ПЕ́СІМУМ (ад лац. pessimum найгоршае) у фізіялогіі, прыгнечанне дзейнасці нерв. і мышачнай тканак. Выклікаецца празмернай частатой стымуляцый нерв. ствала, якая не можа быць узноўлена ў выглядзе біяпатэнцыялаў самога нерва і сінхронных скарачэнняў мышцы, што ён інервуе. Апісаны ў 1886 М.​Я.​Увядзенскім. Адпаведная П. частата трапляе на мышцу ў фазе яе абс. неўзбуджальнасці (рэфрактарнасці) і суправаджаецца аслабленнем скарачэння мышцы ў выніку трансфармацыі частаты раздражнення. Працэс мае абарачальны характар: зніжэнне інтэнсіўнасці раздражнення аднаўляе мышачнае скарачэнне.

т. 12, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТРАТЭКТО́НІКА,

мікраструктурны (петраструктурны) аналіз горных парод; дысцыпліна на мяжы тэктонікі і петраграфіі, вывучае структуры дынамаметамарфізаваных парод (тэктанітаў), інтрузіўных масіваў і дэфармаваных асадкавых тоўшчаў. Распрацавана ням. вучоным Б.​Зандэрам у 1930. У шліфах пад мікраскопам у вял. колькасці зерняў аднаго або некалькіх мінералаў вымяраюць арыенціроўку іх спайнасці, аптычныя восі або інш. крышталеграфічныя элементы. Вынікі аналізу наносяць на стэрэаграфічную сетку. Атрыманыя дыяграмы дазваляюць вызначаць характар тэктанічных рухаў, што абумовілі дэфармацыі і метамарфізм горных парод.

т. 12, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАСТЫ́ЧНЫЯ МАСТА́ЦТВЫ, прасторавыя мастацтвы, прыгожыя мастацтвы,

паняцце, што аб’ядноўвае віды мастацтва, творы якіх існуюць у прасторы, не змяняюцца і не развіваюцца ў часе і ўспрымаюцца зрокам. Умоўна падзяляюцца на выяўленчыя мастацтвы і невыяўл. (тэктанічныя), дзе зрокава-прасторавыя формы не маюць, як правіла, аналогій у рэчаіснасці (архітэктура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, дызайн, мастацкае канструяванне). Асобны род П.м. — каліграфія. П.м. часта ўваходзяць у склад сінт. відаў мастацтва (тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва, кінамастацтва, тэлевізійнае мастацтва, медыямастацтва і інш.).

т. 12, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЮСЫ ГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ,

пункт перасячэння восі вярчэння Зямлі з зямной паверхняй. Адрозніваюць Паўночны полюс і Паўднёвы полюс. У полюсах зыходзяцца ўсе мерыдыяны зямныя (геаграфічныя). На П.г. няма звычайных кірункаў свету, няма падзелу на дні і ночы, таму што каля паўгода Сонца не апускаецца за гарызонт і каля паўгода не ўзыходзіць (гл. Палярны дзень, Палярная ноч). Яны перамяшчаюцца па зямной паверхні па складанай траекторыі, якая то закручваецца, то раскручваецца, не выходзячы з квадрата са стараной 26 м.

т. 12, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЁНЫ,

асаблівыя бялкі, якія выклікаюць пашкоджанне нерв. сістэмы чалавека і жывёл з развіццём губчастага перараджэння галаўнога мозга; выклікаюць павольныя інфекцыі (гл. Прыёнавыя хваробы). Апісаны С.Прузінерам. Маюць форму бялковых фібрыл даўж. 50—500 нм. Асаблівасць П. (як узбуджальнікаў хвароб) — адсутнасць у іх структуры нуклеінавых к-т, устойлівасць да кіпячэння, дзеяння пары спірту (70 °C), яны інертныя да рэчываў, якія разбураюць нуклеінавыя к-ты. Аднак П. адчувальныя да дзеяння рэчываў, што інактывуюць бялкі.

А.​А.​Астапаў.

т. 13, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭ́СПА (Prespa),

возера на З Балканскага паўвострава, на мяжы Македоніі, Албаніі і Грэцыі. Пл. 285 км². Глыб. 54 м. Знаходзіцца ў міжгорнай катлавіне каля паўн. краю гор Пінд, на выш. 853 м. Злучана пратокай з воз. Мікры-П. Мяркуецца, што падземны сцёк ідзе праз карставыя поласці ў воз. Ахрыдскае (16 км на ПнЗ ад П.). Штогадовыя ваганні ўзроўню 1,5—2 м. Рыбалоўства. На берагах П. — нац. паркі Галічыца (Македонія), Мікра-Прэспа (Грэцыя).

т. 13, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЦЭ́ВІЦКАЯ ГАРА́,

геамарфалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). За 150 м на Пн ад в. Пуцэвічы, паміж вёскамі Мітраполь і Грабнікі Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. Выш. да 321,9 м, даўж. 750 м, шыр. 600 м, пл. 0,85 км². П.г. — купалападобнае ўзняцце (гляцыякупал), што ўтварылася каля 220—150 тыс. г. назад паміж лопасцямі на краю ледавіка пры выцісканні супескаў ў вышэйляжачую тоўшчу пяску, пясчана-жвірова-галечных і марэнных адкладаў.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 13, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБОТАЗДО́ЛЬНАСЦЬ,

стан тэхн. вырабу (збудавання, канструкцыі, машыны), пры якім у дадзены момант часу яго асн. параметры, што характарызуюць здольнасць вырабу выконваць зададзеныя функцыі, знаходзяцца ў межах, устаноўленых патрабаваннямі нарматыўна-тэхн. дакументацыі. З работаздольнага стану выраб можа перайсці ў неработаздольны ў выніку адказу, аварыі і інш. Адказ вырабу адбываецца ў выніку выхаду са строю яго кампанентаў, разладжвання, разрэгулявання, разбурэння канструкцыі або змены яе структуры, уздзеяння перашкод і г.д. Здольнасць чалавека выконваць работу (працаваць) наз. працаздольнасцю.

т. 13, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІ́М,

легендарны родапачынальнік радзімічаў. Паводле летапісных паданняў, былі на «ляхах» два браты — Радзім і Вятка, якія прыйшлі са сваімі родамі і аселі: першы на Сажы, другі на Ацэ, ад іх і пайшлі радзімічы і вяцічы. На думку некат. даследчыкаў, слова «Р.» — скарочаная форма ад уласнага імя Радзімір, або Радзімер. Даследчык А.​І.​Папоў лічыў, што назва «радзімічы» належала першапачаткова дынастычнаму роду, а потым пашырылася на племянныя групы і землі, якія яны займалі.

т. 13, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗА́К для тэрмічнай рэзкі, прыстасаванне для падводу падагравальнага полымя і рэжучага струменя кіслароду ў зону рэзкі металу пры кіслароднай рэзцы, а таксама флюсу — пры кіслародна-флюсавай рэзцы; прыстасаванне, што падводзіць ток да электрода, падае ахоўны і рабочы газ у зону рэзкі пры плазменна-дугавой рэзцы; прыстасаванне для падводу току да электрода і падачы паветра ў зону рэзкі металу пры паветрана-дугавой рэзцы.

Разак для тэрмічнай (кіслароднай) рэзкі: 1 — кісларод; 2 — гаручы газ; 3 — гаручая сумесь.

т. 13, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)