), «Лета» (1936), «Украіна» (1938), «Збор вінаграду» (1940) лірызм, філасафічнасць, асацыятыўнасць замяняюцца дэкларатыўнасцю, апавядальнасцю. Мужнасць, грамадзянскасць, патрыятызм характэрны для творчасці Р. перыяду Вял. Айч. вайны (зб-кі «Слова пра маці-радзіму», «Світальная зара», «Светлая зброя», усе 1942; Дзярж. прэмія СССР 1943). Гуманіст. ідэал чалавека і грамадства, духоўнасць, эстэтычнасць уласцівы кн. паэзіі «Ружы і вінаград» (1957), «Далёкія небасхілы» (1959, Ленінская прэмія 1960), «Зімовыя запісы» (1964). Аўтар даследаванняў па літ.-знаўстве, фалькларыстыцы, мастацтвазнаўстве, тэорыі перакладу. Перакладаў з інш. моў. За пераклад паэмы «Пан Тадэвуш» А.​Міцкевіча Дзярж. прэмія СССР 1950. Беларусі прысвяціў цыклы вершаў «Шчодрасць» (1955), «На братняй зямлі» (1958), артыкулы пра Я.​Купалу («Янка Купала», 1947, «Пра паэта-рыцара», 1957), Я.​Коласа («Пра паэта і сябра», 1957), П.​Панчанку («Салдат паэзіі», 1961). На ўкр. мову пераклаў творы Ф.​Багушэвіча, Броўкі, В.​Віткі, А.​Вялюгіна, П.​Глебкі, А.​Зарыцкага, М.​Калачынскага, К.​Кірэенкі, Я.​Коласа, А.​Куляшова, Я.​Купалы, В.​Таўлая. Яму свае вершы прысвяцілі Броўка, Калачынскі, Я.​Колас, артыкулы Я.​Брыль, Н.​Гілевіч, Т.​Кабржыцкая, Р.​Няхай. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі А.​Астрэйка, М.​Аўрамчык, Р.​Барадулін, А.​Бачыла, Броўка, Ю.​Гаўрук, Вітка, Гілевіч, С.​Грахоўскі, Х.​Жычка, В.​Зуёнак, Калачынскі, Кірэенка, М.​Лужанін, П.​Прыходзька, В.​Рагойша, А.​Русак, Н.​Тарас і інш. Дзярж. прэмія Украіны 1971.

Тв.:

Твори. Т. 1—10. Київ, 1960—62;

Вибране. Київ, 1967;

Сонети. Київ, 1974;

Бел. пер. — Выбр. творы. Мн., 1952;

Світальная зара: Вершы і паэма. Мн., 1985;

На братняй зямлі // Полымя. 1958. № 12.

Літ.:

Крижанівський С. Максим Рильський. Київ, 1960;

Новиченко Л. Поетичний світ Максима Рильського. Київ, 1980;

Ахрыменка П. Максім Рыльскі і Беларусь // Ахрыменка П. Летапіс братэрства. Мн., 1973;

Мартынава Э.М. Беларуска-ўкраінскі паэтычны ўзаемапераклад. Мн., 1973;

Воспоминания о Максиме Рыльском. М., 1984;

Вервес Г. Максим Рыльский в кругу славянских поэтов: Пер. с укр. М., 1981.

К.​Р.​Хромчанка.

М.Т.Рыльскі.

т. 13, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАШО́НКАВА (Ганна Уладзіміраўна) (н. 21.11.1928, б. маёнтак Альба, Нясвіжскі р-н Мінскай вобл.),

бел. мовазнавец. Канд. філал. н. (1959). Скончыла БДУ (1953). З 1956 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі. Даследуе сучасную бел. мову і культуру мовы, лексікаграфію, дыялекталогію. Сааўтар прац «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (1963) і «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (кн. 1—2, 1968—69; Дзярж. прэмія СССР 1971), «Агульнаславянскі лінгвістычны атлас» (вып. 1, 1988); «Беларуская граматыка» (ч. 1, 1985); «Слоўнік беларускай мовы» (1987), «Слоўнік цяжкасцей беларускай мовы» (1987) і «Кароткі слоўнік беларускай мовы» (1994, абодва з В.​П.​Лемцюговай); «Руска-беларускі слоўнік сельскагаспадарчай тэрміналогіі» (1994) і інш.

т. 1, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРО́НЧЫК (Юдзіф Самойлаўна) (19.12.1908, Мінск — 3.6.1993),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1938). Скончыла Бел. драм. студыю ў Маскве (1926, яўр. секцыя). Працавала ў Дзярж. яўр. т-ры БССР (да 1949). У 1950—56 у Т-ры драмы і камедыі пры Белдзяржэстрадзе. У 1970—90 маст. кіраўнік Мінскага нар. т-ра мімікі і жэсту Бел. рэсп. т-ва глухіх. Мастацтва Арончыка вызначалася разнастайнасцю фарбаў у абмалёўцы характараў, глыбокім пранікненнем у псіхалогію персанажаў. З лепшых роляў: Вера Паўлаўна («Пяюць жаваранкі» К.​Крапівы), Антаніна Цімафееўна («Выбачайце, калі ласка!» А.​Макаёнка), Голда («Тэўе-малочнік» паводле Шолам-Алейхема), Лаўрэнсія («Фуэнтэ Авехуна» Лопэ дэ Вэгі), Мірандаліна («Карчмарка» К.​Гальдоні).

т. 1, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́РТМАНЕ ((Artmane) Вія) (сапр. Аліда Фрыцаўна; н. 21.8.1929, г. Тукулес, Латвія),

латышская актрыса. Нар. арт. СССР (1969). Скончыла студыю пры Латышскім маст. т-ры імя Я.​Райніса (Рыга), працуе ў гэтым т-ры. З 1956 здымаецца ў кіно. Драматычная актрыса. Мастацтва Артмане адметнае лірызмам, шчырасцю, стрыманасцю, якія спалучаюцца з унутр. напоўненасцю і эмацыянальнасцю. Сярод тэатр. роляў: Афелія, Джульета («Гамлет», «Рамэо і Джульета» У.​Шэкспіра), Лаймдота («Агонь і ноч» Райніса). З лепшых работ у кіно: Соня («Родная кроў»), Она («Ніхто не хацеў паміраць»), Крысціна («Эдгар і Крысціна»), Джулія Ламбэрт («Тэатр» паводле С.​Моэма, тэлевіз.). Пра Артмане зняты дакументальны фільм «Размовы з каралевай». Дзярж. прэмія Латвіі 1980.

В.Артмане.

т. 1, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІТЭКТУ́РНЫЯ МУЗЕ́І.

Вывучаюць, збіраюць, экспануюць, прапагандуюць і папулярызуюць помнікі нар. дойлідства, прадметы побыту, творы дэкар.-прыкладнога мастацтва і інш., якія характарызуюць матэрыяльную і духоўную культуру народаў і краін.

Архітэктурныя музеі часта маюць форму т.зв. паркаў-музеяў або музеяў пад адкрытым небам, дзе сабраны звезеныя з розных рэгіёнаў помнікі нар. драўлянага дойлідства [навукова-даследчы архітэктурны музей імя А.​В.​Шчусева ў Маскве (1964), «Скансен» у Стакгольме, Латвійскі этнагр. музей пад адкрытым небам, Музей нар. побыту Літвы, Дзярж. музей нар. архітэктуры Украіны, Львоўскі музей нар. дойлідства і побыту, Музей нар. дойлідства і побыту Грузіі і інш.]. На Беларусі з 1970 дзейнічае Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту.

т. 1, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЦІМО́ВІЧ (Анатоль Яфімавіч) (н. 26.9.1940, в. Куранец Вілейскага р-на Мінскай вобл.),

бел. скульптар. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1966). Выкладчык АМ Беларусі (з 1966). Асн. творы ў галіне манум. скульптуры: мемарыяльны комплекс «Слава» ў г. Алматы (1975, у сааўт.), рэльеф «Салідарнасць» на фасадзе Бел. цэнтра моды ў Мінску (1979), манум. кампазіцыя «Рагнеда» (1992) у Заслаўі, Дзярж. герб Беларусі на Доме ўрада (1994). Станковыя работы: «Трубач» (1969), «Араты», «Змена» (абедзве 1980). Распрацоўвае гіст. вобразы Ефрасінні Полацкай, Ф.​Скарыны, К.​Каліноўскага, княгіні Вольгі. Адзін з аўтараў Кургана славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі і мемарыяльнага комплексу (уваход) Брэсцкай крэпасці-героя.

А.Арцімовіч. Рагнеда. 1992. Заслаўе.

т. 1, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІПЕ́НКА (Раіса Васілеўна) (н. 8.12.1926 Гомель),

бел. спявачка (мецца-сапрана). Засл. арт. Беларусі (1954). Скончыла Бел. кансерваторыю (1951, клас. Я.​Віцінга). У 1951—82 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Вылучалася драм. тэмпераментам, добрай вак. школай. Сярод партый: у нац. рэпертуары Алеся («Дзяўчына з Палесся» Я.​Цікоцкага), Саўка («Марынка» Р.​Пукста), Надзея Дурава (у аднайм. оперы А.​Багатырова), Мальвіна («Калючая ружа» Ю.​Семянякі), Васілеўна і Маці («Сцежкаю жыцця» Г.​Вагнера); у класічным — Ядвіга («Страшны двор» Манюшкі), Ваня («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Вольга («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Канчакоўна («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Клітэмнестра («Арэстэя» С.​Танеева), Зібель («Фауст» Ш.​Гуно).

т. 2, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)