МІ́ЛЕР Саламон Танхелевіч (22.12.1889, г. Кнышын Падляскага ваяв., Польшча — 1.9.1937),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. У рэвалюцыю 1905—07 камандзір атрада самаабароны ў Беластоку, потым у арміі. У 1910 арыштаваны за арганізацыю салдацкага бунту. З турмы ўцёк, эмігрыраваў у ЗША, дзе ўдзельнічаў у левым прафс. руху. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у Чырв. гвардыі, потым у Чырв. Арміі. З 1919 чл. РКП(б), заг. секцыі па рабоце сярод яўр. насельніцтва Смаленскага гаркома РКП(б). З 1921 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі, сакратар Беластоцкага акруговага к-та КПРП. Удзельнік 6-га кангрэса Камінтэрна. З 1923 чл. ЦК, з 1926 чл. Бюро ЦК КПЗБ. У 1932—33 узначальваў Краявы сакратарыят ЦК КПЗБ. З 1933 на парт. рабоце ў БССР, з 1936 — у Омскай вобл. Аўтар брашуры «Першыя гады Кампартыі Заходняй Беларусі» (1935, пад псеўд. І.​Р.​Валевіч). Скончыў самагубствам.

М.​С.​Сташкевіч.

т. 10, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́СКУСНАЯ ПАРО́ДА качак,

мяса-яечнага кірунку. Выведзена ў Паўд. і Цэнтр. Амерыцы ад дзікіх мясц. мускусных качак. Гадуюць у Еўропе, ЗША, Аўстраліі. На Беларусі наз. таксама бародаўчатымі, індакачкамі, шыпунамі; гадуюць пераважна аматары (з 1980-х г.).

Тулава падоўжанае, шырокае, грудзі глыбокія. Галава падоўжаная, з пукатым ілбом. Дзюба цялеснага або цёмна-ружовага колеру, з чорным канцом. Вакол вачэй і над асновай дзюбы скура голая, чырв., са складкамі і бародаўкамі, што выдзяляюць тлушч, які ў качараў у перыяд размнажэння пахне мускусам (адсюль назва). Крылы і хвост доўгія. Ногі кароткія, чорныя. Апярэнне чорнае з зялёным адлівам і белымі «люстэркамі» на крылах (або белымі крыламі), белае або стракатае.

Добра лётаюць; замест кракання шыпяць. Маса качараў 5—6 кг, качак 2,5—3 кг. Яйцаноскасць 70—120 яец за год, маса яйца 70—80 г. Жыццяздольнасць высокая. Мяса нятлустае, мяккае, з прысмакам дзічыны.

Мускусная парода качак (1 — качка; 2 — качар).

т. 11, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́ХА (Mucha) Альфонс (24.7.1860, Іванчыцы, Чэхія — 24.7.1939),

чэшскі графік, жывапісец, тэатр. мастак, майстар дэкар.-прыкладнога мастацтва; адзін з заснавальнікаў стылю мадэрн. Вучыўся ў Мюнхенскай АМ (1885—87), акадэміі Жуліяна ў Парыжы (1887). Працаваў у Чэхіі, Вене, Парыжы, ЗША. Прыдворны мастак графа Куэна (Маравія, 1881—85), выкладчык Маст. ін-та ў Чыкага (1904—09). Творчай манеры ўласцівы выкарыстанне матываў арабесак, спіралепадобны характар ліній, часам спалучэнне фальклорнасці з рысамі сімвалізму. Сярод твораў: манум. размалёўкі павільёна Босніі і Герцагавіны на Сусв. выстаўцы ў Парыжы (1900) і Дома сходаў у Празе (1910); карціна «Славія» (1908) і інш.; цыкл карцін «Славянская эпапея» (1910); дэкар. графічныя серыі «Поры года» (1896), «Кветкі» (1897), «Месяцы» (1899), «Зоркі» (1902); ілюстрацыі да кніг, у т. л. ўласных; дэкарацыі і афішы да спектакляў; дэкар. пано, эскізы ювелірных вырабаў, першых чэш. паштовых марак і банкнотаў і інш. Аўтар кн. «Дэкаратыўныя дакументы» (1902), «Дэкаратыўныя вобразы» (1905).

А.Муха. Славія. 1908.

т. 11, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІДЭРЛА́НДСКАЯ МО́ВА, галандская мова,

адна з германскіх моў (заходнегерманская падгрупа). Афіц. мова Нідэрландаў, адна з 2 (разам з франц.) афіц. моў Бельгіі. Пашырана таксама ў Вест-Індыі, ЗША. Асн. дыялектныя групы: паўн.-цэнтр. (паўд.-галандскія і утрэхцкія дыялекты), паўн.зах. (паўн.-галандскія), паўд.-цэнтр. (брабанцкія і ўсх.-фламандскія), паўд.-зах. (зах.-флам. і зеландскія), паўн.-ўсх. (саксонскія), паўд.-ўсх. (лімбургскія). У фанетыцы — глухія выбухныя зычныя p, t, k, дыфтонгі; націск сілавы, пераважна на каранёвым складзе. Паводле граматычнай будовы аналітычная. У словаўтварэнні пераважае словаскладанне. Сінтакс. адносіны выражаюцца пераважна парадкам слоў і прыназоўнікавымі канструкцыямі. Асновы адзінай нормы літ. мовы склаліся ў 17 ст. У пісьмовай і вуснай разнавіднасцях літ. мовы, а таксама паміж паўн. варыянтам (у Нідэрландах) і паўд. варыянтам (у Бельгіі) існуюць тэр. адрозненні. Пісьменства на аснове лац. графікі.

Літ.:

Миронов С.А. Нидерландский (голландский) язык. М., 1965;

Яго ж. История нидерландского литературного языка (IX—XVI вв.). М., 1986.

т. 11, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮ-ГЭ́МПШЫР.

Нью-Хэмпшыр (New Hampshire), штат на ПнУ ЗША. Пл. 24 тыс. км². Нас. 1173 тыс. чал. (1997). Адм. ц. — г. Конкард. Найб. гарады Манчэстэр, Нашуа. Большая ч. штата занята адгор’ямі Апалачаў (масіў Уайт-Маўнтынс, выш. да 1916 м — г. Вашынгтон), на ПдУ штата — берагавая нізіна. Клімат умераны, марскі. Т-ра паветра ад -5 °C, у студз. да 22 °C у ліп. Ападкаў каля 800—1000 мм за год. Гал. рэкі Канектыкут і Мерымак. Большая ч. тэр. пад лесам (хвоя, хемлак, дуб, бяроза). Прам-сць: маш.-буд. (электратэхн., электронная, вытв-сць прамысл. абсталявання), гарбарна-абутковая, тэкст., дрэваапр., цэлюлозна-папяровая. Лесанарыхтоўкі. Здабыча буд. матэрыялаў (граніт і інш.), каштоўных камянёў. Портсмут — цэнтр суднабудавання. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу; малочная жывёлагадоўля, птушкагадоўля. Вырошчваюць кармавыя травы, бульбу. Садоўніцтва і агародніцтва. Курортная гаспадарка, турызм і лыжны спорт (Уайт-Маўнтынс). Марское рыбалоўства. Транспарт аўтамаб. і чыгуначны.

т. 11, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́РТА, Арта,

Хорта (Horta) Віктар (6.1.1861, г. Гент, Бельгія — 8.9.1947), бельгійскі архітэктар; адзін са стваральнікаў стылю мадэрн. Вучыўся ў АМ у Генце (з 1876) і Бруселі (з 1880). Праф. Свабоднага ун-та ў Бруселі (1892—1912), АМ у Антверпене (1919—27) і Бруселі (1912—31, у 1927—31 дырэктар). З 1915 працаваў у Вялікабрытаніі, у 1916—19 у ЗША. Для пабудоў О. (пераважна асабнякі) характэрны свабода планіроўкі, падабенства канструкцый да прыродных форм, пластычнасць аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі, шырокае выкарыстанне металу і шкла, выяўленне іх дэкар. магчымасцей, стыліст. адзінства ўсіх элементаў збудавання. У дэкоры інтэр’ераў і фасадаў багата выкарыстоўваў расл. арнамент, увёў у стылістыку мадэрну гнуткую лінію — т. зв. ўдар О., ці ўдар бізуна. Сярод твораў: асабнякі Таселя (1892—93), Сольве (1895—1900), Нар. дом (1896—99) — усе ў Бруселі. У позняй творчасці перайшоў на пазіцыі неакласіцызму (Цэнтр. вакзал у Бруселі, 1953). Іл. гл. ад арт. Мадэрн.

т. 11, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ОЎТС (Oates) Джойс Кэрал (н. 16.6.1938, г. Локпарт, штат Нью-Йорк, ЗША),

амерыканская пісьменніца. Чл. Амер. акадэміі мастацтваў і л-ры. Скончыла Сіракузскі і Вісконсінскі ун-ты. З 1978 праф. Прынстанскага ун-та. Друкуецца з 1963. Першы значны раман «Сад радасцей зямных» (1967) створаны ў традыцыях рэаліст. сац. рамана 1930-х г. Далейшая яе творчасць адметная распрацоўкай актуальнай праблематыкі ў рамках сац.-аналіт. псіхал. апавяданняў (раманы «Іх жыцці», 1969; «Анёл свету», 1981; «Ты павінен памятаць пра гэта», 1987; «Амерыканскія апетыты», 1989, і інш.) і цікавасцю да дэфармаванай чалавечай псіхікі, праяў псіхапаталогіі (раманы «Забойцы», 1975; «Чайлдуорлд», 1976; «Бельфлёр», 1980; «Сонцастаянне», 1985; «Таму што гэта балюча, таму што гэта маё сэрца», 1990, і інш.). Аўтар зб-каў навел, вершаў, эсэ, крытычных артыкулаў.

Тв.:

Рус. пер. — Делай со мной, что захочешь. М., 1983;

Венец славы. М., 1986.

Літ.:

Писатели США. М., 1990.

Т.​Я.​Камароўская.

т. 11, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЕРЛС (Peierls) Рудольф Эрнст (5.6.1907, Берлін — 19.9.1995),

англійскі фізік-тэарэтык, адзін з заснавальнікаў квантавай тэорыі магнетызму. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1945). Замежны чл. Рас. АН (1988). Вучыўся ў Берлінскім, Мюнхенскім і Лейпцыгскім ун-тах. З 1933 у Вялікабрытаніі. З 1937 праф. Бірмінгемскага, з 1963 Оксфардскага ун-таў. У 1974—77 у Вашынгтонскім ун-це. Навук. працы па матэм. фізіцы, квантавай механіцы і электрадынаміцы, ядз. фізіцы, тэорыі цвёрдага цела. Выказаў ідэю дзірачнай праводнасці (1929; незалежна ад Я.І.Фрэнкеля). Распрацаваў квантавую тэорыю цеплаправоднасці ў неметал. асяроддзях (1931), агульную тэорыю дыямагнетызму ў металах, фармалізм тэорыі рассеяння (1959). Даў ацэнку крытычнай масы урану-235 (1940). Кіраваў тэарэт. даследаваннямі па раздзяленні ізатопаў урану (1943—46, ЗША). Прэмія імя Э.​Фермі 1980.

Тв.:

Рус. пер. — Квантовая теория твердых тел. М., 1956;

Законы природы 2 изд М., 1962;

Сюрпризы в теоретической физике. М., 1988.

М.​М.​Касцюковіч.

т. 11, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЛЬМЕ (Palme) Свен Улаф (30.1.1927, Стакгольм — 28.2.1986),

шведскі паліт. і дзярж. дзеяч. Юрыст. Скончыў Стакгольмскі ун-т (1951). З жн. 1944 журналіст у цэнтр. органе Кансерватыўнай партыі газ. «Svenska Dagbladet» («Шведская дзённая газета»). З 1953 асабісты сакратар прэм’ер-міністра Швецыі Т.Эрландэра. З 1958 дэп. парламента. З 1963 міністр-кансультант, з 1965 міністр камунікацый, з 1967 міністр асветы і культуры. З 1969 старшыня швед. С.-д. рабочай партыі. У 1969—76 прэм’ер-міністр Швецыі. Працягваў рэфарматарскі курс Эрландэра, выступаў за спыненне вайны ЗША у В’етнаме. У 1979—80 старшыня Паўн. савета. З вер. 1980 узначальваў створаную ім міжнар. няўрадавую «Незалежную камісію па раззбраенні і бяспецы» («Камісія П.»), якая распрацавала прапановы па стварэнні бяз’ядзернай зоны ў Цэнтр. Еўропе і шэраг інш. рэкамендацый для ААН. З 1982 зноў прэм’ер-міністр Швецыі. Застрэлены ў Стакгольме невядомым забойцам.

Літ.:

Похлебкин В.В. Олоф Пальме // Вопр. истории. 1990. № 7.

С.У.Пальме.

т. 12, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНТЭКО́РВА Бруна Максімавіч (22.8.1913, г. Піза, Італія — 26.9.1993),

расійскі фізік, адзін з пачынальнікаў эксперым. даследаванняў нейтрына. Акад. АН СССР (1964; чл.-кар. 1958). Скончыў Рымскі ун-т (1933), дзе працаваў пад кіраўніцтвам Э.Фермі. З 1936 у н.-д. установах Францыі, ЗША, Канады і Англіі. З 1950 у Ін-це ядз. праблем АН СССР, з 1956 у Аб’яднаным ін-це ядз. даследаванняў (г. Дубна). Навук. працы па ядз. фізіцы, фізіцы высокіх энергій, фізіцы нейтрына і астрафізіцы. Выканаў даследаванні па нейтроннай фізіцы і прапанаваў метад нейтроннага каратажу для пошукаў нафты (1941). Заклаў асновы радыехім. метаду рэгістрацыі сонечных нейтрына (1946). Выказаў гіпотэзу аб магчымасці асцыляцый нейтрына (1957—58). Прапанаваў эксперымент на паскаральніках пратонаў па пошуку адрознення мюоннага нейтрына ад электроннага (1959). Даследаваў ролю нейтрына ў працэсах эвалюцыі зорак, што спрыяла стварэнню нейтрыннай астрафізікі. Ленінская прэмія 1963. Дзярж. прэмія СССР 1954.

Тв.:

Нейтрино. М., 1966.

І.​С.​Сацункевіч.

Б.М.Пантэкорва.

т. 12, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)