КА́МЕНЬ,

група стаянак эпохі неаліту і бронзавага веку каля в. Камень Пінскага р-на Брэсцкай вобл. На 2 стаянках выяўлены рэшткі наземных жытлаў, агнішчаў, абкладзеных камянямі, пахаванне. Знойдзена вял. колькасць апрацаваных крамянёў, у т. л. прылад працы (скрэблы, разцы, вастрыі, адбойнікі, сякеры і інш.), вырабаў з косці і рогу (сякеры, цёслы, долаты, рыбалоўныя кручкі, клінкі, наканечнікі, падвескі і інш.), каменныя шліфавальныя пліткі і цёрачнікі, некалькі вырабаў з медзі і бронзы, шмат абломкаў арнаментаваных ляпных гліняных пасудзін нёманскай культуры, шнуравой керамікі культуры і тшцінецкай культуры.

т. 7, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНАВА́ЛЕНКА (Уладзімір Ануфрыевіч) (22.4.1917, в. Скрэбні Віцебскага р-на — 22.3.1944),

Герой Сав. Саюза (1943). У Чырв. Арміі з 1937. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. Скончыў Сухумскае ваен.-пях. вучылішча (1941). У Вял. Айч. вайну на фронце са студз. 1942. Удзельнік Сталінградскай і Курскай бітваў. Камандзір палка маёр К. вызначыўся ў 1943 пры вызваленні Чарнігаўшчыны і Палесся: полк пад камандаваннем К. першы фарсіраваў р. Сейм, авалодаў чыг. ст. Бахмач, фарсіраваў Дзясну, Дняпро, Прыпяць; 23.9.1943 адбіў 8 контратак, знішчыў шмат жывой сілы і тэхнікі праціўніка. К. памёр ад ран у баі.

У.А.Канаваленка.

т. 7, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́ЙСКІ АРХІПЕЛА́Г,

аб’ядноўвае прыблізна 3,5 тыс. астравоў і скал у Жоўтым м. і пралівах Карэйскім і Чэджу, каля паўд. і паўд.-зах. берагоў Карэйскага п-ва. Найб. а-вы Каджэдо, Намхэдо, Чындо (Рэспубліка Карэя); пл. 300 км² і больш. Берагі моцна парэзаныя, шмат бухтаў. У рэльефе пераважаюць узгоркі і нізкагор’і. Выш. да 786 м (на в-ве Намхэдо). Клімат субтрапічны мусонны. Вечназялёныя лясы і хмызнякі. Прылівы (да 3 м) ствараюць паміж астравамі магутныя прыліўна-адліўныя цячэнні (да 17 км/гадз), што перашкаджае мараплаванню. Рыбалоўства, лоў малюскаў.

т. 8, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАСЦЕ́ША»,

прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся больш за 200 родаў у Беларусі, на Украіне, у Літве і Польшчы, у т. л. Барэйкі, Верашчакі, Дарагастайскія, Дольскія, Пілсудскія, Сланчэўскія, Статкевічы, Хадкевічы, Шымковічы. У Польшчы вядомы з пач. 14 ст., у ВКЛ — з 15 ст. На чырв. фоне выява стралы, накіраванай угору і перакрыжаванай пасярэдзіне, з раздвоеным канцом. Клейнод — над прылбіцай з шляхецкай каронай 3 страусавыя пёры. Існуе шмат варыянтаў герба: страла з двума перакрыжаваннямі або без іх, з шасціпрамянёвымі зоркамі па баках і інш.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 8, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЕ́ЛЬ Апанас, бел. пісьменнік сярэдзіны 19 ст. Паводле некаторых звестак, пісаў вершы і апавяданні на магілёўскіх гаворках. Яму прыпісваюць аўтарства твора-брашуры «Бяседа старога вольніка з новымі пра іхняе дзела» (выдадзена ананімна ў 1861). У форме гутаркі з урадавых пазіцый тонам сял. добразычліўца аўтар імкнуўся растлумачыць значэнне царскай рэформы як сродку вызвалення ад прыгону, заклікаў сялян прыхільна ставіцца да яе. Нягледзячы на тэндэнцыйнасць, у творы адлюстраваны рэальныя рысы той гіст. эпохі, незадаволенасць сялян грабежніцкай рэформай. У творы шмат прыкладаў са стараж. гісторыі, мова жывая, насычаная фразеалагізмамі.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 8, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЎСКІ БОЙ 1942,

бой паміж партызанамі брыгады імя Варашылава Мінскай вобл. і карнай экспедыцыяй ням.-фаш. захопнікаў каля Лаўскага лесу ў Капыльскім р-не 3 снеж. ў Вял. Айч. вайну. Гітлераўцы кінулі супраць партызан 7 тыс. карнікаў з танкамі, бронемашынамі, артылерыяй. Засада з 18 партызан (камандзір В.І.Драздовіч; усе загінулі) каля в. Клецішча за 4 гадз адбіла 8 атак, знішчыла шмат жывой сілы ворага. За гэты час брыгада эвакуіравала шпіталь і арганізавана ўступіла ў бой, які працягваўся ўвесь дзень; уначы партызаны выйшлі з акружэння. На магіле загінуўшых партызан каля Клецішча пастаўлены помнік.

т. 9, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯ́ДСКІ БОЙ 1943.

Адбыўся паміж партызанскім атрадам «Камсамол» (камандзір П.​С.​Вараб’ёў) 1-й Мінскай партыз. брыгады і гарнізонам ням.-фаш. захопнікаў у в. Ляды Смалявіцкага р-на 28 лют. ў Вял. Айч. вайну. Узяты ў палон нач. каравула лядскага гарнізона згадзіўся правесці партызан у вёску. У ноч на 28 лют. адна група партызан нейтралізавала вартавых і акружыла каравульнае памяшканне, другая бясшумна пранікла ў казарму і авалодала зброяй праціўніка. Праз паўгадзіны супраціўленне ворага было зламана. Партызаны захапілі шмат зброі і боепрыпасаў.

У.​С.​Пасэ.

т. 9, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСА́ДА (стараж.-яўр.),

старажытнаіудзейская крэпасць каля паўд. берага Мёртвага мора ў Ізраілі. Засн. ў канцы 2 ст. да н.э. Пры Ірадзе I (73—4 да н.э.) пабудаваны палацавы комплекс і дадатковыя ўмацаванні. М. была апошняй апорай паўстанцаў у час Іудзейскай вайны 66—73. Пры раскопках у 1963—65 знойдзена шмат рэчаў матэрыяльнай культуры, у т. л. рымскія і іудзейскія манеты, гліняныя чарапкі з надпісамі фарбай, папірусы і надпісы на скуры, на якіх змешчаны гасп. запісы, пісьмы, літ.-рэліг. тэксты на стараж.-яўр., арамейскай і грэч. мовах.

т. 10, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НІН (Якаў Кірэевіч) (22.4.1922, в. Шарсцін Веткаўскага р-на Гомельскай вобл. — 15.6.1985),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Тамбоўскую лётную школу (1942), школу вышэйшай лётнай падрыхтоўкі (1945, 1960). У Вял. Айч. вайну з 1942 на Паўн.-Зах., Калінінскім, Варонежскім, Сцяпным, 2-м Укр. франтах. Лётчык-штурмавік лейтэнант М. зрабіў 104 баявыя вылеты, удзельнічаў у 19 паветр. баях, асабіста збіў 3 самалёты, знішчыў шмат баявой тэхнікі і ўмацаванняў ворага. Да 1978 у грамадз. паветр. флоце. У 1960 у складзе экіпажа самалёта ТУ-104Е устанавіў 6 сусв. рэкордаў.

Я.К.Мінін.

т. 10, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯШЧО́РСКАЯ НІЗІ́НА, Мяшчора. У цэнтр. ч. Усх.-Еўрап. раўніны, паміж рэкамі Клязьма (на Пн), Масква (на ПдЗ), Ака (на Пд), Судагда і Колп (на У), у межах Маскоўскай, Уладзімірскай і Разанскай абл. Расіі. Алювіяльна-зандравая плоская раўніна (выш. 80—130 м на Пд, 120—130 м на Пн). Складзена з водна-ледавіковых і рачных пяскоў і суглінкаў. Рэкі — Бужа, Цна, Поля, Гусь, Пра і інш. Шмат азёр (Шатурскія, Спас-Клепікаўскія) і балот (Шатурскія, Тугалескі Бор, Гусеўскія і інш.). Мяшаныя лясы, на пясках — хваёвыя бары, па далінах рэк — лугі. Характэрны ландшафты аполляў.

т. 11, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)