ГІЛЬ-РАДЗІЁНАЎ Уладзімір Уладзіміравіч (18.7.1906, в. Дараганава Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 14.5.1944),
адзін з кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1939). З 1941 на фронце, нач. штаба стралк. дывізіі. Паранены трапіў у палон, з 1942 быў камандзірам «дружыны», палка, брыгады «Рускай нац.нар. арміі», сфарміраванай гітлераўцамі з ваеннапалонных. Падрыхтаваў і арганізаваў 16.8.1943 пераход гэтага фарміравання ў поўным складзе на бок партызан, якое атрымала назву 1-я Антыфаш. партыз. брыгада. Фарміраванне правяло Вілейскі бой 1943, Докшыцка-Крулеўшчынскую аперацыю 1943 і інш. 16.9.1943 Гіль-Радзіёнаў узнагароджаны ордэнам Чырв. Зоркі, атрымаў званне палкоўніка. У цяжкіх баях у час карнай аперацыі «Веснавое свята» ў ходзе Полацка-Лепельскай бітвы 1944 брыгада панесла вял. страты, Гіль-Радзіёнаў быў смяротна паранены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРЭ́ЕЎ Анатоль Яўгенавіч (н. 14.9.1916, г. Рагачоў Гомельскай вобл.),
адзін з кіраўнікоў партыз. руху на тэр. Віцебскай і Беластоцкай абл. у Вял.Айч. вайну, дзярж. дзеяч БССР. Герой Сац. Працы (1976). Скончыў Рэсп. партшколу пры ЦККП(б)Б (1950), ВПШ пры ЦККПСС (1959). З ліст. 1941 кіраваў падп. групай на чыг. ст. Орша. У 1942—44 камісар, камандзір партыз. атрадаў. З 1961 нач.Гал. ўпраўлення, у 1963—64 міністр аўтатранспарту БССР. Старшыня Бел.рэсп. савета ветэранаў вайны, працы і ўзбр. сіл (1987—94), Камісіі па справах б. партызан і падпольшчыкаў пры Прэзідыуме ВС БССР (1987—92). Чл.ЦККПБ (1966—86). З 1986 чл., у 1990—91 нам. старшыні Рэвіз. камісіі КПБ. Дэп. ВС БССР у 1963—85, нар.дэп.СССР у 1989—91.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БА́МБЕРГ»
(«Bamberg»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў на Беларусі супраць партызанаў і цывільнага насельніцтва ў Вял.Айч. вайну ў Акцябрскім, Глускім, Любанскім, Петрыкаўскім, Бабруйскім р-нах. Праводзілася 20.3—4.4.1942 сіламі 3 пях. і 1 артыл. палкоў, 2 асобных паліцэйскіх батальёнаў, кав. эскадрона і авіяэскадрыллі. У ходзе аперацыі карнікі спалілі больш за 3600 жылых дамоў, расстралялі, павесілі і спалілі каля 5600 жыхароў, у т. л. старых, жанчын і дзяцей, захапілі больш за 3 тыс. галоў жывёлы, каля 200 т збожжа і фуражу. У час баёў з карнікамі партыз. атрады М.П.Бумажкова, У.Ц.Шантара, А.Г.Балахонава і некат. інш. прарваліся з блакады і перадыслацыраваліся ў інш. раёны. Атрады, якія засталіся ў раёне аперацыі і ўтрымлівалі свае пазіцыі, у маі 1942 аформіліся ў 123-ю Акцябрскую партыз. брыгаду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЧЭ́ЙКАЎСКІЯ БАІ́ 1943.
Адбыліся паміж партызанамі і гарнізонам гітлераўцаў у в. Бачэйкава Бешанковіцкага р-на ў Вял.Айч. вайну. Гарнізон быў апорным пунктам акупантаў на шашы Віцебск—Лепель, рабаваў насельніцтва, удзельнічаў у карных аперацыях. У ноч на 25 ліп. байцы партыз. брыгады 2-й Ушацкай імя П.Панамарэнкі (камандзір М.В.Уткін) разграмілі гарнізон, знішчылі склады з гаручым, боепрыпасамі і сельгаспрадуктамі, аўтарамонтную майстэрню, вузел сувязі і інш. 20 кастр. ў час.Лепельскай аперацыі 1943партыз. брыгада «Аляксея» (А.Ф.Данукалаў) і 2-я імя К.Заслонава (В.П.Комлеў) ударамі з Пд і ПдЗ захапілі частку в. Бачэйкава, авалодалі в. Дзямідавічы і разграмілі гарнізон у в. Слабодка. 25 кастр. партызаны адышлі ў напрамку в. Свяча і на дарозе разбілі ням.-фаш. падраздзяленні. Фашысты занялі в. Бачэйкава і спалілі яе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́КАНСКІ МУЗЕ́Й НАРО́ДНАЙ СЛА́ВЫ.
Засн. ў 1964 у в. Іканы Барысаўскага р-на Мінскай вобл. як школьны, з 1977 дзяржаўны. Пл. экспазіцыі 536 м², больш за 7,6 тыс. экспанатаў асн. фонду (1998). Асн. экспазіцыя прысвечана падзеям Вял.Айч. вайны на Барысаўшчыне: стварэнне і дзейнасць партыз. атрадаў, брыгад Барысаўска-Бягомльскай партыз. зоны, матэрыялы пра злачынствы ням.-фаш. захопнікаў, карта спаленых імі вёсак; у зале «Памяць сэрца» запісаны прозвішчы 5 тыс. загінуўшых жыхароў раёна. У этнагр. зале экспануюцца нар. адзенне, драўляны і керамічны посуд, вырабы з лену і саломкі. У маст. галерэі дэманструюцца карціны самадзейных і прафесійных мастакоў, творы графікі і скульптуры. Вакол музея парк Герояў, у якім устаноўлены бюсты Герояў Сав. Саюза, абеліск з імёнамі землякоў, што загінулі ў Вял.Айч. вайну, урны з зямлёй гарадоў-герояў СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАЛЁЎ Мікалай Піліпавіч (1.7.1906, в. Амінавічы Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 9.4.1972),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху на тэр. Магілёўскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Ген.-маёр (1943). Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў ВПШ пры ЦККПСС (1956). З 1937 нам. старшыні, старшыня Асіповіцкага райвыканкома. З ліп. 1941 у партызанах. камандзір партыз. групы, атрада, брыгады, у ліп. 1943 — сак. 1944 — Асіповіцкай ВАГ. У крас. — вер. 1943 чл. Магілёўскага падп. абкома КП(б)Б. З жніўня 1944 старшыня Магілёўскага гарвыканкома, з 1953 сакратар Хоцімскага райкома КПБ, з 1958 на сав. рабоце ў Магілёве. Канд. у чл.ЦККПБ у 1949-52, 1954—60. Дэп. Вярх. СаветаБССР у 1947—59, у 1947—55 чл. яго Прэзідыума. Ганаровы грамадзянін г. Магілёва. Аўтар кн. «Сыны народа» (1955). У в. Амінавічы помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВІЦІ́НСКІ Вячаслаў Антонавіч (25.11.1920, в. Зялёны Востраў Лепельскага р-на Віцебскай вобл. — 30.11.1995),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Кіеўскі ун-т (1950). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну з чэрв. 1941 на Паўд.-Зах. фронце. З кастр. 1941 чл. Наваград-Валынскай падп. арг-цыі, з чэрв. 1942 у 1-м Валынскім партыз. атрадзе, камандзір дыверсійнай групы. З мая 1943 камандзір дыверсійнага атрада, які дзейнічаў на Украіне і ў Брэсцкай вобл. 27.6.1944 атрад высаджаны дэсантам у Львоўскай вобл., здзейсніў рэйд у Польшчу, з вер. 1944 у Чэхаславакіі. Атрад, ператвораны ў Асобую партыз. брыгаду імя К.Готвальда, удзельнічаў у Славацкім нац. паўстанні 1944. Ганаровы грамадзянін г. Наваград-Валынскі (Украіна) і Бардзеёў (Славакія). Аўтар кніг успамінаў «Фронт без тылу» (1971), «Партызанскія Татры» (1982).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІНО́ЦКІ БОЙ 1942,
бой партызан 208-га партыз. атрада (камандзір У.І.Нічыпаровіч) з ням.-фаш. захопнікамі, якія праводзілі карную экспедыцыю ў Кліноцкім лесе Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. У пач.сак. 2 пях. палкі гітлераўцаў, падтрыманыя авіяцыяй і артылерыяй, акружылі партыз. лагер у лесе за 6 км на Пн ад в. Клінок і пачалі наступленне, але партызаны, дзякуючы здабытым у час бою дакументам і картам праціўніка, у ноч на 6 сак. перадыслацыраваліся за 5 км на Пн, вывезлі туды параненых, боепрыпасы, гаручае, занялі там абарону. Раніцай 7 сак. яны контратакавалі гітлераўцаў на месцы былога лагера, рассеялі засадную групу праціўніка, знішчылі мінамётную батарэю, кулямёты, перасеклі шашу Чэрвень—Пухавічы і выйшлі з акружэння. Не дасягнуўшы поспеху, фашысты спалілі пас. Кукіга і в. Лужыца (не аднавілася) Пухавіцкага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́ЧАЎСКІЯ БАІ́ 1942, 1943,
баі партыз. фарміраванняў Магілёўскай вобл. з ням.-фаш. захопнікамі ў Вял.Айч. вайну ў г.п. Клічаў. У ноч на 30.3.1942 партызаны атрадаў Клічаўскага (камандзір А.С.Юркаўцаў), В.І.Лівенцава, В.П.Свістунова панеслі ўдар па папярэдне заблакіраваным гарнізоне ворага (каля 250 гітлераўцаў). Пасля 12-гадзіннага бою партызаны вызвалілі Клічаў, чым завяршылі вызваленне ўсяго Клічаўскага р-на і стварэнне Клічаўскай партызанскай зоны. У ліп. 1942 пад націскам значных сіл праціўніка партызаны пакінулі пасёлак. Раніцай 21.4.1943 2-я і 5-я Клічаўскія партыз. брыгады і рота 1-й Клічаўскай брыгады (іх дзейнасць каардынаваў нач. штаба Магілёўскай ВАГ С.Г.Сідарэнка-Салдаценка) зноў занялі Клічаў, за выключэннем умацаваных пазіцый гарнізона. Праціўнік атрымаў падмацаванне, ням. авіяцыя правяла масіраваную бамбардзіроўку, таму партызаны адышлі. У гонар баёў у Клічаве насыпаны курган Славы, пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕ́ШЧАНІЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,
баі партыз. брыгад «Народныя мсціўцы» і «Дзядзькі Колі» па разгроме ням.-фаш. гарнізона ў г.п. Плешчаніцы Лагойскага р-на Мінскай вобл. ў сак.—жн. 1943 у Вял.Айч. вайну. Паводле звестак партыз. разведкі ням. гарнізон вясной 1943 пачаў работы для свайго ўзмацнення. Партызаны брыгады «Народныя мсціўцы» неаднаразова спрабавалі перашкодзіць гэтаму: наносілі ўдары па аванпостах, спынялі спробы дэблакіраваць гарнізон звонку, знішчылі мотамеханіз. патруль, нанеслі вял. страты асобаму батальёну СС Дырлевангера, які спрабаваў прарвацца на дапамогу гарнізону. 17 жн. партызаны перакрылі ўсе шляхі да Плешчаніц і ўварваліся ў пасёлак. Адначасова брыгада «Дзядзькі Колі» завязала баі з гарнізонамі на Зембінскім напрамку. У выніку аперацыі гарнізон быў поўнасцю разгромлены, яго дзейнасць спынена больш як на паўгода. Страты партызан — 48 забітымі і параненымі.