ЛЕГІТЫМА́ЦЫЯ (ад лац. legitimus законны),

прызнанне або пацвярджэнне законнасці якога-н. права, паўнамоцтваў.

т. 9, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫПЛАМАТЫ́ЧНЫ АКТ,

дзеянне або заява органаў знешніх зносін і службовых асоб суб’ектаў міжнар. права, якія цягнуць за сабой міжнар.-паліт. або прававыя вынікі. Міжнар. практыка выпрацавала разнастайныя Д.а. (устанаўленне дыпламат. адносін, уручэнне даверчых грамат, заявы з выкладаннем пазіцыі і да т.п.). Іх выкарыстанне вызначаецца міжнар. звычаямі і пагадненнямі, пратакольнымі правіламі і нормамі ўнутрыдзярж. права па пытаннях дыпламат. службы. Пад Д.а. разумеюцца таксама пісьмовыя дыпламат. дакументы (дагавор міжнародны, нота, мемарандум і інш.).

т. 6, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫ ЗВЫ́ЧАЙ,

правіла, якое склалася ў выніку працяглага выкарыстання ў адносінах паміж многімі або некаторымі дзяржавамі, але не замацаванае ў міжнар. дагаворах. З’яўляецца крыніцай права ў тых выпадках, калі адносіны не адрэгуляваны дагаворам міжнародным. Неабходнай умовай прызнання М.з. крыніцай права з’яўляецца прызнанне яго ўсімі або некаторымі дзяржавамі. Звычаі, у аснову якіх пакладзены прынцыпы суверэнітэту і роўнасці, абавязковыя для ўсіх краін; іншыя М.з. дзейнічаюць для дзяржаў, якія іх прызналі.

т. 10, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАВАПАРУШЭ́ННЕ,

антысацыяльнае дзеянне (або бяздзеянне), якое парушае якія-н. нормы права і прычыняе грамадству шкоду. Падзяляюцца на: цывільныя (прычыненне шкоды асобе, маёмасці грамадзяніна або арг-цыі), адміністрацыйныя (напр., парушэнне правіл дарожнага руху і інш.), дысцыплінарныя і інш. правіннасці (напр., прагул). Найб. небяспечны від П. — злачынства. За П. законам прадугледжана адпаведная цывільная, адм., дысцыплінарная і крымін. адказнасць. П. бывае і міжнародным (парушэнне дзяржавай або інш. суб’ектам міжнар. права сваіх міжнар. абавязкаў).

т. 12, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАТУ́НДУС (Мялецкі Аўгусцін; ? — 1582),

прававед, грамадскі і дзярж. дзеяч ВКЛ. Звесткі пра час і месца нараджэння не захаваліся. У 1538 вучыўся ў Вітэнбергскім ун-це, у 1542 упамінаецца як д-р кананічнага і свецкага права ў гэтым ун-це. Пры вял. князю Жыгімонце I Старым займаў пасаду сакратара дзярж. канцылярыі. Займаўся сістэматызацыяй магдэбургскага права. Удзельнічаў у падрыхтоўцы праектаў Статутаў ВКЛ 1566 і 1588. Апошнія гады жыцця быў сакратаром у Стафана Баторыя.

т. 13, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМАЎПРА́ЎСТВА,

злачынства супраць парадку кіравання. Паводле Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь заключаецца ў самавольным ажыццяўленні асобай свайго сапраўднага або мяркуемага права, якое ўчынена з парушэннем устаноўленага прававым актам парадку і прычыніла шкоду ў буйным памеры, істотную шкоду правам і законным інтарэсам грамадзян, ці дзярж. грамадскім інтарэсам. С. таксама лічыцца адм. правапарушэнне, якое ўяўляе сабой самавольнае ажыццяўленне свайго сапраўднага або мяркуемага права, калі дзеянні парушальніка не пацягнулі пазначаных вышэй вынікаў.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 14, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКЛАРА́ЦЫЯ АБ ДЗЯРЖА́ЎНЫМ СУВЕРЭНІТЭ́ЦЕ БЕЛАРУ́СКАЙ САВЕ́ЦКАЙ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЙ РЭСПУ́БЛІКІ,

акт урачыстага абвяшчэння суверэнітэту Беларусі. Прынята Вярх. Саветам БССР 27.7.1990. 25.8.1991 Дэкларацыі нададзены статус канстытуцыйнага закону. Складаецца з прэамбулы і артыкулаў. Беларусь абвешчана суверэннай дзяржавай, усталяванай на аснове права бел. нацыі на самавызначэнне, дзяржаўнасці бел. мовы, вяршэнства народа як носьбіта і адзінай крыніцы дзярж. улады. Мэты дзярж. суверэнітэту: свабоднае развіццё і дабрабыт, забеспячэнне правоў асобы, ператварэнне сваёй тэрыторыі ў бяз’ядзерную зону, а Беларусі ў нейтральную дзяржаву. Вызначэнне суверэнітэту абумовіла прыняцце прававых норм, якія замацавалі грамадзянства Беларусі, уласнасць бел. народа на зямлю, нетры, паветр. прастору, нац., культ. і гіст. каштоўнасці, непадзельнасць і недатыкальнасць тэрыторыі, права на стварэнне сваіх фін.-крэдытнай і грашовай сістэм, на ўласныя ўзбр. сілы, права заключаць добраахвотныя саюзы з інш. дзяржавамі і выходзіць з гэтых саюзаў.

т. 6, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАНЕ́НТ (ад франц. abonner падпісваць),

асоба, установа ці арг-цыя, якая мае права на карыстанне абанементам.

т. 1, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫГО́ННІЦТВА,

сістэма гаспадаркі, заснаванай на панаванні прыгоннага права. Існавала ў большасці краін свету. Гл. таксама Феадалізм.

т. 13, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНКА́РТ, банкарт (ням. Bankart),

назва пазашлюбнага дзіцяці на Беларусі ў 16 — 1-й пал. 19 ст. Прававое становішча банкарта рэгулявалася Статутамі ВКЛ. Банкарты не мелі права быць спадкаемцамі бацькі, атрымліваць у спадчыну шляхецкія правы, аднак маглі быць спадкаемцамі маці, што адпавядала норме рымскага права. Пры ўмове, калі бацька банкарта возьме законны шлюб з яго маці, правы банкарта падлягалі легітымацыі (узаконенню). Гэта норма была анулявана ў час праўлення Стафана Баторыя [1575—86], аднак на практыцы ажыццяўлялася праз набілітацыю.

т. 3, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)