РАСЦЭ́НКА,

нарматыўны ўзровень аплаты працы за асобныя аперацыі тэхнал. працэсу вырабу прадукцыі. Выкарыстоўваецца пераважна пры здзельнай аплаце працы. Велічыня Р. залежыць ад нормы выпрацоўкі (нормы часу) на пэўную адзінку працы і тарыфнай стаўкі работніка.

т. 13, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮФА́ЎНДЛЕНД (Newfoundland),

правінцыя на У Канады. Уключае в-аў Ньюфаўндленд і паўн.-ўсх. ч. п-ва Лабрадор. Пл. 404,6 тыс. км². Нас. 551,8 тыс. чал. (1996), пераважна англаканадцы. Каля 90% насельніцтва жыве на в-ве Ньюфаўндленд. Адм. ц. і гал. порт — г. Сент-Джонс. Паверхня — хвалістая раўніна, участкі плато, на п-ве Лабрадор горы Торнгат (выш. да 1676 м). Клімат субарктычны (на Пн), умераны (на Пд). Т-ра паветра ў студз. ад -20 °C на Пн да -4 °C на Пд, у ліп. адпаведна ад 8 °C да 14 °C. Ападкаў каля 500—1500 мм за год. У гаспадарцы вылучаюцца марское рыбалоўства і лесанарыхтоўкі. Н. дае каля 30% улову рыбы (пераважна траска і ласось) і каля 10% лесанарыхтовак Канады. Здабыча жал. руды (Лабрадор), свінцовых, цынкавых, медных руд, плавікавага шпату (в-аў Ньюфаўндленд). Гал. галіны апрацоўчай прам-сці: цэлюлозна-папяровая, рыбаперапрацоўчая, нафтахім., трансп. машынабудаванне (буд-ва і рамонт суднаў), чорная металургія, вытв-сць рыбалоўнага рыштунку. Шэраг ГЭС. Сельская гаспадарка мае дапаможнае значэнне, больш развіта на Пд. Пераважае малочная жывёлагадоўля. Вырошчваюць сеяныя травы, бульбу, агародніну. Турызм. Транспарт пераважна марскі. На в-ве Ньюфаўндленд вял. міжнар. аэрапорт Гандэр.

т. 11, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БХУБАНЕШВА́Р,

горад у Індыі, у дэльце р. Маханады. Адм. ц. штата Арыса. Вядомы з 5 ст. 412 тыс. ж. (1991). Трансп. вузел. Гандл. цэнтр с.-г. раёна (пераважна рыс). Адзін з цэнтраў індуісцкай рэлігіі. Ун-т. Музей.

У старой частцы горада захавалася каля 150 пераважна шыіцкіх шываіцкіх храмаў 7—16 ст., багата ўпрыгожаных разьбой. Галоўны з іх Лінгараджа (11 ст.) — выдатны помнік мясц. арх. стылю Арысы. З інш. збудаванняў гэтага тыпу: Парашурамешвара (8 ст.), Мукгэшвара (каля 950), Раджарані (9—10 ст.), Брахмешвара (11 ст.), Ананта Васудэва (13 ст.). Новая частка Бхубанешвар (грамадскія будынкі, жылыя кварталы) пабудавана ў 1940—50-я т.

Да арт. Бхубанешвар. Дэталь скульптуры храма Парашурамешвара. 8 ст.

т. 3, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́СКІ,

рэчывы, пераважна прыроднага паходжання, па ўласцівасцях блізкія да пчалінага воску. Аморфныя, тэрмапластычныя, воданепранікальныя, маюць нізкую эл. праводнасць, tпл 40—90 °C, гаручыя. Хім. ўласцівасцямі блізкія да тлушчаў.

Прыродныя воскі падзяляюць на жывёльныя (пчаліны воск, ланалін, спермацэт), раслінныя (карнаўбскі, пальмавы, японскі і інш.) і выкапнёвыя (тарфяны, буравугальны, азакерыт, цэразін). Жывёльныя і раслінныя складаюцца пераважна са складаных эфіраў, утвораных вышэйшымі тлустымі к-тамі і аднаатамнымі спіртамі з 12—46 атамамі вугляроду ў малекуле. Выкапнёвы воск (азакерыт, цэразін) — сумесь насычаных вуглевадародаў. Атрымліваюць сінт. воскі (напр., з нафтавых парафінаў, полімерызацыяй этылену).

Выкарыстоўваюць для прыгатавання палітур, ахоўных кампазіцый для металаў, тканін, паперы, скуры, як ізаляцыйны матэрыял, кампанент мазяў у касметыцы і медыцыне.

т. 4, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЛЕ́НІУМ (Helenium),

род кветкавых раслін сям. Астравых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Паўн. і Цэнтр. Амерыцы, пераважна на захадзе ЗША. На Беларусі ў Цэнтр. бат. садзе АН інтрадукаваны 2 віды: геленіум асенні (H. autumnale) і Хупа (H. hoopsii); маюць садовыя формы і сарты гібрыднага паходжання. Выкарыстоўваюць для пасадак групамі на газонах, бардзюрах, у міксбордэрах і на зразанне.

Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны з прамымі, уверсе разгалінаванымі сцёбламі выш. да 150 см. Лісце ланцэтнае, супраціўнае, з кропкавымі залозкамі. Кветкі пераважна жоўтыя, чырванаватыя, карычневыя або стракатыя, у кошыках (адзіночных ці сабраных у шчыткападобныя суквецці). Плады — сямянкі з крылаткамі. Зімаўстойлівыя, святлалюбныя дэкар. расліны. Размнажаюць насеннем і дзяленнем кустоў. Некат. віды цвітуць з чэрв. да замаразкаў.

Г.​У.​Вынаеў.

т. 5, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУША́НКА (Pyrola),

род кветкавых раслін сям. грушанкавых. Каля 40 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Паўн. паўшар’я. На Беларусі 4 віды: грушанка зеленаватая (P. chlorantha), круглалістая (P. Rotundifolia), малая (P. minor) і сярэдняя (P. media). Растуць у лясах (пераважна хвойных і мяшаных) і хмызняках.

Невысокія шматгадовыя травяністыя расліны з доўгім галінастым карэнішчам. Лісце сабрана ў прыкаранёвую разетку, на доўгіх чаранках, скурыстае, цёмна-зялёнае, зімуе. Кветкі белыя, ружовыя, чырванаватыя або зеленаватыя, у гронкападобных канцавых суквеццях на доўгіх кветаносах. Плод — шарападобная 5-гнездавая каробачка. Лек. (выкарыстоўваюць ў афіцыйнай і нар. медыцыне як мачагонны і процізапаленчы сродак) і дэкар. расліны. Надземная частка мае шмат дубільных рэчываў. Сухое лісце ўжываюць як сурагат чаю.

Г.​У.​Вынаеў.

Грушанка круглалістая.

т. 5, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАРНО́ВЕЦ (Sarothamnus),

род раслін сям. бабовых. Вядома 12 відаў. Пашыраны пераважна ў Еўропе. На Беларусі як натуралізаваны трапляецца Ж. мяцёлчаты (S. scoparius). Расце пераважна ў зах. і цэнтр. ч. рэспублікі ў сухіх хвойніках, у хваёва-дубовых лясах, радзей у ельніках, уздоўж дарог на ўзлесках. Здаўна вырошчваюць на ўзлесках і палянах для падкормкі дзікіх жывёл. Выкарыстоўваецца ў зялёным будаўніцтве.

Куст выш. 30—100 см, з разгалістымі, ярка-зялёнымі, пруткападобнымі, амаль бязлістымі галінкамі. Лісце трайчастае, чаранковае, у верхняй ч. сцябла рэдукаванае. Кветкі буйныя, залаціста-жоўтыя, на доўгіх кветаножках, па адной у пазухах лісця, У сукупнасці ўтвараюць гронкападобныя суквецці. Меданос. Плод — падоўжана-лінейны струк. Размнажаецца насеннем і дзяленнем куста. Засухаўстойлівы. У суровыя зімы абмярзае.

Жарновец мяцёлчаты.

т. 6, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУЖА́ЛА (Bombyliidae),

сямейства насякомых падатр. караткавусых прамашыўных атр. двухкрылых. Больш за 4 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў сухіх тропіках і субтропіках. Асобныя віды трапляюцца на Пд Карэльскага перашыйка і каля г. Якуцк, у гарах на выш. да 4500 м. Мухі жывуць пераважна на кветках, на адкрытых сонечных прасторах. На Беларусі каля 30 відаў, найб. трапляюцца Ж. вялікі (Bombylius major), разнаколерны (B. discolor) і жаласніца чорная (Anthrax morio).

Даўж. 0,8—30 мм. Цела з шырокім кароткім брушкам, укрытае густымі валаскамі або лусачкамі, стракатае з метал. бляскам. У многіх доўгі хабаток. Крылы празрыстыя, стракатыя. Развіццё большасці Ж. з гіперметамарфозам; лічынкі рухомыя, паразіты розных насякомых. Дарослыя добра лётаюць, харчуюцца нектарам.

Жужала: 1 — вялікі; 2 — разнаколерны.

т. 6, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕРНЕБАБО́ВЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,

расліны сям. бабовых, якія вырошчваюць пераважна для атрымання харч. і кармавога зерня. Вядома больш за 60 відаў з 17 родаў — боб, віка, гарох, лубін, нут, сачавіца, соя, фасоля, чына і інш. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Афрыцы і Амерыцы. На Беларусі найб. сеюць гарох, лубін (па ўсёй тэрыторыі), віку пераважна ў паўн. раёнах, меншыя плошчы займаюць пялюшка, эспарцэт, фасоля, боб. У сухім рэчыве зерня 25—60 % вугляводаў, 25—40% бялку, 2—7% (у соі да 37%) тлушчу, ферменты, вітаміны і інш. З зерня З.к. робяць крупы, муку, кансервы. Зерне, жамерыны, шрот, зялёная маса — корм для с.-г. жывёлы. З.к. абагачаюць глебу азотам (у севазваротах — папярэднікі для тэхн. і збожжавых культур), лубін — зялёнае ўгнаенне.

т. 7, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРА́КУЛЬСКАЯ ПАРО́ДА авечак,

парода грубашэрсных, тлустахвостых авечак смушкавага кірунку. Выведзена ў старажытнасці ў Сярэдняй Азіі нар. селекцыяй. Вядома як найлепшая сярод смушкавых парод. Асн. прадукцыя — каракульскія смушкі. Гадуюць у Іране, Афганістане, краінах Паўд.-Зах. Афрыкі, у сярэднеазіяцкіх краінах, на Украіне, у Малдове.

У авечак галава паўгарбаносая, тулава глыбокае, хвост доўгі, з адкладаннямі тлушчу рознай формы. Бараны пераважна рагатыя, авечкі бязрогія. Жывая маса бараноў 70—80 кг, матак 45—50 кг. Масць у маладым узросце чорная (у 80% авечак), шэрая, карычневая, каляровых адценняў. Шэрснае покрыва нованароджаных ягнят складаецца пераважна з валькаватых і бобападобных завіткоў, якія ствараюць прыгожы малюнак. Воўна дарослых авечак ідзе на выраб лямцу і дываноў.

Баран каракульскай пароды.

т. 8, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)