ПРЫЁНЫ,
асаблівыя бялкі, якія выклікаюць пашкоджанне нерв. сістэмы чалавека і жывёл з развіццём губчастага перараджэння галаўнога мозга; выклікаюць павольныя інфекцыі (гл. Прыёнавыя хваробы). Апісаны С.Прузінерам. Маюць форму бялковых фібрыл даўж. 50—500 нм. Асаблівасць П. (як узбуджальнікаў хвароб) — адсутнасць у іх структуры нуклеінавых к-т, устойлівасць да кіпячэння, дзеяння пары спірту (70 °C), яны інертныя да рэчываў, якія разбураюць нуклеінавыя к-ты. Аднак П. адчувальныя да дзеяння рэчываў, што інактывуюць бялкі.
А.А.Астапаў.
т. 13, с. 66
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСЛІ́НЫ-ПАРАЗІ́ТЫ, паразітныя расліны,
расліны, якія поўнасцю жывяцца пажыўнымі рэчывамі жывых арганізмаў. Грыбы, водарасці і бактэрыі паразітуюць на раслінах, жывёлах і чалавеку, часта з’яўляюцца ўзбуджальнікамі інфекц. хвароб. Кветкавыя Р.-п. паразітуюць пераважна на вышэйшых раслінах. Не маюць зялёнага лісця і каранёў (рэдукаваны ў вырасты-прысоскі). З дапамогай прысоскаў яны пранікаюць у расліну-гаспадара і жывяцца гатовымі арган. рэчывамі. На Беларусі вядомы віды з родаў заразіха, павітуха, таемнік. Гл. таксама Паразітызм.
І.В.Чыкілеўская.
т. 13, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЦІНО́Л, вітамін A,
растваральны ў тлушчах вітамін, C20H30O. У арганізме жывёл і чалавека ўтвараецца з караціну, які паступае з ежай. Назапашваецца гал. чынам у печані (асабліва ў печані марскіх жывёл, рыб).
Недахоп Р. (або правітамінаў A) у ежы вядзе да хвароб вачэй, затрымкі росту маладых арганізмаў; лішак — да парушэнняў абмену рэчываў (гл. Гіпервітамінозы). Р. удзельнічае ў біяхім. працэсах. Сутачная патрэба ў Р. дарослага чалавека — 0,4—0,7 мг, дзіцяці — 1 мг Выкарыстоўваецца ў медыцыне.
т. 14, с. 34
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРАПРАФІЛА́КТЫКА (ад лац. serum сываратка + прафілактыка),
увядзенне ў арганізм антыцел супраць мікраарганізмаў або іх таксінаў для прафілактыкі інфекц. хвароб. Пры С. ўводзяць імунаглабуліны, імунныя сывараткі, у выніку ўзнікае пасіўны імунітэт (да 2—4 тыдняў). Ужываюць пры высокай рызыцы заражэння з мэтай прадухілення батулізму, слупняку, дыфтэрыі, сібірскай язвы і інш. Эфектыўнасць С. тым большая, чым раней яна праведзена. Калі пасля С. чалавек захварэў, хвароба працякае менш цяжка, радзей узнікаюць ускладненні і інш.
І.М.Семяненя.
т. 14, с. 343
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРЫ́ПАВА Ларыса Віктараўна (н. 30.5.1946, г. Кызыл, Расія),
бел. вучоны ў галіне паразіталогіі. Д-р біял. навук (1997). Скончыла Кызыльскі ун-т (1973). З 1986 у Бел. НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі. Навук. працы па пытаннях паразіталогіі і паразітарных хвароб.
Тв.:
Выявление очагов описторхоза в Белоруссии (у сааўт.) // Мед. паразитология и паразитарные болезни. 1991. №3;
Роль системы коммунального водоснабжения в распространении лямблиоза (разам з М.А.Раманенкам, Г.І.Навасільцавым) // Здравоохранение Беларуси. 1993. №3.
т. 14, с. 472
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУДЖА́ЕЎ Георгій Аляксандравіч (н. 18.10.1919, г. Астрахань, Расія),
бел. вучоны ў галіне эпідэміялогіі. Д-р мед. н. (1973). Бацька С.Г.Суджаевай. Скончыў Мінскі мед. ін-т (1945). З 1945 у проціэпідэмічных установах Мінска. З 1960 у БелНДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі. З 1971 у Бел. рэсп. сан.-эпідэміял. станцыі. Навук. працы па гігіене, эпідэміялогіі, мікрабіялогіі інфекц. хвароб.
Тв.:
Об эпидемиологическом значении бактерионосительства на разных этапах борьбы с дифтерией в Белоруссии // Здравоохранение Белоруссии. 1964. № 5.
т. 15, с. 250
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАЗА́НАЎ Майсей Анісімавіч (22.2.1887, Вільня — 21.12.1964),
бел. вучоны ў галіне неўрапаталогіі. Д-р мед. н. (1934), праф. (1933). Скончыў Бернскі ун-т (1913). З 1924 у клініцы нерв. хвароб Мінскага мед. ін-та. З 1934 у Віцебскім мед. ін-це (дырэктар, адначасова заг. кафедры). З 1944 у Мінскім мед. ін-це (заг. кафедры). Навук. працы па этыялогіі, патагенезе, лячэнні поліяміэліту, эпідэміялогіі і клініцы энцэфалітаў, нейратаксікозаў і інш.
Літ.:
М.А.Хазанов // Здравоохранение Белоруссии. 1965. № 3.
т. 16, с. 521
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІМІЗА́ЦЫЯ СЕ́ЛЬСКАЙ ГАСПАДА́РКІ,
укараненне хім. матэрыялаў і хім. метадаў апрацоўкі ў с.-г. вытв-сць. Асн. кірункі Х.с.г.: выкарыстанне ўгнаенняў, хім. сродкаў аховы раслін і жывёл ад шкоднікаў, хвароб і пустазелля; хім. прадуктаў у жывёлагадоўлі, кансерваванні с.-г. прадуктаў і расл. кармоў; сінт. матэрыялаў у меліярацыі і с.-г. буд-ве, хімічная меліярацыя глеб і інш. Гл. таксама Хімізацыя.
Літ.:
Кузина К.И., Фокина В.Д., Покровская С.Ф. Химизация, окружаюшая среда и качество продукции. М., 1982.
т. 17, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЧАПО́ЎСКІ Ян (1800, в. Пацейкі Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. — 7.3.1871),
бел. і польскі вучоны-медык. Д-р медыцыны (1824). Скончыў Віленскі ун-т. З 1826 працаваў у Варшаве ўрачом, з 1842 урачом у дэпартаменце сената Польшчы, ардынатарам у Евангелічным шпіталі. Даследаваў і прапанаваў новы спосаб лячэння эпілепсіі (1839), член камісіі па вывучэнні эпілепсіі. Прапанаваў спосабы лячэння рэўматычных хвароб ёдазмяшчальнымі вадкасцямі. З 1839 нам. рэдактара мед. часопіса ў Варшаве.
Л.В.Кірыленка.
т. 18, кн. 1, с. 339
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРТЭРМІ́Я (ад гіпер... + грэч. thermē цяпло), пераграванне,
намнажэнне цяпла ў арганізме цеплакроўных жывёл і чалавека ў выніку перавышэння цеплапрадукцыі над цеплааддачай. Пры выяўленым напружанні фізіял. механізмаў тэрмарэгуляцыі (потавыдзяленне, расшырэнне скурных сасудаў і інш.) гіпертэрмія суправаджаецца ўзмацненнем і якаснымі парушэннямі абмену рэчываў, стратай вільгаці і солей, парушэннем кровазвароту і забеспячэння мозга кіслародам, што выклікае ўзбуджэнне, зрэдку сутаргі і непрытомнасць. Пры тэмпературы цела 41—42 °C можа здарыцца цеплавы ўдар. Штучная гіпертэрмія выкарыстоўваецца пры лячэнні некаторых нервовых і хранічных хвароб.
т. 5, с. 258
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)