ЛЁЗНЕНСКІ ВАЕ́ННА-ГІСТАРЫ́ЧНЫ МУЗЕ́Й Засн. ў 1993 у г.п. Лёзна Віцебскай вобл. Пл. экспазіцыі 307 м², больш за 9 тыс. экспанатаў асн. фонду (1999). Сярод экспанатаў стараж. прадметы побыту і прылады працы, у т. л. з археал. раскопак на тэр. Лёзненшчыны, матэрыялы па гісторыі буйных нас. пунктаў раёна, пра рэв. рух 19 — пач. 20 ст., падзеі грамадз. вайны, індустрыялізацыю і калектывізацыю, рэпрэсіі сав. часу; дакументы і матэрыялы пра выдатных землякоў акад. П.І.Альсміка, М.А.Ізобава, оперную спявачку Л.Р.Ганеставу, Герояў Сац. Працы, воінаў-інтэрнацыяналістаў і інш. Значнае месца займаюць матэрыялы пра Вял. Айч. вайну: абарончыя і вызв. баі, дзейнасць падполля і партыз. рух, удзел у вайне воінаў-землякоў; завяршае экспазіцыю мемар. зала «Памяць». Экспануюцца таксама нар. касцюмы, вышыванкі, керамічныя цацкі і інш.
Л.Г.Бараноўская.
т. 9, с. 230
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЙЛЕР ((Mailer) Норман) (н. 31.1.1923, г. Лонг-Бранч, штат Нью-Джэрсі, ЗША),
амерыканскі пісьменнік і публіцыст. Скончыў Гарвардскі ун-т. Першы антываен. раман «Голыя і мёртвыя» (1948) напісаны ў традыцыях сац. рэаліст. рамана. У раманах «Бераг варвараў» (1951), «Парк аленяў» (1955), «Чаму мы ў В’етнаме?» (1967), сац.-крытычныя матывы, у рамане «Амерыканская мара» (1965) уплыў філасофіі экзістэнцыялізму. Канфлікт паміж асобай і грамадствам у цэнтры «дакументальнага рамана» «Песня ка́та» (1979). Лепшыя кнігі М.-публіцыста — «Арміі ночы» і «Маямі і аблога Чыкага» (абедзве 1968) пра апазіц. рух у ЗША ў канцы 1960-х г. Аўтар раманаў «Старадаўнія вечары» (1983), «Сапраўдныя хлопцы не танцуюць» (1984), «Змена варты» (1989), кніг «Мэрылін» (1973) і «Пра жаноцкую вытанчанасць» (1980; пра М.Манро).
Т.Я.Камароўская.
т. 10, с. 260
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКІ́ЦІН (Мікалай Мікалаевіч) (8.8.1895, С.-Пецярбург — 26.3.1963),
рускі пісьменнік. Скончыў Петраградскі ун-т (1921). З 1921 уваходзіў у літ. групу «Серапіёнавы браты». Першая аповесць — «Ірвотны форт» (1922). Зборнікі нарысаў, апавяданняў, аповесцей «Камяні» (1922), «Бунт» (1923), «З алоўкам у руцэ» (1926), «Лірычная зямля» (1927) адметныя «арнаментальнасцю» стылю, пошукамі арыгінальнай формы. Уражанні ад паездкі па Еўропе ў зб. «Цяпер на Захадзе. Берлін — Рур — Лондан» (1924). Раман «Паўночная Аўрора» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951) пра барацьбу з інтэрвентамі на Поўначы ў 1918—19. Аўтар раманаў «Злачынства Кірыка Рудэнкі» (1927), «Гэта пачалося ў Какандзе» (1939), аповесці «Пагаворым пра зоркі» (1934), п’ес, кінасцэнарыяў, нарысаў-успамінаў пра М.Горкага, А.Талстога і інш.
Тв.:
Избр. произв. Т. 1—2. Л., 1968;
Северная Аврора. М., 1986.
т. 11, с. 343
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́НКІНА (Трыпалітава) Зінаіда Міхайлаўна
(1861, г. Калуга, Расія — 10.1.1888),
рускі бібліёграф. Скончыла Бястужаўскія курсы (1885, Пецярбург). Аўтар бібліягр. паказальнікаў «Руская бібліяграфія марской справы за 1701—1882 год уключна» (1885), «Бібліяграфічныя матэрыялы па чыгуначнай справе... 1876—1883 г.» (1888), краязнаўчага паказальніка «Палессе. Бібліяграфічныя матэрыялы па гісторыі, геаграфіі, статыстыцы, этнаграфіі і эканамічным стане Палесся» (1883), які ахоплівае л-ру за 1855—80 пра Мінскую, Гродзенскую, Магілёўскую, Валынскую і Кіеўскую губ. Асаблівую цікавасць у ім маюць рубрыкі «Апісанне побыту народаў Паўночна-Заходняга краю», «Помнікі народнай творчасці» і раздзел «Звесткі пра Палессе, што заключаюцца ў творах пра губерні, якія ўваходзяць у склад Палесся».
Літ.:
Назаревский Н.А. З.М.Пенкина — первая русская женщина-библиограф // Сов. библиогр. 1961. № 3.
Л.Л.Збралевіч.
т. 12, с. 267
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЁТР З ДУ́СБУРГА (Petrus de Dusburg),
храніст канца 13 — пач. 14 ст., святар Тэўтонскага ордэна. Паходзіў з ням. г. Дуйсбург або галандскага г. Дусбург. Падрабязнасці жыцця і дзейнасці не захаваліся. Магчыма, быў набліжаным да вял. магістра ордэна Вернера фон Орзельна, якому прысвяціў «Хроніку зямлі Прускай» на лац. мове. «Хроніка» ахоплівае падзеі ад заснавання ордэна ў Палесціне ў 1190 і да 1326, асаблівая ўвага аддадзена падзеям канца 13 — пач. 14 ст., сучаснікам якіх быў аўтар. Ёсць дапаўненні за 1326—30, аўтарам якіх, верагодна, быў таксама Пётр. «Хроніка» змяшчае багаты і часта унікальны матэрыял пра войны ордэна з зах.-балцкімі плямёнамі, Літвой, Польшчай, пра напады рыцараў на Гародна і Новагародак («Крывіцкую зямлю»), пра ваен. дзейнасць Давыда Гарадзенскага.
Тв.:
Рус. пер. — Хроника земли Прусской. М., 1997.
т. 12, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ МУЗЕ́Й БАЯВО́Й СЛА́ВЫ.
Засн. і адкрыты ў 1971 у г. Полацк як самастойная экспазіцыя Полацкага краязнаўчага музея. Пл. 304 м², 377 экспанатаў асн. фонду, 4 залы (2000). Экспазіцыя прысвечана падзеям на Полаччыне ў часы Вял. Айч. вайны. Сярод экспанатаў схема Полацкага ўмацаванага раёна, матэрыялы пра абарончыя баі 1941, дзейнасць падполля і партыз. рух (схема дыслакацыі партызанаў, макет партыз. кузні і збраёўні, схема блакады фаш. захопнікамі Полацка-Лепельскай партызанскай зоны, дыярама «Падрыў нафтабазы», матэрыялы пра выратаванне партызанамі выхаванцаў дзіцячага дома і інш.), дыярама фрагмента лагера смерці ў в. Баравуха 1-я, матэрыялы пра кіраўнікоў і ўдзельнікаў падполля і партыз. руху, у т. л. Герояў Сав. Саюза У.Е.Лабанка, У.С.Марыненка, М.С.Пруднікава, З.М.Лусналобаву-Марчанка, воінаў-вызваліцеляў, палачан, што вызначыліся ў Вял. Айч. вайну.
В.Д.Краско.
т. 12, с. 464
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНО́НС (франц. annonce),
папярэдняя аб’ява пра будучыя аўкцыёны, выстаўкі-продажы, спектаклі, радыё- і тэлеперадачы і інш.
т. 1, с. 374
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАВА́ КАРАЛЕ́ВІЧ,
герой стараж. аповесці і нар. казак. Твор пра Баву Каралевіча ўзнік у 12 ст. ў Францыі як рыцарскі раман. Праз Італію і Сербію трапіў на Беларусь, дзе ў 16 ст. перакладзены на бел. мову. На ўсх.-слав. землях «Аповесць пра Баву» шырока бытавала ў вуснай перадачы і набыла рысы нар. казкі. Вядомыя рус., укр., бел. варыянты казкі «Бава Каралевіч». Бел. варыянты запісаны ў Чачэрскім, Бярэзінскім і інш. р-нах.
т. 2, с. 194
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ ДУ́МКА»,
грамадска-палітычны і літаратурна-мастацкі часопіс. Выдаецца з 1960 у Нью-Йорку — Саўт-Рыверы (ЗША) на бел. мове Бел. выдавецкім т-вам. Рэдактар М.Кавыль. Адстойвае ідэі незалежнасці Беларусі, інфармуе пра найважнейшыя падзеі на Бацькаўшчыне, пра жыццё бел. эміграцыі. Друкуе ўспаміны, палемічныя артыкулы, творы пісьменнікаў Беларусі і бел. замежжа, у т. л. Я.Золака, М.Кавыля, Л.Случаніна. Распаўсюджваецца ў ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Польшчы, Беларусі.
Л.І.Пранчак.
т. 2, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКЕ́ВІЧ (Ануфрый [1750) (?),
Навагрудчына — 1807 ?], бел. юрыст, асветнік. Скончыў Віленскі ун-т. У адзінай вядомай сваёй працы «Пра ўдасканаленне прыроды ў стварэнні чалавека» (Вільня, 1806) выклаў ідэі эвалюцыянізму, матэрыялізму ў антрапагенезе, антрапалагічнага гуманізму. Чалавек для яго — вынік працяглай дзейнасці прыроды ў яе развіцці. Выступаў супраць ненавуковых, містычна-тэалагічных домыслаў пра паходжанне чалавека, аргументавана крытыкаваў зародкі расісцкіх канцэпцый.
Літ.:
Идеи материализма и диалектики в Белоруссии (дооктябрьский период). Мн., 1980.
т. 10, с. 117
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)