АЛЬМА́НЫ,

вёска ў Беларусі, у Стружскім с/с Столінскага р-на Брэсцкай вобл. Цэнтр калгаса «Беларусь». За 21 км ад Століна, 266 км ад Брэста, 28 км ад чыг. ст. Гарынь. 1264 ж., 372 двары (1995). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Магілы ахвяр фашызму. Каля Альманаў стаянкі эпохі неаліту.

т. 1, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬПІ́ЙСКІ РЭЛЬЕ́Ф,

тып рэльефу высакагор’яў, якія ляжаць вышэй за снегавую лінію ці зведалі зледзяненне ў плейстацэне. Пашыраны ў Альпах, Гімалаях, на Каўказе, Паміры, Цянь-Шані і інш. Характэрны востраканечныя вяршыні і вострыя грабяні, глыбокае расчляненне, стромкія схілы, скалістасць, ледавіковыя формы рэльефу (кары, цыркі, трогі, карлінгі і інш.). Адбываюцца актыўныя працэсы снегавой і ледавіковай эрозіі.

т. 1, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДР I ГЕО́РГІЕВІЧ (? — 1511),

цар Кахетыі [1492—1511]. У пошуках саюзнікаў у барацьбе супраць пагрозы тур. і іран. набегаў на Кахетыю аднавіў сувязі груз. зямель з Рус. дзяржавай. На пач. 16 ст. стаў васалам іран. шаха Ісмаіла I. Забіты ўласным сынам Гіоргі ў выніку інтрыг, звязаных з барацьбой за Грузію паміж Турцыяй і Іранам.

т. 1, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ГІС IV (каля 262—241 да н.э.),

цар Спарты [245—241 да н.э.]. Правёў шэраг рэформаў для паляпшэння становішча грамадзян (касацыя даўгоў, перадзел зямлі, павелічэнне колькасці паўнапраўных грамадзян за кошт перыэкаў) і аднаўлення ваен. моцы дзяржавы. Разагнаў эфораў, адкрыў даўгавыя турмы і спаліў даўгавыя дакументы. Абвінавачаны ў імкненні да тыраніі і пакараны смерцю.

т. 1, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДА́М (стараж.-яўр. чалавек),

у Бібліі і Каране першы чалавек, прабацька ўсіх людзей, якога стварыў Бог па сваім падабенстве і пасяліў з Евай у раі, адкуль яны былі выгнаны за грэхападзенне. Паводле падання, пражыў 930 гадоў і быў пахаваны на Галгофе на тым месцы, дзе пазней быў распяты на крыжы Ісус Хрыстос.

т. 1, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДАМО́ВА,

вёска ў Беларусі, у Сакаўшчынскім с/с Валожынскага р-на Мінскай вобл. Цэнтр калгаса імя І.​Д.​Чарняхоўскага. За 20 км на З ад Валожына, 100 км ад Мінска, 14 км ад чыг. ст. Багданаў, 2 км ад шашы Мінск—Гродна. 255 ж., 93 двары (1995). Базавая школа, б-ка, Дом культуры, аддз. сувязі.

т. 1, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДА́ХАЎШЧЫНА,

вёска ў Беларусі, у Навасёлкаўскім с/с Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл., на р. Шчара. Цэнтр калгаса «Адахаўшчына». За 23 км на Пн ад г. Ляхавічы, 211 км ад Брэста, 10 км ад чыг. ст. Баранавічы. 267 ж., 102 двары (1995). Цэхі па вырабе скур, швейны, сталярны. Школа-сад, клуб, бібліятэка.

т. 1, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЛУЧЭ́ННЕ ад царквы,

выключэнне з рэлігійнай абшчыны асоб за тое, што адмаўляюць Бога, не шануюць Маці Божую, святыя абразы. Выкарыстоўваецца як мера царк. пакарання ў праваслаўі, каталіцызме, іудаізме і некаторых інш. рэлігіях. Кананічнае права адрознівала вялікае адлучэнне, урачыстае (анафема) і малое (часовае, якое «вылечвае»). У сучасных умовах назіраюцца тэндэнцыі да адмаўлення ад такога пакарання.

т. 1, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЭНАКАРЦЫНО́МА (ад адэна... + грэч. karkiōma пухліна),

залозісты рак, злаякасная пухліна, якая можа развівацца з залозістага эпітэлію. Гісталагічна выяўляюцца ўнутрыклетачныя парушэнні ядзерна-плазматычных суадносін (павелічэнне ядра), полімарфізм клетак і інш. Характарызуецца інвазіўным ростам — за межы базальнай мембраны, без пэўнай мяжы. Найб. частыя адэнакарцынома малочнай залозы, страўніка, кішэчніка. Лячэнне камбінаванае: хіміка-прамянёвая тэрапія і хурургічнае.

т. 1, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗА́РЫЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Валішчанскім с/с Пінскага р-на Брэсцкай вобл. Цэнтр калгаса «Рассвет». За 44 км на ПнЗ ад Пінска, 232 км ад Брэста, 45 км ад чыг. ст. Пінск, 0,5 км ад шашы Пінск—Івацэвічы. 905 ж., 305 двароў (1995). Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму.

т. 1, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)