З’ЕЗД НАРОДНЫХ ДЭПУТА́ТАЎ СССР, вышэйшы орган дзярж. улады ў СССР у 1989—91. Склікаўся 1 раз у год. Праведзена 5 з’ездаў, у т. л. 2 нечарговыя. На з’езд выбіралі 2250 дэп.: ад тэр. выбарчых акруг з роўнай колькасцю выбаршчыкаў 750, нац.-тэр. — 750, ад кожнай суверэннай рэспублікі — 32, аўт. — 11, аўт. вобласці — 5, аўт. акругі — 1; ад грамадскіх арг-цый —750 дэп. Дэпутаты разглядалі канстытуцыйныя, паліт., сац. і эканам. пытанні, выбіралі Вярхоўны Савет СССР, Прэзідэнта і віцэ-прэзідэнта СССР, Старшыню Вярх. Савета СССР і яго 1-га намесніка, К-т канстытуцыйнага нагляду СССР; зацвярджалі Старшыню Вярх. суда СССР, Ген. пракурора СССР, Старшыню Вышэйшага арбітражнага суда СССР; прымалі рашэнні аб правядзенні ўсенар. галасавання (рэферэндуму). З’езд меў права адмяніць акты Вярх. Савета СССР. Акты з’езда (законы СССР і пастановы) прымаліся большасцю галасоў. На 3-м з’ездзе (15.3.1990) Прэзідэнтам СССР абраны М.С.Гарбачоў; з Канстытуцыі СССР скасаваны 6-ы арт. пра кіруючую ролю КПСС і аднапарт. сістэму. Апошні нечарговы з’езд (вер. 1991) аб’явіў пераходны перыяд для фарміравання новай сістэмы дзярж. улады. У снеж. 1991 у сувязі з дэнансацыяй Дагавора 1922 аб утварэнні СССР і стварэннем Садружнасці Незалежных Дзяржаў саюзныя органы ўлады спынілі сваю дзейнасць.
т. 7, с. 50
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Банк доўгатэрміновага крэдытавання прамысловасці і электрагаспадаркі, гл. Будбанк СССР
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Беларускае аддзяленне Таварыства «СССР—Францыя» 10/635; 12/673
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАФЕ́ЕЎ (Эдуард Васілевіч) (н. 2.6.1942, г. Краснаярск, Расія),
бел. і рас. спартсмен і трэнер па футболу. Майстар спорту СССР міжнар. класа (1966), засл. майстар спорту СССР (1967). Засл. трэнер СССР (1989), засл. трэнер Беларусі (1979). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1972), Вышэйшую школу трэнераў (1977, Масква). У 1963—72 у мінскім «Дынама». У складзе зборнай каманды СССР (з 1963) бронз. прызёр чэмпіянату свету (1966, Лондан), сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы (1964, Мадрыд). У складзе каманды «Дынама» (Мінск) бронз. прызёр чэмпіянату СССР (1963), фіналіст Кубка СССР (1965). З 1972 на трэнерскай рабоце. Пад яго кіраўніцтвам каманда мінскага «Дынама» — чэмпіён СССР (1982), бронз. прызёр чэмпіянату СССР (1983). З 1983 ст. трэнер алімп. зборнай каманды СССР па футболе, з 1991 трэнер у рас. футбольных клубах.
т. 10, с. 13
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІМ (Максім Паўлавіч) (25.5.1908, пас. Пуцілаўка Усурыйскага р-на Прыморскага краю, Расія — 11.6.1996),
савецкі гісторык. Акад. АН СССР (1979), чл.-кар. з 1960, д-р гіст. н. (1946). Скончыў Маскоўскі ін-т гісторыі, філасофіі і л-ры (1934). Да 1951 выкладаў у ВНУ Масквы. З 1951 у Ін-це гісторыі АН СССР. Заснавальнік і першы рэдактар (1956—60) час. «История СССР». З 1959 старшыня навук. савета АН СССР па праблеме «Гісторыя сацыяліст. і камуніст. будаўніцтва ў СССР». У 1982 першы з сав. гісторыкаў заявіў пра нявырашанасць нац. пытання ў СССР. Асн. працы па гісторыі культуры і культ. рэвалюцыі ў СССР. Аўтар кн. «Праблемы тэорыі і гісторыі рэальнага сацыялізму» (1983). Пад яго рэдакцыяй выдадзена хроніка «Культурнае жыццё ў СССР» (1975—81). Дзярж. прэмія СССР 1986.
т. 8, с. 260
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШЫ́НСКІ (Андрэй Януаравіч) (10.12.1883, г. Адэса, Украіна — 22.11.1954),
савецкі дзярж. дзеяч, дыпламат, юрыст. Акад. АН СССР (1939). Скончыў Кіеўскі ун-т (1913). З 1915 на юрыд. і адм. рабоце. З 1931 у органах пракуратуры РСФСР. У 1935—39 ген. пракурор СССР. У 1937—41 дырэктар Ін-та права АН СССР, у 1939—44 нам. старшыні СНК СССР, у 1940—49 нам. міністра. У 1949—53 міністр замежных спраў СССР. У 1953—54 пастаянны прадстаўнік СССР у ААН. Дзярж. абвінаваўца на многіх фальсіфікаваных працэсах 1930-х г. у СССР. Дэп. Вярх. Савета СССР з 1937. Тэарэт. палажэнні, выкладзеныя ў яго работах (прызнанне абвінавачанага як гал. доказ віны), былі накіраваны на абгрунтаванне грубых парушэнняў законнасці, масавых рэпрэсій.
Літ.:
Инквизитор: Сталинский прокурор Вышинский. М., 1992.
т. 4, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́Т НАРО́ДНЫХ КАМІСА́РАЎ, Саўнарком,
СНК, вышэйшы выканаўчы і распарадчы орган дзярж. улады СССР — урад Савецкай дзяржавы. Упершыню абраны ў час Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 на 2-м Усерас. з’ездзе Саветаў 8.11.1917 як рабочы і сял. ўрад Расійскай Савецкай Рэспублікі. Паводле канстытуцыі 1918 наз. СНК РСФСР. У сувязі са стварэннем Саюза ССР у снеж. 1922 быў створаны саюзны ўрад — СНК СССР (зацверджаны на 2-й сесіі ЦВК СССР у ліп. 1923). Законам ад 15.3.1946 СНК СССР пераўтвораны ў Савет Міністраў СССР.
Старшынямі СНК СССР былі: У.І.Ульянаў (Ленін) (з 8.11.1917 старшыня СНК РСФСР, 6.7.1923—21.1.1924 — старшыня СНК СССР); А.І.Рыкаў (2.2.1924—19.12.1930), В.М.Молатаў (19.12.1930—6.5.1941), І.В.Сталін (6.5.1941—15.3.1946).
Літ.:
Нелидов А.А. История государственных учреждений СССР, 1917—1936 гг. М., 1962;
Первое советское правительство, окт. 1917 — июль 1918. М., 1991.
т. 14, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЗНЯСЕ́НСКІ (Мікалай Аляксеевіч) (1.12.1903, в. Цёплае Тульскай вобл., Расія — 30.9.1950),
савецкі дзярж. і парт. дзеяч. Акад. АН СССР (1943). Скончыў Камуністычны ун-т імя Свярдлова (1924). У 1938—41, 1942—49 старшыня Дзяржплана СССР. З 1939 нам. старшыні СНК (з 1946 — СМ) СССР. У Вял. Айч. вайну чл. Дзярж. к-та абароны. Чл. ЦК КПСС з 1939. Чл. Палітбюро з 1947 (канд. з 1941). Дэп. Вярх. Савета СССР з 1946. Аўтар кн. «Ваенная эканоміка СССР у перыяд Айчыннай вайны» (1947). Дзярж. прэмія СССР 1948. Рэпрэсіраваны па т.зв. Ленінградскай справе.
т. 3, с. 449
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРА́БІН (Георгій Канстанцінавіч) (17.9.1917, С.-Пецярбург — 26.3.1998),
расійскі мікрабіёлаг і біяхімік. Акад. АН СССР (1979, чл.-кар. 1968). Сын К.А.Скрабіна. Скончыў Казанскі вет. ін-т (1942). З 1949 у Ін-це мікрабіялогіі АН СССР. З 1967 дырэктар Ін-та біяхіміі і фізіялогіі мікраарганізмаў АН СССР. У 1967—74 дырэктар Навук. цэнтра біял. даследаванняў АН СССР у г. Пушчына. У 1971—88 гал. вучоны сакратар прэзідыума АН СССР. Навук. працы ў галіне агульнай і тэхн. мікрабіялогіі і біяхіміі мікраарганізмаў. Дзярж. прэмія СССР 1971. Залаты медаль імя І.І.Мечнікава 1984.
т. 14, с. 470
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́КУЛЕЎ (Аляксандр Мікалаевіч) (7.12.1890, в. Нявенікаўская Кіраўскай вобл., Расія — 31.3.1967),
рускі хірург. Акад. АН СССР (1958), акад. АМН СССР (1948). Герой Сац. Працы (1960). Скончыў Саратаўскі ун-т (1915). Працаваў у ВНУ і НДІ Масквы, Саратава. У 1953—60 прэзідэнт АМН СССР, адначасова (з 1953) дырэктар Ін-та сардэчна-сасудзістай хірургіі АМН СССР. Заснавальнік лёгачнай хірургіі ў СССР. Распрацаваў метады кансерватыўнага лячэння абсцэсаў мозга, зандзіравання і кантрастнага даследавання сэрца і сасудаў, электрастымуляцыі пры папярочных блакадах сэрца, прапанаваў выкарыстанне рэнтгенакантрастных рэчываў пры даследаванні нырак. Першы ў СССР правёў аперацыі па выдаленні лёгкага (1945) і з прычыны прыроджанага пароку сэрца (1948). Ленінская прэмія 1957. Дзярж. прэмія СССР 1949.
Літ.:
А.Н.Бакулев. М., 1963.
т. 2, с. 234
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)